Вы тут

Ці стане бульба далiкатэсам?


Чым небяспечнае глабальнае пацяпленне? Як яно адаб'ецца на прыродным i жывёльным свеце Беларусi ў наступныя дзесяць гадоў? Чаму атамная энергiя — сяброўка клiмата, i наколькi небяспечны вораг СО2? Што рабiць, каб утрымаць тэмпературу на планеце? Над гэтымi i iншымi выклiкамi для свету i нашай краiны, звязанымi з глабальным пацяпленнем i змяненнем клiмату, у Мiнску на анлайн-iнтэрактыве «Ты заўважыў, як змянiлася планета?» разважалi эксперты. Мерапрыемства арганiзавала дзяржкарпарацыя «Расатам» у партнёрстве з Iнфармацыйным цэнтрам па атамнай энергii i Расiйскiм цэнтрам навукi i культуры ў Мiнску.


Ягор ДАНЧАНКА, мадэратар мерапрыемства, шоўмен, вядучы iнтэлектуальнай гульнi «Мазгабойня»; Надзея ЗДАНЕВIЧ, вядучы iнжынер па палiвавыкарыстаннi i абыходжаннi з радыеактыўнымi адходамi ўпраўлення тэхнiчнага суправаджэння АЭС ДВА «Белэнерга»; Iрына ПАНЯДЗЕЛЬНIК, каардынатар фестывалю «ВНУ» ў Беларусi i PR-менеджар у праекце TeRRIFICA Belarus; Андрэй ПIЛIПЧУК, эксперт у галiне змянення клiмату i якасцi атмасфернага паветра (злева направа).

Самае спякотнае лета

Адзiн са спiкераў мерапрыемства, стваральнiк i каардынатар iнiцыятывы «Моладзь за ўстойлiвае развiццё» ў нашай краiне, каардынатар фестывалю «ВНУ» ў Беларусi i PR-менеджар у праекце TeRRIFICA Belarus Iрына Панядзельнiк.

Гэтая маладая дзяўчына расказала, што цяпер адбываецца на планеце з клiматам i што нас чакае ў будучынi. Яна заявiла, што ўжо на працягу больш як 30 гадоў значна павялічваецца сярэднегадавой тэмпературы Зямлi i Сусветнага акiяна. I адбываецца гэта па вiне антрапалагiчнага фактару (чалавечай дзейнасцi).

Змяненне клiмату выклiкае, акрамя гэтага, раставанне ледавiкоў, павелiчэнне колькасцi засух i паводак на планеце i ў нашай краiне.

Адна з прычын пацяплення — павелiчэнне долi парнiковых газаў у атмасферы. Канцэнтрацыя вуглякiслага газу павялiчылася на 40 % у параўнаннi з даiндустрыяльным перыядам. Гэта, у асноўным, адбываецца ад таго, што людзi актыўна спальваюць вугаль, прыродны газ, нафтапрадукты i iншыя вуглевадароды. Таксама, павелiчэнне долi вуглякiслага газу адбываецца з прычыны асушэння балот, высякання лясоў i вядзення iнтэнсiўнай сельскай гаспадаркi.

Як гэта закране нашу краiну? Вядома, што адхiленне сярэдняй па Беларусi гадавой тэмпературы паветра адсочваецца з 1881 года. З таго часу былi як пацяпленнi, так i пахаладаннi. Але, пачынаючы з 1989 года ў нас толькi цяплее, за гэты час сярэднегадавая тэмпература павысiлася на 1,3 градуса. А 18 з 20 самых цёплых гадоў, пачынаючы з 1945-га, прыпадаюць на перыяд 1989—2016 гадоў.

I тэмпература працягвае павялiчвацца. Сёння ўжо вядома, што ў цэлым мiнулы год быў самы цёплы за ўсю гiсторыю метэаназiранняў у нашай краiне. Сёлета ў нас была анамальна цёплая зiма, а тэмпература паветра ў сакавiку перавысiла клiматычную норму на 3,4 градуса. Паводле прагнозаў клiматолагаў, лета-2020 будзе самым гарачым за апошняе дзесяцiгоддзе. Да гэтага трэба рыхтавацца.

