Вы тут

Круглы стол «Падтрымка нацыянальнага кнігавыдання»: Сёння мала напісаць кнігу, трэба яе прадаць


Хто б што ні казаў, а людзі працягваюць чытаць нават у сённяшнім імклівым свеце: адны з паперы, другія з экранаў гаджэтаў, трэція анлайн, чацвёртыя праз навушнікі ў аўдыяфармаце. Кнігі — неад’емны складнік культуры, значэнне якога цяжка пераацаніць ; таму падтрымка кніжнай сферы, захаванне літаратурнай спадчыны і прасоўванне беларускіх аўтараў за мяжой уваходзяць у сферу дзяржаўных інтарэсаў. Як спалучыць эканамічны і творчы бок у падтрымцы кнігавыдання, ці толькі грашыма трэба стымуляваць развіццё пісьменніцкага асяродку і якія праблемы, на думку выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў, патрабуюць неадкладнага вырашэння, абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала «Падтрымка нацыянальнага кнігавыдання», што адбыўся ў Доме прэсы ў Мінску.


Намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар БУЗОЎСКІ нагадаў, што пытанні падтрымкі беларускіх выдаўцоў і аўтараў паўстаюць не ўпершыню, але для іх вырашэння неабходна абхяднаць ініцыятывы ўсіх зацікаўленых бакоў — і дзяржаўных ведамстваў, і саміх выдавецтваў, прадстаўнікоў кнігагандлёвх сетак, паліграфістаў, пісьменнікаў. Ён заклікаў прафесіяналаў кніжнай галіны выразна акарэсліваць існуючыя праблемы і вылучаць канкрэтныя прапановы, а не спадзявацца толькі на фінансавыя ўліванні з боку дзяржавы: «Спонсарскай дапамогі, дзяржазаказаў у чыстым выглядзе ўжо не будзе, іх эпоха мінула, і час дыктуе новыя ўмовы, ставіць новыя задачы, у тым ліку перад творчым, пісьменніцкім асяродкам».

Гаворачы пра актуальныя праблемы, дырэктар вядомай кнігарні «Акадэмічная кніга» Вольга Глухоўская адзначыла: «Не магу сказаць, што людзі сталі меней чытаць — але яны сталі шмат чытаць „пірацкага“ кантэнту, які размяшчаецца ў інтэрнэце з парушэннем аўтарскіх правоў». На яе думку, для фарміравання ў грамадскай свядомасці каштоўнасці аўтарскага права неабходна дзейсная сістэма кантролю, якая працавала б гэтак жа адладжана і няўхільна, як фотафіксацыя дарожнага руху.

Чаму наогул чытачы аддаюць перавагу нелегальна спампаваным праз інтэрнет, а не набытым у кнігарні выданням? Спецыялісты кнігавыдавецкай сферы гавораць, што з-за вялікага падатку на дабаўленую вартасць у Беларусі дарагая паліграфія, а таму выніковы кошт кнігі для пакупнікоў занадта высокі. Андрэй Янушкевіч, кіраўнік прыватнага выдавецтва «Янушкевіч», прыводзіць красамоўныя лічбы: прэміум-падпіска, то-бок, неабмежаваны доступ да ўсіх выкладзеных кніг, у некаторых анлайн-бібліятэках абыдзецца чытачу ў 20 рублёў на месяц — колькі сучасных папяровых кніг можна набыць на гэтую суму? Таму пытанне ПДВ — адно з самых балючых для выдавецкай сферы, і падчас сустрэчы не раз гучалі прапановы зрабіць стаўку падатку нулявой, як ужо было ў 2000-м — прынамсі, для беларускамоўных кніг, каб стымуляваць іх выданне і попыт.

Але эканоміка тут вырашае далёка не ўсё. Сярод іншых праблем, на якія звярнулі ўвагу прафесіяналы кніжнай галіны і прадстаўнікі Мінінфарма — абарона і развіццё ўнутранага літаратурнага рынку, інфармацыйная падтрымка і прасоўванне, у тым ліку праз папулярныя сацыяльныя сеткі, новых аўтараў, якія ствараюць нацыянальны кантэнт, а таксама перагляд састарэлых нарматыўных актаў, якія абмяжоўваюць выдавецкую дзейнасць (некаторыя з іх, напрыклад, датуюцца сярэдзінай мінулага стагоддзя і наўпрост адсталі ад цяперашніх рэалій). «Мы гатовыя хоць сёння выпускаць у беспапяровым, электронным варыянце цэлы шэраг навуковай і вучэбнай літаратуры, — гаворыць кіраўнік выдавецтва „Вышэйшая школа“ Аляксандр Нячай, — але законам не прадугледжана, як у такім выпадку сфарміраваць яе кошт, як разлічыць аўтарскі ганарар, не рэгламентаваныя іншыя важныя рэчы. Тут цэлае некранутае поле для працы заканатворцаў!».

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што каб пераадолець наступствы крызісу, справакаванага пандэміяй каранавірусу ў свеце, прасоўваць кнігі павінны ўсе, хто задзейнічаны ў працэсе іх выпуску і распаўсюджвання: самі аўтары, выдаўцы, кнігарні, шукаючы новыя фарматы ўзаемадзеяння з пакупнікамі. «Трэба прадумаць, як абагульніць і арганізаваць гэту сумесную работу, а ад вас, паўтаруся, мы чакаем канкрэтных прапаноў і ініцыятыў, якія могуць быць рэалізаваныя ў падтрымку нацыянальнага кнігавыдання», — рэзюмаваў Ігар Бузоўскі, які адзначыў, што падобныя сустрэчы і распрацоўка агульнай стратэгіі будуць працягвацца.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.