Вы тут

А дзе будзе лепш? Нават калі застаецца адзін у вёсцы, наш чалавек вельмі часта да апошняга трымаецца за родныя сцены


Упершыню над гэтай тэмай прымусіла задумацца знаёмства з адзінай жыхаркай вёскі Жданкі пад Камянцом, што на Брэстчыне. Гэта было даўно, пра Марыю Клюку я пісала ў 2008 годзе. Тады вельмі ўразіла, што адна бабулька жыве нават не дзе-небудзь у сяле пры дарозе, а фактычна сярод лясоў. Здавалася, што ёй павінна быць страшна, асабліва зімовымі вечарамі, начамі. Марыя Аляксееўна на такія здагадкі толькі смяялася.


У гармоніі з сабой

Сёння не навіна, што абсалютная большасць пажылых людзей не хочуць мяняць свой прывычны лад жыцця на гарадскія сцены, нават калі дзеці вельмі завуць. Пашанцавала тым, каму выпала дажываць свой век удваіх. Калі з часам нехта застаецца адзін, дык суседзі побач. Але ёсць і такія, хто становіцца адзіным і апошнім жыхаром населенага пункта. А гэта, як кажа вядомы тэлевядучы, зусім іншая гісторыя.

Дык вось Марыя Аляксееўна Клюка ўсё жыццё пражыла ў гэтай вёсцы, у хаце, якую пабудавалі яе бацькі. Як яна сказала тады: адна-аднюткая на ўсім свеце. Быў у яе яшчэ брат, але памёр вельмі малады ад хваробы. Не засталося і пляменнікаў. Бацькоў дагледзела. Потым памерла апошняя аднавяскоўка.

Толькі сацыяльны работнік прыходзіла да Марыі Аляксееўны, больш для таго, каб прадукты прынесці, лекі. Хатнюю гаспадарку яна спраўляла сама. «Добра жыву, людзі памагаюць, Бог памагае» — расказвала жыхарка Жданкоў. Людзі ў яе разуменні — гэта сацыяльны работнік Лідзія Жук і яе сяброўка з суседняй вёскі Вольга Клюка. Вольгу дзеці часам вазілі ў царкву, з сабой бралі і Марыю Аляксееўну. І гэта для апошняй было найвялікшым святам.

Адзінокая жанчына ні на што не паскардзілася, не загаварыла пра адзіноту, сум, цяжкасці, наадварот, расказвала, што ўсё у яе ёсць, згадала, як узрадавалася, калі ў мінулым месяцы да пенсіі прыслалі нейкую суму. Аказалася, сельскі Савет паклапаціўся пра разавую матэрыяльную дапамогу. «Уключу тэлевізар — поўная хата людзей, гоман! Хіба можа быць сумна? — расказвала гаспадыня, а потым дадавала — самая вялікая ласка Божая, калі спакойна, калі вайны няма». Яна зусім не сумуе, не лічыць сябе абдзеленай лёсам, таму жыве ў поўнай гармоніі з сабой, іншага жыцця не ўяўляе і галоўнае, катэгарычна нельга сказаць, што Марыя Аляксееўна нешчаслівы чалавек — думалася тады. Яна, напрыклад, вельмі радавалася прыходу вясны, бо ў гэты час падцягваліся суседзі-дачнікі, можна было пачуць галасы, дзіцячы смех, перамовіцца з нашчадкамі былых гаспадароў і прыезджымі людзьмі, якія набылі хаты пад лецішча. А яшчэ бабуля Маня вельмі любіла кветкі, таму і чакала прыходу вясны.

Моцная духам

Яшчэ адна зусім адзінокая жанчына некалі ўразіла мяне не столькі жыццёвай гісторыяй, колькі жыццёвай пазіцыяй. Надзея Сямёнаўна з Маларыцкага раёна поўная процілегласць папярэдняй гераіні. Калі Марыя Аляксееўна была чалавекам вельмі мяккім, лагодным, то яе равесніца Надзея, несумненна, мела больш цвёрды характар. Яго загартавала жыццё. З маладосці і да пенсіі Надзея Сямёнаўна адпрацавала калгасным вадзіцелем. Жыла адна, наводдаль, фактычна на хутары. І калі амаль зусім перасталі слухацца ногі, пацярпела ад зладзюжак-злыдняў, вынеслі ўсё каштоўнае з хаты сярод белага дня, пасмейваючыся ў вочы. Ведалі, што крычаць няма сэнсу, ніхто не пачуе, а хадзіць бабуля амаль не можа. Дык вось з той пары манціроўку яна трымала не ў каморы, а пры сабе. Так і жыла амаль да апошняга ў сваёй хаце.

