Вы тут

Модны расклад. Як аднаўляецца сусветная fashion-iндустрыя?


У справаздачы аддзела па мiжнародным гандлi ААН за першы квартал 2020-га адзначаецца, што сусветная прамысловасць ужо страцiла не менш чым 50 мiльярдаў долараў, з якiх $1,5 млрд прыйшлося на модную iндустрыю. Аднак чаканыя страты перавышаюць гэтыя паказчыкi ў сотнi разоў. Вядома, па вынiках другога квартала, на якi прыпадае значная частка каранцiну, лiчбы будуць яшчэ больш песiмiстычныя. Паводле даследавання кампанiй Bernstein i Boston Consulting Group, страты ў свеце моды ацэньваюцца ў дзясяткi мiльярдаў еўра. Журналiсты The New York Times прадбачаць, што затрымкi ў вытворчасцi i пастаўках могуць прывесцi да пустых палiц у амерыканскiх крамах. З iмi згодныя аналiтыкi выдання WWD i падводзяць да думкi, што моднай iндустрыi прыйдзецца глабальна перагледзець свае стратэгii i лагiстычныя схемы. Як i галоўнае — калi здолее аднавiцца сусветны fashion-рынак?


Час Усходу

Як сцвярджаюць эксперты, да канца ХIХ стагоддзя fashion-iндустрыя адсутнiчала, хоць сама мода як сацыяльны феномен вядомая з антычных часоў. Справа ў тым, што пакуль узровень жыцця асноўнай масы насельнiцтва заставаўся нiзкi, спажыванне абмяжоўвалася прадметамi першай неабходнасцi з чыста функцыянальнымi ўласцiвасцямi. Модныя тавары (ювелiрныя ўпрыгажэннi, вытанчаную вопратку) куплялi нешматлiкiя арыстакраты i багацеi. У перыяд прыкладна з 1890-х да 1960-х адпаведная сфера паступова ператвараецца з дробнага бiзнесу ў масавую вытворчасць i становiцца iндустрыяй. Яшчэ ў сярэдзiне ХIХ стагоддзя з'явiлiся спецыяльныя часопiсы, якiя расказвалi пра тэндэнцыi бягучага сезона i асартымент модных крамаў (аб тым, што «носяць у Парыжы»).

У 1950—1960-я, у перыяд фармiравання ў развiтых краiнах грамадства масавага спажывання, складваецца сiстэма прагназавання. З'яўленне фiрмаў, якiя спецыялiзуюцца на аналiзе тэндэнцый развiцця моды, звязана з тым, што масавая вытворчасць гатовага адзення патрабавала прымаць маштабныя i доўгатэрмiновыя рашэннi аб вытворчасцi i закупках. Напрыклад, для таго каб на прылаўку з'явiлася сукенка моднага колеру, актуальнай фактуры i арыгiнальнага фасону, трэба было за тры гады да гэтага ўнесцi змены ў тэхналогiю вырошчвання бавоўны i адначасова стварыць формулу для вытворчасцi фарбавальнiка будучага палатна. Таму ўзнiкла сiстэма прагназавання, якая прадказвала змяненне дамiнуючай тэндэнцыi.

Пачынаючы з гэтага перыяду эканомiка моды падзялiлася на два ўзроўнi — тавары «ад куцюр» (iндывiдуальныя заказы для элiты) i «прэт-а-партэ» (масавая вытворчасць для сярэдняга класа). Менавiта 1960—1980-я сталi эпохай легендарных парыжскiх куцюр'е — Како Шанэль, Крысцiяна Дзiёра, Iва Сен-Ларана, Юбера Жываншы. З 1990-х у fashion-iндустрыi пануе «плюралiзм», калi цяжка казаць аб якiм-небудзь адзiным дамiнуючым стылi, тэндэнцыi падзялiлiся на мноства трэндаў. Паралельна з гэтым нарастае хуткасць змяненняў, паколькi iнфармацыя аб навiнках iмгненна распаўсюджваецца дзякуючы новым сродкам камунiкацыi. Калi раней iндустрыя арыентавалася на дарослых i заможных пакупнiкоў, то да канца стагоддзя мода прыкметна «памаладзела». Нарэшце, адбылося знiжэнне ролi таленавiтых стылiстаў — цяпер тон задаюць не столькi таленавiтыя дызайнеры i не столькi сталiцы мод (як Парыж, Лондан i Нью-Ёрк), колькi фiрмы-вытворцы, якiя прапагандуюць вядомыя брэнды.

