Вы тут

Экскурсія па вайне


За апошнія два дзесяцігоддзі сфарміравалася сапраўдная бібліятэка кніг, выдадзеных у Расіі і Беларусі пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы


Новы выдавецкі праект Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы — гэта і краіназнаўчыя выданні, і кнігі, прысвечаныя дзеячам культуры, навукі, якія пакінулі свае сляды ў свеце мастацтва, літаратуры Беларусі ды Расіі. Героямі кніг станавіліся Максім Горкі, Ілья Рэпін, Адам Багдановіч… Рэалізавана шмат цікавых праектаў, якія распавядаюць пра гераічную ваенную гісторыю.

Не выпадковае і новае выданне, якое толькі што надрукавана ў Мінску, на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа. Адно з вядучых дзяржаўных выдавецтваў краіны — «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» да 75‑годдзя Вялікай Перамогі выпусціла альбом «Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі і Расіі». Складальнікі, аўтары тэксту кнігі — А. Ваўра, С. Любянкова, А. Назараў, В. Нерознак.

Падрыхтоўчая праца над выданнем паказала, што агульнымі намаганнямі беларускіх і расійскіх даследчыкаў ваеннай гісторыі можна прыадчыніць новыя, дастаткова цікавыя грані памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Адрасы ў альбома два: Масква і Мінск. Вось што распавядае дырэктар беларускага выдавецтва Вольга Ваніна:

— Мы ўдзячныя Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы за такую магчымасць папрацаваць над цікавым праектам. «Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі і Расіі» — з тых кніг, якія вяртаюць нашу памяць да драматычных і гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Вяртаюць з такой сілай, што знаёмства ледзь не з кожнай старонкай прымушае пачашчана біцца сэрца. Выданне падрыхтавана па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыя Фёдаравіча Мезенцава і пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі «Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства». Пад адной вокладкай сабраныя інфармацыя, ілюстрацыі, прысвечаныя найбольш значным 100 экспанатам з фондаў галоўных ваенна-гістарычных музеяў Беларусі ды Расіі. А гэта — Музей Перамогі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны гістарычна-мемарыяльны музей-запаведнік «Сталінградская бітва», Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», Севастопальскі ваенна-гістарычны музей-запаведнік, Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Са школьнага часу мы ведаем легендарнага кавалерыста генерала Льва Даватара, які загінуў у снежні 1941 года пад Масквой. Дзясяткі, літаральна дзясяткі вуліц у гарадах Расіі ды Беларусі, а яшчэ ў Казахстане ды іншых краінах Садружнасці незалежных дзяржаў носяць яго імя. Наш альбом адкрываюць старонкі, прысвечаныя танку Т‑34 з імем на вежы «Доватар». Баявая машына, устаноўленая ў экспазіцыі Музея Перамогі, — адзін з баявых рарытэтаў. 13 снежня 1942 года танкі Т‑34 са складу 1‑га батальёна 33‑й танкавай брыгады падтрымлівалі ў баі недалёка ад вёскі Астравіты Вялікалуцкага раёна Пскоўскай вобласці часткі і падраздзяленні 44‑й стралковай дывізіі. У разгар бою танк Т‑34 праваліўся пад лёд, аднак экіпажу ўдалося выратавацца. На борце танка, вынятага з балота, захаваліся надпісы «Доватар» і «За флаг ДКА». Танк быў перададзены Музею Перамогі ў 2001 годзе.

Старонка за старонкай — і перад чытачом, гледачом паўстае ўнікальная віртуальная экскурсія па вядучых ваенна-гістарычным музеях Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі. Не, хутчэй — экскурсія па вайне. Настолькі рэльефна, значна выглядаюць экспанаты, што складаецца ўражанне прысутнасці на месцах баёў, аб сустрэчах з людзьмі, якiя вынеслі на сваіх плячах увесь боль і трагедыю Вялікай Айчыннай… Фрагмент асіны вялікіх памераў (вышынёй чатыры і дыяметрам адзін метр) з уваткнутым у яе пасля выбуху чатырохметроваым сталёвым ланжэронам аўтамабіля ЗІС‑6, на якім мантавалася пускавая ўстаноўка БМ–13 — легендарнай «Кацюшы». Такі фрагмент памяці — з месца апошняга бою батарэі капітана Флёрава, з‑пад Вязьмы… Вучнёўскі сшытак Героя Савецкага Саюза Зоі Касмадзям’янскай… Гімнасцёрка абаронцы Брэсцкай крэпасці лейтэнанта Аляксея Наганава… Ліст беларускіх дзяцей, якіх на пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуявалі ў Ашхабад, байцам і афіцэрам 1‑га Беларускага фронту — з удзячнасцю за вызваленне Беларусі ды Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Доўгія гады як дарагую рэліквію гэта эпісталярная пасланне захоўваў у сваім архіве Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі. Цяпер ліст — у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Напэўна, не лішнім будзе нагадаць, што мінскі Музей вайны — першы ў свеце музей падобнай тэматыкі. Яшчэ 30 верасня 1943 года ЦК КП(б)Б пастанавіў «стварыць музей па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну». Часовым месцам дыслакацыі быў будынак Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы, на базе якога зладзілі выставу «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай». Выстава была адкрыта яшчэ ў першых чыслах снежня 1942 г. у матэрыялах Рэспубліканскай камісіі па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны. І на працягу адзінаццаці месяцаў сваёй працы папаўнялася новымі экспанатамі. Першыя супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны былі залічаны ў штат 16 ліпеня 1944 г. А ў жніўні таго ж года быў прызначаны першы дырэктар — Васіль Дзям’янавіч Стальноў. Для работы музея кіраўніцтвам БССР было выдзелена адно з нешматлікіх ацалелых у цэнтры Мінска будынкаў — Дом прафсаюзаў на плошчы Свабоды, плошчы 1248 кв. метраў.

