Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Канцэрт у... канцэрце

Адбылася гэтая гiсторыя гадоў з пятнаццаць таму, але помнiцца па-ранейшаму добра.

Значыць, лета на дварэ, жнiвень. З поля ўбралi збожжавыя, у працы вяскоўцаў наступiў кароткi перадых. А да яго якраз даляцела чутка, што ў раёне гастралюе спявачка Iрына Дарафеева, што ў нядзелю ў недалёкiм ад нас мястэчку адбудзецца вялiкi канцэрт.

Не скарыстацца такой магчымасцю проста грэх, бо калi яшчэ выпадзе?

Карацей, мы з сям'ёю сабралiся ехаць: за гадзiну-другую да пачатку ў багажнiк паклалi табурэтку (на ўсякi выпадак, каб нашай бабулi было дзе сесцi), у гародчыку нарэзалi самых прыгожых кветак i...

Мы загадзя прыехалi: на пляцоўцы каля школы поўным ходам iшлi апошнiя прыгатаваннi, народу збiра-
лася ўсё больш i больш...

А вось ужо i спявачка  — прыгожая, узнёслая, хораша прыбраная... Павiтала ўсiх, заспявала... Грымнулi апладысменты, да сцэны рушылi хлопцы з прыгожымi вяргiнямi.

Iшлi яны, праўда, неяк няўпэўнена — хiсталiся трохi з боку ў бок. Аднак артыстка ўзяла iх кветкi, хораша падзячыла... Заспявала новую песню, а потым яшчэ...

Не паспела закончыць, як тыя ж двое прыхiльнiкаў няцвёрдай хадой, але ж навыперадкi, зноў панеслiся да сцэны  — ужо з букетамi астраў... А напярэймы iм з iншага кута заспяшаўся старшыня сельсавета  — мужчына вельмi аб'ёмны. Не, ён не бег, але гэтак спрытна перабiраў нагамi...

Затрымаў аднаго з фанатаў (мусiць, зрабiў вымову  — папрасiў не перашкаджаць спявачцы?). Другi ў гэты час быў на сёмым небе ад шчасця, бо такi прарваўся  — данёс, аддаў Дарафеевай кветкi!..

I трэба сказаць, што гэта быў толькi пачатак... канцэрта ў канцэрце, бо мы, гледачы, з асалодай слухалi песнi, а паралельна  — сачылi за хлопцамi, якiя раз-пораз насiлi спявачцы кветкi.

Дзе бралi? Па-першае, у зале, у iншых людзей, якiм не хапала, можа, адвагi iсцi да сцэны, а па-другое...

Трохi пазней, пасля канцэрта, стала вядома, як моцна пацярпелi кветнiкi каля хат, размешчаных непадалёк ад школы.

...Без сумневу, у заслужанай артысткi Iрыны Дарафеевай было вельмi шмат розных незабыўных сустрэч i памятных канцэртаў. А ў нас  — вось гэты.

Iрына Салата

г. Гродна

Выйсцi замуж  — трэба знаць...

У той цёплы жнiвеньскi дзень я выпадкова апынулася на вакзале: праводзiла сяброўку ў вёску да бабулi, памахала ручкай услед цягнiку, а далей, як той казаў, аслупянела, бо ўбачыла... Яго  — хлопца сваёй мары: прыгожая постаць, мяккi, славянскi тып твару, уважлiвыя шэрыя вочы...

Што цiкава, яны таксама глядзелi на мяне  — захоплена, радасна. Яны казалi: «Анёл мой, я рады вас бачыць!»

I гэта не вельмi мяне здзiвiла, бо ў свае 18 я не толькi помнiла крылатае: «У чалавеку ўсё павiнна быць прыгожым...» Пасля пятага класа, у пiянерскiм лагеры, я, можна сказаць, не спускала вачэй з нашай важатай. У яе, Палiны, быў вельмi худы, выцягнуты твар, доўгi кручкаваты нос... Але пры гэтым  — капа залатых валасоў, постаць каралевы, голас як звон ручайка. Да таго ж акуратнае моднае адзенне, лёгкi макiяж, туфелькi на шпiльках, усмешка...