Iндустрыя моды фармiравалася як феномен заходнееўрапейскай цывiлiзацыi, i аж да канца мiнулага стагоддзя яе не закраналi iншакультурныя ўплывы. Глабалiзацыя прывяла не толькi да трансляцыi еўрапейскай моды па ўсiм свеце, але i да пранiкнення ў гэтую iндустрыю ўплыву краiн Усходу. У Японii з'явiлiся вытворцы модных тавараў мiжнароднага ўзроўню (такiя як Iсi Мiяке, Ёшы Ямамота), сусветна вядомым парыжскiм куцюр'е стаў японец Кендза Такада. Чакаецца, што ў перспектыве ўздзеянне ўсходняй культуры будзе расцi.

Вытворцы i кантрактары

Кампанii, якiя займаюцца вытворчасцю, продажам i абслугоўваннем моднай прадукцыi, уяўляюць сабой гiганцкую iндустрыю, якая дае шматмiльярдныя даходы, але патрабуе вельмi буйных iнвестыцый. Па некаторых ацэнках, з пачатку 2000-х iндустрыя моды займае 5-е месца сярод найбольш капiталаёмiстых галiн сучаснай эканомiкi. У сучаснымЦяпер у свеце — фармiраванне i распаўсюджванне ўяўленняў аб тым, што лiчыцца модным, даўно перастала быць стыхiйным i стала важнай галiной эканомiкi (часткай маркетынгу — рэкламы i PR).

Змены ў стылях адзення становяцца вядомыя за паўгода да яго з'яўлення ў крамах, калi па вынiках спецыяльных дэманстрацый новых узораў журналiсты-аналiтыкi паведамляюць пра навiнкi i асноўныя тэндэнцыi маючага адбыцца сезона. У гэты ж час у ходзе «шоу-румаў» (прэм'ерных дэманстрацый) прадстаўнiкi гандлёвых фiрмаў робяць заказы на калекцыi для крамаў. I толькi сабраўшы ўвесь пакет заказаў, вытворцы гатовага адзення пачынаюць вырабляць калекцыi масавым тыражом.

Вытворцы моднай прадукцыi падзяляюцца на дзве групы: прамыя вытворцы i кантрактары. Прамыя вытворцы — гэта кампанii (як, напрыклад, Levi Strauss and Co. у ЗША), якiя ствараюць уласныя гандлёвыя маркi, распрацоўваюць мадэлi, калекцыi i затым вырабляюць iх на ўласных прадпрыемствах. Буйных кампанiй такога тыпу вельмi мала. Часцей за ўсе кампанii, якiя самi «вынаходзяць» i самi вырабляюць усю калекцыю цалкам, займаюцца дробнасерыйнай вытворчасцю з вырабамi абмежаванага асартыменту i невялiкага тыражу.

Большасць жа буйных вытворцаў адзення i аксесуараў аддаюць перавагу ўкладанню сiл толькi ў фармiраванне мадэляў. Вытворчасцю ўласна гатовых вырабаў займаюцца прадпрыемствы-выканаўцы, кантрактары. Калi распрацоўкай мадэляў адзення займаюцца ў асноўным спецыялiсты з ЗША i Заходняй Еўропы, то iх выраб ажыццяўляецца часцяком у краiнах, якiя развiваюцца, з таннай рабочай сiлай.

Акрамя даходаў ад вынаходкi новых мадэляў i iх вытворчасцi прыбытак атрымлiваюць ад продажу лiцэнзiй — правоў на выкарыстанне лагатыпа «моднай» фiрмы на неканкурэнтнай прадукцыi iншых кампанiй. Пiянерам лiцэнзiйнага бiзнесу ў iндустрыi моды лiчыцца Pierre Cardin. Фэшн-iндустрыя характарызуецца найбольш высокай незалежнасцю кошту тавараў ад iх аб'ектыўнай спажывецкай каштоўнасцi. Каштоўнасць брэнда iснуе толькi ў свядомасцi спажыўцоў. Таму львiная доля сабекошту модных тавараў прыпадае менавiта на рэкламу i PR, а не на ўласна вытворчыя выдаткi.

