Вы тут

«Звязда» згадвае дзетак, якiя ў розныя гады былi вядучымi на беларускiм тэлебачаннi


Ва ўсiм свеце ў першы дзень лета адзначаецца Мiжнародны дзень абароны дзяцей. Напярэдаднi свята «Звязда» згадвае дзетак, якiя ў розныя гады былi вядучымi на беларускiм тэлебачаннi, i тыя праекты, дзе яны праявiлi сябе.


Соня Багавец была, бадай, самай юнай вядучай. Дзяўчынка ў пяцiгадовым узросце прыйшла на праграму «Не пазяхай!», у якой дзяцей вучылi ў працэсе гульнi. Яшчэ на этапе кастынгу дзяўчынка скарыла журы сваёй непасрэднасцю. У 2005 годзе праект i юная тэлевядучая былi нават адзначаны нацыянальнай прэмiяй «Тэлевяршыня». Праз некалькi гадоў гледачы маглi ўжо ўбачыць Соню ў лiку дзяцей — вядучых праекта «Свая кампанiя», якi ў гульнявым фармаце адлюстроўваў рэальнае жыццё дзiцячай аўдыторыi. Размову з ёй стваральнiкi праграмы iмкнулiся весцi на роўных, у тэлегледачоў нават была магчымасць стаць удзельнiкамi праграмы — яны дасылалi свае гiсторыi на пошту праекта, а потым аўтары самых цiкавых аповедаў траплялi на здымкi.

Маша Рудзеня — адна з дзяўчат-вядучых, якiх помняць прыхiльнiкi праграмы «Бухта капiтанаў». Яе ўдзельнiкi шукалi «скарб», выпрабоўваючы сябе ў разнастайных прыгодах i спаборнiцтвах. Толькi самыя адважныя маглi трапiць у легендарную Бухту (яе з дапамогай дэкарацый будавалi ў спарткомплексе «Стайкi»). Кожная гульня складалася з конкурсаў — спартыўных, творчых i iнтэлектуальных. Кiраваў спаборнiцтвам Камандор (Арсенiй Сядоў, «Радыус FM»), а Маша выконвала ролю Юнгi. Паколькi дзяўчынка з пяцi гадоў займалася спортам, то ўдзел у тэлепраекце стаў для яе, можна сказаць, магчымасцю не развiтвацца з любiмым заняткам.

У гэтым жа праекце i ў тым жа амплуа выступала i Ангелiна Марцiнкевiч. Да таго яна была заўважана ў праграме «Свая кампанiя», а потым мiнская школьнiца зноў з'явiлася на экране ў ролi ранiшняй феi Заранкi ў праграме «Дабраранак». Там яе роля як малодшай сястрычкi Феечкi з «Калыханкi» заключалася ў тым, каб ствараць цуды для самых маленькiх.

Тыя, хто памятае праекты беларускага тэлебачання «Вас выклiкае Спартландыя» i «Сузор'е надзей», мяркую, згадаюць i iх вядучую Вольгу Сацюк. Цяпер яна ўжо працуе на праграме «Сто песень для Беларусi», а тады пасля ўдзелу ў першым мiжнародным дзiцячым конкурсе «Еўрабачанне» атрымала прапанову стаць на экране сувядучай Хiтошкi i называцца Шансi. Гэта быў шанц для юнай артысткi не толькi прадэманстраваць сябе ў новай ролi, але i прайсцi школу Нiны Шобы, якая з'яўляецца непасрэдным аўтарам многiх праектаў для дзяцей на айчынным тэлебачаннi. Напрыклад, тая ж праграма «Вас выклiкае Спартландыя», што выходзiла працяглы час, i нязменна ў прамым эфiры, натхнiла пакаленнi настаўнiкаў i вучняў спаборнiчаць на стадыёнах. А праекты «Усе мы родам з дзяцiнства» i «Сузор'е надзей» былi, лiчы, папярэднiкамi папулярных сёння талент-шоу.

Спрабавала сябе ў ролi тэлевядучай i юная пераможнiца мiжнароднага дзiцячага конкурсу «Еўрабачанне-2005» Ксенiя Сiтнiк. Спачатку з'явiлася ў эфiры музычна-забаўляльная перадача «Дзiцячы час з Ксенiяй Сiтнiк» (гасцямi былi артысты беларускай эстрады, з якiмi вядучая абмяркоўвала iх дзяцiнства i школьныя гады), а на змену ёй прыйшла перадача «Наша пяцёрачка» (у фармаце хiт-парада). Дарэчы, быў час, калi на праграме ў якасцi сувядучага мы маглi бачыць Андрэя Кунца.

Яркай старонкай у гiсторыi дзiцячых праграм на беларускiм тэлебачаннi сталi пазнавальныя праекты «Нясумны глобус» i «Беларусь i я» (прыйшоў на змену праграмы «Экспедыцыя»). Кожны з iх даваў сваёй тэлеаўдыторыi магчымасць здзяйсняць завочныя падарожжы па Беларусi i за мяжой. Сярод вядучых «Нясумнага глобуса» былi, напрыклад, Арына Аляшкевiч, Антон Акеневiч i Iван Шапо.

У праграме «Класная гадзiна» («Беларусь 4» Гомель) у якасцi вядучай паспела паспрабаваць сябе юная спявачка Ксенiя Галецкая (пераможца многiх песенных спаборнiцтваў, у прыватнасцi, Мiжнароднага дзiцячага музычнага конкурсу «Вiцебск-2019»). На праект Гомельскага тэлебачання яна трапiла спачатку як госця праграмы, а потым ужо i ў ролi вядучай. Праект, створаны ТРК «Гомель» i Галоўным упраўленнем адукацыi, сёння знаёмiць сваю аўдыторыю з жыццём, захапленнямi сучасных падлеткаў як у школе, так i за яе межамi. А арыентуюць тэлегледачоў у гэтых падзеях iх аднагодкi.

Цяпер у тэлеэфiры таксама ёсць шэраг праграм для дзiцячай i падлеткавай аўдыторыi. Кожная з iх адметная i мае сваiх герояў. Але гэта ўжо асобная тэма для размовы.

Алена ДРАПКО

Фота дадзены Белтэлерадыёкампанiяй

Загаловак у газеце: Тэлезорачкi (з) дзяцiнства

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.