Лён у дэфiцыце, а цецярук адлятае на поўнач

Пацяпленне ўжо прывяло да змены аграклiматычных зон i да павелiчэння працягласцi лясных пажараў. Аднак пацяпленне — гэта не толькi дрэнна. Напрыклад, з'явiлася магчымасць вырошчваць новыя сельскагаспадарчыя культуры, такiя як кукуруза i проса. У той жа час у больш цёплым клiматычным рэгiёне рызыкуем страцiць для прамысловага вырошчвання такiя раслiны як лён, капуста i бульба.

Калi разгледзець разнастайнасць дзiкiх жывёл, то сярод iх ёсць страты, мяркуе Iрына Панядзельнiк. Пакiнулi тэрыторыю нашай краiны расамаха i паўночны алень. На iх «цёплае месца» прыйшлi новыя насельнiкi, такiя як андатра i янот.

У крылатых пакуль няма страт. Але з прычыны таго, што глабальнае пацяпленне будзе працягвацца, зменiцца i арэол iх пражывання. Першая беларуская птушка, якая ў хуткiм часе можа пакiнуць нашу краiну i перасялiцца на поўнач кантынента — цецярук.

На клiмат уздзейнiчае шмат фактараў, якiя ад простых людзей быццам бы i не залежаць. Але за сапраўдную зiму з моцнымi маразамi, а таксама за свежае чыстае паветра можна змагацца. Як лiчыць Iрына Панядзельнiк, любы чалавек можа дапамагчы планеце ўжо цяпер.

Важны градус i вугляродны след

Парыжскае пагадненне па клiмаце, якое заклiкана змагацца са змяненнем клiмату ў вынiку парнiковага эфекту ад дзейнасцi чалавека i стымуляваць свет зменшыць выкiды СО2 у атмасферу, у 2015-м было падпiсана 175 дзяржавамi. Усё, што робiцца для гэтага ў краiнах, мае на мэце да 2050-га стрымаць рост тэмпературы ў свеце нiжэй як на два градусы.

— Чаму так важна ўтрымаць тэмпературу, а пасля пачаць яе змяншаць? Нават адзiн градус — гэта засухi, пажары, спякота, ураганы. Як вынiк, у прыродзе менш ападкаў i менш вады — знiкае рыба, негатыўны ўплыў на сельскую гаспадарку i ўраджаi, — растлумачыў Андрэй ПIЛIПЧУК, эксперт у вобласцi змянення клiмату i якасцi атмасфернага паветра. — Калi скарацiць выкiды СО2 i павялiчыць iх паглынанне, тым самым знiзiўшы антрапагеннае ўздзеянне чалавека, або дасягнуць клiматычнай нейтральнасцi — ураўнаважыць выкiды i паглынанне, — то тэмпература ўтрымаецца i пачне знiжацца.

Каб выканаць абавязкi пагаднення, але не абмяжоўваць патрэбы прамысловасцi i насельнiцтва ў электраэнергii, многiя краiны пераходзяць на шлях пераводу прадпрыемстваў, тэхналогiй i iнвестыцый на нiзкавугляродныя крынiцы генерацыi. 65 краiн, Еўрапейскi саюз i шэраг гарадоў i кампанiй аб'явiлi аб iмкненнi дасягнуць клiматычнай нейтральнасцi да 2050 года.