Справа на 2,5 трыльёна долараў

Па вынiках мiнулага года аб'ём сусветнай fashion-iндустрыi склаў 2,5 трыльёна долараў, адзначаецца ў сумесным даследаваннi McKinsey i The Business of Fashion. Эксперты лiчаць, што з-за крызiсу, выклiканага пандэмiяй COVID-19, у цэлым па свеце сярэдняя рынкавая капiталiзацыя гульцоў, якiя спецыялiзуюцца на вытворчасцi i продажы адзення, абутку i аксесуараў, ужо звалiлася на 40 працэнтаў. Наступствы гэтага крызiсу могуць быць супастаўныя з эканамiчным спадам часоў Другой сусветнай вайны, папярэджваюць аналiтыкi. Эксперты McKinsey i The Business of Fashion прагназуюць, што па вынiках 2020 года аб'ём выручкi ўсяго мiжнароднага рынку моды скароцiцца на 30 працэнтаў, у сегменце luxury падзенне складзе да 39 %.

Негатыўны ўплыў на рынак акажа падзенне рэальных даходаў пакупнiкоў. Да 75 % апытаных спажыўцоў ЗША i ЕС згаджаецца, што ў найблiжэйшыя два месяцы iх фiнансавае становiшча будзе станавiцца толькi горшым i яны адмовяцца ад пакупак тавараў, якiя не ўваходзяць у спiс першачарговых. У выпадку калi крамы адзення будуць зачыненыя на працягу двух месяцаў, як мiнiмум 80 % публiчных кампанiй, зарэгiстраваных у Еўропе, чакае фiнансавая катастрофа, прагназуюць аналiтыкi McKinsey i The Business of Fashion. Яны прадракаюць банкруцтва адразу шэрагу буйных транснацыянальных карпарацый на рынку моды ў наступныя паўтара года.

За тры месяцы абмежаванняў, звязаных з каранавiрусам, 3,5 мiльярда еўра страцiла fashion-iндустрыя толькi Iталii — краiны, дзе сканцэнтраваны культавыя для мiльёнаў людзей свету модныя дамы. Настолькi ўпалi продажы ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года. Удзельнiкi рынку мяркуюць, што да канца года гэтая лiчба складзе каля дзевяці мiльярдаў еўра.

Калi 10 красавiка прэм'ер-мiнiстр Iталii Джузэпэ Контэ падоўжыў каранцiн у краiне, прадстаўнiкi Палаты моды i iншых аб'яднанняў, звязаных з моднай iндустрыяй, апублiкавалi адкрыты лiст у штодзённай газеце La Repubblica. Па словах старшынi палаты Карла Капасы, старонняму назiральнiку можа быць незразумела, як працуе fashion-iндустрыя i што яе асаблiвасцю з'яўляюцца доўгiя вытворчыя цыклы. «Калi вытворчасць не адновiцца да 20 красавiка, у нас не застанецца часу, каб адшыць асенне-зiмовыя калекцыi, якiя трэба разаслаць па ўсiм свеце ўжо да лiпеня, — заявiў ён. — Мы не зможам зрабiць калекцыi сезона вясна-2021. З-за затрымкi брэнды не змогуць падрыхтавацца да паказаў у вераснi».

Ён таксама адзначыў, што дзяржава павiнна выратаваць fashion-iндустрыю Iталii «не толькi для нас, але i для будучых пакаленняў», а таксама нагадаў, як частка ланцужка паставак i вытворчасцi была ператворана «ў рэкордна кароткiя тэрмiны» для выпуску масак i медыцынскага спецадзення. У лiсце адзначалася, што Iталiя з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам раскошных модных тавараў у свеце i лiдарам па стварэннi тэкстылю, адзення, абутку i аксесуараў сярод краiн Еўропы. У iтальянскай моднай iндустрыi задзейнiчана 600 тысяч працоўных. «Цi гатовыя мы страцiць iндустрыю, якая стала сiмвалам краiны?» — завяршыў свой зварот Капаса.

