Вы тут

Дзевяць імгненняў вайны. Судэксперты Магілёўскай вобласці згадалі ваеннае мінулае сваіх гераічных дзядоў


Паглядзець на вайну вачамі продкаў вырашылі супрацоўнікі і грамадзянскі персанал упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці і яго тэрытарыяльных падраздзяленняў. Разглядаючы пажоўклыя ад часу фота зусім яшчэ маладых салдат і камандзіраў, яны пазнавалі ў іх сваіх таварышаў па рабоце і, здаецца, бачылі іх зусім з іншага боку.


— Ідэю з задавальненнем падхапілі, і той матэрыял, што ўжо назапашаны, цяпер актыўна папулярызуецца, — кажа ініцыятар праекта «Героям прысвячаецца» галоўны спецыяліст упраўлення па рабоце са СМІ Ірына Рачкоўская. — Сямейныя гісторыі аказаліся цікавымі не толькі для нашых супрацоўнікаў. Дачка галоўнага спецыяліста ўпраўлення каардынацыі службовай дзейнасці Вольгі Часлаўскай стала ўдзельніцай тэлемарафона канала «Беларусь 4. Магілёў» «Шляхі Перамогі». Яна расказала з экрана, як змагаўся яе прадзед Анатоль Міхайлавіч Сянькоўскі. Ён быў партызанам, пэўны час камандаваў узводам атрада 3-га батальёна брыгады Кірылава. За адвагу і мужнасць быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. У мірны час ажыццявіў сваю мару і, нягледзячы на інваліднасць, стаў першакласным машыністам. У 1971 годзе яго поспехі ў працы былі адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Пакуль сабрана дзевяць гісторый, дзевяць прыкладаў мужнасці, дзевяць імгненняў вайны. Ірына запісала асобна кожны з гэтых аповедаў. Цалкам іх можна прачытаць на сайце Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

— Сёлета адзначаецца 75-я гадавіна Перамогі, і было немагчыма застацца ўбаку, тым больш што вайна закранула кожную сям'ю і ў кожнага нашага супрацоўніка ёсць свая сямейная ваенная гісторыя. З гадамі памяць сцірае факты, а хочацца захаваць іх для нашчадкаў, — кажа яна. — Мы разам зачытвалі гэтыя гісторыі, абмяркоўвалі іх. Высвятлялася, што чыесьці дзядулі ваявалі ў адным або суседніх партызанскіх атрадах. Гэта было сапраўднае адкрыццё. Некаторыя прыносілі кнігі з успамінамі відавочцаў, а там нехта знаходзіў прозвішчы і сваіх продкаў. Калегі абменьваліся інфармацыяй, нешта пазначалі для сябе. Начальнік упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Яраслаў Федарынчык прызнаўся, што яму было цікава чытаць пра дзядуляў сваіх супрацоўнікаў і праводзіць паралелі. Некаторыя — нават знешне — амаль копія сваіх продкаў. Мы сталі больш ведаць адно пра аднаго, пра нашы сем'і. І гэта вельмі важна, каб было адчуванне агульнасці, сяброўскага пляча, а таксама таго, што і мы маем прамое дачыненне да Вялікай Перамогі.

Дзед начальніка ўпраўлення фінансаў і тылу Паўла Мышкоўскага Уладзімір Архіпавіч Іваноў ваяваў у складзе 600-га партызанскага атрада ў Бялыніцкім раёне. Доўгі час гэта была адзіная інфармацыя, вядомая ўнуку. Але аднойчы падчас расследавання чарговай крымінальнай справы ён, яшчэ калі быў міліцыянерам, пазнаёміўся з чалавекам, які ведаў дзеда. Высветлілася, што Уладзімір Архіпавіч быў камандзірам разведроты і фашысты абяцалі за яго галаву вялікую суму грошай, якіх хапіла б на карову. Гэтыя звесткі пацвердзіліся ў Нацыянальным архіве. Доказам стала і публікацыя ў газеце «За камуністычную працу» 1970-х гадоў, якую знайшоў у бібліятэцы сын Паўла Мышкоўскага. У верасні 1943 года партызаны штурмам бралі Бялынічы, і Уладзімір Іваноў знішчыў у баі дзве машыны і каля дваццаці гітлераўцаў. Наогул за час вайны мужны партызан падарваў пяць эшалонаў і ліквідаваў вялікую колькасць фашыстаў. За свае подзвігі ён быў ушанаваны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі» і «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені.

