Вы тут

Якiм быў шлях беларускiх алiмпiйцаў да самых значных перамог


Беларускiя спартсмены заваявалi 96 алiмпiйскiх медалёў: 20 залатых, 32 сярэбраныя i 44 бронзавыя. Iмёны алiмпiйскiх чэмпiёнаў апошняга дзесяцiгоддзя вядомыя жыхарам нашай краiны ад малога да вялiкага, але не ўсе беларускiя алiмпiйцы маюць такую ж папулярнасць, як Дар'я Домрачава, Вiкторыя Азаранка, Андрэй Арамнаў i iншыя. Сёння, роўна за месяц да Мiжнароднага Алiмпiйскага дня, пачынаем серыю публiкацый пра беларускiх алiмпiйскiх чэмпiёнаў мiнулых гадоў.


Першым алiмпiйцам — выхадцам з Беларусi лiчыцца Караль Румель, удзельнiк Алiмпiйскiх гульняў 1912 года ў складзе каманды Расiйскай iмперыi, бронзавы прызёр IX Алiмпiяды 1928 года ў Амстэрдаме ў складзе каманды Польшчы. А сучасная гiсторыя Алiмпiйскага руху ў нашай краiне пачынаецца з 1952 года, калi ўпершыню савецкiя спартсмены, а ў iх лiку i беларусы, прынялi ўдзел у ХV летнiх Алiмпiйскiх гульнях у сталiцы Фiнляндыi — Хельсiнкi. Тады сем нашых суайчыннiкаў выступалi ў спаборнiцтвах па веславаннi на байдарках i каноэ, лёгкай атлетыцы i фехтаваннi. Медалёў заваяваць у iх не атрымалася, але затое атрымалася набыць першы вопыт удзелу ў такiх маштабных спаборнiцтвах. Ужо ў 1956 годзе беларускiя спартсмены адкрылi лiк алiмпiйскiм узнагародам на XVI Алiмпiядзе ў Мельбурне. Лёгкаатлет Мiхаiл Крываносаў быў узнагароджаны сярэбраным медалём у кiданнi молата. У 1960 годзе ў Рыме на XVII Алiмпiйскiх гульнях барэц класiчнага стылю ў паўлёгкай вазе Алег Караваеў быў удастоены залатога алiмпiйскага медаля, чэмпiёнамi таксама сталi весляры (у каноэ-двойцы на дыстанцыi 1000 м) Сяргей Макаранка i Леанiд Гейштар, а таксама фехтавальшчыца Таццяна Самусенка.

Працавала ў Эквадоры i Нiдэрландах...

Адназначным адказам на пытанне пра самую вядомую беларускую плыўчыху стане iмя Аляксандры Герасiменi, аднак у нашай краiне ёсць i больш тытулаваная спартсменка ў гэтым вiдзе спорту. Алена Рудкоўская стала алiмпiйскай чэмпiёнкай на Гульнях-1992 у Барселоне на дыстанцыi 100 м брасам i бронзавым прызёрам у камбiнаванай эстафеце 4x100 м. А да гэтага ўраджэнка Гомеля заваявала тры залатыя медалi чэмпiянату Еўропы на дыстанцыях 100 i 200 м брасам, а таксама ў камбiнаванай эстафеце 4x100 м.

У секцыю плавання Алена Рудкоўская прыйшла, калi ёй споўнiлася восем гадоў, туды яе прынялi не адразу, таму што палiчылi бесперспектыўнай. Праз два гады дзяўчынка ўсё ж вырашыла паўтарыць спробу трапiць у басейн, гэтым разам удала. Праз нейкi час на першынстве Гомельскай вобласцi на Алену звярнуў увагу дасведчаны трэнер Леанiд Яфiмавiч Каўфман, але першая трэнiроўка ў яго групе для Рудкоўскай ледзь не аказалася апошняй. Алена адчула, што не можа ўгнацца нават за самымi слабымi яго вучнямi, асаблiва калi плылi кролем. Затое ў любiмым брасе ёй не было роўных.