Заклiк пачулi, i галiна стала адной з першых на Апенiнах, дзе пачалi адмяняць абмежаваннi, якiя былi ўведзены з-за пандэмii. Фэшн-iндустрыю на Апенiнах нярэдка называць «iтальянскай нафтай». Менавiта высокую моду i вытворчасць прадметаў раскошы тут лiчаць лакаматывам, якi выцягне iх краiну з крызiсу. Аднак на гэта спатрэбiцца доўгi час. Аналiтыкi перакананыя: каб у цэлым галiна вярнулася да ўзроўню 2019-га, спатрэбiцца не менш за чатыры гады.

Рэцэпт ад Арманi

Выходзячы на рынак пасля зняцця абмежаванняў, многiя прадстаўнiкi фэшн-галiны заяўляюць аб неабходнасцi, па меншай меры, на час, змянiць бiзнес-мадэль, прычым не толькi ў кожнай асобна ўзятай кампанii, але i ва ўсёй iндустрыi. Як заўважаюць эксперты, пасля беспрэцэдэнтна доўгага разрыву паступленняў ад продажаў варта максiмальна знiзiць рызыкi нестабiльнасцi грашовага патоку. Цяпер iдзе пошук сродкаў дасягнення гэтай мэты, адзначае expert.ru. Канчатковыя рашэннi павiнны паспець да сярэдзiны лiпеня, калi звычайна модныя дамы прадстаўляюць калекцыi на сезон 2020/2021.

Галоўнае, чаго хочуць кампанii фэшн-iндустрыi, — максiмальна дакладна трапiць у рамкi попыту, якi прад'явiць спажывец. Адзiн з варыянтаў такога падыходу — скарацiць у сезоне 2020/2021 гадоў колькасць пазiцый у калекцыях — са звычайных да гэтага часу 500 да 200—280. Як вiдаць, мода цяпер не будзе такой хуткай, адзначае expert.ru. Калекцыi не будуць прасоўваць рытэйлерам кожныя 15 дзён, як гэта ўжо ўвайшло ў правiла.

Для таго каб не дапускаць перавытворчасцi i наблiзiцца да рэальных памераў попыту, 600 дызайнераў усяго свету падпiсалi адкрыты лiст, якi заклiкае модную iндустрыю i рытэйл перагледзець паняцце сезоннасцi ў ланцужку, наблiзiць яе да рэальнай змены пораў года. Так склалася, што асенне-зiмовыя рэчы траплялi на палiцы крамаў сярод лета, у лiпенi, а вясновыя i летнiя — у разгар зiмы, у студзенi. Цяпер жа прапануецца зрушыць гэтыя тэрмiны — адпаведна на канец жнiўня i люты.

Як лiчыць прэзiдэнт кампанii Dondup Матэа Марзота, усё ж нiшто не заменiць у моднай iндустрыi афлайн-крамы: «Лiчбавiзацыя дае нам вялiкiя магчымасцi, але фэшн складаецца з фiзiчных аб'ектаў. Рабiць пакупкi ў прыгожай краме або прысутнiчаць на модным паказе — такi ж кайф, як глядзець футбольны матч на стадыёне або па тэлебачаннi». Так што, хутчэй, лiчбавiзацыя будзе крытычнай для вытворчага працэсу. Неабходнасць не дапускаць перавытворчасцi, дакладна ўлiчваючы попыт, прывядзе да развiцця сiстэм «пад запыт» з ужываннем прарыўных тэхналогiй інтэрнэту рэчаў.

Паводле прагнозу Boston Consulting Group, запыты спажыўцоў пасля Вялiкага лакдаўну будуць кардынальна адрознiвацца ад дакаранцiнных. Спажыўцы ў ЗША i Еўропе стануць разглядаць куплю адзення хутчэй як пэўныя iнвестыцыi, а не пагоню за моднымi трэндамi. Яны будуць набываць рэчы, якiя праслужаць доўга i не будуць за адзiн сезон губляць ярлык «модна». Сусветна вядомы дызайнер Джорджыа Арманi ўпэўнены, што гэты крызiс — выдатны час, каб перагледзець саму сутнасць сiстэмы, яе графiк. «Прыбыткi не павiнны надалей заставацца асноўным арыенцiрам для стваральнiкаў раскошы», — адзначыў куцюр'е ў iнтэрв'ю газеце La Repubblica.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».