Вы тут

Каранік: Яшчэ ніхто з медыкаў мне не сказаў, што заплацілі менш, чым трэба па ўказу


Пра гэта заявіў сёння журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.


Міністр пракаментаваў сітуацыю з выплатамі медработнікам надбавак за працу з пацыентамі ва ўмовах каранавіруса. «Я, наведваючы медыцынскую ўстанову, чырвоныя зоны спецыяльна задаю працаўнікам пытанне: ці атрымалі яны надбаўкі ў тым выглядзе, які прадугледжаны ўказам Прэзідэнта? І, пачынаючы ад санітаркі і заканчваючы загадчыкам аддзялення, яшчэ ніхто не сказаў, што заплацілі менш, чым трэба па ўказу», — сказаў кіраўнік ведамства.

Асноўнае пытанне, па яго словах, тычыцца працаўнікоў хуткай дапамогі і дыягнастычных службаў. «І тут мы яшчэ раз кажам пра тое, што калі на працягу змены медыцынскі персанал кантактаваў з пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, аплата ідзе за ўсю змену. То бок не за тыя хвіліны або паўгадзіны, гадзіну, калі яны займаліся аказаннем медыцынскай дапамогі, аплата ідзе за ўсю змену. Калі такіх змен на працягу месяца было больш за 30 працэнтаў, аплата ідзе за ўвесь месяц», — патлумачыў Уладзімір Каранік.

Уладзімір Каранік таксама патлумачыў сітуацыю, як паступаюць, калі першапачаткова незразумела, ці быў інфікаваны каранавірусам пацыент, якому аказвалася дапамога. «Бывае, мы вязем проста з пнеўманіяй і не ведаем, што ў пацыента ёсць каранавірус. У канцы месяца хуткая дапамога падае спісы тых пацыентаў, да якіх яны выязджалі на выклік альбо ажыццяўлялі транспарціроўку. Акрамя таго, санітарныя службы разам з лячэбнікамі параўноўваюць гэта са спісамі людзей з зарэгістраванай каранавіруснай інфекцыяй. І калі, напрыклад, 29-га чысла месяца хуткая дапамога перавозіла пацыента з умоўна „чыстай“ пнеўманіяй, а 2-га чысла (наступнага месяца. — „Зв“.) аналіз пацвердзіў наяўнасць у пацыента каранавіруснай інфекцыі, адпаведна, даплата пералічваецца і выплачваецца дадаткова ў наступным месяцы».

Сумесна з галіновым прафсаюзам міністэрства стварыла гарачую лінію ў кожным рэгіёне. Сітуацыя з надбаўкамі на кантролі міністэрства, упраўлення аховы здароўя абласцей, прафсаюзаў, падкрэсліў міністр.

«Па той жа бабруйскай станцыі хуткай дапамогі, з 290 супрацоўнікаў (уключаючы вадзіцеляў і фельдшараў, урачэй) даплаты за красавік атрымалі 118 чалавек. Гэта тыя, хто аказваў меддапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. І там парушэнні ў даплатах выяўлены не былі. Калі яны ёсць, яны будуць разгледжаны. Для гэтага ёсць устаноўлены законам арбітраж і механізм атрымання даплат», — звярнуў увагу Уладзімір Каранік.


У сталіцы рэгіструецца зніжэнне пнеўманій

Па словах міністра, пачынаюць вяртацца да сваёй асноўнай работы медыцынскія ўстановы. Сярод іх віцебскі анкадыспансер, спынена шпіталізацыя пульманалагічна хворых і ў мінскі анкадыспансер, на чарзе мінская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі. У астатніх рэгіёнах, адзначыў міністр, таксама няма «перагрузкі сістэмы аховы здароўя».


«Вірус застанецца ў папуляцыі, але страціць сваю вірулентнасць і стане звычайным прастудным захворваннем»

Уладзімір Каранік адзначыў, што ў будучыні СOVID-19 пакіне рэйтынг найбольш агрэсіўных вірусаў, але пры гэтым працягне цыркуляваць у чалавечай папуляцыі.

«Гэта будзе яшчэ адно з прастудных захворванняў з невялікім працэнтам ускладненняў у выглядзе пнеўманій і з не вельмі высокай смяротнасцю», — лічыць міністр. Ён растлумачыў, што спецыялістам аховы здароўя даўно вядома стандартная рэспіраторная панэль, якая адлюстроўвае карціну развіцця сезоннага захворвання рознымі вірусамі. «Кожны год усе разумеюць, што ў канцы восені — пачатку зімы мы ўваходзім ва ўздым рэспіраторных інфекцый. Гэта грып, парагрып, іншыя вірусы, якія могуць у сезон сустракацца сярод насельніцтва», — адзначыў ён.

У гэтую панэль, дадаў міністр, ўваходзяць і каранавірусы, якія ў структуры сезоннага захворвання могуць складаць больш за 10%. «Не выключаны варыянт, што ў нашай панэлі з’явіцца яшчэ адзін вірус. Проста далей будзе лягчэй, таму што будуць людзі, у якіх сфармаваўся імунітэт, ўстойлівы або няўстойлівы. Нават калі ён не прадухіліць праз год-два паўторнае захворванне, яно ў любым выпадку будзе адбывацца ў больш лёгкай форме. І сам вірус страціць сваю вірулентнасць з цягам часу. Любы пандэмічны штам віруса з часам становіцца менш агрэсіўным», — сказаў Уладзімір Каранік.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».