Вы тут

Сяргей Сівец: Законы павінны дапамагаць людзям, а не ствараць цяжкасці і перашкоды


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, член Вучонага савета Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, навукова-тэхнічнага савета Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, кандыдат юрыдычных навук Сяргей Сівец у інтэрв'ю «МС» растлумачыў сутнасць удасканалення грамадзянскага заканадаўства на прыкладзе падрыхтоўкі змен і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь.


Змены, прадыктаваныя часам

— Сяргей Міхайлавіч, спачатку некалькі слоў пра сутнасць і ролю грамадзянскага заканадаўства ў Беларусі.

— Грамадзянскае заканадаўства займае асаблівае месца ў прававой сістэме краіны. Яго нормы рэгулююць маёмасныя і звязаныя з імі немаёмасныя адносіны, заснаваныя на прынцыпе юрыдычнай роўнасці суб'ектаў.

Нормы грамадзянскага права датычацца кожнага: з іх дзеяннем мы сутыкаемся кожны раз, калі робім пакупкі, карыстаемся паслугамі, распараджаемся сваёй маёмасцю, ствараем бізнес, атрымліваем спадчыну, абараняем у судзе свае гонар і годнасць.

Безумоўна, маёмасныя адносіны, якія рэгулююцца грамадзянскім правам, з'яўляюцца асновай прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай дзейнасці. Менавіта таму Грамадзянскі кодэкс, які змяшчае асноўныя нормы грамадзянскага права, цалкам абгрунтавана называюць эканамічнай канстытуцыяй дзяржавы.

— Што не так у грамадзянскім заканадаўстве дзяржавы, калі паўстала задача яго карэкціроўкі?

— Дзеючы Грамадзянскі кодэкс быў прыняты ў 1998 годзе. За мінулыя два дзесяцігоддзі істотныя змены зведалі самі грамадскія адносіны, якія рэгулююцца грамадзянскім правам. Змены адбыліся ў сферы прадпрымальніцкіх адносін. Змянілася роль дзяржавы ў рэгуляванні эканамічных адносін. З'явіліся новыя аб'екты грамадзянскіх праваадносін — лічбавыя актывы, а развіццё лічбавых тэхналогій запатрабавала радыкальнага змянення падыходаў да таго, як павінны здзяйсняцца і афармляцца здзелкі.

Сфарміравалася шырокая правапрымяняльная практыка. За гэты час судовая сістэма краіны выпрацавала практыку разгляду грамадзянскіх (эканамічных) спрэчак, якая сведчыла пра наяўнасць пэўных прабелаў у заканадаўстве. Усё гэта і стала асновай для сістэмнага перагляду нормаў Грамадзянскага кодэкса і распрацоўкі праекта Закона Республікі Беларусь «Аб змяненні кодэксаў» (далей — законапраект).

Прапанаваныя змены ў Грамадзянскім кодэксе значныя па аб'ёме і закранаюць розныя аспекты: абарону грамадзянскіх правоў, прававы статус грамадзян і юрыдычных асоб, карпаратыўныя адносіны, агульныя палажэнні аб дагаворах, права інтэлектуальнай уласнасці, спадчыннае права, міжнароднае прыватнае права.

З ліку найбольш істотных новаўвядзенняў я хачу вылучыць наступнае. Значная іх частка звязана з рэгуляваннем карпаратыўных адносін. Адзначу, што ў законапраекце прапануецца заканадаўча вызначыць прававы статус рашэння сходу ўдзельнікаў (членаў) калектыву, пры гэтым у кодэксе з'явіцца асобная глава, прысвечаная рашэнням сходаў і іх несапраўднасці.

Удакладняецца сістэма арганізацыйна-прававых формаў, у якіх могуць стварацца некамерцыйныя арганізацыі. У прыватнасці, у кодэкс прапануецца ўключыць нормы аб садаводчых таварыствах і таварыствах уласнікаў.

Узмацняюцца гарантыі правоў крэдытораў юрыдычнай асобы пры яе рэарганізацыі, а таксама дэталізуецца прававое рэгуляванне працэсу ліквідацыі юрыдычных асоб.

Не менш значныя змены датычацца правоў грамадзян. У кодэкс мяркуецца ўключыць нормы, прысвечаныя ахове выявы грамадзяніна: у якасці агульнага правіла мяркуецца выкарыстанне такой выявы (фатаграфіі, відэазапісу і да т. п.) толькі са згоды самога грамадзяніна. Выключэнне будуць складаць выпадкі атрымання такой выявы пры правядзенні здымак у месцах, адкрытых для масавага наведвання, падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама ў іншых выпадках, якія павінны быць вызначаны заканадаўчымі актамі.

