Вы тут

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома


З канца красавiка пацыентаў, хворых на каранавiрусную iнфекцыю ў лёгкай i бессiмптомнай форме, лечаць амбулаторна. Медыцынскую дапамогу iм аказваюць урачы палiклiнiк, у тым лiку выязныя брыгады, або так званыя кантактныя групы. Як змянiлася работа палiклiнiк, i каму ўжо робяць экспрэс-тэсты; як працуюць медыкi, якiя штодзень выязджаюць на вiзiты да пацыентаў, хворых на каранавiрус; як мясцовыя жыхары шыюць маскi, каб дапамагчы ўрачам, а тыя, у сваю чаргу, гатовы змянiць на час спецыялiзацыю i дапамагаць калегам у барацьбе з iнфекцыяй, мы даведаліся, пабываўшы ў 11-й гарадской палiклiнiцы Мiнска.


Iрына Болдырава.

«Мы былi гатовы да розных варыянтаў развiцця падзей»

Днём у рэгiстратуры наведвальнiкаў няшмат. Перад кабiнетамi ўрачоў агульнай практыкi чэргаў таксама няма.

— Да работы з iнфiцыраванымi пацыентамi i кантактнымi асобамi, згодна з усiмi распараджэннямi Мiнiстэрства аховы здароўя i камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама, мы пачалi рыхтавацца са студзеня. У сакавiку, калi былi зарэгiстраваны першыя пацыенты на тэрыторыi нашага раёна, у нас меўся каардынацыйны план з некалькiмi варыянтамi развiцця падзей, i мы былi гатовы да розных сцэнарыяў, — расказвае галоўны ўрач 11-й гарадской палiклiнiкi Мiнска Iрына Болдырава (на фота). — У першыя днi з моманту рэгiстрацыi першага выпадку COVID-19 у нашым раёне ў палiклiнiцы былi раздзелены патокi пацыентаў. Мы выдзелiлi асобныя ўваходы для цяжарных жанчын, для пацыентаў з тэмпературай. На ўваходзе ў палiклiнiку маюцца адпаведныя ўказальнiкi. Асобна вылучылi гадзiны прыёму для пацыентаў, якiм трэба прайсцi прафагляд. Яны прыходзяць праз асобны ўваход, па асобнай лесвiцы ў гадзiны, калi ў палiклiнiцы найменш наведвальнiкаў. На другiм паверсе былi вызначаны пэўныя кабiнеты для прафiлактычнага медагляду. Такiм чынам мы мiнiмiзавалi хаджэнне па палiклiнiцы.

Iрына Болдырава падкрэслiвае, што пажылых людзей з хранiчнымi захворваннямi, якiя раней рэгулярна наведвалi доктара, папрасiлi застацца дома. Да iх прыходзiлi медыкi, аказвалi дапамогу i выпiсвалi рэцэпты. I тут прыйшлася да месца падтрымка ўрачоў-спецыялiстаў i сярэдняга медперсаналу, якiя дапамагаюць участковай службе.

Iрына Болдырава.

На першым паверсе палiклiнiкi арганiзаваны пост, дзе дзяжурыць медыцынскi работнiк, якi бескантактным тэрмометрам вымярае наведвальнiкам тэмпературу i ўдакладняе, з якой мэтай яны прыйшлi. Калi пацыент не заўважыў аб'яву, яго накiроўваюць на асобны ўваход, калi прыйшоў з тэмпературай — прапануюць выклiкаць урача на дом цi пайсцi праз асобны ўваход у iнфекцыйны кабiнет.

Трэба адзначыць, што з пачатку сакавiка, калi ў Мiнску былi выяўлены першыя хворыя з дыягназам COVID-19, планавая медыцынская дапамога была зменшана. У прыватнасцi, гэта датычыцца аддзялення дзённага знаходжання i фiзiятэрапеўтычнага аддзялення. Яны прымаюць толькi тых, каму тэрмiнова неабходны лячэнне i рэабiлiтацыя.

