Вы тут

«Калi трапiў у бальнiцу i ўбачыў, колькi там людзей, адразу ж адкрываюцца вочы»


Загадчыца трэцяга iнфекцыйнага аддзялення Бабруйскай цэнтральнай бальнiцы Валянцiна Леднiк пра асаблiвасцi хваробы COVID-19, этыку паводзiн, важнасць даплаты за рызыку, а таксама пра тое, як бяспечна правесцi летнi адпачынак.


Палата на сям’ю

Трэцяе iнфекцыйнае аддзяленне тыповае — у кожнай палаце асобныя санвузлы, кварцавыя лямпы. «Кавiдныя» пацыенты лякуюцца тут у асноўным два-тры тыднi. На больш доўгi перыяд затрымлiваюцца тыя, што прайшлi праз рэанiмацыйнае аддзяленне.

— Сярод хворых ёсць i дзецi, але iх няшмат, — удакладняе ўрач. — За месяц у нас прайшлi лячэнне цалкам дзве сям’i — мацi-бацька-дзецi. Зараз лякуем яшчэ адну сям’ю ў поўным складзе. Калi першыя яшчэ казалi пра кантакты з гасцямi з Украiны, то ўсе астатнiя падхапiлi вiрус ужо тут. Сем’i адразу ж размяшчаем у адной палаце. Так спакайней i дарослым, i дзецям.

Перыядычна сустракаюцца пацыенты, якiя ў панiцы ад хваробы. Калi высокая тэмпература трымаецца на працягу тыдня i ўсё цела ломiць, у душы пасяляецца страх. А раптам не вылекуюць? Урачы з такiмi надумлiвымi працуюць асобна, лiшнi раз правераць цiск, наяўнасць кiслароду ў крывi. Але найлепшым супакойвальным сродкам з’яўляюцца суседзi па палаце, якiя ўжо перажылi пiк свайго захворвання i iдуць на папраўку.

Урач згадвае, што на фоне негатыўнай iнфармацыi, якую сёння шукаць не трэба, бо яна сама цябе адшукае, былi ахвотныя назiрацца менавiта ў бальнiцы, i яны нiчога не хацелi чуць пра знаходжанне дома. Потым, калi ўсведамлялi, што iх стан здавальняючы (усе даследаваннi пройдзеныя паспяхова, дыхаецца адносна лёгка) пагаджалiся на амбулаторнае лекаванне. Для пацыентаў, якiм патрабуецца рэабiлiтацыя, у Бабруйскiм раёне спецыяльна перапрафiлявалi абласны Цэнтр медыцынскай рэабiлiтацыi «Космас».

Перанеслi адпачынкi

Медыцынскi стаж Валянцiны Леднiк складае больш чым 30 гадоў. За гэты час з якiмi толькi iнфекцыямi яна не сустракалася: i атыпiчныя пнеўманii, i атыпiчны грып з лiхаманкай, а калi зазiрнуць яшчэ ў больш далёкае мiнулае, даводзiлася лекаваць нават ад малярыi.

— Новая хвароба насцярожвае сваiмi асаблiвасцямi, — кажа суразмоўнiца.— Зусiм iншыя гукi дыхання пры аўскультатыўным даследаваннi, iншая карцiнка на камп'ютарнай рэнтгенаграме. «Кавiдныя» пацыенты дыхаюць павярхоўна, iм не хапае кiслароду. I мы iм аператыўна дапамагаем. Спецыяльна для гэтага ў нашае аддзяленне было падведзена дзесяць пунктаў кiслароду, тое ж самае зрабiлi i ў iншых аддзяленнях. Для цяжкiх хворых, якiя знаходзяцца ў рэанiмацыйным аддзяленнi, маем у дастатковай колькасцi апараты ШВЛ.

Апошнiм часам тыя, хто перахварэў на COVID-19, часта расказваюць, што iм даводзiлася доўгi час ляжаць на жываце. Валянцiна Леднiк адзначае, што пры новым захворваннi ў альвеолах лёгкiх адбываецца парушэнне газаабмену, а ляжанне на жываце, так званая пран-пазiцыя, паляпшае газаабмен.

Пацыентаў шмат, але медперсанал iнфекцыйнага аддзялення працуе пакуль у штатным рэжыме. Цяжэй толькi з-за спецыяльнай экiпiроўкi, але i да яе ўжо прызвычаiлiся, хоць цела пад гэтым «панцырам» не дыхае. Ды i размаўляць з рэспiратарам i шчытком на твары не вельмi зручна. Гэта таксама стамляе.