Таксама прапануецца ўдакладніць змест дзеяздольнасці малалетніх (да 14 гадоў) і асоб, абмежаваных у дзеяздольнасці, у частцы іх права на здзяйсненне дробных бытавых здзелак, адмовіўшыся ад гэтага паняцця, якое не атрымала выразнага вызначэння, і замяніўшы яго мяжой «да 3 базавых велічынь».

Удасканальваюцца нормы, якія вызначаюць парадак выканання абавязацельстваў. У прыватнасці, мяркуецца прызнаць магчымасць заключэння крэдыторамі пагаднення аб парадку задавальнення іх патрабаванняў да даўжніка.

Прапануецца дэталёвая рэгламентацыя дагавора факторынгу, а таксама ўдасканаленне нормаў, якія рэгулююць дагаворы франчайзінгу і простага таварыства.

Раздзел V Грамадзянскага кодэкса «Інтэлектуальная ўласнасць» прапануецца сістэмна перагледзець, выклаўшы ўвесь раздзел у новай рэдакцыі.

Як бачыце, змяненняў шмат. Аднак няправільна будзе казаць пра тое, што з іх прыняццем краіна атрымае новы Грамадзянскі кодэкс, бо гэтыя змены не прадугледжваюць перагляду базавых прынцыпаў айчыннага грамадзянскага права, а пераважна накіраваны на ўдасканаленне асобных яго нормаў.

Пытанне пра тое, ці патрэбны нашай краіне прынцыпова новы Грамадзянскі кодэкс, уяўляецца досыць складаным. Распрацоўка такога прававога акта патрабуе сур'ёзнай шматгадовай працы з прыцягненнем вядучых вучоных і спецыялістаў-практыкаў. У якасці прыкладу можна прывесці досвед нашых суседзяў — у Расійскай Федэрацыі з 1999 года дзейнічае Савет пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па кадыфікацыі і ўдасканаленні грамадзянскага заканадаўства, які на пастаяннай аснове займаецца пытаннямі канцэптуальнага развіцця грамадзянскага заканадаўства і падрыхтоўкай прапаноў па яго сістэмным пераглядзе.

Правільныя тлумачэнні

— У якой ступені ўліваюцца вынікі прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў грамадзян сенатарамі, аналіз пісьмовых і электронных зваротаў людзей у верхнюю палату парламента пры падрыхтоўцы змен і дапаўненняў у грамадзянскае заканадаўства?

— Вынікі работы сенатараў са зваротамі грамадзян, атрыманыя ў сувязі з правядзеннем асабістых прыёмаў і прамых тэлефонных ліній, маюць надзвычай важнае значэнне з пункту гледжання атрымання інфармацыі, што называецца, з першых рук. Як паказвае практыка правапрымянення, у большасці выпадкаў асноўныя праблемы на месцах, у тым ліку ў грамадзян, звязаныя з няправільным ці некарэктным тлумачэннем тых ці іншых нарматыўных прадпісанняў мясцовымі органамі ўлады або кіраўнікамі адпаведных суб'ектаў гаспадарання. І калі гэта адбываецца на працягу доўгага перыяду часу, узрастае колькасць асоб, чые правы і законныя інтарэсы парушаюцца, што ў канчатковым выніку ўплывае і на ацэнку эфектыўнасці дзейнасці публічных органаў улады з боку насельніцтва.

Таму вельмі важны рэгулярны парламенцкі маніторынг практыкі правапрымянення заканадаўчых актаў на месцах, аналіз работы мясцовых органаў улады па вырашэнні бягучых пытанняў грамадскага жыцця, аказанні неабходнай дапамогі грамадзянам у рэалізацыі іх правоў і законных інтарэсаў. Менавіта на дасягненне гэтых мэт і накіраваны дыялог грамадзян з парламентарыямі, у працэсе якога заканадавец знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі ад свайго выбаршчыка і разам з ім удзельнічае ў вырашэнні пытанняў, якія таго хвалююць

Таму вынікі прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў грамадзян, пісьмовых зваротаў, у тым ліку электронных, абавязкова ўлічваюцца ў нарматворчай дзейнасці як пры падрыхтоўцы законапраекта, так і ў момант іх разгляду на пасяджэннях Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі.

— Як развіццё лічбавых тэхналогій уплывае на прававую сістэму дзяржавы?

— Актыўнае развіццё лічбавых тэхналогій уплывае на ўсе сферы грамадскага жыцця. У тым ліку — і на грамадскія адносіны, якія рэгулююцца нормамі грамадзянскага права.

