Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Футбалісты барысаўскага БАТЭ перамаглі ў дадатковы час брэсцкае «Дынама» з лікам 1:0 і чацвёрты раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі.

Асноўны час матча не выявіў пераможцу, а ў авертайме лепш пачалі брастаўчане, але затым футбалісты БАТЭ цалкам завалодалі ініцыятывай, і за некалькі секундаў да фінальнага свістка абаронца Захар Волкаў нанёс пераможны ўдар. Нагадаем, раней футбалісты БАТЭ выйгравалі Кубак краіны ў 2006, 2010 і 2015 гадах. За ўсю суверэнную гісторыю ўладальнікамі Кубка Беларусі таксама станавіліся брэсцкае «Дынама», мінскае «Дынама», салігорскі «Шахцёр», бабруйская «Белшына» (па тры разы), двойчы — мінскі МТЗ, «Гомель», наваполацкі «Нафтан» і мазырская «Славія», па разе трафей заваёўвалі мінскае «Дынама-93», гродзенскі «Нёман», «Віцебск», «Мінск» і жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ».

2. Жаночы чэмпіянат Беларусі па баскетболе завершаны датэрмінова. Мужчынскае першынство будзе завершана ў верасні. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі баскетбола ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Мінспорту, Міністэрства аховы здароўя і ФІБА. Такім чынам, выніковыя месцы жаночых камандаў размеркаваны ў адпаведнасці з пазіцыямі, занятымі па выніках другога этапу першынства. Чэмпіёнкамі Беларусі чацвёрты раз запар і шосты ў гісторыі сталі баскетбалісткі «Цмокі-Мінск», «серабро» ў «Гарызонта», бронзавыя медалі ў гродзенскай «Алімпіі».

Што датычыцца спаборніцтваў мужчынскіх камандаў, то вырашальны этап — «Фінал чатырох» — запланавана правесці ў верасні 2020 года. За ўзнагароды будуць змагацца «Цмокі-Мінск», магілёўскі «Барысфен», «Гродна-93» і віцебскі «Рубон».

Нагадаем, што ў мінулым сезоне свой 11-ы запар чэмпіёнскі тытул заваявалі сталічныя «Цмокі», уладальнікамі «серабра» сталі баскетбалісты «Барысфена», «бронза» ў рэзервовага складу «Цмокаў».

3. Экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка ў чэрвені мае намер выступіць на выставачным турніры ў амерыканскім Чарлстане. Усяго ў спаборніцтвах, якія павінны стартаваць 23 чэрвеня, возьмуць удзел 16 вядомых тэнісістак. Плануецца, што, акрамя Вікторыі Азаранка, якая займае цяпер 58-е месца ў сусветным рэйтынгу, у Чарлстане згуляюць чацвёртая ракетка свету Сафія Кенін з ЗША, канадка Б'янка Андрыеску (6-ы нумар рэйтынга WTA), амерыканкі Мэдзісан Кіз (13), Элісан Рыск (19), Слоан Сцівенс (37), алімпійская чэмпіёнка — 2016 Моніка Пуіг (90) з Пуэрта-Рыка і іншыя. Тэнісісткі будуць падзеленыя на дзве каманды і правядуць 16 адзіночных і 8 парных матчаў. Турнір пройдзе без гледачоў.

Нагадаем, раней міжнародныя тэнісныя арганізацыі (ІTF, ATP, WTA) у сувязі з распаўсюджваннем пандэміі COVІD-19 адмянілі ўсе афіцыйныя спаборніцтвы да жніўня.

4. У чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі. Першы ў паўфінал прабіўся пераможца рэгулярнага сезона гомельскі БЧ, які ў 1/4 фіналу двойчы абыграў гродзенскі «УУС-Дынама» — 3:0 і 5:2. У барацьбе за выхад у фінал БЧ будзе спаборнічаць з яшчэ адным гомельскім клубам ВРЗ, які атрымаў перамогу над мінскім «Дарожнікам» — 3:1 і 4:1. Іншую паўфінальную пару склалі аршанскі «Вітэн», які перайграў светлагорскі ЦКК (3:0 і 7:0), і дзеючыя чэмпіёны краіны — спартсмены мінскай «Сталіцы», якія перамаглі па суме двух чвэрцьфінальных паядынкаў «Барысаў-900» — 4:1 і 3:3.

Паўфінальныя серыі да дзвюх перамог адной з камандаў стартуюць 28 мая, фінальная серыя за чэмпіёнскі тытул да трох перамог пачнецца 7 чэрвеня.

Нагадаем, у мінулым сезоне сваё трэцяе «золата» заваявала «Сталіца», якая абыграла ў фінальнай серыі ВРЗ (3:1). Уладальнікам бронзавых узнагарод стаў «Вітэн», які перамог у серыі за трэцяе месца БЧ (2:1). Самым тытулаваным клубам з'яўляецца мінскі «Дарожнік», які шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам краіны.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Футбольны Кубак краіны зноў застанецца ў Барысаве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».