Вы тут

Чаму Беларусi не пагражае дэфiцыт прадуктаў?


Сiтуацыя, якая склалася сёлета, пацвердзiла ключавую каштоўнасць харчовай бяспекi. Такую думку выказаў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзiмiр Улаховiч падчас чарговага пасяджэння сумеснага праекта Беларускага iнстытута стратэгiчных даследаванняў (БIСД) i БелТА «Экспертнае асяроддзе».


Фота: БелТА

Рэйтынг дзяржавы

Эксперты звярнулi ўвагу на заяву выканаўчага дырэктара Сусветнай харчовай праграмы (СХП) ААН Дэвiда Бiзлi. Выступаючы ў красавiку на вiртуальным пасяджэннi Савета Бяспекi арганiзацыi, ён перасцярог, што чалавецтва можа сутыкнуцца з голадам бiблейскага маштабу з-за пандэмii каранавiруса, калi своечасова не будуць прыняты меры для харчовай бяспекi. «Цяперашняя сiтуацыя змянiла фокус i разуменне, што такое харчовая бяспека. Яна паказала, што гэтая каштоўнасць  — адна з ключавых. Фактычна гэта рэйтынг канкурэнтаздольнасцi дзяржавы сёння. Беларусь у гэтым плане выглядае вельмi годна»,  — падкрэслiў Уладзiмiр Улаховiч.

«Паводле рэйтынга амерыканскага часопiса The Economist, па iндэксе сусветнай харчовай бяспекi Беларусь мае найвышэйшыя пазiцыi. Варта падкрэслiць, што адно з першых месцаў наша краiна займае па такiм крытэрыi, як даступнасць харчавання насельнiцтву»,  — азначыў намеснiк дырэктара па навуковай рабоце Iнстытута сiстэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусi
Гардзей Гусакоў.

Станоўчы трэнд

Як лiчыць Уладзiмiр Улаховiч, прагнозныя паказчыкi па экспарце сёлета Беларусь выканае. «Таму што ёсць вялiкая патрэба ў прадуктах харчавання. Але пры гэтым трэба разумець, што ў цэлым рэцэсiя, эканамiчны спад будуць уплываць i на гандлёвыя адносiны з пункту гледжання прыцягнення фiнансавых сродкаў, новых тэхналогiй, iнвестпраектаў»,  — адзначыў старшыня БелГПП. Над гэтай праблемай трэба будзе папрацаваць з пазiцыi дзяржрэгулявання, доўгатэрмiновага планавання, захавання натуральных рэсурсаў. «Гэта таксама мае дачыненне да экспарту. Таму што экспарт сёння  — гэта не толькi вырабленая прадукцыя, гэта глыбiня вытворчага працэсу, незалежнасць кармавой базы, генетычных матэрыялаў»,  — растлумачыў Уладзiмiр Улаховiч.

Паводле iнфармацыi начальнiка галоўнага ўпраўлення знешнеэканамiчнай дзейнасцi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Аляксея Багданава, за першы квартал гэтага года Беларусь экспартавала харчавання на 1,4 мiльярда долараў, што на 9,8 працэнта больш, чым у студзенi — сакавiку мiнулага года. «У год у краiне вырабляецца прыкладна 7,4 мiльёна тон малака, з якiх 60 працэнтаў мы экспартуем. Мяса  — 1,2 мiльёна тон, з якiх 30 працэнтаў  — наш экспартны патэнцыял. Экспарт прадукцыi раслiнаводства складае каля 500 мiльёнаў долараў i штогод расце. Малочная група  — 2,2 мiльярда долараў. Летась мы практычна падышлi да мiльярда долараў экспарту па мясе. Сёлета адзначаем станоўчы трэнд з экспартам прадуктаў харчавання»,  — расказаў ён.

Пры гэтым Беларусь больш чым на 80 працэнтаў забяспечвае сябе харчаваннем. Астатнiя пазiцыi  — тавары так званага крытычнага iмпарту: цытрусавыя, кава, чай i г. д. «Але што датычыцца асноўных вiдаў прадукцыi  — мясная, малочная, хлебабулачная група, то тут мы цалкам сябе забяспечваем. У гандлёвых сетках гэтыя тавары практычна на 99,9 % менавiта айчыннай вытворчасцi»,  — заўважыў Аляксей Багданаў.

Пасля каранцiну

Сiтуацыя з харчаваннем у свеце ў цэлым добрая, праблема  — у наступствах каранцiну з-за COVID-19. Такую думку выказаў аналiтык Беларускага iнстытута стратэгiчных даследаванняў Антон Дударонак. У якасцi прыкладу ён прывёў сусветны рынак кавы. «Калумбiя, Бразiлiя  — дзве з чатырох вядучых краiн, якiя пастаўляюць каву на сусветны рынак. З-за каранавiруса, абмежаванняў там не хапае рабочых рук. Людзi не могуць туды дабрацца. Адпаведна няма каму збiраць ураджай кавы. Гэта прывядзе да таго, што будзе дэфiцыт на рынку, цэны вырастуць, ён дэстабiлiзуецца. Цяжкасцi звязаныя не толькi з тым, як сабраць ураджай, але i каму i як яго прадаць, як даставiць»,  — дадаў аналiтык БIСД.

