Вы тут

Таццяна Рунец і Сяргей Сівец правялі прамыя тэлефонныя лініі


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ правяла прамую лінію.

Адна з заяўніц прасіла дапамагчы ў вырашэнні пытання са страхавой кампаніяй. Сутнасць справы ў тым, што падчас капітальнага рамонту жылога дома, дзе яна жыве, знешні блок кандыцыянера быў пашкоджаны. Маёмасць у кватэры застрахавана, аднак па гэтым выпадку выплаты не прадугледжаны, бо кандыцыянер знаходзіцца звонку кватэры. Сенатар адзначыла, што гэта не адзінкавы выпадак, таму папрасіла накіраваць ёй дагавор са страхавой кампаніяй, каб вызначыць правамернасць адмовы.

Яшчэ адна заяўніца, жыхарка сталіцы, агучыла складаную сітуацыю, з якой сутыкнуўся яе сын. Ён працаваў рабочым на адной з будаўнічых фірмаў, аднак па выніках сваёй работы заробак цалкам не атрымаў. «Выдалі толькі частку. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца», — папрасіла жанчына. Таццяна Рунец абяцала садзейнічанне ў вырашэнні гэтай праблемы.

Таксама на прамую лінію да сенатара звярнулася жанчына з просьбай зрабіць зручным графік курсіравання аўтобусаў паміж вёскамі Уздзенскага раёна, што на Міншчыне. Грамадскі транспарт стаў ездзіць радзей, што стварае праблемы для вясковых жыхароў. Гэтае пытанне будзе накіравана ў Мінаблвыканкам, паабяцала старшыня камісіі.

Па выніках прамой лініі Таццяна Рунец адзначыла ў размове з журналістамі, што асабістыя прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі з'яўляюцца важным кірункам дзейнасці членаў Савета Рэспублікі. Аналізуючы тэматыку агучаных пытанняў, сенатар звярнула ўвагу на звароты па законапраектах, якія патрабуюць карэкціроўкі.

— Часам мы даведваемся аб праблемах, якіх, як той казаў, зверху і не відаць, але якія важныя для заканатворчай дзейнасці, — падкрэсліла яна.

Старшыня Пастаяннай камісіі таксама паведаміла, што да яе часцей за ўсё звяртаюцца з пытаннямі, якія датычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, фінансавых паслуг, ліцэнзавання, паслуг страхавых арганізацый.

— Мы імкнёмся дапамагчы кожнаму, хто да нас звяртаецца, — падкрэсліла яна. — Па некаторых пытаннях адразу зразумела, дзе недапрацоўваюць мясцовыя выканаўчыя органы, паступаюць таксама звароты, якія неабходна глыбока прааналізаваць, каб знайсці аптымальнае рашэнне. У цэлым кожны зварот патрабуе дэталёвага вывучэння.


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ правёў прамую тэлефонную лінію.

Людзі звярталіся па самых розных пытаннях. Некаторыя з іх датычыліся правапарушэнняў у вытворчай сферы, спрэчак вакол перадачы ўласнасці ад аднаго суб'екта гаспадарання іншаму.

Не абышлася прамая лінія без званкоў з просьбамі дапамагчы разабрацца ў зямельным пытанні — яно нечакана паўстала перад жыхаркай Заслаўя. Куды жанчына ні звярталася, ёй усюды адмаўлялі. Вось і вырашыла патэлефанаваць на прамую лінію ў Савет Рэспублікі ў надзеі знайсці справядлівасць.

Шэраг званкоў быў ад шматдзетных сем'яў. Тэлефанавалі жанчыны, якія цікавіліся механізмам рэалізацыі сваіх правоў на атрыманне жылля.

Сяргей Сівец уважліва выслухоўваў кожнага суразмоўніка, задаваў удакладняючыя пытанні, пры неабходнасці падказваў магчымыя шляхі вырашэння праблемы. Напрыклад, раіў, у якую інстанцыю, кампетэнтную ў тым ці іншым пытанні, трэба звярнуцца па тлумачэнне і кваліфікаваны адказ. Некаторыя пытанні браў на асабісты кантроль.

У размове з журналістам старшыня Пастаяннай камісіі падкрэсліў актуальнасць правядзення падобных прамых ліній. Яны, паводле яго слоў, з аднаго боку, дазваляюць у сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі выконваць рэкамендацыі медыкаў наконт захавання разумнай сацыяльнай дыстанцыі паміж людзьмі, а з другога — захаваць непасрэдны кантакт з грамадзянамі, аператыўна рэагаваць на іх звароты, па меры магчымасці дапамагаць у вырашэнні вострых канфліктаў, судовых спрэчак і г. д. Атрыманыя званкі — гэта сігналы з месцаў, на якія трэба рэагаваць хутка і вынікова, а ў выпадку неабходнасці прымаць меры, каб аднавіць парушаныя правы грамадзян, падкрэсліў Сяргей Сівец.

Леанід ТУГАРЫН

Прэв'ю: з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».