Вы тут

Прыма ў новай ролі


Прэм’ера оперы «Вілісы. Фатум» Джакама Пучыні, рэжысёрскі дэбют Аксаны Волкавай, заслужанай артысткі Беларусі, яшчэ наперадзе


Пра тое, што Аксана Волкава расказала мастацкаму савету тэатра і як бачыць сваю пастаноўку, гаворыць Алена Балабановіч, вядучы рэдактар службы маркетынгавых камунікацый Вялікага тэатра.

— Спачатку, як прызнавалася Аксана, яна вельмі хвалявалася. Больш за тое — ёй было нават страшна. Але сабралася такая цудоўная каманда, што паступова да Аксаны прыйшла ўпэўненасць: яны робяць добры спектакль. Над операй працавала пастановачная група: дырыжор Іван Касцяхін, мастак Этэль Іошпа (Расія), балетмайстар Вольга Костэль, хормайстар Ніна Ламановіч. Гэта дыпломная праца Волкавай, якую яна будзе абараняць на сцэне тэатра. Дарэчы, педагог Аксаны — прафесар кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, рэжысёр Маргарыта Мікалаеўна Ізворска-Елізар'ева.

Каб выбраць оперу для пастаноўкі, Аксана пераслухала вялікую колькасць рознага музычнага матэрыялу. Але менавіта «Вілісы. Фатум» зачапіла яе прыгажосцю і эмацыйнасцю. Ды і сутыкненне светаў — рэальнага і эфемернага, па словах актрысы, вельмі добрая глеба для тэатральнай сцэны. «Мяне ўсхвалявалі героі, — казала яна. — Персанажы вельмі выразныя, а з дапамогай сучасных мастацкіх сродкаў мы зможам ярка і дынамічна распавесці гісторыю кожнага з іх. Гэта гісторыя — пра сутыкненне дабра і зла, пра каханне і здраду, але самае галоўнае — пра злачынства і пакаранне, а апошняе заўсёды чакае чалавека за тыя ўчынкі і дзеянні, якія ён здзяйсняе. Думаю, гледачы абавязкова ўбачаць паралелі і з раманам «Партрэт Дарыяна Грэя» Оскара Уайльда.

Этэль Іошпа, мастак-пастаноўшчык Маскоўскага музычнага тэатра імя Канстанціна Станіслаўскага і Уладзіміра Неміровіча-Данчанкі, стварыла цікавыя дэкарацыі і касцюмы, дзе важную ролю нясуць сімвалы. Да прыкладу, такія: шкло, якое можа прачытвацца і як роўнядзь возера, і як люстэрка, і як дарога; яшчэ і кветкі — жывыя і завялыя; і матылёк як вобраз далікатнага жаночага пачатку; гэта і вэлюм як абяцанне новага жыцця; таксама і закальцаванае само дзеянне.

Дырыжор Іван Касцяхін натхніўся музычным матэрыялам, паводле яго словаў, пышным і сучасным. Харэограф Вольга Костэль паведаміла, што падзялілася некаторымі сваімі цікавымі ідэямі з рэжысёрам. Галоўны хормайстар, народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч сказала пра тое, што развучвае са сваімі артыстамі хору арыгінальны матэрыял, які яшчэ не гучаў на сцэне Вялікага.

«Я з даверам стаўлюся да пастановачнай групы і да Аксаны Волкавай, якая вырашыла паспрабаваць сябе ў новай прафесіі. Спадзяюся, усе творчыя ідэі ўвасобяцца ў жыццё. Вельмі хочацца, каб мы гадавалі сваіх маладых рэжысёраў…» — сказаў на заканчэнне мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар'еў.

Гісторыя, якая папярэднічае стварэнню паўнавартаснай двухактнай оперы Джакама Пучыні такая. Факты сведчаць, што ідэя яе напісання пераследвала маладога кампазітара з самага дзяцінства, яшчэ з тых часоў, калі юны сямнаццацігадовы Джакама пешшу прайшоў з роднай вёскі ў Пізу толькі для таго, каб захапіцца пастаноўкай Аіды Джузэпэ Вердзі. Настаўнік юнага кампазітара ў міланскай кансерваторыі Понкіелі разумеў, што толькі ў оперы можа цалкам раскрыцца самабытны і яркі талент Пучыні. Ён параіў маладому кампазітару напісаць аднаактовую оперу для конкурсу, які быў абвешчаны ў 1883 годзе міланскім тэатрам «Ілюстрато». Понкіелі ўзяўся знайсці лібрэтыста, і неўзабаве Пучыні быў прадстаўлены вядомаму паэту Фердынанду Фантано, які вырашыў, што для пачаткоўца-кампазітара самым прыдатным будзе фантастычны сюжэт. Такім чынам, лібрэта было напісана паводле старагерманскай легенды, сюжэт якой быў раней выкарыстаны ў балеце «Жызэль» французкага кампазітара Адана. Опера атрымала назву «Вілісы». Неўзабаве яна была пастаўлена ў міланскім тэатры «Даль вермэ», прэм'ера адбылася 2 чэрвеня 1884 года. Яна выклікала ўсеагульнае захапленне (1884) (https://operaguide.ru/italian-opera/).

Спадзяемся, што і мы яго адчуем. А пакуль пажадаем усім, хто заняты ў пастаноўцы, як і Аксане Волкавай, паспяховага ўвасаблення творчых задумаў. Верым, што па восені каранавірус цалкам адступіць, і мы ўжывую атрымаем асалоду ад новай оперы.

Міхаліна Чаркашына

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».