Вы тут

Адштурхніся, дыхай


Гэтая рэцэнзія магла б пачацца з белага сцяга. Са спробы прэвентыўнай крытычнай капітуляцыі, бо, як аказалася, больш складана прафесійна адрэфлектаваць не тое, што ўключае неверагодную колькасць культурных кодаў (і гэтым павялічвае шанцы на прабелы ў разуменні), а тое, што з гэтымі кодамі стараецца не ўзаемадзейнічаць увогуле (а калі і карыстаецца імі — то нароўні з другарадна-побытавымі вобразамі). Але калі прастора белага колеру і ахіне літарнае зерне гэтага тэксту, то не ў якасці сімвала безагаворачнай перамогі пачуццёвага над разумовым, а ў якасці прыняцця правілаў гульні і спробы прымірыць сэрца і розум абодвух аўтараў — паэтычнай кнігі і рэцэнзіі на яе.


«Вада пачынае жыць» — паэтычны друкарскі дэбют Артура Камароўскага, які здзейсніўся дзякуючы краўдфандынгавай платформе Ulej і выдавецтву «Галіяфы» на пачатку гэтага года. Кніга сваім мінімалістычным і натуральным падыходам да аповеду асыцыіруецца са з’явай так званай «чыстай паэзіі», у  межах якой некаторыя паэты XIX ст. імкнуліся ствараць паэтычныя тэксты, абапіраючыся не столькі на паэтычную мову і нейкія культурныя традыцыі, колькі на ўласнае паэтычнае светаадчуванне і поўнае эстэтызму назіранне за навакольным светам, што набліжала такую паэзію да досыць літаральных, але не менш істотных паэтычных практык Усходу. Аднак вопыт пісьма Артура моцна адрозніваецца ад вопыту яго ўмоўных папярэднікаў, бо кропкавае адлюстраванне будзённых дзеянняў і пейзажаў працуе не на агульную безасабовую карціну звышчалавечнай усёпаэтычнасці, а наадварот: праз агульныя рэчы раскрываецца ўнутраны стан аўтара. І нават болей: галоўны вобраз кнігі — вада — накіраваны не на што іншае, як на раскрыццё цялеснасці. У вершы «мора», дзе чытач і даведваецца пра тое, што «вада пачынае жыць», паэт робіць, здаецца, найбольшую (у межах аднаго тэксту), амаль маніфестарную колькасць кампліментаў воднай стыхіі, у выніку чаго адбываецца свайго роду зліццё вады і чалавека. Вада становіцца нечым падобным да анёла-ахоўніка — адначасова і  жывога сябра, і функцыянальнага шчыта, які знаходзіцца дзесьці ўнутры і ў той жа момант увасоблены ў асобны празрысты слой скуры, чыя задача  — аддзяляць унутраны свет аўтара ад знешніх пагроз. Наступная важная метамарфоза адбываецца з вадой некалькімі вершамі пазней, у творы «горадвада»: там горад, як вобраз-носьбіт канфлікту са знешнім светам, таксама зліваецца з вадой, і са словамі «гэты горад — вада, як і ты. адштурхніся, плыві» канфлікт быццам бы вычэрпваецца. Аўтар калі і не цалкам адмаўляецца ад эскапісцкай стратэгіі суіснавання са знешнім светам, то хаця б знаходзіць нешта сваё (тую самую ваду) у асобнай яго частцы. Дарэчы, дзіўна, што асноўнае станаўленне горада ў якасці чагосьці кшталту антаганіста прыходзіцца на наступны верш, «дзякуй, Артур»: ці гэты верш (і некаторыя іншыя) павінен быў бы знаходзіцца крыху раней, каб падрыхтаваць глебу для канфлікту, ці ў ужо існуючай кампазіцыі не хапае дэталі пазла, якая раскрывала б незавершанасць «воднага прымірэння».

Вяртаемся да ранейшага тэзіса — чаму ж усё гэта не класічная гісторыя эпохі рамантызму з мяцежным паэтам і воднай стыхіяй, а менавіта гісторыя цялеснасці? Вада ў вершах Артура жывая не ў казачна-сімвальным сэнсе, а ў сэнсе антрапаморфным, персаніфікаваным, і праяўляецца гэтае жыццё з акцэнтамі тактыльнасці («рака абдымае цябе за плечы», «мора… цалуе так, як ніхто, нідзе», «халоднае мора пацалуе гуллівва пяткі», «мора гладзіць пясок», «бакі ракі… зазываюць паголенай скурай», «рэкі — артэрыі нашых целаў» і г. д.). Сярод такіх частак цела, як «плечы» і «спіна», дзякуючы сваёй семантычнай шырыні, вылучаецца «скура»: праз гэтую лексічную адзінку герой аўтара ўключаецца ў сістэму адаптацыйна-самаідэнтыфікацыйных адносін, падчас усталявання якіх цялеснасць, акрамя фізічнага аспекту, набывае і ледзь бачны сацыяльны.

У сваіх творах Артур будуе камерную прастору, уласны мікракосмас, з дапамогай вобразных перазоваў — і менавіта ў гэтай лексічнай лакальнасці хаваецца галоўны недахоп кнігі — яе неймаверная аднастайнасць. Нават не самы ўважлівы чытач лёгка зможа знайсці шэраг вобразаў-паўтораў, якія качуюць з верша ў верш. А ўважлівы з прадстаўленага арсенала паўтораў зможа скласці цэлую анкету:

1) Любімая зямная жывёла: смоўж;

2) Любімая марская жывёла: кіт;

3) Любімае дрэва: каштан;

4) Любімы колер: біруза;

5) Любімая ежа: яблыкі, слівы;

6) Любімы музыкальны жанр: джаз;

7) Любімы паэт: Барыс Рыжы;

8) Любімая пара года: лета;

9) Любімы алкаголь: скотч.

У анатацыі ёсць словы, згодна з якімі кніга складаецца з тэкстаў, напісаных «цягам апошніх трох гадоў», але на самай справе, нават калі б аўтар пазіцыянаваў свой дэбют як «Зборнік сачыненняў па тэме «Як я правёў лета. Выбранае (2017—2019 гг.)», пазбавіцца самапаўтораў гэта не дапамагло б. Такім чынам, тое, што павінна было выіндывідуалізаваць аўтара з «чыстай паэзіі» ў нешта самабытнае, у выніку кусае руку, якая корміць, і згрызае яе цалкам, пакідаючы паэта нават у меншай ступені сабой, чым ён ёсць у сваім базавым, пазакніжным становішчы.

Да паэзіі можна падыходзіць па-рознаму, ставіць перад ёй дыяметральна супрацьлеглыя задачы, мэтанакіравана засяроджваць увагу на тых ці іншых элементах. З пункту гледжання пошуку гатовых паэтычных універсалій і атрымання акадэмічна-прафесійнай асалоды «Вада пачынае жыць» — дакладна не тое, дзе гэтыя ўстаноўкі змогуць рэалізавацца. Але калі разглядаць гэты дэбют як свята нараджэння новай асобы ў сучаснай беларускай паэзіі — «роды», безумоўна, адбыліся. Пакуль што суаднясенне актыўных органаў дыхання з навакольным асяроддзем адбываецца ў нечым хаатычна, але з часам, калі адбудуцца ўсе належныя ідэнтыфікацыі і выпрацуюцца адпаведныя рытмы, дыханне Артура Камароўскага мае ўсе шанцы на тое, каб, стаўшы часткай вялікага хімічна-паэтычнага кругавароту, прыўнесці ў паветра нешта дзіўнае і непаўторнае.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».