Вы тут

Як знайсцi драйверы росту?


Днямi ў Савеце Рэспублiкi адбылося пасяджэнне секцыi № 2 навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзiдыуме Савета Рэспублiкi на тэму «Асноўныя напрамкi стабiлiзацыi фiнансава-эканамiчнай сiтуацыi ў Рэспублiцы Беларусь у сучасных умовах».


Старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэце i фiнансах Таццяна Рунец у гутарцы з журналiстамi адзначыла, што галоўная задача сённяшняга пасяджэння навукова-кансультатыўнага савета — паспрабаваць знайсцi адказы на ключавыя праблемныя пытаннi эканомiкi, даць рэкамендацыi адносна сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны на сучасным этапе. У прыватнасцi, мяркуецца выпрацаваць дадатковыя меры па абароне нашага ўнутранага рынку, змякчэннi ўмоў крэдытавання ў банкаўскай сферы, падтрымцы суб'ектаў гаспадарання, якiя з-за пандэмii каранавiруса трапiлi ў складанае становiшча. Акрамя таго, ураду прапанавана правесцi манiторынг рэалiзацыi палажэнняў указаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, прынятых у бягучым годзе, па падтрымцы эканомiкi i суб'ектаў гаспадарання, адзначыла яна.

Сенатар таксама закранула пытанне актывiзацыi работы мясцовых органаў улады. Iм, па словах старшынi Пастаяннай камiсii, даручана аказваць падтрымку прадпрыемствам, якiя найбольш падверглiся ўплыву пандэмii.

У сваю чаргу дырэктар Iнстытута эканомiкi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Васiль Гурскi паведамiў, што ўжо прыняты комплекс першачарговых мер па падтрымцы беларускай эканомiкi, а цяпер распрацоўваюцца дадатковыя меры па яе стымуляваннi.

Ён звярнуў увагу на важны для функцыянавання эканомiкi факт, што ў Беларусi не сталi на фоне пандэмii спыняць работу прадпрыемстваў i закрываць межы з суседзямi. I гэта самым спрыяльным чынам адбiлася на фiнансава-эканамiчнай сiтуацыi ў краiне. Нездарма многiя замежныя аналiтыкi адзначаюць, што Беларусь пацярпела ў найменшай ступенi. Страты, якiя яна вымушана панесла, непараўнальныя з тымi, якiя сёння назiраюцца ў iншых краiнах. Бо тыя закрылi свае вытворчасцi, межы, а зараз спрабуюць зноў усё наладзiць, аднавiць спыненыя эканамiчныя сувязi. Гэта запатрабуе велiзарных дадатковых сродкаў, — адзначыў Васiль Гурскi.

Разам з тым дырэктар Iнстытута эканомiкi даў зразумець, што нельга супакойвацца. Ён падкрэслiў, што праблемы ёсць, i глабальныя крызiсныя з'явы не могуць не адбiцца на беларускай эканомiцы. Сiтуацыя ўскладняецца i з той прычыны, што Беларусь з'яўляецца краiнай з адкрытай i экспартна арыентаванай эканомiкай. Яна вельмi залежыць ад знешняга гандлю. У сувязi з гэтым асаблiвую ўвагу трэба аддаць падтрымцы экспарту i экспартна арыентаваных прадпрыемстваў, больш настойлiваму i мэтанакiраванаму прасоўванню iх прадукцыi на рынкi краiн блiзкага замежжа i так званай дальняй дугi, выказаў меркаванне Васiль Гурскi.

У пасяджэннi ўдзельнiчалi члены Савета Рэспублiкi, прадстаўнiкi мiнiстэрстваў эканомiкi, фiнансаў, па падатках i зборах, Нацыянальнага банка, Нацыянальнай акадэмii навук, эксперты, кiраўнiкi бiзнес-асацыяцый. Падчас размовы iмi былi выказаны слушныя i канкрэтныя прапановы па супрацьдзеяннi новым выклiкам i пагрозам ва ўмовах глабальных змяненняў у сусветнай эканомiцы.

Напрыклад, Таццяна Рунец заклiкала ў няпростай сiтуацыi прапаноўваць не толькi шляхi падтрымкi прадпрыемстваў сферы паслуг, турызму, гасцiнiчнага бiзнесу, iншых галiн, якiя апынулiся ў мiнусе, але i шукаць драйверы росту эканомiкi, каб выйсцi з часам на новы ўзровень гаспадарання.

Па вынiках пасяджэння прыняты рэкамендацыi, якiя будуць накiраваны ўраду, дзяржаўным органам i арганiзацыям.

Леанiд Лахманенка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.