— Напрыклад, пацыентаў з траўмамi, якiя лечацца працяглы час, мы пакiнулi дома. Хiрургiчных пацыентаў аглядалi i рабiлi перавязкi таксама дома. Гэта было зроблена, каб мiнiмiзаваць iх кантакты i рызыку заражэння, — тлумачыць галоўны ўрач.

У сваю чаргу некаторых урачоў-спецыялiстаў давялося перавесцi на аказанне дапамогi каранавiрусным хворым. Гэта, напрыклад, урач-тэрапеўт аддзялення дзённага знаходжання, загадчык аддзялення медыцынскай рэабiлiтацыi, урач-акушэр-гiнеколаг i загадчык жаночай кансультацыi, загадчык аддзялення прафiлактыкi. Усе яны цяпер, акрамя таго, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў межах сваёй кампетэнцыi, вядуць прыём у iнфекцыйным кабiнеце цi як урачы агульнай практыкi ў тэрапеўтычным аддзяленнi. А вось некаторыя ўрачы агульнай практыкi ў сваю чаргу ўвайшлi ў склад кантактных груп, якiя выязджаюць на вiзiты да хворых на каранавiрусную iнфекцыю.

— Я вельмi ганаруся сваiм калектывам, — прызнаецца Iрына Болдырава. — Урачы-спецыялiсты прыходзiлi i казалi, што гатовы дапамагаць тэрапii, iнфекцыйнаму кабiнету. Нi адзiн супрацоўнiк не адмовiўся ад работы з пацыентамi з каранавiруснай iнфекцыяй.

Усе медыкi, якiя працуюць з iнфiцыраванымi каранавiрусам, атрымлiваюць даплаты. Урачы — тысячу рублёў, сярэднi медыцынскi персанал — 500, астатнiя работнiкi — 300.

— Усе, хто пажадаў дапамагаць iнфекцыянiсту i ўрачам агульнай практыкi, — супрацоўнiкi аддзялення прафiлактыкi, жаночай кансультацыi, аддзялення рэабiлiтацыi, а таксама тэрапiя, iнфекцыйны кабiнет, рэнтгенаддзяленне, дыягнастычная лабараторыя, — атрымалi даплаты. Мы вызначылi гэта адразу, — засяроджвае ўвагу галоўны ўрач.

«У апошнiя днi назiраем знiжэнне захваральнасцi»

11-я палiклiнiка абслугоўвае 30 тысяч насельнiцтва Ленiнскага раёна сталiцы. На момант падрыхтоўкi матэрыялу там было 113 пацыентаў, якiя сталi кантактамi першага ўзроўню. Каля 75 чалавек хварэе на каранавiрусную iнфекцыю ў лёгкай форме — без запалення лёгкiх. 20 пацыентаў маюць пнеўманii, з iх 10 — «кавiдныя». Гэта людзi, якiя адмовiлiся ад стацыянарнага лячэння i знаходзяцца пад амбулаторным назiраннем цi маюць лёгкiя формы, i iх стан дазваляе лячыцца дома.

— 20 пнеўманiй на 30 тысяч насельнiцтва, якое абслугоўвае палiклiнiка, — гэта нязначная лiчба, тое самае датычыцца i кантактаў першага ўзроўню — гэта вельмi няшмат, — кажа галоўны ўрач.

Пацыенты з прастуднымi захворваннямi, тэмпературай накiроўваюцца ў iнфекцыйны кабiнет або выклiкаюць урача на дом. Калi яшчэ нядаўна штодзень iнфекцыянiста наведвала 30—40 чалавек, то зараз пацыентаў стала менш.

