Вы тут

Навядзенне парадку на першым месцы ў лiку вясновых клопатаў Воўчынскага сельвыканкама


Старшыню Воўчынскага сельскага Савета Вiктара Палешчука ўдалося застаць каля новай вясковай каплiцы, у рабочым адзеннi з усiм iнструментам. Вiктар Пятровiч прыйшоў абкасiць тэрыторыю, якую не так даўно добраўпарадкавалi, абсадзiлi маленькiмi елачкамi. «Каплiцу ўзвялi некалькi гадоў таму на месцы былой царквы ў памяць пра храм, — расказаў старшыня. — А гэтае месца, дзе раней была пустка, вырашылi агульнымi намаганнямi ператварыць у сквер. Вось i даглядаем».


Ваенныя мемарыялы

У лiку вясновых клопатаў мясцовай улады на першым месцы, як заўсёды, стаiць добраўпарадкаванне. А гэтым разам, паводле слоў кiраўнiка, асаблiвую ўвагу ўдзялiлi знакам баявой i воiнскай славы. Iх на тэрыторыi — прыкладна паўтара дзясятка. Усе памятныя мясцiны былi прыведзеныя ў парадак i дагледжаныя да 75-годдзя Перамогi. Работу распачалi яшчэ два гады таму. Менавiта ў 2018-м зрабiлi асноўную частку рэканструкцыi помнiка на брацкай магiле ў Воўчыне. Гэты мемарыял быў узведзены ў сярэдзiне 60-х гадоў i па зразумелых прычынах патрабаваў рамонту. Работу ўключылi ў план i прафiнансавалi з раённага бюджэту. Цяпер месца пахавання абаронцаў Радзiмы цалкам прыведзенае ў парадак. З'явiлiся мемарыяльныя таблiцы з прозвiшчамi 24 салдат i афiцэраў, якiя тут пахаваныя, а таксама ўвекавечаныя iмёны землякоў, што загiнулi на франтах i ў партызанах. Гэтай вясной палепшылi сцежкi, высадзiлi кветкi. Адначасова было праведзена добраўпарадкаванне каля помнiка ахвярам Халакосту. На тэрыторыi цяперашняй вёскi, тады тут быў пясчаны кар'ер з ярам, фашысты забiлi 395 чалавек яўрэйскай нацыянальнасцi з Воўчына i Чарнаўчыц. Каля помнiка мiрным жыхарам паклалi з боку дарогi сцяжыну з плiткi.

У справе прывядзення ў парадак помнiкаў значную дапамогу аказалi мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. У Ставах брацкую магiлу добраўпарадкавала ААТ «Александрыя-Агра», у Навасёлках памятны знак на брацкай магiле i навакольную тэрыторыю рамантавалi з удзелам гаспадаркi «Усход-Камянец». На тэрыторыi сельсавета, як ужо гаварылася, шмат памятных мясцiн. I нiводную не абышлi ўвагай. Напрыклад, на могiлках у Ставах ёсць пахаванне часоў Першай сусветнай вайны, а таксама магiла ўдзельнiка Грамадзянскай вайны. Iх таксама прыбралi i дагледзелi, дапамагалi, дарэчы, валанцёры з Брэсцкага краязнаўчага музея. А яшчэ ў гэтай мясцовасцi шмат памятных мясцiн пачатку вайны. Побач — дзяржаўная гранiца, якая была парушаная 22 чэрвеня 41-га года. Пра тое сведчыць, напрыклад, магiла пяцi абаронцаў 62-га ўмацаванага раёна. Ёсць месцы баёў вайскоўцаў пагранiчных застаў, iх таксама дагледзелi напярэдаднi дня Перамогi. «Так што юбiлейную дату мы сустракалi з гонарам, — падсумаваў кiраўнiк мясцовай улады. — Але работа працягваецца. Цяпер вось шукаем спонсараў, каб зрабiць мемарыяльныя таблiцы для асобных помнiкаў, дзе не ўсе прозвiшчы пазначаны».

Помнiкi гiсторыi i культуры

Дапамагаюць падтрымлiваць парадак i царкоўныя прыходы. Каля царквы ў вёсцы Навасёлкi адной толькi плiткi паклалi 600 «квадратаў». Упрыгожылi тэрыторыю вернiкi вакол Воўчынскай царквы. Дарэчы, двор храма суседнiчае з тэрыторыяй мемарыяла каля брацкай магiлы, так што добраўпарадкавалi ўсё агульнымi намаганнямi.

