Вы тут

Адбылося пасяджэнне навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі


Пра фарміраванне новай тактыкі знешнеэканамічнай дзейнасці, арыентаванай на пераадоленне глабальных эканамічных наступстваў пандэміі, удзел парламентарыяў у заканадаўчым забеспячэнні развіцця экспарту, удасканаленне формаў і метадаў прасоўвання беларускай прадукцыі на замежныя рынкі ў цяперашніх абставінах, ішла размова падчас пасяджэння навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі.


Яно прайшло пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея Рачкова. Тэма размовы-дыскусіі была абрана надзвычай актуальная: «Аб магчымых шляхах і мерах падтрымкі экспарту беларускіх тавараў і паслуг ва ўмовах сучасных выклікаў». А яны, гэтыя знешнія выклікі, добра вядомыя ўсім. І, калі не прыняць своечасовых мер, пагражаюць ператварыцца ў сур'ёзную праблему са збытам прадукцыі для айчынных вытворцаў тавараў і паслуг, арыентаваных на замежжа. Прычым гэта можа здарыцца даволі хутка.

Сяргей Рачкоў у размове з журналістамі адзначыў, што Беларусь як краіна з адкрытай і экспартна арыентаванай эканомікай не можа цалкам ізаляваць сябе ад уплыву знешніх працэсаў. Таму неабходна імкнуцца скараціць іх магчымае негатыўнае ўздзеянне на эканоміку, у тым ліку і на знешнеэканамічную дзейнасць. Паводле яго слоў, парламентарыі палічылі мэтазгодным разам з зацікаўленымі бакамі прааналізаваць перспектывы прыняцця новых і ўдасканалення дзеючых нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць парадак экспарту тавараў і паслуг. Магчыма, у гэтых мэтах таксама спатрэбіцца ініцыяванне змяненняў прававых актаў Еўразійскага эканамічнага саюза, бо новыя выклікі стымулююць аператыўны пошук новых рашэнняў, падкрэсліў сенатар.

А якая сёння сітуацыя з беларускім экспартам? Адзін з асноўных дакладчыкаў на пасяджэнні, першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, назваў яе «вельмі стракатай». Ён звярнуў увагу на тое, што не толькі па асобных групах тавараў, але нават у адной групе розныя тавары экспартуюцца на знешнія рынкі па-рознаму.

У першым квартале самую важкую прыбаўку даў экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання: плюс 120 мільёнаў долараў. Фаварыты — малочная прадукцыя і мясныя вырабы. Нядрэнна выглядае экспарт прадукцыі машынабудавання, абсталявання, транспартных сродкаў. Прырост тут — 55 мільёнаў долараў. Станоўчыя вынікі прадэманстравалі і прадпрыемствы дрэваапрацоўкі: рост экспарту ДСП, ДВП, фанеры, мэблі склаў плюс 35 мільёнаў. А экспарт паслуг, падкрэсліў першы намеснік міністра, дапамагае цяпер збалансаваць гандлёвае сальда. Калі раней значныя паступленні валюты даваў транспарт, то цяпер вялікі прырост ідзе за кошт ІT-сектара.

Але ўсё ж пад уплывам знешніх фактараў у першым квартале знешнегандлёвы абарот скараціўся. У асноўным гэта адбылося з-за новых умоў паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь, валацільнай сітуацыі на рынку калійных угнаенняў. Затое па ўсіх астатніх таварах (без уліку нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў) сітуацыя нядрэнная. Тэмп росту экспарту ў першым квартале склаў 3,5 % пры плане 3,2 %, паведаміў намеснік міністра.

Аднак праз наступствы пандэміі, якая ўносіць карэктывы ў знешні гандаль усёй планеты, узнікла вялікая імавернасць перафарміравання сусветных рынкаў. Таму, адзначалі ўдзельнікі пасяджэння, сёння трэба не толькі мінімізаваць магчымыя страты — не менш важна скарыстацца тым «акном магчымасцяў», якое заўсёды адкрываецца падчас эканамічных крызісаў, і прыняць дзейсныя меры для захавання напрацаванай дынамікі і забеспячэння росту аб'ёмаў экспарту тавараў і паслуг на 3,6 % у адпаведнасці з планам на 2020 год.

Нагадаем, што ў Беларусі маюць пэўны досвед супрацьстаяння знешнім эканамічным выклікам. Напрыклад, праблема запоўненых складоў стала адным з самых непрыемных наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу 2008—2009 гадоў, які ад Злучаных Штатаў перакінуўся на Еўропу. Тады пад яго ўздзеяннем беларуская эканоміка ў немалой ступені пачала працаваць на склад. Дзеля выканання прагнозных паказчыкаў набывалі ў вялікіх аб'ёмах матэрыялы, сыравіну, энерганосьбіты, абсталяванне, камплектуючыя для вырабу прадукцыі, значная частка якой потым ляжала мёртвым грузам на складах. Але з праблемай тады справіліся.

Вось і цяпер, як паказалі вынікі пасяджэння, беларускім вытворцам давядзецца зноў працаваць насуперак неспрыяльным знешнім фактарам, вучыцца максімальна хутка рэагаваць на зменлівую кан'юнктуру сусветнага рынку, шукаць рэзервы для нарошчвання экспартных паставак у рэгіёны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Здаецца, наспеў час прыняцця дадатковых мер, у тым ліку і заканадаўчых, якія стымулявалі б экспартную актыўнасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў, спрыялі ўдасканаленню прасоўвання беларускай прадукцыі на замежныя рынкі дальняй дугі ў новых абставінах.

Па-ранейшаму варта ўмацоўваць знешнеэканамічныя і маркетынгавыя службы беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў кваліфікаванымі кадрамі з профільнай адукацыяй і абавязковым валоданнем замежнымі мовамі. Пандэмія — не прычына скарачаць аб'екты тавараправоднай сеткі, выдаткі на маркетынг і рэкламу.

Увогуле цяпер самы час выкарыстаць усе магчымыя замежныя нішы для беларускай прадукцыі. Па-ранейшаму перспектыўным з'яўляецца пытанне адкрыцця за мяжой сумесных зборачных вытворчасцяў. Яны, як паказала практыка, зарэкамендавалі сабе найбольш эфектыўнай формай вытворчай кааперацыі з асноўнымі замежнымі партнёрамі Беларусі.

Відавочна, што развіццё беларускага экспарту на сучасным этапе запатрабуе іншых, новых падыходаў. Падчас пасяджэння былі разгледжаны сістэмныя пытанні, шляхі нарошчвання экспартнага патэнцыялу рэгіёнаў, меры падтрымкі экспарцёраў. Рэкамендацыі ўдзельнікаў пасяджэння мяркуецца давесці да ўрада, органаў дзяржкіравання і дзелавой супольнасці.

Леанід Лахманенка

Фота: sovrep.gov.by

Загаловак у газеце: Насуперак знешнім фактарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».