Як адзначалася падчас пасяджэння «Экспертнага асяроддзя», яшчэ да пандэмii, калi эканомiка працавала ў штатным рэжыме, у свеце налiчвалася больш за 820 мiльёнаў чалавек, якiя галадалi. Сёлета гэтая лiчба павялiчваецца, упэўнена наблiжаецца да мiльярда. «Паводле даклада ААН аб уплыве каранавiруса на эканомiку краiн, якiя развiваюцца, Лацiнская Амерыка, Афрыка, Азiя i Блiзкi Усход сутыкнуцца з праблемай эканамiчнай рэцэсii, калi iм не будзе чым аддаваць даўгi. Адсюль паўстануць праблемы голаду»,  — канстатаваў аналiтык БIСД.

Начальнiк галоўнага ўпраўлення знешнеэканамiчнай дзейнасцi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Аляксей Багданаў прызнаўся, што ў яго некалькi альтэрнатыўны погляд на гэты конт. «У мяне вельмi вялiкi скептыцызм наконт гэтага ўсяго. Мы жывём не ў бiблейскiя часы, пры зусiм iншым тэхнiчным укладзе. Вытворчасць вырасла ў дзясяткi, сотнi разоў у кожнай краiне свету. Такой разрухi ў лагiстыцы абсалютна няма, гэта таксама няпраўда. Мы як пастаўлялi прадукцыю, так i пастаўляем. Хоць, безумоўна, ёсць цяжкасцi. Таму шчыра скажу па пытаннi бiблейскага голаду, я вельмi моцна сумняваюся, што гэта будзе»,  — заўважыў Аляксей Багданаў.

Крызiс як шанец

У Мiнсельгасхарчы ўжо цяпер адзначаюць вялiкае знiжэнне спажывецкага попыту насельнiцтва краiн СНД. «Стратэгiчна мы выбудоўваем нашу палiтыку знешнеэканамiчнай дзейнасцi i рэалiзацыi прадуктаў харчавання, не грунтуючыся толькi на якiмсьцi адным рынку. Мы першапачаткова ў прыярытэт паставiлi дыверсiфiкацыю, каб не зацыклiвацца на адным рынку, а размяркоўваць нашы тавары экспартнага iнтарэсу па ўсiм свеце»,  — адзначыў Аляксей Багданаў. Летась Беларусь экспартавала прадукты харчавання ў 104 краiны свету. «Мiнiстэрства актыўна вядзе работу па адкрыццi новых рынкаў збыту з пункту гледжання ветэрынарна-санiтарнага допуску. У прыватнасцi, у пачатку квартала адкрылi 15 прадпрыемстваў на Кiтай, сертыфiкавалi малочную прадукцыю для паставак у В’етнам. Цяпер такую работу завяршаем па мясе. Мiнiстэрства прадпрымае шмат намаганняў, каб сапраўды выкарыстоўваць гэты крызiс як шанец да павелiчэння аб’ёмаў паставак, пашырэння асартыменту»,  — падкрэслiў начальнiк галоўнага ўпраўлення знешнеэканамiчнай дзейнасцi. Прычым беларускi бок зацiкаўлены ў тым, каб павялiчваць пастаўкi гатовай прадукцыi, а не сыравiны. Па словах Аляксея Багданава, гаворка iдзе пра тое, каб «на палiцы ў крамах паставiць прадукцыю, каб пазнаваўся беларускi брэнд, а не прыходзiла сыравiна, якую потым перапрацоўваюць мясцовыя вытворцы».

Прасоўванне беларускай прадукцыi на рынках iдзе нядрэнна. Уладзiмiр Улаховiч пракаментаваў сiтуацыю з лагiстыкай паставак прадуктаў харчавання ва ўмовах пандэмii. «У нас, напрыклад, ёсць такi iндыкатар: мы выдаём пасведчанне аб абставiнах непераадольнай сiлы. Пачынаючы з канца лютага ў нас каля 70 такiх запытаў, але ўсе яны датычацца сферы паслуг альбо паставак абсталявання. Няма нiводнага запыту па зрывах кантрактаў па пастаўках прадуктаў харчавання,  — адзначыў ён.  — Наша сiла ў тым, што Беларусь апошняе дзесяцiгоддзе паслядоўна i грунтоўна працавала ў аграрным сектары. Таму мы вельмi самавiта выглядаем на глабальным узроўнi як экспарцёр i досыць спакойна сябе адчуваем».

Загаловак у газеце: Фактар харчовай бяспекi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?