— У апошнiя днi мы назiраем некаторае знiжэнне захваральнасцi. Напрыклад, учора было 38 выклiкаў да хворых з тэмпературай — гэта няшмат. Канешне, калi параўноўваць са звычайнымi для мая лiчбамi, сёлета ёсць рост захваральнасцi, але ён невялiкi. Гэтай зiмой i вясной увогуле ўсё зрушылася: снежань, студзень, люты i сакавiк былi вельмi спакойныя, вялiкага наплыву па 100 вiзiтаў у дзень, як некалькi гадоў таму, не было. Рост захваральнасцi пачаўся з сярэдзiны красавiка, — канстатуе суразмоўнiца.

«Мясцовыя жыхары пашылi 500 масак i перадалi нам»

Медыцынскую дапамогу пацыентам з COVID-19 дома аказваюць тры выязныя брыгады, якiя складаюцца з урача i памочнiка ўрача. Яны працуюць у тым лiку ў святочныя i выхадныя днi. Кожная група аснашчана пульсаксiметрам, бескантактным тэрмометрам, сродкамi iндывiдуальнай аховы. Да пацыентаў iх возяць спецыяльна абсталяваныя машыны, у якіх ёсць перагародка ад кiроўцы; транспарт апрацоўваецца дэзсродкамi. Размяркоўвае вiзiты каардынатар кантактных груп.

— Калi чалавек захварэў, звесткi аб ім перадаюцца ў тэрытарыяльны цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii. Яго спецыялiсты праводзяць эпiдрасследаванне i высвятляюць першы i другi ўзроўні кантакту, iх дату, складаюць спiсы i дасылаюць у палiклiнiкi, — тлумачыць, як знаходзяць кантактных асоб, Iрына Болдырава. — Наш каардынатар аналiзуе спiсы, i адразу ж кантактная група выязджае да гэтага чалавека: бярэ мазок, выдае лiсток непрацаздольнасцi, запаўняе патрабаванне аб самаiзаляцыi, якое мы накiроўваем у РУУС Ленiнскага раёна, пакiдае памятку аб самаахове. Iнфармацыя пра кантактную асобу на ўчастку паведамляецца i ўрачу агульнай практыкi. З першага па сёмы дзень ён тэлефануе пацыенту, удакладняе яго стан. У прыватнасцi, цiкавiцца тэмпературай, наяўнасцю болю ў горле, задышкi — асноўнымi сiмптомамi каранавiруснай iнфекцыi. На сёмы дзень зноў выязджае кантактная група, аглядае, працягвае лiсток непрацаздольнасцi, а iнфармацыю аб стане пацыента перадае ўрачу агульнай практыкi. Ён працягвае штодзень тэлефанаваць пацыенту i цiкавiцца яго самаадчуваннем. У выпадку пагаршэння стану выязджае зноў-такi кантактная група i прымае рашэнне ў залежнасцi ад сiтуацыi. На дзясяты дзень у пацыента бяруць экспрэс-тэст такая магчымасць з'явiлася з мiнулага тыдня. Калi ён адмоўны, мы падаўжаем бальнiчны да 14 дзён i закрываем. Калi станоўчы — падаўжаем i працягваем амбулаторнае назiранне.

Кантактная група выязджае да пацыентаў у ахоўным адзеннi — супрацьчумных касцюмах, рэспiратарах, шчытках i акулярах. Iх як закуплялi, так i атрымлiвалi ў якасцi спонсарскай дапамогi, у тым лiку i ад нераўнадушных грамадзян.

— Жыхары дома № 154 па вулiцы Маякоўскага пашылi 500 масак i прынеслi нам. Было нечакана i вельмi прыемна. Мы ўдзячныя гэтым людзям, нават напiсалi iм падзяку, — прызнаецца галоўны ўрач.

На сёння ў палiклiнiцы ёсць месячны запас сродкаў iндывiдуальнай аховы. Ахоўныя касцюмы, шчыткi, акуляры, а таксама пульсаксiметры i бескантактныя тэрмометры паступалi з Кiтая, Расii, Узбекiстана. Бязвыплатную спонсарскую дапамогу аказалi Беларускi саюз жанчын, Беларускi Чырвоны Крыж. I яна працягвае паступаць. Напрыклад, цэнтр нерухомасцi гатовы выдзелiць спонсарскую дапамогу ў выглядзе медыцынскiх халатаў, дэзсродкаў, акуляраў, шчыткоў i iншых сродкаў.

