Вы тут

Маладыя, ды раннія. Выйсці замуж у 16 і захаваць дарослыя правы пасля разводу ў 17


Нягледзячы на тое, што ўзрост для шлюбу, згодна з законамі нашай краіны, пачынаецца з 18 гадоў, у выключных выпадках яго можна знізіць. Аднак не больш чым на тры гады — да 15. Летась у краіне зарэгістравалі 452 шлюбы непаўналетніх.


Індывідуальны шлюбны ўзрост

Шлюб паміж падлеткамі ў Беларусі не прызнаецца сапраўдным, калі асобе, якая не дасягнула 18-гадовага ўзросту, афіцыйна не быў зніжаны шлюбны ўзрост. Падстаў для дазволу на гэта можа быць толькі тры: цяжарнасць нявесты, нараджэнне дзіцяці або эмансіпацыя непаўналетняга — атрыманне ім поўнай дзеяздольнасці да дасягнення паўналецця. Эмансіпіраваным падлетак можа стаць са згоды бацькоў, калі ён з 16 гадоў працуе па працоўным дагаворы або займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Уступаць у шлюб могуць як двое непаўналетніх, якія маюць індывідуальны шлюбны ўзрост (зніжаны адпаведным дакументам), так і пары, дзе адзін з сужэнцаў ужо дасягнуў 18 гадоў, а другі — не. Каб зменшыць шлюбны ўзрост, патрэбна сумесная заява асоб, якія намерваюцца ажаніцца. Яна падаецца адначасова з заявай аб заключэнні шлюбу. Заява аб зніжэнні шлюбнага ўзросту павінна быць разгледжана ў загсе ў трохдзённы тэрмін, калі гэты орган не прызначыў больш кароткага тэрміну рэгістрацыі шлюбу. Пры гэтым згода на шлюб бацькоў ці папячыцеляў не патрабуецца.

— Зменшыць узрост, які дае права пабрацца шлюбам, можа толькі орган загс. Падобнае рашэнне іншых органаў не мае юрыдычнай сілы, — растлумачыла Вольга ФЯДУЦІК, кансультант упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі. — А спіс прычын для памяншэння ўзросту, прыведзены ў ч. 2 артыкула 18 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, з'яўляецца вычарпальным — ніякіх іншых падстаў, каб знізіць шлюбны ўзрост, не існуе. Уступленне ў шлюб непаўналетняга да дасягнення ім 18-гадовага ўзросту надзяляе падлетка грамадзянскай дзеяздольнасцю ў поўным аб'ёме з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі. Бацькі такога непаўналетняга не нясуць адказнасць за яго ўчынкі.

Ажаніўся — страціў статус дзіцяці

Набытая падчас заключэння шлюбу грамадзянская дзеяздольнасць непаўналетніх (дарослая адказнасць) цалкам захоўваецца нават пасля скасавання шлюбу. Калі падлеткі ажаніліся, скажам, у 16, а ўжо праз год 17-гадовыя муж і жонка разышліся, свой «дзіцячы статус» ім ужо не вярнуць — дарослыя правы застануцца пры іх.

— Суд можа прыняць рашэнне аб страце поўнай грамадзянскай дзеяздольнасці непаўналетніх, калі ён прызнае шлюб несапраўдным, — дадала Вольга Федуцік. — Напрыклад, высветліцца, што непаўналетнія не мелі сапраўднага намеру ствараць сям'ю (фіктыўны шлюб), або адкрыюцца моманты, якія не давалі падлеткам права жаніцца, і гэта будзе даказана судом. Шлюб забаронены паміж асобамі, з якіх хоць адзін чалавек ужо жанаты ці замужам, і паміж блізкімі сваякамі. Забараняецца таксама ствараць сям'ю з асобай, якая прызнана недзеяздольнай.

