Вы тут

Рамантызм як лад жыцця. Лёс Валенція Ваньковіча на яго карцінах


Іншым разам творы мастацтва больш за факты і гістарычныя сведчанні кажуць пра настрой, эмацыйны лад і дух эпохі. ХІХ стагоддзе і эпоха рамантызму пакінулі шмат выбітных творчых імёнаў па ўсім свеце.


Калаж Кастуся Дробава

Валенцій Ваньковіч — творца, чый жыццёвы шлях выглядае эталонным для мастака-рамантыста і проста рамантыка. Сёлета адзначаецца яго 220-годдзе.

Дзяцінства Валенція Ваньковіча прайшло ў Сляпянцы ў бацькоўскім маёнтку, дзе ён атрымаў неблагую хатнюю адукацыю, якую пазней працягнуў у езуіцкім калегіуме, а пасля — у Віленскім універсітэце і Пецярбургскай акадэміі мастацтваў.

Полацкі калегіум, у 1812 годзе ператвораны ў акадэмію, — адна з найлепшых устаноў адукацыі, створаная езуітамі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Валенцій быў сярод самых паспяховых вучняў па логіцы, метафізіцы, этыцы і рускай літаратуры. Там таксама выкладаліся асновы выяўленчага мастацтва. У тыпаграфіі калегіума быў камень для літаграфавання, і В. Ваньковіч засвоіў гэты від мастацтва.

Універсітэты

Мастацкі талент Ваньковіча пачаў развівацца пад наглядам мініяцюрыста Габрыэля Грубера, будучага генерала ордэна езуітаў. Нягледзячы на тое, што мастацкая адукацыя ў Полацкай акадэміі была недасканалая, творы, напісаныя там, дазволілі Валенцію Ваньковічу паступіць у Віленскі ўніверсітэт у мастацкія класы на факультэце літаратуры і вольных мастацтваў у 1818 годзе.

Ва ўніверсітэцкай Кнізе запісаў значыцца, што Ваньковіч Валенцій, сын Мельхіёра, гадоў 19, рымска-каталіцкага веравызнання, першы год навучаецца ва ўніверсітэце, жыве ў манастыры базыльян, утрымліваецца за кошт бацькоў і наведвае лекцыі польскай, лацінскай і французскай літаратур, а  таксама малюнка, жывапісу і нямецкай мовы. Ваньковіч адрозніваўся ад многіх іншых студэнтаў мастацкіх класаў, якія, па сведчаннях іншага навучэнца Адама Шэмеша, не хадзілі амаль ні на якія лекцыі, некаторыя нават былі непісьменныя.

Самыя важныя сувязі

У Віленскім універсітэце Ваньковіча найбольш вылучаў мастак Ян Рустэм. Дзякуючы яго ўплыву, развівалася цікаўнасць да партрэта. Валенцій у той час спрабаваў паўтарыць работы свайго настаўніка «як бы гуляючы», але ўжо знаходзіўся ў пошуку свайго стылю. Як таленавіты вучань ён быў дапушчаны да малявання з натуры. Па ацэнцы даследчыка В. Смакоўскага, менавіта ў  гэтай практыцы выявіліся схільнасці Ваньковіча да перадачы індывідуальных асаблівасцей партрэтуемага. Нават гэтыя малюнкі былі надзелены пэўнай сюжэтнасцю і вобразнасцю, мастак умеў гістарызаваць і міфалагізаваць тое, што выяўляе. Гэта адпавядае прынцыпам рамантыкаў. У 1820 годзе Ваньковіч удзельнічаў у першай універсітэцкай выстаўцы.

Валенцій Ваньковіч сябраваў з найбольш вядомымі прадстаўнікамі тагачаснай творчай інтэлігенцыі — Адамам Міцкевічам, Станіславам Манюшкам, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. У  Вільні з’явіліся найважнейшыя з яго сувязей: яго сябрамі сталі члены таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Асаблівую ролю ў жыцці адыграла сяброўства з Адамам Міцкевічам.

