Вы тут

З пачатку года ў краіне патануў 71 чалавек


З пачатку года ў краіне патануў 71 чалавек, з якіх 21 быў у алкагольным ці наркатычным ап'яненні. Выратаваны 31 чалавек, у тым ліку чатыры непаўналетнія. Папярэджана аб правілах паводзін на вадзе больш за 2,5 тысячы чалавек. Пра гэта расказаў старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» (АСВОД) Анвар ІГАМБЯРДЗІЕЎ.


— Калі летась за гэты перыяд часу ў краіне загінула шэсць дзяцей, то сёлета — ніводнага. Большасць выпадкаў смерцяў ад утаплення — гэта падзенні ў ваду. Так у гэтым годзе загінула 38 чалавек, або 53,5 працэнта. На рыбалцы — 22 чалавекі, або 31 працэнт. Таксама павялічылася колькасць пацярпелых у ванных: толькі ў Магілёве такіх пяць, па краіне — восем, што складае 11 працэнтаў ад ўсіх выпадкаў. Дарэчы, летась была самая нізкая лічба загінулых у краіне за апошнія 40 гадоў — 364, з іх 24 непаўналетнія.

Усяго ў Беларусі 423 абсталяваныя пляжы, з якіх у Брэсцкай вобласці — 104, Віцебскай — 54, Гомельскай — 49, Гродзенскай — 47, Мінскай — 105, Магілёўскай — 43. З іх атрымалі дазвол на работу 347 аб'ектаў. З-за эпідэміялагічнай абстаноўкі сёлета чакаецца павелічэнне колькасці тых, хто адпачывае каля вады, адзначыў выканаўца абавязкаў начальніка аддзела рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службы АСВОД Алег БАРАЗНА.

— Таму важна выбіраць для гэтага тыя месцы, дзе знаходзяцца ратавальнікі, або тыя, што размешчаны максімальна блізка да выратавальных службаў. У АСВОД 66 выратавальных станцый і 147 выратавальных пастоў па краіне, з іх 39 сезонных і 110 пастаянных. Падчас знаходжання ў вадзе трэба выкарыстоўваць якасныя надзіманыя камізэлькі, каб засцерагчы сябе і трымацца на воднай паверхні ўпэўнена. А таксама не варта заплываць на вялікую глыбіню, бо шмат няшчасных выпадкаў адбываецца менавіта з тымі, хто пераацэньвае свае магчымасці. І самае галоўнае — удзяляйце максімальную ўвагу непаўналетнім.

За парушэнне правіл паводзін на вадзе прадугледжаны штраф да трох базавых велічынь.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв'ю: media.price.ua

Загаловак у газеце: Вада ліхасці не даруе

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».