Iншымi словамi, нарадзiўшыся зусiм непрыгожай, Палiна была прыгажуняй!

Вось i я з усiх сiл старалася. Ва ўсякiм разе, у той дзень прыбралася ў сукеначку сонца-клёш з цудоўным шалiчкам, у туфлi-лодачкi. Валасы  — колеру спелай саломы (я ж на хiмфаку вучуся!)  — сабраны ў прычоску «Афiцэры, за мной!».

I, як высвятлялася, не толькi яны?

...Хлопца звалi Колем. Мы пазнаёмiлiся, я даведалася, што ён таксама студэнт, праўда, сталiчнай ВНУ (а я  — вiцебскай), што тут, у гэтым горадзе, жыве яго бабуля, што мы абое любiм марожанае, кнiгi i кiно, што зараз ён едзе ў Мiнск...

Адтуль на мой адрас хутка паляцелi пiсьмы. I чым больш iх было, тым часцей я лавiла сябе на крамольнай думцы (мне ж яшчэ вучыцца i вучыцца  — другi курс), што Коля  — якраз тое, што трэба: мой чалавек, мая палавiнка.

Ды i я  — магчыма  — яго?.. Ну раптам? Хоць тады, вядома ж, на каханне нiякiх намёкаў i нiякiх прызнанняў, бо з чаго б, калi мы толькi-толькi пазнаёмiлiся, калi памiж намi ўсяго i было, што некалькi гадзiн на вакзале, некалькi порцый марожанага?

Наступная сустрэча магла адбыцца зiмой: Коля пасля сесii збiраўся прыехаць да бабулi ў Вiцебск, а напярэдаднi нашу суседку запрасiлi на вяселле да пляменнiцы. На мяне яна пакiдала сваю кватэру i ў ёй  — малога катка, Афоню. Такiм чынам, да экзаменаў я рыхтавалася за чужым сталом, у перапынках  — пiсала пiсьмо... А кацяня гэтым часам стала адбiраць маю ручку  — прасiць, каб я з iм гуляла...

Ну i як тут было адмовiць, калi яно такое прыгожанькае, такое пушыстае, мiлае...

Карацей, Колю я напiсала пра тое, што адчувала i бачыла, прычым без намёкаў, што Афоня  — проста кацяня...

Адказ на гэты лiст быў вельмi хуткi i гэтакi ж злы. Коля пiсаў, што я яго падманула: ён, маўляў, да мяне ўсёй душой, а вось я, маючы iншага i такога ўжо ўлюбёнага кавалера, зводжу з розуму яшчэ i яго... Навошта?!

...Адказаць на гэтае досыць смешнае для мяне пытанне я збiралася пры сустрэчы, нават, калi выпадзе, можа, i пазнаёмiць Колю з Афонем. Уяўляла, як гэта будзе, як здзiвiцца i засмяецца Коля.

Аднак здзiвiлася я сама. I не менш.

Неяк да нас у дзверы пастукалi, я адчынiла i ўбачыла за парогам прыгожую дзяўчыну сваiх гадоў. Яна ўдакладнiла, цi я перад ёй, а потым працягнула мне... мой лiст да Колi, сказала, што знайшла яго выпадкова ў... мужа (?!) ў кiшэнi, што яны жанатыя ўжо чатыры гады.

— Мне здаецца,  — казала Вера,  — што Коля закахаўся. Iнакш не насiў бы з сабой гэты лiст, не перачытваў яго... Але ж у нас  — сям'я, дачушцы трэцi гадок... Ды i ў вас  — я прачытала  — ёсць «мiлы Афоня», дык адступiцеся, не пiшыце яму, не сустракайцеся  — не бурыце наша жыццё.

Не ведаю, чаму я тады не рассмяялася (хоць вельмi хацелася).

Не ведаю, куды  — i, можна сказаць, iмгненна  — знiклi ўсе пачуццi да Колi. А вось розум  — наадварот  — уключыўся.