Дзядуля начальніка аддзела судова-гісталагічных экспертыз упраўлення Наталлі Карманавай Павел Канстанцінавіч Патапаў у 1943 годзе ў складзе трэцяга атрада партызанскага палка займаўся дыверсійнай дзейнасцю на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. А з чэрвеня 1944 года ён ужо ваяваў у дзеючай арміі ў якасці сувязіста-тэлефаніста 882-й стралковай роты — наводзіў і выпраўляў лініі сувязі паміж штабам палка і стралковымі батальёнамі. У раёне плацдарма ракі Нараў ён 30 разоў аднаўляў пад мінамётным дажджом сувязь камандавання з батальёнамі, за што атрымаў медаль «За адвагу». Нашчадкі беражліва захоўваюць дакументы і шматлікія ўзнагароды героя, сярод якіх ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені, медалі «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў». За вызваленне польскіх гарадоў Астраленка і Аславец Павел Патапаў атрымаў падзяку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Іван Іванавіч Рудакоўскі, дзед супрацоўніка ДКСЭ Максіма Ласякова, нават прыпісаў сабе паўгода, каб трапіць на фронт. Ваяваў мінамётчыкам 771-га стралковага палка 137-й стралковай дывізіі 48-й арміі 2-га Беларускага фронту. Аднойчы пры наступленні Чырвонай Арміі ён абясшкодзіў нямецкі дот, здолеўшы непрыкметна падпаўзці да яго і закінуць гранату ў амбразуру. Баявы шлях ветэрана адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ і І ступеняў, медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў».

У начальніка ўпраўлення спецыяльных экспертыз Ігара Чэрствага шмат франтавікоў і па мацярынскай, і па бацькоўскай лініі. Дзед Аляксей Гаўрылавіч Лісіцын прайшоў усю вайну ад пачатку да канца, удзельнічаў у кровапралітных баях на Волхаўскім фронце, пры вызваленні Ноўгарада. За гераізм у баях на тэрыторыі Прыбалтыкі быў узнагароджаны медалём «За адвагу», а за баі па вызваленні Чэхіі атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Сярод яго ўзнагарод таксама ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў», а таксама дзве падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Дзед старшага эксперта Бабруйскага міжраённага аддзела ДКСЭ Дзяніса Гаваракі — Георгій Уладзіміравіч Гаварака — да таго як трапіў у дзеючую армію, паспеў паваяваць у партызанах. Чатыры разы быў ранены ў баях, за свае подзвігі двойчы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны ІІ і І ступеняў і медалём «За адвагу».

Начальнік Касцюковіцкага міжраённага аддзела ДКСЭ Арцём Стажкоў ганарыцца адначасова і дзедам, і прадзедам. Прадзед Мікіта Макаравіч Стажкоў спачатку таксама партызаніў, а потым ваяваў у дзеючай арміі бранябойшчыкам. У адным з баёў у чэрвені 1944-га вынес з поля бою параненага камандзіра. За свае дзеянні атрымаў медаль «За адвагу». Але да Перамогі не дажыў — загінуў у студзені 1945-га. Затое дзед, Аляксей Аляксандравіч Гараінаў, дайшоў да Берліна. У студзені 1945 года пры выкананні баявога задання па дастаўцы абсталявання для сувязі старшага лейтэнанта Гараінава параніла. Але ён адмовіўся ад шпіталізацыі і працягваў камандаваць сваім падраздзяленнем. За гэты подзвіг ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Сярод баявых узнагарод Аляксея Гараінава таксама медалі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна» і «За баявыя заслугі».

А вось дзядуля і бабуля галоўнага спецыяліста ўпраўлення каардынацыі службовай дзейнасці Алены Гарчак нават сустрэліся на вайне. Танкавая дывізія, у якой служыў Іван Балуеў, трапіла падчас абарончых баёў у Магілёўскі кацёл. На акупаванай тэрыторыі танкіст далучыўся да атрада партызан Канстанціна Белавусава. Менавіта там ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Куліковай — яна служыла сувязной. Іван Балуеў за свае баявыя подзвігі ўшанаваны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, а таксама медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені. Жонка яго, дарэчы, таксама атрымала ўзнагароду — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

Ёсць кім ганарыцца і медыцынскаму рэгістратару сектара судова-псіхіятрычных экспертыз Бабруйскага міжраённага аддзела ДКСЭ Марыне Гразневай. Яе дзед Аркадзь Канстанцінавіч Шумілаў у якасці сувязнога дайшоў да Берліна. Расказваў унучцы, як мёрз з таварышамі ў акопах, як пасля бою рабілі пераклічку і смуткавалі па загінулых таварышах, як плакалі і цалавалі лісты ад родных. Аркадзь Канстанцінавіч вярнуўся з вайны з ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і іншымі ўзнагародамі.

— Як высветлілася, яшчэ шмат у каго з нашых супрацоўнікаў ёсць што расказаць пра сваіх гераічных дзядоў і прадзедаў. І мы абавязкова працягнем гэты праект, — кажа Ірына Рачкоўская. — Магчыма, яго фармат крыху зменіцца, але мы павінны захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэта той матэрыял, які яскрава сведчыць пра гераізм нашага народа. Важна, што гэтыя героі вайны — не нейкія невядомыя нам асобы, а жыхары або ўраджэнцы нашай вобласці, нашы дзядулі і бабулі. Яны набліжалі Перамогу, а цяпер іх унукі сталі афіцэрамі і працуюць на карысць сваёй Радзімы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.