Вы тут

Бюджэтнікам у выпадку прастою заплацяць мінімальную заработную плату


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады па праектах Указаў аб аплаце працы ў бюджэтных арганізацыях.


Гаворка ідзе аб арганізацыях аховы здароўя, адукацыі, спартыўных — адным словам, аб тых, на якія паўплывала пандэмія каранавіруса.

«Спартыўны аб’ект аказваў паслугі, за гэта насельніцтва плаціла. У сувязі з каранавірусам насельніцтва стала меней наведваць ці ўвогуле не наведвае гэты спартыўны аб’ект. Узнікла пытанне: а з чаго плаціць зарплату людзям, якія аказвалі гэтыя паслугі?» — прывёў адзін з прыкладаў Прэзідэнт.

Наконт гэтага ён ужо выказваўся: мы яшчэ не ведаем, як будзе развівацца ў свеце эпідэміялагічная сітуацыя.

Людзей, якія не могуць знайсці працу з аб’ектыўных прычын, падтрымаць трэба абавязкова.

«Але гэта не агулам. Трэба дакладна разумець, што гэта за людзі. І мы ж дамаўляліся, што кіраўнікі абласцей і мэр Мінска ўзялі на сябе гэта. Вам лепш відаць, каму аказваць гэту падтрымку. Аказвайце. Навошта зноў цягнем наверх гэтыя пытанні?» — здзівіўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што нават буйныя і багатыя краіны заяўляюць аб тым, што не ведаюць, што будзе заўтра.

Каму і як прапануе дапамагаць урад, далажыў міністр фінансаў Максім Ермаловіч. Кіраўнік фінансавага ведамства пацвердзіў, што пад уплывам сітуацыі знізілася наведвальнасць устаноў сацыяльнай інфраструктуры, упалі аб’ёмы дзейнасці бюджэтных арганізацый, якая прыносіць даходы.

У адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта аб неабходнасці нарошчвання спадарожных платных паслуг у бюджэтных арганізацыях галіновыя міністэрствы і мясцовыя выканаўчыя органы рэалізуюць спецыяльныя планы мераў для максімальна эфектыўнага і рацыянальна выкарыстання створанай у краіне сацыяльнай інфраструктуры, у стварэнне аб’ектаў якой зробленыя значныя інвестыцыі.

«Аднак найбольш паспяховыя арганізацыі і калектывы залежныя ад таго, наколькі сёння існуе попыт на гэтыя паслугі ў насельніцтва. Зніжэнне наведвальнасці стварае складаную фінансавую сітуацыю ў такіх арганізацыях», — растлумачыў Максім Ермаловіч.

Заробак бюджэтнікаў будзе падтрымлівацца не ніжэй за памер мінімальнай заработнай платы

Як адзначыў міністр фінансаў, ва ўстановах, якія аказваюць платныя паслугі, асабліва на рэспубліканскім узроўні, дзе высокая доля пазабюджэтных даходаў, у сувязі са скарачэннем наведвальнасці гэтыя крыніцы фарміравання даходаў істотна знізіліся. Асабліва актуальна гэта ў апошнія два месяцы.

«Каб захаваць калектывы, падтрымаць людзей, занятых на аказанні платных паслуг, неабходна прымаць меры, у тым ліку накіраваныя на фарміраванне крыніц для аплаты гэтых расходаў. Урад прапанаваў дзейнічаць наступным чынам: за кошт бюджэтнага каштарысу ўзяць частку гэтых расходаў па пазабюджэтнай дзейнасці», — расказаў Максім Ермаловіч.

Па даручэнні Прэзідэнта гэта будзе рабіцца ва ўмовах вельмі жорсткіх бюджэтных абмежаванняў. Арганізацыям самім неабходна шукаць новыя шляхі зарабіць грошы, прыцягваць насельніцтва, аднаўляць пазабюджэтныя даходы. І толькі ў выпадку, калі гэтая дзейнасць абгрунтавана акажацца нявыкананай, у падтрымку будзе ўступаць бюджэт.

Распарадчыкі бюджэтных сродкаў на рэспубліканскім і мясцовых узроўнях змогуць змяняць бюджэтныя каштарысы і браць на сябе частку расходаў, якія мусілі аплачвацца за кошт пазабюджэтных даходаў.

«Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі гэтых пазабюджэтных даходаў няма па аб’ектыўных абставінах, калі прадпрыемства прыклала ўсе намаганні, каб аднавіць крыніцу пазабюджэтных даходаў, прыцягнуць насельніцтва», — падкрэсліў кіраўнік фінансавага ведамства.

Па яго словах, галоўная ўмова гэтай дзейнасці — жорсткая эканомія бюджэтных расходаў і перанакіравання часткі бюджэтных расходаў на падтрымку працаўнікоў бюджэтнага сектару. Шукаць сродкі кожы кіраўнік арганізацыі будзе ў межах бюджэтнага каштарысу, які існуе. Такім чынам, для большасці прадпрыемстваў гэта не стане праблемай, бо доля пазабюджэтных даходаў не настолькі вялікая, каб фарміраваць дадатковыя патрэбы ў фінансаванні.

«Большай частцы арганізацый мясцовага ўзроўню не спатрэбіцца дадатковага вылучэння сродкаў з бюджэту, адбудзецца пераразмеркаванне. Для арганізацый, асабліва рэспубліканскага ўзроўню, дзе доля пазабюджэтных даходаў высокая, будзе такая ж магчымасць адшукаць гэтыя рэсурсы. Міністэрства фінансаў будзе гэты працэс жорстка кантраляваць», — лічыць міністр. Агульная ацэнка становішча дазваляе сказаць, што вялікіх бюджэтных рэсурсаў дадаткова не спатрэбіцца, рашэнні будуць кропкавыя.

Праект указа прадугледжвае падтрыманне заработнай платы працаўнікоў бюджэтных арганізацый не ніжэй за памер мінімальнай зарплаты і ажыццяўленне ім адпаведных даплат у выпадку вымушанай няпоўнай занятасці ці аб’яўлення прастою; вызначэнне ў якасці дадатковай магчымай крыніцы фінансавання расходаў бюджэтных арганізацый, а таксама устаноў, падпарадкаваных Упраўленню справамі Прэзідэнта Беларусі і размешчаных на тэрыторыі замежных дзяржаў, сродкаў рэспубліканскіх і мясцовых бюджэтаў у выпадку недастатковасці сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць даходы (па іх прагназуецца зніжэнне ці прыпыненне такой дзейнасці праз увядзенне сацыяльнага дыстанцыравання, абмежаванняў на правядзенне мерапрыемстваў, часовай забароны дзейнасці санаторна-курортных арганізацый у розных краінах).

Па інфармацыі ўрада, прыняцце указа дазволіць павысіць узровень сацыяльнай абароненасці працаўнікоў бюджэтнай сферы, а таксама забяспечыць устойлівае функцыянаванне бюджэтных арганізацый і асобных (тых, якія знаходзяцца за мяжой) устаноў ва ўмовах пераадолення наступстваў COVID-19 і аднаўлення эканамічнай актыўнасці.

Мера праекту ўказа часовая, паступова людзі будуць вяртацца да нармальнага жыцця, наведваць установы культуры і спорту. Міністр фінансаў спадзяецца, што ўказ будзе падпісаны ў бліжэйшы час.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».