— Дапамагчы планеце ў гэтым можа любая сям'я, калi падлiчыць свой «вугляродны след». Трэба паглядзець, дзе яна жыве, куды i на чым ездзiць, з якiх элементаў створаны прадукты, якiя яна набывае, i цi можна iх пасля бяспечна перапрацаваць, — упэўнены экперт. — Такiм чынам можна сфармуляваць агульнае разуменне таго, колькi адходаў стварае сям'я. У свеце робiцца акцэнт на экалагiчнасць тавараў i паслуг, i многiя еўрапейскiя краiны да 2025 года збiраюцца абмежаваць допуск тавараў з высокавугляродным следам на свае рынкi.

«Зялёны квадрат» i роўнастароннi трохкутнiк

Беларусь ратыфiкавала Парыжскае пагадненне ў вераснi 2016-га, узяўшы на сябе абавязкi да 2030 года на 28 % зменшыць выкiды парнiковых газаў у параўнаннi з 1990-м. Гэта значыць — не перавысiць узровень выкiдаў у 100 мiльёнаў тон у эквiваленце СО2. А летась на самiце ААН у Нью-Ёрку наша краiна павялiчыла гэтую планку да 35 %.

У Беларусi набiрае абароты развiццё безвугляродных крынiц генерацыi: гiдра-, ветра- i сонечныя электрастанцыi, будуецца атамная станцыя. А спалучэнне энергiй сонца, ветру, вады i атама складаецца ў энергетычную мадэль «Зялёны квадрат».

— Гэтыя вiды вытворчасцi энергii выкарыстоўваюць тэхналогii, пры якiх практычна не выдзяляюцца парнiковыя газы, а цеплавыя выкiды нязначныя, — расказала Надзея ЗДАНЕВIЧ, вядучы iнжынер па палiвавыкарыстаннi i абыходжаннi з радыеактыўнымi адходамi ўпраўлення тэхнiчнага суправаджэння АЭС «Белэнерга». — У мадэлi «Зялёны квадрат» усе чатыры крынiцы энергii не разглядаюцца як канкурыруючыя цi ўзаемазамяняльныя. I генерацыя ад усiх пералiчаных вiдаў мае свае перавагi i абмежаваннi. Пры ўсiх сваiх плюсах класiчныя вiды аднаўляльнай энергii — досыць нестабiльныя генерацыi, бо залежаць ад надвор'я. Па колькасцi туманных дзён, напрыклад, Беларусь ужо абагнала нават непагодлiвы Лондан i зарабiла жартаўлiвую мянушку «туманны Бульбiён». Энергiя ветра таксама залежыць ад яго сiлы. Затое атам даступны 24 гадзiны сем дзён на тыдзень i можа стаць базавай генерацыяй энергii ў спалучэннi з магчымасцямi ветра, сонца i вады.

На думку экспертаў, увод атамнай электрастанцыi ў Беларусi дазволiць зменшыць выкiды СО2 у атмасферу на 7—10 мiльёнаў тон у год. Пры гэтым знiжацца ўплыў будзе не непасрэдна ад работы самой станцыi, а шляхам замяшчэння атамнай энергiяй выкарыстання прыроднага газу (вычарпальнага прыроднага выкапня), на якiм сёння ў Беларусi вырабляецца 98 % электраэнергii. АЭС, якiя працуюць у свеце, ужо не даюць трапiць у паветра двум мiльярдам тон вуглякiслага газу.

Гэты вiд энергii можна аднесцi да клiматычна сяброўскай генерацыi, якая спрыяе развiццю «зялёнай эканомiкi», што ў сваю чаргу спрыяе ўстойлiваму сацыяльна-эканамiчнаму развiццю i абароне прыроды, лiчаць эксперты.

— «Зялёную эканомiку» можна прадставiць як роўнастароннi трохкутнік. I калi мы хочам дасягнуць на адным яго баку росту эканомiкi на 4 %, на другiм — павышэння на 4 % сацыяльнага дабрабыту i бяспекi, то на трэцiм баку мы павiнны на 4 % зменшыць уздзеянне на наваколле, каб вытрымаць гэты баланс, — расказаў Андрэй Пiлiпчук.

Сяргей КУРКАЧ, Iрына СIДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?