Васямнаццацігадовая мяжа для набыцця афіцыйнай магчымасці ўзяць шлюб у нашай краіне вызначана нездарма. Спецыялісты лічаць: каб стаць сужэнцамі і бацькамі, людзі павінны мець не толькі фізіялагічную, але і сацыяльна-псіхалагічную спеласць, якая павінна надысці з паўналеццем.

Аднак у іншых краінах шлюбны ўзрост іншы. У Шатландыі, напрыклад, дазваляецца жаніцца з 16 гадоў, кітаянкі могуць выйсці замуж з 20, а кітайцы жаніцца — у 22. У Азербайджане жанчыны могуць распісвацца з 17, а мужчыны — з 18, у Сінгапуры ўступаць у шлюб дазволена з 21 года.

Уласнасць мужа, жонкі і агульная

Нягледзячы на юны ўзрост, у абодвух непаўналетніх сужэнцаў да шлюбу можа быць уласнасць, якая належыць кожнаму паасобку і застанецца ім, калі маладыя раптам развядуцца. Тое ж датычыцца і ўласнасці, якую муж або жонка асабіста атрымалі ў шлюбе ў дар або ў спадчыну.

Аднак рэчы і нерухомасць, набытыя падчас сямейнага жыцця, незалежна ад таго, на каго яны аформлены ці кім набытыя, з'яўляюцца іх агульнай маёмасцю, і муж і жонка маюць на іх роўныя правы.

— Акрамя таго, маёмасць кожнага з сужэнцаў можа быць прызнана агульнай, калі будзе ўстаноўлена, што падчас шлюбу за кошт агульнай маёмасці ці асабістай маёмасці мужа або жонкі былі зроблены ўкладанні, напрыклад, падчас капітальнага рамонту ці рэканструкцыі, якія значна павялічылі кошт гэтай маёмасці, — удакладніла спецыяліст. — Іншыя ўмовы падзелу маёмасці могуць быць прадугледжаны шлюбным дагаворам, які можна скласці да шлюбу або падчас яго. Прадстаўніцтва бакоў пры заключэнні гэтага дакумента не дапускаецца, аднак непаўналетнія жаніх і нявеста могуць скласці дагавор толькі са згоды сваіх бацькоў ці апекуноў. Выключэнне — толькі ў выпадку набыцця непаўналетнім дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме.

Калі падлеткі ажаніліся і аўтаматычна набылі грамадзянскую дзеяздольнасць, пасля гэтага дазвол бацькоў на складанне шлюбнага дагавору ім ужо не патрэбны. Яны самі нясуць адказнасць за дарослыя рашэнні.

Шлюбны дагавор складаецца толькі ў пісьмовай форме і абавязкова пацвярджаецца натарыусам. Калі дакумент афармляецца да шлюбу, ён уступае ў сілу з дня рэгістрацыі новай сям'і. Калі ж маёмасныя адносіны ў дагаворы абазначаюць ужо сужэнцы, дакумент пачынае дзейнічаць з дня яго натарыяльнага засведчання.

Асаблівым пунктам з'яўляецца наяўнасць у шлюбным дагаворы ўмоў адносна нерухомасці. У гэтым выпадку дакумент набудзе законную сілу толькі пасля дзяржрэгістрацыі дагавора ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй. А дзяржрэгістрацыя можа адбыцца толькі пасля рэгістрацыі шлюбу.

У Беларусі існуе тэндэнцыя да змяншэння колькасці шлюбаў з удзелам непаўналетніх. Яшчэ дзесяць гадоў таму доля такіх шлюбаў складала 1,2 % ад усіх, што рэгістраваліся ў краіне, а ўжо ў 2016-м яна панізілася да 0,3 %. Так, у 2013 годзе было 1005 пар з непаўналетнімі жаніхамі і нявестамі, у 2014-м — 899, у 2015-м — 815, у 2016-м — 629, у 2017-м — 517, у 2018-м — 574, у 2019-м — 452.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».