Гадоў 20 назад мне давялося сустрэцца з былым асабiстам атрада партызанскай брыгады iмя Кiрава Рыгорам Савiчам Юрцэвiчам, якi, згадаўшы перажытае, сказаў, што партызанскае жыццё — яно што пекла: зiмой трэба было адпакутаваць ад завей ды траскучых маразоў, вясной — ад разлiваў вады, летам — ад гнюсу, амаль круглы год — ад пагрозы голаду. I хiба аднойчы...
Восенню 42-га карнiкi знiшчылi жыхароў вёскi Сiтнiцкi Двор, у вынiку палi, што яны засеялi, засталiся нiчыйнымi i, мiж iншым, абяцалi добры ўраджай.
Сабраць яго, згодна з данясеннямi партызанскiх сувязных, збiралiся акупанты. На 27 лiпеня з усiх навакольных вёсак былога Ленiнскага (цяпер Лунiнецкага) раёна яны фармiравалi абоз: пад пагрозай зброi палiцыя збiрала сялян з вазамi, мужчын з косамi ды жанок з сярпамi...
Камандаванне партызанскага атрада iмя Сталiна паставiла баявую задачу: не даць ворагу нiводнага зярняцi, а калi гэта не ўдасца, — спалiць жыта на коранi.
Такiм чынам у «дзень жнiва» на дарозе Сiнкевiчы — Сiтнiцкi Двор партызаны (на дапамогу iм былi кiнуты баявыя рэзервы яшчэ двух атрадаў брыгады iмя Кiрава) зранку выставiлi дазоры, замiнiравалi мост, арганiзавалi засады. Камандзiр узвода Андрэй Максiмавiч Качына i камандзiр аддзялення Рыгор Савiч Юрцэвiч улiчылi кожны штрых будучага бою.
I ён адбыўся. Партызаны адкрылi агонь паверх калоны, бо ў пярэднiх шэрагах iшлi мясцовыя жыхары, пасеялi панiку, у вынiку якой немцы спешна развярнулi фурманкi...
А надвор'е тады стаяла добрае, таму штаб брыгады прыняў рашэнне без адкладу прыступiць да ўборкi ўраджаю. Усе партызаны, нават дзецi з сямейных лагераў ды жыхары навакольных хутароў Хобата, Манасеева, Рэдзiгерава выйшлi на жнiво. Паблiзу, на Крашчуковай горцы, некалькi дзён гулi конныя малатарнi. У вынiку ўсё жыта было даведзена да ладу i звезена на захаванне пад павецi i ў спецыяльныя буданы.
...Пазней загадчык гаспадаркi Iван Яўсеевiч Скрыпка раздабыў у вёсцы Броднiцы паравы млын, побач з iм пабудавалi пякарню. У партызан з'явiўся свой хлеб, якога хапiла аж да вызвалення.
Сцяпан Нефiдовiч, пенсiянер, краязнавец
аг. Любань Лунiнецкага раёна
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!