 — Пакладзiце гэты лiст назад у кiшэню,  — параiла я сваёй госцi. — I нiчога не бойцеся (ва ўсякiм разе  — з майго боку). Колю я напiшу праўду: што люблю Афоню, што ў нас з iм хутка вяселле.

...Калi выходзiла з дому, каб занесцi гэты лiст у паштовую скрынку, «жанiх» мой, разлучнiк Афоня, выбег насустрач  — пацёрся аб ногi, папрасiўся на рукi.

Я з задавальненнем падняла яго, патрапала за вушкi, пагладзiла па пяшчотнай шыйцы, хоць ён, як кандыдат у «мужы», мог чакаць яшчэ i прысмакаў.

Зоя Наваенка

г. п. Падсвiлле,

Глыбоцкi раён

Галаву можна вешаць, ламаць, сушыць, намыльваць... Але не губляць!

Жыццё ёсць жыццё: нехта ў iм нешта губляе (найчасцей у транспартных сродках), нехта знаходзiць. Для гэтага, наколькi ведаю, нават спецыяльныя бюро створаны пры метрапалiтэнах, аўтобусных ды тралейбусных парках. I што толькi туды не трапляе: сумкi, планшэты, кашалькi, парасоны, тэлефоны, фотаапараты... Не кажучы ўжо пра дробязь накшталт тэнiсных ракетак цi пальчатак-рукавiц, калi, згубiўшы адну, не будзеш карыстацца i другой... Хiба, можа, пару знойдзеш, як Прынц з Папялушкай? Але ж гэта  — хутчэй выключэнне, бо iншых людзей, якiя нешта згубiлi, шчаслiвымi не назавеш.

Дык вось. Хто-нiхто з маiх аднакурснiкаў пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii застаўся працаваць на кафедрах, з часам атрымаў вучоныя званнi i ўжо ў якасцi выкладчыкаў стаў ездзiць у профiльныя каледжы ды сярэднiя навучальныя ўстановы, каб параiць маладым вучыцца далей  — якраз у акадэмii.

Той раз у камандзiроўку збiралiся двое  — Iван Iванавiч (назавём яго так), загадчык кафедры, кандыдат навук, i зусiм малады аспiрант.

Апроч асабiстых рэчаў, яны бралi з сабой (калегi вельмi прасiлi) аб'ёмны сакваяж з метадычнай лiтаратурай. На вакзал яго прынёс аспiрант, ён жа ўладкаваў кнiгi на багажнае месца ў вагоне. Цягнiк крануўся.

Колькi там часу прайшло, я сказаць не бяруся, але ж праваднiца аб'явiла, што хутка iх станцыя  — Пiнск. Усхваляваны Iван Iванавiч прылiп да вакна, бо цягнiк павiнен быў сустракаць наш агульны аднакурснiк, ён жа дырэктар мясцовага каледжа. Так i ёсць! Прыехаў! Iван Iванавiч заспяшаўся насустрач. Аспiрант, баючыся адстаць, рушыў следам за iм.

На пероне пачалiся абдымкi, першыя пытаннi пра здароўе, сям'ю, работу, пасля чаго Iван Iванавiч з форсам заявiў: «Мы там рознай лiтаратуры для вас прывезлi... Вiця, пакажы»,  — павярнуўся ён да маладога калегi, i той, якраз у тую ж мiнуту, зразумеў, што i сакваяж, i дыпламат з асабiстымi рэчамi паехалi ў бок Варшавы...

Чым скончылася гэта гiсторыя? Тым, што дырэктар каледжа хутка знайшоў дзяжурнага па станцыi, той звязаўся са сваiмi калегамi ў Брэсце, з начальнiкам цягнiка, якi на наступнай станцыi перадаў забыты багаж на пасажырскi цягнiк «Варшава — Масква».

I такiм чынам яшчэ раз пацвердзiў крылатае: «Абы галаву не згубiць... Усё астатняе, дасць бог, знойдзецца».

Валерый Гаўрыш

г. Чавусы

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.