Ужо ў Вільні Ваньковіч партрэтуе тых, хто прысвяціў сваё жыццё творчасці. Далейшая праца над партрэтам чалавека-творцы аказалася звязаная з  пейзажнымі доследамі Ваньковіча. У пазнейшыя перыяды творчасці гэтыя жанры спалучаюцца. Але сваіх таварышаў Ваньковіч у той перыяд яшчэ выяўляе як сяброў. Яны цікавыя як своеасаблівы дакумент эпохі і выяўленне раннерамантычных тэндэнцый. Гэтыя «сяброўскія партрэты» не адрозніваюцца кампазіцыйнай разнастайнасцю, але вылучаюцца камернасцю, лірызмам, засяроджанасцю на твары выяўленага. Магчыма, такія тэндэнцыі былі звязаны найперш з характарам і душэўным станам самога мастака.

Суд над філаматамі і філарэтамі не закрануў Валенція Ваньковіча. Дагэтуль няма дакладных звестак, ці ўваходзіў ён у  гэтыя аб’яднанні. Даследчыкі выказваюць гіпотэзы пра тое, што сябры, якія цанілі мастацкі талент Ваньковіча, наўмысна не згадалі яго імені. Падчас суда над філаматамі і філарэтамі ўніверсітэт разглядаў магчымасць накіраваць В. Ваньковіча ў  Імператарскую акадэмію мастацтваў у Пецярбургу дзеля ўдасканалення мастацкіх здольнасцей. Гэтае пытанне вырашалася амаль год. У пачатку 1825-га мастак пераязджае ў Пецярбург.

Пеўчыя Віленскай кафедры

У 1826 годзе Валенцій Ваньковіч ажаніўся. Яго жонка Анэля Растоцкая стала для яго музай і натхненнем. Ён стварыў некалькі яе партрэтаў, у якіх імкнуўся адлюстраваць не толькі знешнюю прыгажосць, але і сціпласць і ўнутранае святло. У Пецярбургу Ваньковічы мелі шмат знаёмых у творчых і свецкіх колах, сябравалі з Шыманоўскімі.

Найбольшую вядомасць партрэтыст атрымаў у 1828 годзе пасля стварэння двух найбольш значных для яго партрэтаў — праграмнай карціны «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг» і партрэта А.С.  Пушкіна. Першая работа стала «не менш вядомай, чым сам паэт» і аказала ўплыў на станаўленне рамантычнага вобраза паэтапрарока, аб’яднаўшы партрэтную перадачу знешнасці канкрэтнага чалавека з персаніфікаваным увасабленнем натхнення і рамантычнай узнёсласці. Партрэт А.С. Пушкіна чакаў зусім іншы лёс: ён быў страчаны, калі маёнтак Ваньковічаў у  Сляпянцы канфіскавалі праз удзел аднаго з сыноў Валенція і Анэлі ў паўстанні 1863 года. Захаваўся толькі невялікі алоўкавы накід з выявай паэта.

Імкненне да вышыні і таямніцы

Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг

Пасля пецярбургскага перыяду Ваньковічы вярнуліся ў Сляпянку. Мастак працягвае плённа працаваць, у яго работах з’яўляюцца своеасаблівыя рэмінісцэнцыі да сармацкіх партрэтаў, што было характэрна і для іншых мастакоў таго часу і часткова звязана з тыпам мадэлей, з якіх пісаліся партрэты.

Пазней, пасля 1830 года, мастак адыходзіць ад партрэтнага жанру і звяртаецца да гістарычных сюжэтаў. У гэты час з’яўляецца некалькі выяў Напалеона. Ваньковіч меў намер удзельнічаць у паўстанні 1831 года, нават набыў каня і зброю, але па стане здароўя не змог.

На позняй творчасці мастака адбіліся вучэнні рэлігійнага філосафа-містыка Анджэя Тавяньскага, аднаго з лідараў польскага месіянства. З ім і з Фердынандам Гутам Валенція Ваньковіча звязвала блізкае знаёмства, ён неаднаразова ствараў іх партрэты. Даследчыкі ацэньваюць гэты ўплыў як негатыўны для творчасці мастака. Па словах В. Смакоўскага, душа мастака сумавала па чымсьці ўзвышаным, яму хацелася аб’яднаць эстэтычнае пачуццё з творчым уяўленнем і напісаць штосьці, «адзначанае боскім зачараваннем». Але ў працы з лідарамі польскага месіянства Ваньковіч не мог гэтага знайсці.

