Вы тут

Маладая сям'я пераехала ў вёску з Мiнска i ўладкоўвае зямлю сваiх продкаў


Жыць у суладдзi з навакольным светам, захоўваць i прымнажаць прыродныя багаццi, гадаваць сваiх дзяцей там, дзе жылi продкi, ствараючы прыгожую грамадскую прастору. Такi прынцып у Аляксея Галубовiча i яго жонкi Алiны Бардашун. Каля трох гадоў таму маладая сям'я пераехала ў вёску Серафiмова, што за дванаццаць кiламетраў ад сталiцы.


Праект для Серафiмова. Крыніца: ulej.by

У 1990-х гадах тут выдзелiлi ўчасткi для будаўнiцтва пасёлка работнiкам Мiнскага аўтамабiльнага завода. Бацька Алiны таксама атрымаў зямлю. Пасля катэджны пасёлак злiўся з аднайменнай вёскай. Пасля развалу Савецкага Саюза многiя, каму пашчасцiла займець участак, сутыкнулiся з суровай рэальнасцю — недахопам сродкаў, каб закончыць будоўлю. Праўда, тут паспелi правесцi газ, электрычнасць, асфальтавалi цэнтральную вулiцу, збiралiся пусцiць трамвай з Мiнска i нават праклалi каляiну. На гэтым усе зручнасцi цывiлiзацыi, бадай, i закончылiся. Частыя аварыi на водаправодзе не найлепшым чынам паўплывалi на асфальтавае пакрыццё — яно разбураецца. Цяпер у пасёлку, можна сказаць, адсутнiчае нармальная iнфраструктура. Недзе за сто метраў цераз дарогу ад дамоў знаходзiлiся дзве пажарныя сажалкi ў атачэннi дрэў. Гэтыя вадаёмы ўжо даўно не выкарыстоўвалiся па прызначэннi, зарасталi хмызняком, ператваралiся ў балота, да таго ж мясцовыя жыхары зрабiлi тут сапраўдную звалку.

Алiна i Аляксей задумалiся над тым, як зрабiць жыццё ў Серафiмове больш камфортным i паказаць яго тутэйшым, якiя мараць бачыць сваю малую радзiму прыгожай i ўнiкальнай. Але сужэнцы разумелi: каб распачаць справу, неабходны хоць якiя сродкi. Алiна падала заяўку на конкурс сацыяльных праектаў «Актывiя 2.0» i выйграла грант, эквiвалентны 2000 доларам. Гэтая сума дала старт праекту па ўладкаваннi грамадскай прасторы на сажалках — Алiна сама яго намалявала.

— Частку грошай патрацiлi на тое, каб наняць Мiнскае ПМС. Мелiяратары прыгналi экскаватар i ачысцiлi дно вадаёмаў ад глею, карчоў, рознага хламу, — кажа Аляксей. — Далей справу заканчвалi разам з мясцовымi жыхарамi. Затым прыцягнулi архiтэктараў з вядомай студыi Level80 architects i 22 студэнтаў-архiтэктараў з Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта з тым, каб яны стварылi праект менавiта для Серафiмова.

Праект атрымаўся арыгiнальны, звязаны з гiсторыяй i назвай пасёлка. («Серафiм» перакладаецца з грэчаскай мовы як «Грыфон».) Усе зоны парка злучаюцца адзiнай дарожкай-насцiлам у выглядзе сузор'я Грыфона. Пункты сузор'я адзначаны асобнымi «зоркамi». Вядома, давялося прыкласцi шмат сiл i намаганняў i для таго, каб выраўняць i спланаваць пляцоўкi. З зямлёй дапамог «Метрабуд».

— За дзень мiнулым летам нам даставiлi 740 кубаметраў зямлi. Мы нанялi тэхнiку i падрыхтавалi ўчасткi для пляцовак, — згадвае Аляксей. — Без дапамогi вяскоўцаў, канешне, было б значна цяжэй. Сярод iх ёсць сапраўдныя майстры — сталяры, зваршчыкi. Яны нiколi не адмовiлi ў дапамозе, удзельнiчаюць у суботнiках. У нашым чаце зарэгiстравана каля 270 чалавек. Мы вырашаем не толькi пытаннi ўладкавання парку. Напрыклад, трыццаць гадоў не маглi запусцiць каналiзацыю, цяпер справа зрушылася з месца. Дапамагаюць у вырашэннi нашых праблем па меры магчымасцi кiраўнiк Мiнскага райвыканкама Iван Крупко, старшыня Мiханавiцкага сельсавета Святлана Давальцова. У нас ёсць таксама супольнасць з 5-6 чалавек, якiя актыўна прапаноўваюць i прасоўваюць iдэi.

Сапраўды, за даволi кароткi час зроблена для добраўпарадкавання шмат. Але, як лiчыць мой суразмоўнiк, неабходна зрабiць яшчэ больш. Добраўпарадкаванне — гэта паступальны i бесперапынны працэс. З'явiлася дзiцячая пляцоўка з атракцыёнамi. У планах — стварэнне зоны актыўнага адпачынку для дзяцей i падлеткаў, дарослых, арганiзацыя месца, дзе можна было б даваць майстар-класы, будаўнiцтва альтанкi, уладкаванне малых архiтэктурных формаў, пiрса для рыбакоў. I многа чаго iншага.

— I што або хто вас падштурхнуў да такой цяжкай справы? — пацiкавiлася ў Аляксея.

— У нас падрастае пяцiгадовая дачка Сафiя. Менавiта яна стала матыватарам да стварэння праекта. Калi мы пераехалi ў Серафiмова на пастаяннае месца жыхарства, то не ведалi нi суседзяў, нi вяскоўцаў, бо не было нi адной лаўкi, нi аднаго месца, дзе змаглi б сабрацца. На пачатку праекта пазнаёмiлiся амаль з усiмi жыхарамi, усе бытавыя пытаннi абмяркоўваем i вырашаем разам. Цяпер у парк мацi прыходзяць з дзеткамi, iм ёсць дзе пагуляць.

— А назад у Мiнск не хочацца?

— Радыя, што адтуль выбралiся. Галоўнае, што тут чыстае паветра, прыгожая прырода, ёсць чым заняцца. Наш праект — гэта не проста дзiцячая пляцоўка. Гэта прыклад таго, што ўсё магчыма, калi мы разам i хочам зрабiць сваю радзiму лепшай. Дарэчы, я вельмi здзiвiўся: калi на краўдфандынгавай пляцоўцы пачаў збiраць грошы на ажыццяўленне праекта, то адгукнулiся многiя людзi, i сярод iх — тыя, хто не мае дачынення да нашай мясцовасцi. Я нiколi не ведаў Юрыя Агеева, якi пералiчыў 1000 рублёў. З цяжкасцю яго знайшоў, каб падзякаваць. I калi ў нас ёсць такiя нераўнадушныя грамадзяне, якiя iмкнуцца зрабiць свой родны кут чысцейшым, камфортнейшым, зручнейшым для жыцця, значыць, усё атрымаецца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Серафiмова пад знакам Грыфона

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?