Былая заслужаная калгасніца, калі разгаварыліся, расказала, чаму замуж не пайшла. У сваёй кампаніі дзяўчат яна была маладзейшая. Сяброўкі адна за адной сталі браць шлюб. І такія розныя іх жаніхі ў сямейным жыцці станавіліся аднолькавымі мужамі. Усе білі сваіх жонак, нярэдка вельмі, нават жорстка. Гэта цяпер гавораць пра сямейны гвалт з асуджэннем, а тады, прынамсі ў іх, вясковая грамада лічыла такія паводзіны нормай. Сталыя жанчыны казалі, што так было і раней, і дзяды, і бацькі так жылі. А вось яна, Надзя, не палічыла здзек за норму, яна тады вучылася на курсах вадзіцеляў. А калі адзін зухаваты хлопец, што з чаркай падружваў, прыйшоў у сваты, спытала, як ён ставіцца да гэтай праблемы. Жаніх стаў мармытаць нешта невыразнае. Словам, зразумела, не лепшы за іншых. Сказала яму пра манціроўку, якая можа стаць, як той казаў, зброяй помсты. Ён і скіс, зухаватасць прапала. А яна тады вырашыла, што замуж не пойдзе. І не пайшла. Працавала ўсё жыццё на поўную моц, грамат розных, падзяк засталася поўная шуфляда. Вось толькі здароўе падвяло на схіле жыцця. Калі стала зусім немагчыма сябе абслугоўваць, згадзілася на бальніцу сястрынскага догляду. Там яна вельмі хутка згасла, а каб ногі не адказалі зусім, то несумненна, моцная духам жанчына жыла б да апошняга дня ў сваім доме.

Не здрадзіць памяці

І калі згаданыя вышэй апошнія жыхаркі вёсак былі адзінокія, то абсалютная большасць такіх жа грамадзян маюць дзяцей. Тыя жывуць у гарадах альбо нават суседніх вёсках, клічуць бацькоў да сябе. А старыя не спяшаюцца, хоць і разумеюць, што дзецям лягчэй было б забраць пажылога бацьку ці маці. Некаторыя, праўда, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту перабіраюцца да бацькоў даглядаць іх. Але не ва ўсіх ёсць такая магчымасць, і тады бацькі робяць свой выбар самі. Любоў Максімаўна Жабрун з Бортнавічаў Пружанскага раёна расказвала мне, чаму не можа пакінуць сваю хату. Ёй здаецца, што такім чынам яна здрадзіць памяці пра мужа. Жанчына згадала, як цяжка ім давялося, калі ўзводзілі дом: «Усё рабілі са сваёй капейкі, найбольш сваімі рукамі, кожны рубель лічылі. Аднойчы нарабіўшыся дзень на рабоце, потым на будоўлі сваёй хаты, надвячоркам зайшла ў магазін, купіла невялікі кавалак сала — усё, на што хапіла грошай, а потым выйшла ды самлела каля сцяны. Можа, ад недаядання, можа, ад цяжкай работы. Вось так нам гэтая хата дасталася. Але ж зрабілі ўсё, як хацелі, і печы з кафлі, і пакоі прасторныя. А мой Аляксей гаспадар які быў! Дроў, што нарыхтаваў, гадоў на дзесяць пасля яго хопіць. Тут усё такое роднае, кожная нітачка, здаецца, маімі рукамі перабраная... Дык як жа я магу гэта пакінуць? Буду сядзець у нашай хаце, пакуль ногі будуць трымаць», — сказала жанчына.

А што адна, яе гэта не асабліва напружвае. На падворку бегае яе верны Буран пароды аўчарка. Два разы на тыдзень прыязджае аўтакрама, раз на тыдзень пошта газету прывозіць. А вясной суседзі пад'едуць апрацоўваць агароды каля бацькоўскіх сядзібаў.

Міхаіл Герасімчук з Немкавічаў Пружанскага раёна.