Значныя перамогi ў гамяльчанкi пачалiся з юнацкага першынства СССР, якое адбылося ў 1987 годзе ў Грузii. На дыстанцыi 200 м брасам Алена Рудкоўская аказалася па-за канкурэнцыяй. Так яна трапiла ў зборную краiны. Праз год беларуска магла выйсцi на стартавы борцiк ужо маладзёжнага чэмпiянату Еўропы ў Нiдэрландах, але за тры месяцы да галоўных спаборнiцтваў на занятках па агульнай фiзiчнай падрыхтоўцы, выконваючы серыю заскокаў на бетонны бардзюр, плыўчыха сур'ёзна траўмiравала каленны сустаў, што скончылася аперацыяй. Але гэта не зламала спартсменку, i ўжо праз месяц яна была ў выдатнай фiзiчнай форме. Рудкоўская выходзiла на прыметныя ролi ў СССР, а ў 1991 годзе яна адсвяткавала перамогу на дарослым чэмпiянаце Еўропы ў Афiнах на абедзвюх дыстанцыях у брасе — 100 i 200 м, а таксама ў камбiнаванай эстафеце. Але пытанне аб тым, цi браць беларуску на Алiмпiяду ў Барселону, стаяла да апошняга, тым больш адборачны нарматыў на кантрольных спаборнiцтвах Алена не выканала. Аднак трэнеры рызыкнулi i пасля Алiмпiяды аб гэтым не пашкадавалi.

Пасля трыумфу ў Барселоне жыццё Алены Рудкоўскай было цiкавае i насычанае, яна выкладала ў Эквадоры, сустрэла сваё каханне ў Празе, але, пакалясiўшы па свеце, спынiлася ў маленькiм галандскiм горадзе Вейндам, што ў правiнцыi Гронiнген. Туды яна пераехала ў 2004 годзе, у Нiдэрландах Алена выкладала ўрокi плавання для дзяцей i аквааэробiку для жанчын.

Чэмпiёнка без медаля

«Золата» нумар адзiн. Савецкая жанчына, якой няма нават у спiсе каманды». Пад такiм незвычайным загалоўкам японская газета «Майнiцi» змясцiла на першай паласе фатаграфiю Iрыны Шылавай, якая ў першы дзень Алiмпiяды-88 стала найлепшай у стральбе з пнеўматычнай вiнтоўкi. Здзiўлены рэпарцёр пiсаў: «Першай уладальнiцай залатога медаля на цяперашнiх Алiмпiйскiх гульнях стала невядомая да гэтага савецкая спартсменка Iрына Шылава. А чакалася, што залаты медаль заваюе «кветка Балгарыi» — чэмпiёнка свету Весела Лечава. На алiмпiйскае стрэльбiшча накiравалiся 500 журналiстаў з намерам апiсаць подзвiгi першай гераiнi Гульняў, але Весела была толькi 43-й з 45 удзельнiц турнiру...»

На сеульскiм стрэльбiшчы Iрына Шылава зрабiла 50 стрэлаў, трымаючы ў руках 5-кiлаграмовую вiнтоўку, нiбы пушынку, i заваявала сваю самую дарагую спартыўную ўзнагароду ў жыццi. Ураджэнка Гродна з'яўляецца адной з самых тытулаваных спартсменак у стральбе. Яна стала рэкардсменкай не толькi Беларусi, але i свету, i Еўропы, а таксама алiмпiйскай чэмпiёнкай у Сеуле (Паўднёвая Карэя) у 1988 годзе, двухразовай чэмпiёнкай свету ў асабiстых i камандных спаборнiцтвах, чэмпiёнкай Еўропы, пяцiразовай чэмпiёнкай СССР.