Можна казаць, што развіццё інфармацыйных тэхналогій у значнай меры апярэджвае развіццё заканадаўства. У якасці прыкладаў можна прывесці практыку заключэння дагавораў у сетцы «Інтэрнэт» націсканнем клавішы і наяўнае патрабаванне грамадзянскага заканадаўства забяспечыць пісьмовую форму здзелкі; абарот лічбавых знакаў (токенаў) і адсутнасць выразнага заканадаўчага вызначэння іх прававой прыроды і г. д. Таму адной з задач пры бягучым пераглядзе нормаў Грамадзянскага кодэкса з'яўляецца адаптацыя яго нормаў да ўмоў лічбавай эканомікі, якая цяпер актыўна ствараецца ў нашай краіне.

Таксама хачу адзначыць, што адной з падстаў для распрацоўкі законапраекта стала прыняцце ў канцы 2017 года Дэкрэта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», — у ліку іншага ён прадугледжваў правядзенне ў межах Парка высокіх тэхналогій прававога эксперымента па апрабацыі новых прававых інстытутаў на прадмет магчымасці іх імплементацыі ў грамадзянскае заканадаўства. У выніку ў ліку нормаў, прапанаваных для ўключэння ў Грамадзянскі кодэкс, ёсць прысвечаныя такім новым для нашага заканадаўства паняццям, як апцыённы дагавор, канвертаваная пазыка, безадзыўная даверанасць і іншыя прававыя інструменты, у выкарыстанні якіх зацікаўлены айчынныя ІT-кампаніі, што актыўна супрацоўнічаюць з замежнымі партнёрамі і інвестарамі.

У інтарэсах кожнага

— Што ўвогуле дадуць нашым суграмадзянам змены і дапаўненні ў Грамадзянскі кодэкс?

— Як я ўжо казаў, нормы грамадзянскага права закранаюць інтарэсы кожнага з нас. Таму ад таго, наколькі яны зразумелыя і простыя ва ўжыванні, наколькі яны адпавядаюць існуючым грамадскім адносінам, залежыць якасць нашага жыцця. Права павінна дапамагаць грамадскім адносінам, а не ствараць цяжкасці і перашкоды.

Асноўнай мэтай бягучага перагляду нормаў Грамадзянскага кодэкса з'яўляецца іх прывядзенне ў адпаведнасць з патрабаваннямі жыцця, якое хутка змяняецца. Таму я мяркую, што абноўленыя нормы грамадзянскага заканадаўства дадуць нашым грамадзянам больш магчымасцяў для рэалізацыі сваіх маёмасных правоў, абароны асабістых немаёмасных правоў, будуць спрыяць росту прадпрымальніцкай актыўнасці і развіццю новых галін нашай нацыянальнай эканомікі.

— Якім чынам Савет Рэспублікі бярэ ўдзел у распрацоўцы змен у грамадзянскім заканадаўстве Беларусі?

— Нягледзячы на тое што Савет Рэспублікі фармальна далучаецца да заканатворчага працэсу на адной з апошніх яго стадый, члены Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве настроены на тое, каб «трымаць руку на пульсе» і ацэньваць законапраект яшчэ да таго, як ён паступіць у верхнюю палату парламента. Асабліва калі гаворка ідзе пра такі важны законапраект, як згаданыя змены ў Грамадзянскі кодэкс.

Прыкладам удзелу Савета Рэспублікі ў рабоце над праектам змяненняў у Грамадзянскі кодэкс з'яўляецца арганізаваны Пастаяннай камісіяй па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве круглы стол на тэму «Удасканаленне палажэнняў Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб інтэлектуальнай уласнасці». Ён праводзіўся ў фармаце відэаканферэнцыі, што дазволіла ўзяць у ім удзел членам Савета Рэспублікі, прадстаўнікам Вярхоўнага Суда, Міністэрства эканомікі, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, БДУ, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, адвакатам і патэнтным павераным. Прадметам абмеркавання сталі палажэнні прапанаванай новай рэдакцыі раздзела V Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прысвечанага праву інтэлектуальнай уласнасці.

Падчас агульнай дыскусіі ўдзельнікі падкрэслілі неабходнасць унясення змен у нормы Грамадзянскага кодэкса і ў цэлым падтрымалі нормы законапраекта. У той жа час у дачыненні да асобных палажэнняў разгарнулася актыўная дыскусія, удзельнікі якой выказалі свае прапановы па іх карэкціроўцы. Такім чынам, правядзенне круглага стала дазволіла яшчэ раз ацаніць палажэнні законапраекта і сфармуляваць рэкамендацыі, якія могуць быць улічаны парламентам пры яго разглядзе.

Падрыхтаваў Леанід Лахманенка

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.