Ёсць тут i касцёл. Воўчын — мясцiна асаблiвая, радзiма апошняга польскага караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага, месца былой рэзiдэнцыi яго мацi, тутэйшай магнаткi — княгiнi Чартарыйскай. Ад былых палацаў амаль нiчога не засталося, толькi касцёл, якi да пачатку гэтага стагоддзя прыйшоў у заняпад, фактычна быў разбураны. Рэстаўрацыяй помнiка гiсторыi i культуры доўгi час займаўся польскi архiтэктар Вiктар Вiльк. Ён самастойна шукаў фундатараў i аднаўляў помнiк архiтэктуры позняга барока. Вядома, справа прасоўвалася не так хутка, як хацелася б. Ды за восем гадоў, пачынаючы з 2008-га, незвычайнай прыгажосцi Траецкi касцёл, якi паспеў пабываць сховiшчам для мiнеральных угнаенняў, у якога абрынуўся дах з гадзiннiкавай вежай, набыў былыя абрысы. Фасад быў адноўлены, калi ў 2016 годзе раптоўна памёр архiтэктар... За гэты час нiчога iстотнага не зроблена ў справе рэстаўрацыi. Прыкладна год таму мясцовая гаспадарка зрабiла свой унёсак у аднаўленне культурнай святынi, пакладзена сцежка да галоўнага ўвахода ў касцёл, расчышчана тэрыторыя. Мясцовая ўлада таксама зрабiла ўнёсак у добрую справу, прыбрана лiшняя раслiннасць, знеслi шэраг старых дрэў, напрыклад, канадскага клёна, якi тут сам насеяўся i закрываў агляд на касцёл.

Вядома, касцёлу патрабуюцца яшчэ немалыя капiталаўкладаннi. Пiнская каталiцкая епархiя ўжо аб'яўляла збор сродкаў, але пакуль на рахунку, вiдавочна, недастаткова, каб зрабiць нешта грунтоўнае. Прыход жа вельмi маленькi, яго складаюць у асноўным пажылыя людзi.

Мясцовыя iнiцыятары i руплiўцы

А вось жыхары невялiчкай вёскi Катэра, якая размешчана побач з Воўчынам, прадэманстравалi дружнае супрацоўнiцтва прадстаўнiкоў дзвюх канфесiй. Пад кiраўнiцтвам старасты Сцяпана Саванчука яны сабралi грошы, арганiзавалi суботнiк i ўладкавалi мясцiну на ўездзе ў вёску. Там цяпер побач стаяць два крыжы — праваслаўны i каталiцкi. Вакол расчышчаная пляцоўка, высаджаныя невялiкiя туi, падрыхтаваны клумбы для кветак. А цераз дарогу, блiжэй да аўтобуснага прыпынку, размясцiлася альтанка. Яе таксама прывялi ў парадак i ўпрыгожылi. Там можна камфортна адпачыць i ў чаканнi транспарту, i проста, калi ёсць вольная хвiлiна. Побач зусiм хутка расцвiтуць розныя кветкi, найперш стараннямi жонкi старасты, дэпутата сельскага Савета, настаўнiцы Ларысы Саванчук. Ларысу Анатолеўну дружна падтрымалi тутэйшыя гаспадынi.

Здавалася б, дробязь, кавалачак прыгажосцi пры дарозе, але надае настрой любому падарожнiку, што праязджае мiма. Побач праходзiць шаша, якая злучае Воўчын з Высокiм, i рух тут даволi iнтэнсiўны. Кожны мiжволi звяртае ўвагу на гэты з любоўю ўладкаваны куточак. А для таго, каб такiя куткi паяўлялiся, варта знайсцiся энтузiястам справы.

Ну вось такiм, як Марыя Аляксандраўна Болбас з Воўчына. У яе кветнiк i тэрыторыя вакол дома так дагледжаны i ўладкаваны, што хоць сёння змяшчай на старонкi часопiса па дамашняй гаспадарцы i вучы людзей рацыянальнаму выкарыстанню зямлi. Градкi з клубнiцамi разбiтыя нiбы пад шнурочак, так бездакорна выглядаюць рады з ягадамi, якiя пачынаюць зацвiтаць. Наводдаль зелянеюць часнок i цыбуля. А з боку вулiцы высаджаны самыя розныя кветкi. Некаторыя дружна цвiтуць, iншыя толькi ўздымаюцца ад зямлi, каб парадаваць стракатай карцiнай пазней. Клумбы зроблены ў выглядзе розных геаметрычных фiгур. Здавалася б, нiчога асаблiвага, калi не прымаць да ўвагi той факт, што Марыя Аляксандраўна 1936 года нараджэння, i ўсю гэтую прыгажосць стварае сваiмi рукамi.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Камянецкi раён

Загаловак у газеце: Куток прыгажосцi на ўездзе ў вёску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».