Вы тут

«Кожны добраахвотнiцкi праект — гэта магчымасць праявiць свае найлепшыя якасцi»


— Спачатку сам задаваўся пытаннем, для чаго маладыя людзi гэтым займаюцца, што iмi кiруе. Але варта было толькi паспрабаваць, як зразумеў: мне такой актыўнасцi таксама не хапала. I ўжо нельга спынiцца, — шчыра расказвае дваццацiдзевяцiгадовы Максiм КАСОВIЧ.


Ён працуе намеснiкам начальнiка механазборачнага цэха № 1 ААТ «Барысаўскi завод агрэгатаў» i там узначальвае пярвiчку БРСМ. Таксама важную частку яго жыцця займае добраахвотнiцкi рух: хлопец дапамагае пажылым, прымае ўдзел у зборы грошай для хворых дзяцей, удзельнiчае ў розных акцыях, мерапрыемствах i конкурсах Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi. У адным з такiх, а менавiта ў рэспублiканскiм этапе «Валанцёра года — 2019», Максiм стаў адным з пераможцаў у намiнацыi «Асабiсты ўклад сярод працуючай моладзi».

— Мая дзейнасць у гэтай сферы пачалася летась, калi БРСМ традыцыйна запусцiў рэспублiканскую акцыю «Аднаўленне святынь. Крынiцы Беларусi». Тады мне пашчасцiла пабываць у Свята-Успенскiм мужчынскiм манастыры на Мсцiслаўшчыне, — прыгадаў суразмоўнiк. — Праграма была разлiчана на два днi: у першы нас чакалi трэнiнгi на камандную згуртаванасць i экскурсiя, у другi — добраўпарадкаванне храма. Мы заклалi фруктовы сад, i, самае галоўнае, прывялi ў парадак адну з чатырох гаючых крынiц, якую ў народзе называюць Ефрасiннеўскай. Да яе прыязджаюць паломнiкi не толькi з Беларусi, але i з iншых краiн. Падчас гэтай акцыi я атрымаў станоўчыя эмоцыi i завёў шмат новых знаёмстваў, нават сяброў, з якiмi кантактуем дагэтуль. Праект адназначна даў старт майму захапленню валанцёрствам.

I пайшло: шматлiкiя акцыi, сярод якiх «Беларусь памятае», «Мы выбiраем дапамогу пажылым людзям», «Моладзь за чысцiню гарадоў i вёсак»... Самая блiзкая сэрцу для Максiма — «Цуды на Каляды», якая штогод стартуе 5 снежня, у Мiжнародны дзень добраахвотнiкаў.

— У гэты дзень валанцёры з усёй краiны арганiзоўваюць святочныя праграмы, конкурсы, адрасныя вiншаваннi для выхаванцаў дзiцячых дамоў, школ-iнтэрнатаў, прыёмнiкаў-размеркавальнiкаў, дзяцей-сiрот, дзяцей, з абмежаванымi магчымасцямi, тых, хто знаходзiцца ў рэабiлiтацыйных цэнтрах, бальнiцах. Калi глядзiш на iх, размаўляеш з iмi, не можаш застацца абыякавы. Ёсць адчуванне, што дапамога такiм дзецям — толькi маленькая частка таго, што мы можам зрабiць для iх, — лiчыць суразмоўнiк.

У сувязi з эпiдэмiялагiчным становiшчам у краiне валанцёрскi рух «Добрае Сэрца» сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва Барысава, дзе зараз жыве герой, аказвае дапамогу пажылым людзям i ветэранам. У гэтым прымае ўдзел i Максiм. «Дастаўляем прадукты харчавання, медыкаменты, маскi i антысептыкi, аплачваем камунальныя паслугi i завозiм дзядуль i бабуль на пошту, калi трэба атрымаць пенсiю».

Хлопец упэўнены: кожны добраахвотнiцкi праект, кожная акцыя — гэта магчымасць праявiць свае найлепшыя якасцi.

— Валанцёр — гэта мiласэрны, бескарыслiвы, уважлiвы да iншых чалавек. Ён павiнен быць iнiцыятыўны, хутка арыентавацца ў складанай сiтуацыi, знаходзiць нестандартныя рашэннi, умець вырашаць канфлiкты. I, самае галоўнае, усё гэта павiнна iсцi з глыбiнi душы i сэрца. Менавiта я, калi дапамагаю iншым, адчуваю душэўны спакой i радасць ад таго, што камусьцi зрабiў добрую справу. А яшчэ прыходзiць усведамленне, што многiя матэрыяльныя набыткi — гэта зусiм не каштоўнасцi.

Сваiм прыкладам Максiм натхняе тых, хто побач. Знаёмыя, сябры, гледзячы на яго, хутка пачалi далучацца да добраахвотнiцкiх iнiцыятыў.

— Спачатку прыцягнуў да валанцёрскага руху калег, пасля — жонку i сямiгадовую дачку. Аднойчы ўзяў малую з сабой на пасадку алеi дрэў, ёй вельмi спадабалася. З таго часу Алiса разам з намi ўдзельнiчае ў многiх акцыях. Лiчу, што пры любой магчымасцi трэба паказваць станоўчы прыклад дзецям.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архiва героя

Загаловак у газеце: «Гэта павiнна iсцi з глыбiнi душы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.