Вы тут

Найстарэйшы летнiк Гродзеншчыны пачне аздараўленчую кампанiю цалкам абноўленым


Летнiк «Зорка Юбiлейная» — адзiн з самых папулярных у гродзенскiх школьнiкаў. I таму нямала прычын. Адна з iх — гэта тое, што месцiцца ён у зялёнай зоне на беразе возера Юбiлейнае. З абласным цэнтрам аздараўленчы аб'ект звязваюць маршруты гарадскога транспарту. А сёлета летнiк пашырыў свае магутнасцi: тут уведзена два новыя спальныя корпусы.


Зараз на тэрыторыi летнiка вядуцца апошнiя прыгатаваннi да прыёму наведвальнiкаў. Меркавалася, што першая змена пачнецца 15 чэрвеня, але на днях стала вядома, што пачатак аздараўленчага сезона перанесены на 1 лiпеня. Адпаведна зменшыцца i колькасць змен — плануецца, што iх будзе дзве па 18 дзён кожная. Мiж тым заяўкi паступаюць увесь час.

З дырэктарам дзiцячага аздараўленчага летнiка «Зорка Юбiлейная» Ларысай Янчук абыходзiм тэрыторыю. Кiраўнiца звяртае ўвагу на кожную дэталь, кожны аб'ект iнфраструктуры. I нездарма. За апошнiя некалькi гадоў летнiк цалкам абнавiўся. У яго мадэрнiзацыю ўкладзена нямала сродкаў. Значную дапамогу аказваюць шэфы, а гэта 13 арганiзацый, у асноўным структурных падраздзяленняў ЖКГ. З iх дапамогай старыя будынкi набылi сучасны выгляд, заменены вокны i дзверы, адноўлены дах, падлога, з'явiлiся новыя мэбля i абсталяванне.

— Калi дзецi бачаць, што вакол прыгожа i акуратна, яны самi падтрымлiваюць парадак, акты вандалiзму даўно ў мiнулым, — заўважае Ларыса Мiхайлаўна.

Сучасны выгляд цяжка суаднесцi з узростам летнiка, а ён даволi сталы. Летась тут адзначылi юбiлей — 65 гадоў стварэння. Аб значных падзеях нагадвае альтанка з рэтраспектывай гiсторыi ўстановы, дзе сабраны фотаздымкi розных часоў — ад 1950-х гадоў да сучаснасцi.

Цяпер галоўны клопат дырэктара — добраўпарадкаванне спальных карпусоў. Для гэтай работы набiраецца сезонны персанал. Падчас наведвання жанчыны якраз заносiлi матрацы, засцiлалi бялiзну. Большая частка памяшканняў цалкам падрыхтавана для заезду, у iншых работы засталося на некалькi дзён.

Падыходзiм да двух новых карпусоў. Яны ўведзены ў эксплуатацыю зусiм нядаўна, i кожны разлiчаны на 30 месцаў. Такiм чынам сёлета «Зорка Юбiлейная» зможа прыняць 320 чалавек замест 260, як было раней. Прадугледжана i безбар'ернае асяроддзе.

Важны плюс летнiка — зялёная зона. На тэрыторыi расце шмат магутных соснаў, а менавiта за агароджай пачынаецца спуск да возера Юбiлейнае. Водны рэсурс таксама задзейнiчаны ў адпачынку, ёсць свая пляжная зона, дзе можна плаваць i загараць, таксама скарыстацца катамаранам. Для аматараў спорту ўстаноўлены дзве новыя варкаўт-пляцоўкi, есць валейбольная i баскетбольная пляцоўка з зонай для гледачоў. Для малодшых школьнiкаў усталяваны забаўляльныя атракцыёны. Дарэчы, новыя карпусы — таксама для iх.

Сёлета пашырана i медыцынская сетка, замест аднаго аб'екта будзе працаваць два. У адным дамку — прыём урача i працэдурны кабiнет, а другi пераабсталявалi ў медыцынскi iзалятар на два пакоi. Зменiцца i фармат правядзення розных мерапрыемстваў, сёлета яны будуць праводзiцца на свежым паветры i па асобных атрадах, каб не дапусцiць вялiкага натоўпу ў адным месцы.

Як расказалi ў Гродзенскiм абласным упраўленнi рэспублiканскага цэнтра па аздраўленнi i санаторна-курортным лячэннi насельнiцтва, стацыянарныя летнiкi ў рэгiёне пачнуць працаваць з 1 лiпеня, а прышкольныя — з 15 чэрвеня. Галоўны прынцып камплектацыi — заяўляльны. Гэта значыць, што i бацькi, i сам школьнiк выказваюць жаданне наведваць дзiцячую аздараўленчую ўстанову. Арганiзатары павiнны забяспечыць максiмальную бяспеку дзяцей.

Усяго ў вобласцi будзе працаваць 24 загарадныя летнiкi.

Сярэднi кошт пуцёўкi ў кругласутачным лагеры прыблiзна складзе 420—450 рублёў, з iх 205 рублёў — датацыя дзяржавы. У спартыўна-аздараўленчым памер датацыi — 227 рублёў, у прышкольным дзённым — 85 рублёў.

Што датычыцца падрыхтоўкi летнiкаў, гэта работа завяршаецца, усе сродкi рэспублiканскага i абласнога бюджэту, а таксама сродкi, заробленыя на суботнiку, амаль цалкам засвоены, апошнi штрых — акты гатоўнасцi, якiя ўстановы павiнны атрымаць у найблiжэйшы час.

Маргарыта Ушкевiч

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Зорка» каля возера Юбiлейнае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Галаву можна вешаць, ламаць, сушыць, намыльваць... Але не губляць!