А за 14 гадоў да Сеула худзенькая i невысокая гiмнастка-першаразраднiца ўпершыню ўзяла ў рукi грувасткую вiнтоўку. Яна прыйшла ў цiр выпадкова, але там ёй вельмi спадабалася. Поспехаў маладой дзяўчыне доўга чакаць не прыйшлося, яна хутка стала майстрам спорту, паехала на ўсесаюзную спартакiяду школьнiкаў, абыграўшы нават хлопцаў, i перамагла ў фiнале трэцiх усесаюзных спартыўных гульняў моладзi. У 1982 годзе Iрына ўпэўнена першынствавала на чэмпiянаце СССР у малакалiберным стандарце, але пасля гэтага прыйшла паласа няўдач. «Хтосьцi падрапаў ствол вiнтоўкi, а новы доўга не давалi. Потым з'явiўся новы, але далёка не найлепшы, i яго цэлы год прыйшлося падганяць. Сезон за сезонам праходзiлi бясследна. I тое, што я калiсьцi з'яўлялася членам зборнай СССР, усiмi забылася. А тут яшчэ i канфлiкт з трэнерам... Я аказалася на раздарожжы, падумвала нават зачахлiць зброю, — расказвала тады спартсменка. — На шчасце, у цяжкую хвiлiну мяне падтрымалi родныя i блiзкiя. Яшчэ адзiн чалавек, дзякуючы якому не пакiнула спорт, — маскоўскi трэнер Вiктар Пятровiч Авiлаў. З iм я i рыхтавалася да Сеула».

З 1986 года Iрына Шылава пачала новае ўзыходжанне. Яна вярнула сабе званне чэмпiёнкi краiны, абнавiла некалькi ўсесаюзных рэкордаў. Асноўны ўпор у падрыхтоўцы зрабiла на пнеўматыку, хоць i ў гэтым вiдзе стральбы канкурэнтак у яе хапала. Некаторыя добразычлiўцы казалi ёй у вочы: «Ну, чаго ты, малавядомая, ды яшчэ з перыферыi, без пастаяннага трэнера можаш дасягнуць?» Але гэта толькi гартавала характар. На галоўных адборачных спаборнiцтвах — чэмпiянаце краiны ў Мыцiшчах — беларуска не толькi выйграла ў знакамiтых сапернiц, але i ўстанавiла два ўсесаюзныя рэкорды. Алiмпiяда ў Сеуле стала для Iрыны Шылавай трыумфам у спартыўнай кар'еры. «Лепшай Алiмпiяды я не памятаю, хоць i была на чатырох. Не таму, што выйграла, мне падабалася ў Сеуле лiтаральна ўсё — i горад, i вёска атлетаў, i людзi, i кухня. Прыемна, што на стэле алiмпiйскiх чэмпiёнаў, якая цяпер стаiць у Сеуле, выбiта i маё прозвiшча», — успамiнае Iрына Алегаўна.

На наступных трох Алiмпiядах да медалёў беларусцы наблiзiцца не ўдалося. «Я выступала ўжо за Беларусь — маладую краiну, якая, па сутнасцi, усё пачынала з нуля. Патроны, вiнтоўкi — усё засталося ў Савецкiм Саюзе. Не, зброю ў нас нiхто не забраў, але вiнтоўка ў любым выпадку патрабуе мадэрнiзацыi. Мой трэнер застаўся ў Расii, i я выцягвала толькi за кошт вопыту».

Пасля Алiмпiяды ў Сеуле кватэру Шылавай абакралi, у тым лiку знiк i алiмпiйскi медаль. Сваю кар'еру Iрына скончыла ў 45, але працягвала ездзiць па краiне яшчэ 10 гадоў: кажа, што страляла для таго, каб ствараць моладзi канкурэнцыю i спадзявалася, што яе досвед камусьцi спатрэбiцца. Пасля гэтага нейкi час алiмпiйская чэмпiёнка прапрацавала ў прадстаўнiцтве НАКа ў Гродзенскай вобласцi, а пасля разам з мужам пераехала ў Беласток.

