Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Пасол павінен склейваць адносіны


Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Сербія Велька Кавачавічам.


«Наколькі я разумею, вы сабраліся ў Сербію?» – спытаў кіраўніка дыпламатычнай місіі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«На жаль», — адказаў дыпламат.

«На вялікі жаль, — удакладніў беларускі лідар. — Але служба ёсць служба. Я гэта ўсё цудоўна разумею, але вельмі спадзяюся і проста па-сяброўску хачу Вас папрасіць, каб вы перадалі прэзідэнту Сербіі, каб наступны пасол пасля вас быў такі ж, як Вы».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі сярод паслоў усё больш з’яўляецца сапраўдных сяброў. Ён успомніў рашэнне пасла Славакіі ў Беларусі Ёзэфа Мігаша ўдзельнічаць у парадзе Перамогі ў Мінску сёлета.

«Гэта сапраўды годны быў учынак. Калі шчыра, мне не зусім зразумелая пазіцыя славацкага кіраўніцтва, якое асудзіла гэта. Ён вырас у сям’і патрыёта, бацька змагаўся з нацызмам, быў, наколькі я ведаю, партызанам. Ён (Ёзэф Мігаш — «Зв.») выступаў, казаў пра гэта шчыра. Ну як можна гэтаму чалавеку прад’яўляць прэтэнзіі?» — пракаментаваў сітуацыю беларускі лідар.

Караць за такое непрымальна, тым больш у Славакіі, лічыць Прэзідэнт.

«Мы ж свае людзі, як так можа быць? Мы ж ваявалі разам супраць нацызму. Мы і сёння катэгарычна супраць гэтага. Таму мы з трапятаннем падыходзім да прызначэння і вітаем прызначаных паслоў у Беларусі, і хацелі б, каб яны былі сапраўднымі сябрамі, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Мы разумеем, што любы пасол будзе адстойваць інтарэсы сваёй краіны. Але па-другое, пасол павінен склейваць адносіны сваёй краіны з Беларуссю, скажам, калі ты ў служыш у Беларусі».Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кіраўніцтва краіны вельмі зацікаўленае, каб з братняй Сербіяй былі добрыя адносіны і пасол адпавядаў ім.

 

Велька Кавачэвіч запэўніў Прэзідэнта Беларусі, што для яго «жыццёва важны гонар» быць прынятым з развітальным візітам на такім высокім узроўні.

Беларускі лідар на гэта заўважыў, што візіт развітальны для дыпламата толькі у статусе пасла. Спадар Кавачавіч падзякаваў і дадаў, што заслуга Прэзідэнта Беларусі і яго сербскіх былога і цяперашняга калег ва ўмацаванні і развіцці адносін паміж двума краінамі маюць гістарычнае значэнне.

«Мы з Прэзідэнтам, як заўсёды, казалі пра нашы двухбаковыя адносіны, пра нашы сяброўскія і братнія адносіны, — расказаў журналістам спадар Кавачавіч пасля сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы. — Прэзідэнт заўважыў, што адносіны, якія існуюць паміж Беларуссю і Сербіяй, — рэдкасць».

Па словах пасла, размова ішла і пра розныя канкрэтныя магчымасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

«Напрыклад, Сербія чакае на імпарт беларускіх электробусаў», — дадаў дыпламат.

Ён паўтарыў, што і для яго асабіста, і для Рэспублікі Сербія, і для яе грамадзян вялікі гонар тое, што Прэзідэнт Беларусі прыняў яго з развітальным візітам.

«Што датычыцца мяне асабіста, гэта цяжкі момант — з’язджаць з краіны, якую любіш, — прызнаўся пасол. — Беларусь — дзівосная краіна! Вы тут жывяце і для вас гэта звыкла. Але калі паглядзець свежым поглядам і з адкрытай душой на Мінск і Беларусь, то бачыш ўсю прыгажосць гэтай краіны. Разам з тым беларускія людзі — яны проста цудоўныя! Я вяртаюся ў Сербію, але Беларусь і беларускі народ ў маёй асобе заўсёды будуць мець сябра».

Даведка «Звязды»:

Сербія — адзіная краіна ў Еўропе, з якой у Беларусі дзейнічаюць двухбаковы Дагавор аб свабодным гандлі і бязвізавы рэжым. 

Летась тавараабарот склаў каля 150 мільёнаў долараў, сальда было станоўчае ў памеры каля 13 мільёнаў долараў. У першым квартале гэтага года таваразварот знізіўся на 30 працэнтаў, экспарт — удвая. У выніку склалася адмоўнае сальда.

Разам з тым, экспарт беларускіх паслуг у Сербію актыўна расце (у 12 разоў за мінулы год, і ў 11 разоў за першы квартал сёлета). Асноўная доля яго прыходзіцца на будаўніцтва часткі трубаправоду «Турэцкі паток».

У Сербіі дзейнічаюць лініі па зборцы трактараў «МТЗ» і аўтобусаў «МАЗ». Рэалізаваны праект па пастаўцы для МУС Сербіі 33 пажарных машын на базе шасі МАЗ. Вядзецца работа па арганізацыі паставак буйной партыі беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў для Белграда.

У Мінску сербская кампанія «Дана Холдынг» будуе жылы комплекс «Маяк Мінска» побач з Нацыянальнай бібліятэкай і міжнародны фінансавы, дзелавы, забаўляльны і жылы комплекс  «Мінск-Свет» на месцы былога аэрапорту. Кошт праектаў — 800 мільёнаў долараў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.