У 1840-я гады ў карцінах Ваньковіча пачалі пераважаць рэлігійныя і містычныя вобразы. У  гэты час, у 1839 годзе, ён пакідае на радзіме тэстамент і адпраўляецца ў Парыж, дзе спыняецца ў Адама Міцкевіча. Апошняя з яго карцін — «Маці Божая Вастрабрамская» захоўваецца ў парыжскім саборы Сен-Севярын.

На руках сябра Валенцій Ваньковіч памірае ад сухотаў у 42-і дзень свайго нараджэння.

Дата нараджэння мастака доўгі час заставалася недакладнай. В. Смакоўскі, аўтар першага біяграфічнага нарыса пра Ваньковіча, напісанага праз тры гады пасля смерці мастака, паставіў дату — 1799 год, якую пасля паўтарылі некалькі даследчыкаў. У 1882 годзе ў Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага была названа больш дакладная дата — 14 лютага 1800 года. Аўтарка фундаментальнага даследавання жыцця і творчасці Ваньковіча, унучка мастака Зоф’я Ціханоўская дадала яшчэ адну дату — 24 мая 1800 года. Біяграфія мастака была таксама значна дапоўнена фактычнымі звесткамі дзякуючы працам І. Свірыда і К. Мытарава, заснаваным на архіўных дакументах Вільнюса і Пецярбурга. Пытанне даты нараджэння было канчаткова вырашана, калі ў справах пецярбургскай геральдыкі «Генеалогия и документы о дворянстве рода Ваньковичей» знайшлі выпіску з хрысцільнай кнігі Бярэзінскага прыходскага касцёла, якая сведчыць пра тое, што 24 мая 1800 года быў ахрышчаны Валянцін Вільгельм, сын Мельхіёра і Схаластыкі Ваньковічаў, народжаны 12 днямі раней. Такім чынам, была ўстаноўлена дакладная дата нараджэння і другое імя мастака. Выпіска з’яўляецца перакладам з лацінскай мовы, таму ў ёй Валенцій ператварыўся ў Валянціна.

Партрэт знакамітай піяністкі Марыі Шыманоўскай

Творчая спадчына Валенція Ваньковіча з’яўляецца значнай і для польскай, і  для літоўскай, і для беларускай культуры.

Першымі захавальнікамі і даследчыкамі творчай спадчыны Валенція Ваньковіча сталі менавіта нашчадкі і іншыя прадстаўнікі роду Ваньковічаў. Пасля Другой сусветнай вайны большасць карцін разам з уладальнікамі аказаліся раскіданы па свеце. Сёння работы мастака захоўваюцца ў асноўным у Мастацкім музеі Літвы ў Вільнюсе і Нацыянальным музеі ў Варшаве. Некаторая частка прадстаўлена ў Музеі Адама Міцкевіча ў Парыжы.

Доўгі час у Беларусі не было ніводнай арыгінальнай работы Валенція Ваньковіча, але ў 2013 годзе на радзіму вярнуўся «Партрэт Тамаша Зана» 1837 года, які цяпер належыць мастацкай калекцыі Белгазпрамбанка. З 2000 года ў Беларусі дзейнічае музей — Дом Ваньковічаў, які знаходзіцца ў цэнтры Мінска. Будынак прадстаўляе сабой помнік палацава-сядзібнай архітэктуры ў стылі класіцызму. У музеі адноўлены інтэр’еры некаторых пакояў, а таксама захоўваюцца архіўныя дакументы, звязаныя з родам Ваньковічаў, рэпрадукцыі і жывапісныя копіі партрэтаў, створаных Валенціем Ваньковічам. У 2012 годзе ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшла кніга «Ваньковічы» ў серыі «Беларускі радавод», у стварэнні якой удзельнічалі супрацоўнікі Дома Ваньковічаў і Нацыянальнага мастацкага музея. Матэрыялы з кнігі выкарыстаны пры падрыхтоўцы дадзенага тэксту.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».