Уражвае аповед і пра такі экспанат — Рэпрадуктар Перамогі, з якога беларускія артысты ў эвакуацыі пачулі паведамленні пра вызваленне родных гарадоў. Рэпрадуктар належаў народнаму артысту БССР Уладзіміру Іосіфавічу Дзядзюшку (1905–1973). 2 ліпеня 1944 Беларускі драматычны тэатр (БДТ‑1) знаходзіўся ў Томску. Артысты даведаліся пра вызваленне Бабруйска, і Уладзімір Дзядюшка выказаў здагадку, што на наступны дзень будзе вызвалены і Мінск. Хтосьці з ваенных сказаў яму: «Хутка ваюеце, таварыш артыст!» Дзядзюшка не адыходзіў і пайшоў у заклад на бутэльку шампанскага. Усе былі ўсхваляваныя. Уважліва слухалі паведамленні па радыё. Артысты не пайшлі спаць, сядзелі ва Уладзіміра Іосіфавіча ўсю ноч. І вось у дзве гадзіны ночы (10 гадзін па маскоўскім часе) 3 ліпеня 1944 года перадалі: «Мінск вызвалены!» Усхваляваныя артысты кінуліся ўсіх будзіць. Не спалі і другую ноч. А раніцай у гонар вызвалення Мінска ўсе сфатаграфаваліся. Рэпрадуктар, з якога артысты даведаліся пра вызваленне Мінска, Уладзімір Іосіфавіч захаваў і потым перадаў у музей ужо ў 1966 годзе. Такі вось просты экспанат — Рэпрадуктар Перамогі…

Ва ўступным слове да альбома Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота адрасаваў усім, хто шануе памяць пра Вялікую Айчынную, такія словы: «Значную частку сваёй гісторыі Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя былі часткай адзінай дзяржавы. Але не толькі таму два народы, дзве краіны звязваюць цесныя повязі палітычна-эканамічнага саюза, гістарычнай і культурнай супольнасці. Самай галоўнай і самай гераічнай падзеяй нашай гісторыі стала барацьба і перамога ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў. Мы абаранялі Айчыну, атрымалі агульную Перамогу над вераломным ворагам, сама прысутнасць якога на нашай зямлі пагражала знішчэннем краіны і нашых народаў. Саюзная дзяржава, у якую 20 гадоў таму аб’ядналіся Беларусь і Расія, з’яўляецца працягам нашай супольнасці, крэўнага сваяцтва двух народаў. Мы былі разам у бітвах Вялікай Айчыннай, застаемся разам у мірныя дні. Думаю, што гэта годна памяці нашых гераічных продкаў — Пераможцаў».

У альбома «Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі і Расіі», які выдадзены напярэдадні 75‑годдзя Вялікай Перамогі, пачынаецца свая гісторыя. Яна будзе звязана з тым, што яго старонкі адкрыюць школьнікі, моладзь, гісторыкі ды краязнаўцы, адкрыюць усе, хто думае пра тое, каб рарытэты, якія прыйшлі з баёў, вайны назаўжды заставаліся забойнай прыладай супраць разбуральнікаў міру.

Нізкі паклон усім, хто працаваў над «Рарытэтамі…» — музейшчыкам дзвюх краін, выдаўцам-энцыклапедыстам, паліграфістам. Дарэчы, кніга на годным узроўні надрукаваная ў Мінску, на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа.

Мабыць, сёння — як ніколі! — важна, каб кніга пра рарытэты стала вядомаю маладому пакаленню. Каб альбом стаў запрашэннем да ўсіх юнакоў і дзяўчат зазірнуць у музеі ваеннай памяці. Так, мы перажываем няпросты час, калі пандэмія ліхаманіць увесь свет, некаму забівае ўсю свядомасць. Але зазірніце спачатку на старонкі беларуска-расійскага альбома, адкрыйце ілюстрацыі, фатаграфіі на здзіўленне багатыя і змястоўныя экспанаты, якія пераварочваюць душу. А пройдуць месяцы, дадасца смеласці ў нашых паездках і сустрэчах з навакольным светам — прыйдзіце ў музеі ваеннай памяці. Вы, несумненна, шмат цікавага для сябе адкрыеце.

Кірыл Ладуцька

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».