Адзін — супраць

Цікава, што ўсе мае гераіні чакаюць вясну як час наступлення дачнага сезона, а ў Міхаіла Герасімчука другая рэчаіснасць. Ён у сваіх Немкавічах і зімой, і летам адзін. Так сталася, што ў вёску больш ніхто не прыязджае нават на выхадныя, нават летам. Толькі трактары пачынаюць актыўна працаваць з наступленнем сезона, бо вёска, атрымліваецца, стаіць сярод вялікіх участкаў палёў. А яму, былому механізатару, гэты жалезны гул вельмі цешыць вуха. Міхаіл Юстынавіч часам падыдзе да цяперашніх трактарыстаў, пагаворыць. Са старэйшымі з іх некалі працаваў у калгасе. А працаўнік быў не абы-які. Мае ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, медаль «За доблесную працу». З жонкай выгадавалі двух сыноў, ёсць чацвёра ўнукаў, два праўнукі. Але недзе выбірацца са сваёй хаты ветэран працы не збіраецца. Калі застаўся адзін, асвоіў некаторыя навыкі гатавання. Казаў, што варыць суп для сябе і сваіх гадаванцаў, на падворку маюцца кот і два сабакі. Прадукты дастаўляе машына райспажыўсаюза, часам заязджае старшыня сельскага Савета праведаць. Унукі не забываюць. Кожны дзень Міхаіл Юстынавіч бачыцца з прыяцелем з суседняй вёскі. Той таксама застаўся ўдаўцом.

А яшчэ ў Юстынавіча душа баліць за маленькія вёскі: «Няправільная палітыка была пры Брэжневе, — разважае ён. — Не заахвочвалі жыць у вёсцы, наадварот, рабілі ўсё, каб маладыя ўцякалі. Ну вось, каб тады хоць крышачку будавалі жыллё, можа, мой сын і яго таварышы аселі б тут, можа не апусцелі б нашы вёскі ўшчэнт. Цяпер будуюць, многа зрабілі за апошнія 20 гадоў, але ў вялікіх вёсках, у цэнтрах калгасаў, а нашы так і засталіся паміраць». Так што ён, як падаецца, падсвядома і выражае свой пратэст супраць памірання асобна ўзятых Немкавічаў.

Вольга Букач з вёскі Субаты Маларыцкага раёна.

Выратавальны аўтобус

Яшчэ адну катэгорыю самотных жыхароў вёсак давялося сустракаць падчас вандровак па такіх населеных пунктах. Застаецца, скажам, адна бабулька, а побач хату купляюць маладыя гараджане, уладкоўваюць аграсядзібу альбо нават жыллё. І старому чалавеку становіцца весялей, якасць жыцця істотна мяняецца. Вось як, напрыклад, адзінокую Ганну Зянчук у Зяньках Камянецкага раёна апякуюць маладыя суседзі Алег Сцепанюк і Іна Хоміч. А ў Марыі Сіплівай з пружанскага Залесся ёсць дзеці, якія завуць да сябе. Але паявіліся ў вёсцы Сяргей і Насця, якія не толькі дом адрамантавалі, аграсядзібу ўладкавалі, ладзяць тут фестывалі, канцэрты, прыродазнаўчыя мерапрыемствы. А Марыю Лук'янаўну часам просяць паспяваць, яна шмат старых песень ведае. «А куды ж ехаць, калі тут найлепш», — сказала Марыя Сіплівая.

І ў гэтым, мусіць, хаваецца адказ на пытанне, чаму яны так трымаюцца за свае старыя хаты, нават калі застаюцца зусім адны ў пустых вёсках. У нашага чалавека наогул прысутнічае боязь пераменаў. Памятаю, як пасля пераезду ў новую кватэру, больш прасторную, з рамонтам, я паўгода перахварэла на дыскамфорт, гэта ў сярэднім узросце. А рашыцца на радыкальныя перамены, пражыўшы ўсё жыццё, яшчэ больш складана. Вольга Букач з маларыцкай вёскі Субаты вось так тлумачыла: «Дзеці сталі паступова прывучаць да думкі пра пераезд. Забралі мяне на Новы год, прасілі пабыць яшчэ, каб Каляды разам адзначыць. А мне, не ведаю, як гэта расказаць... сумна стала, не ведаю, куды сябе дзець. Яны на работу пойдуць, гляджу ў акно, а там вакол чужыя людзі. Сяджу і думаю, як там мая хата без мяне. Адным словам, не стала чакаць выхадных ды прасіць сына, каб завёз, села на аўтобус ды прыехала». І такіх, як яна, многа, каго забіралі, а потым адвозілі назад, у сваю хату.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв'ю: pikabu.ru

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.