Аддзяленне, як i ўсе iншыя, дзе лякуюцца каранавiрусныя пацыенты, падзелена на «чыстую» i «брудную» зоны. У «бруднай» урачы працуюць запар да шасці гадзiн: пакуль абход зробiш, з дакументамi разбярэшся. Потым цябе на некаторы час змяняе iншы доктар, а ты пераапранаешся, абедаеш, пасля зноў апранаеш ужо новы супрацьчумны касцюм i iдзеш у «брудную» зону знаёмiцца з новымi пацыентамi. Па той жа схеме змяняюць адна адну медсёстры. На шчасце, нiхто з медперсаналу не захварэў. Дарэчы, абследаванне на каранавiрус работнiкi праходзяць кожныя два тыднi.

Валянцiна Арсенцьеўна прызнаецца, што калектыў зладжаны i працуе бездакорна. Нiхто не ўвiльвае ад работы, нiхто не спалохаўся. Нават адпачынкi пераносяць на больш спрыяльны перыяд, каб для iншых не адбылося перагрузкi. А нядаўна настрой паднялi налiчаныя за красавiк надбаўкi.

— Паколькi мы профiльнае iнфекцыйнае аддзяленне i сёння кантактуем выключна з «кавiднымi» пацыентамi, усе без выключэння атрымалi павышаную зарплату, — удакладняе ўрач.

Медыкi ўдзячныя за ўвагу i неабыякавым грамадзянам, i прадпрыемствам, якiя сёння праяўляюць клопат. Напрыклад, Бабруйскi мясакамбiнат, пачынаючы з красавiка, штодзённа ўсiм, хто працуе на змене, перадае абеды. Не рэдкасць, калi людзi тэлефануюць, каб падзякаваць i жадаюць «не хварэць». Такой увагi да медыцыны даўно не было, кажуць тут.

Людзi расслабiлiся заўчасна

На тых жа рынках, у крамах не заўсёды захоўваецца сацыяльная дыстанцыя, людзi часта дыхаюць у спiны адно аднаму.

— Не трэба быць такiмi самаўпэўненымi, — перасцерагае ўрач. — Гэты вiрус вельмi небяспечны, замацоўваецца проста ў лёгкiх. Няма таго бранхiту, якi мы бачылi пры адэнавiрусе, калi чалавек мог доўга хрыпець, у яго гнаiлiся вочы або залягаў нос. COVID-19 паводзiць сябе больш агрэсiўна. I галоўны шлях распаўсюджвання менавiта паветрана-кропельны. Трэба берагчы слiзiстыя вачэй, носа, не датыкацца да iх. Асцерагайцеся тых, хто кашляе побач. Маскi якраз i патрэбны для таго, каб затрымаць атручанае вiрусам паветра. Нездарма ж распрацаваны правiлы сацыяльных паводзiнаў — кашляць у локцевы згiб, карыстацца аднаразовымi папяровымi сурвэткамi.

Сама ўрач звяла да мiнiмуму кантакты з роднымi, жыве па прынцыпе — работа-дом-работа. Крамы наведвае выключна ў масцы i пальчатках. Свой адпачынак, як i ўсе ў яе аддзяленнi, адклала да лепшых часоў. Усiм астатнiм яна раiць прысвяцiць водпуск дачам i нiкуды не выязджаць з краiны. Калi нехта ўсё ж такi рызыкне, трэба больш дасканала прытрымлiвацца мер асабiстай гiгiены, сацыяльнага дыстанцыявання. Але перш за ўсё ўзважыць, цi так важна ў гэты эпiдэмiялагiчна небяспечны час наведваць нейкiя там славутасцi.

— Калi сам здаровы i твае блiзкiя таксама, здаецца, усе вакол здаровыя, а калi трапiў у бальнiцу i ўбачыў, колькi там людзей, адразу ж адкрываюцца вочы, — адзначае Валянцiна Леднiк. — Асабiста я не пашырала б пакуль свае кантакты. Кажу гэта як чалавек, якi ўсё сваё жыццё працуе з вiрусамi i бактэрыямi. Мы ўсiм нашым калектывам нiколi не рызыкуем — усе прышчэплiваемся, вядзём здаровы лад жыцця, захоўваем меры асабiстай i грамадскай гiгiены. I гэтым падаём прыклад iншым.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва Валянцiны ЛЕДНIК

Загаловак у газеце: «Не выпрабоўвайце сябе на трываласць...»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.