Свае перамогi бачыў у сне

Унiкальным весляром называюць Уладзiмiра Уладзiмiравiча Парфяновiча, якi тройчы ўздымаўся на найвышэйшую прыступку п'едэстала гонару Алiмпiйскiх гульняў у Маскве. Залатыя медалi ён заваяваў у байдарцы-адзiночцы на 500 м i байдарцы-двойцы з украiнцам Сяргеем Чухраем на 500 i 1000 м. Беларус стаў дзевяцiразовым чэмпiёнам свету, дзевяцiразовым чэмпiёнам Еўропы, сямнаццацiразовым чэмпiёнам СССР.

У дзяцiнстве Уладзiмiр марыў аб спартыўных перамогах, але не на вадзе, а на барцоўскiм дыване. Тры гады ўпарта трэнiраваўся, але аднойчы захварэў i вымушана прапусцiў заняткi. У барцоўскую залу ён больш не вярнуўся, бо пабаяўся, што за «прагул» на яго пачнуць сварыцца i выганяць з секцыi. Будучы чэмпiён жыў у сталiцы недалёка ад Камсамольскага возера, таму неўзабаве адправiўся ў веславанне. Першая спроба ў маi 1973 года аказалася няўдалай, трэнер, якi набiраў хлопцаў, не ўбачыў у Валодзю будучага чэмпiёна. Хлапчук не здаўся, прыйшоў яшчэ раз, у лютым, i ўсё ж такi сеў у байдарку. Першыя спартыўныя поспехi прыйшлi да яго яшчэ на дзiцячых спаборнiцтвах, а ў зборную Савецкага Саюза Парфяновiч трапiў у 18 гадоў. Яму ўдалося выйграць два мiжнародныя старты i тым самым заявiць пра сябе. Годам пазней Уладзiмiр Парфяновiч выпусцiў перамогу толькi на адных спаборнiцтвах — чэмпiянаце свету. Але пасля гэтага нiкому не дазваляў перамагаць сябе ў адзiночцы. Праблема адбору на маскоўскую Алiмпiяду перад Уладзiмiрам Парфяновiчам не стаяла, у Савецкiм Саюзе ў яго ўжо не было канкурэнтаў, у адзiночцы ён выйграваў ва ўсiх. Да 1983 года першынстваваў на ўсiх стартах, у якiх прымаў удзел, уключаючы кантрольныя. Дзiўны факт: з нейкага моманту ўсе свае галоўныя старты Уладзiмiр Уладзiмiравiч стаў бачыць у сне. За 20 дзён да пачатку Алiмпiяды ён ужо «прагледзеў», як усё складзецца. «На гэтай Алiмпiядзе мы заваявалi апошнюю для савецкай зборнай сiмвалiчную васьмiдзясятую залатую ўзнагароду. Я з удзячнасцю ўспамiнаю ўрокi, дадзеныя мне выдатным майстрам веславання Сяргеем Чухраем», — успамiнае Уладзiмiр Уладзiмiравiч. На маскоўскай Алiмпiядзе Парфяновiч з Сяргеем Чухраем завяршылi сумесную кар'еру. Беларус развiтаўся са спортам даволi рана, у 26 гадоў. «Я стамiўся. Перастаў хвалявацца на старце. Раней калацiўся, сэрца стукала, мандраж... Калi знiкае гэта пачуццё, трэба заканчваць», — кажа ён.

Пасля заканчэння кар'еры спартсмена Парфяновiч займаўся палiтыкай, узначальваў федэрацыю веславання на байдарках i каноэ Беларусi, працаваў трэнерам.

Дар'я Лабажэвiч

Загаловак у газеце: Iх жыццё — як раман

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Грамадства

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

Работа дзіцячых паліклінік, гэтак жа як і дарослых, змянілася з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.