— Захворванняў сярод медыцынскiх работнiкаў, якiя iнфiцыравалiся з-за таго, што няправiльна апранулi ахоўны касцюм цi няправiльна прымалi меры перасцярогi, у нашай палiклiнiцы няма, — падкрэслiвае Iрына Болдырава. — Мы правялi навучальны семiнар для медыцынскага персаналу па правiлах карыстання сродкамi iндывiдуальнай аховы i iх апрацоўцы, аказаннi медыцынскай дапамогi хворым з дыягназам COVID-19, а мае намеснiкi, згодна са спецыялiзацыяй, прымалi залiкi.

Святлана Янушка.

Да 80 % выпадкаў — у лёгкай i бессiмптомнай форме

Урач агульнай практыкi Святлана Янушка i памочнiк урача Ангелiна Цехановiч, якiя ўваходзяць у склад выязной брыгады, рыхтуюцца да вiзiтаў. За змену яны паспяваюць наведаць 20—27 пацыентаў.

— Вiзiт пачынаецца з апытання: на што пацыент скардзiцца, потым робiм агляд, вымяраем сатурацыю (насычэнне крывi кiслародам) i тэмпературу. Пацыент запаўняе патрабаванне аб самаiзаляцыi, атрымлiвае лiсток непрацаздольнасцi, калi трэба, цi даведку, прызначаем лячэнне, калi неабходна, бяром мазкi. Як рэагуюць на дыягназ? Па-рознаму. Радуе, што большасць ставiцца даволi спакойна. Зрэдку бывае, што людзi не вельмi адэкватна ўспрымаюць iнфармацыю пра тое, што яны, напрыклад, два тыднi павiнны знаходзiцца ў самаiзаляцыi, нават не маючы сiмптомаў, але ў цэлым нiякiх праблем не ўзнiкае. Некаторым не вельмi камфортна, калi заходзiм да iх у абмундзiраваннi; хвалююцца, што скажуць суседзi. Але паколькi ездзiм мы шмат, нас ужо пазнаюць у гэтым выглядзе, i панiку нi ў каго супрацьчумны касцюм не выклiкае, — расказвае Святлана Янушка.

Ангелiна Цехановiч.

Урач кажа, што да 80 % выпадкаў каранавiруснай iнфекцыi працякае ў лёгкай i бессiмптомнай форме.

— COVID-19 — зусiм не паказанне для шпiталiзацыi, для пацыентаў у лёгкай форме ў гэтым няма патрэбы. Спачатку, калi выпадкаў было няшмат, усе шпiталiзавалiся. Цяпер з-за запаўняльнасцi стацыянараў мы назiраем i пацыентаў з больш яркай клiнiчнай карцiнай. Але важна сачыць за iх станам. Калi ён пагаршаецца, мы выдаём накiраванне, пацыент выклiкае хуткую дапамогу, едзе ў стацыянар i па жывой чарзе праходзiць КТ. Яму робяць здымак, вымяраюць сатурацыю: калi яна панiжаецца, яго адразу шпiталiзуюць.

Святлана Янушка — адна з тых урачоў, хто праявіў ініцыятыву працаваць у выязной брыгадзе.

— У Святланы Аляксандраўны маленькае дзiця — тры годзiкi, але, не шкадуючы асабiстага часу, яна працуе з ранiцы да вечара. I такiх урачоў у нас нямала. Гэта сведчыць пра тое, што яны правiльна абралi сваю прафесiю, — рэзюмуе Iрына Болдырава.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

У Гродне падчас святкавання Дня Незалежнасцi прадстаўлены габелен, якi выткалi спецыяльна да 75-годдзя Вялiкай Перамогi. 

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.