Вы тут

Маніторынг медустаноў працягваецца


Па звестках на 25 мая ў Беларусі зарэгістравана 37 144 выпадкі COVІD-19. Прырост за апошнія суткі склаў 946 інфіцыраваных. За час распаўсюджвання інфекцыі паправіліся і выпісаны 14 449 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVІD-19 (249 за апошнія суткі), памерлі 204 пацыенты (пяць за апошнія суткі). Праведзены 463 004 тэсты (12 377 за апошнія суткі).


Міністэрства аховы здароўя праводзіць маніторынг сітуацыі ва ўстановах аховы здароўя ўсёй краіны.

Акрамя ўпаўнаважаных, якія былі вызначаны па кожным рэгіёне згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, у склад экспертных груп увайшлі спецыялісты рэгіёнаў, якія маюць вопыт барацьбы з COVІD-19, супрацоўнікі кафедраў, практыкуючыя ўрачы, эпідэміёлагі, галоўныя медыцынскія сёстры і адміністратары.

Увесь красавік і май спецыялісты наведвалі абласныя і раённыя бальніцы. Завяршыўся рэспубліканскі маніторынг праверкай медустаноў Мінска. Атрыманая інфармацыя абмяркоўваецца на нарадах, якія тройчы на тыдзень у рэжыме відэаканферэнцыі праходзяць пад старшынствам спікера Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Яна, дарэчы, ужо асабіста наведала Віцебскую, Гомельскую і Брэсцкую вобласці, дзе знаёмілася з абстаноўкай і размаўляла з медработнікамі.

Падчас маніторынгу эксперты, калі неабходна, аказвалі кансультатыўную ці практычную дапамогу, а таксама ўказвалі на памылкі. Як адзначыў галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў, у нашай краіне пратаколы лячэння пацыентаў з COVІD-19 былі распрацаваны, калі захворванне з'явілася ў Кітаі, і цяпер яны пастаянна абнаўляюцца згодна з сучаснымі тэндэнцыямі ў свеце. У прыватнасці, у мінулую пятніцу пратаколы былі зноў абноўленыя. У цяперашні час ва ўсіх рэгіёнах прасочваецца аднастайнасць у аспектах лячэння.

Што датычыцца сродкаў індывідуальнай аховы, то Ігар Карпаў адзначыў, што рэанімацыйныя аддзяленні імі ўкамплектаваныя. Гэта надзвычай важна, бо спецыялісты там маюць справу з дыхальнымі шляхамі, і тут патрэбна бяспека найвышэйшага ўзроўню.

— У рэгіёнах нястачы адзення мы таксама не выявілі. Прынамсі, не толькі санітары, але і тыя спецыялісты, якія не маюць прамога кантакту з пацыентамі, апрануты ў касцюмы аховы, — адзначыў Ігар Карпаў.

Ён звярнуў увагу на тое, што калі раней больш пытанняў на месцах узнікала па санэпідрэжыме, то цяпер часцей абмяркоўваюць схемы лячэння, пытанні, як лепш пакласці хворага, калі яго падключыць да кіслароду і ў які момант патрэбны больш інтэнсіўныя мерапрыемствы.

Сумесна з інфекцыяністамі, эпідэміёлагамі і іншымі экспертамі ў бальніцах працуюць і кіраўнікі сістэмы аховы здароўя. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік асабіста наведаў за гэты час «чырвоныя зоны» медустаноў Віцебска, Наваполацка, Навагрудка, Смаргоні, Гродна, Нясвіжа, Гомеля і Баранавіч. Экспертызу ва ўстановах аховы здароўя сталіцы пастаянна праводзіць першы намеснік міністра Дзмітрый Піневіч. Урачам з Лунінца, Стоўбцаў, Буда-Кашалёва, Гомеля, Кобрына, Бярозы, Светлагорска, Калінкавіч дапамагае выявіць праблемныя месцы, а таксама распрацоўвае рэкамендацыі па арганізацыі меддапамогі і лагістыцы руху пацыентаў намеснік міністра Алена Богдан.

І калі красавік і май былі прысвечаны рабоце ў стацыянарах, то далей экспертныя групы наведаюць клінікі і санаторыі, дзе пацыенты далечваюцца і праходзяць рэабілітацыю. Таксама ўвага будзе накіравана на паляпшэнне работы паліклінік і ФАПаў. Наступны этап маніторынгавых груп — работа станцый хуткай медыцынскай дапамогі і рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: partygorsk.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.