Вы тут

Галоўнае — не панікаваць. Нагадваюць магілёўскія медыкі, якія змагаюцца супраць COVІD-19


Калі бальніцы, дзе лечаць каранавірусных хворых, можна ўмоўна назваць сёння перадавой, то служба хуткай дапамогі або паліклініка — гэта наогул міннае поле. Там людзі працуюць з нябачным ворагам, нават не ўяўляючы сабе, дзе ён прытаіўся. Нашы сённяшнія гераіні — якраз з іх ліку.


Ганна Аўчыннікава з кіроўцам Васілём Дзенісенкавым.

Ганна Аўчыннікава — фельчар падстанцыі № 5 Магілёўскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Прыйшла сюды працаваць шэсць гадоў таму пасля магілёўскага медкаледжа. Выязджае самастойна і ў складзе брыгады на аказанне дапамогі жыхарам абласнога цэнтра і Магілёўскага раёна: мерае ціск, праводзіць неабходную дыягностыку і ставіць папярэдні дыягназ.

— Першыя падазраваныя на COVІD-19 з'явіліся ў канцы сакавіка, — згадвае суразмоўніца. — Яны паведамлялі, што прыехалі з краін, дзе ўжо быў каранавірус. Знешне нічым ад класічных хворых на ВРВІ не адрозніваліся. Тэмпература, ненадакучлівы кашаль. Мы надзявалі касцюмы ўзмоцненай абароны, бахілы, нарукаўнікі, фартухі, рэспіратары, акуляры, пальчаткі і ехалі. Наогул людзі рэагуюць на новую хваробу па-рознаму: у кагосьці спалох, у кагосьці слёзы, нехта сябе абвінавачвае ў тым, што заразіўся, а вось у кантактаў першага ўзроўню часцей за ўсё бывае гнеў — злуюцца, што іх, магчыма, заразілі. Але хвароба не выбірае, нікога вінаваціць не трэба. Тым больш што хворыя сапраўды пакутуюць, лічаць сябе нейкім злом для астатніх, баяцца, што не выйдуць з бальніцы. Такіх трэба яшчэ і супакоіць. Тут усё — справа выпадку. Мы ездзім у аўтобусе, ходзім у краму і не ведаем, хто побач. Нездарма прыдумалі сацыяльную дыстанцыю. Я заўсёды яе выконваю, і бацькоў прымушаю насіць маскі і пальчаткі.

Суразмоўніца ўдакладняе, што машыны, у якіх перавозяць інфіцыраваных, апрацоўваюцца і герметызуюцца, каб не было ўцечкі віруса ў кабіну кіроўцы або на вуліцу. Пасля кожнага такога хворага машына цалкам апрацоўваецца дэзынфіцыруючымі сродкамі.

На дзяжурстве Ганна суткі праз двое. Бывала, што па 12 гадзін даводзілася вазіць выключна «кавідных» пацыентаў. Адзявалася ў супрацьчумны касцюм, завозіла хворага, пераапраналася, праходзіла дэзапрацоўку, апраналася па новай і зноў ехала. За красавік, удакладняе, вывезла 40 «кавідных» пацыентаў.

— На «хуткай» наогул страху быць не павінна, — кажа дзяўчына. — А калі працуеш ва ўмовах пандэміі — гэта як на вайне. Толькі праціўнік у нас нябачны. Зайшла, убачыла спалоханыя вочы пацыента, супакоіла, апытала — і паехалі. Даводзілася вывозіць цэлыя сем'і разам з дзецьмі. Малыя глядзяць на нас, як на іншапланецян, ім цікава. А вось дарослыя пакутуюць, не ведаюць, дзе гэтую заразу падхапілі. Кажуць, што хадзілі ў масках і пальчатках, але гэтага не праверыш. Некаторыя проста падстрахоўваюцца.

Дзяўчына жыве разам з бацькамі, але, кажа, яны бачаць яе толькі, калі яна спіць. Вельмі стамляецца. Але нельга сказаць, што раней жыццё было прасцейшае: і тады хапала людзей з пнеўманіямі і тэмпературай, былі нават успышкі свінога грыпу. І ўсё абышлося.

Па характары Ганна дамасед, таму абмежаванні пераносіць дастаткова лёгка. На вуліцу лішні раз стараецца не выходзіць, толькі па неабходнасці — у краму, напрыклад. Але адпачынак на моры давядзецца адкласці да лепшых часоў, уздыхае яна. Нават калі граніцы адкрыюцца, нельга рызыкаваць. Менш стала бачыцца з бабуляй, якая жыве таксама ў Магілёве, але што рабіць — гэта неабходнасць.

Ганна вельмі ўдзячна ўсім, хто сёння іх падтрымлівае ў рабоце. «Мяса & Лаваш» прывозіла медыкам абеды, «Пармезан» частаваў піцамі, «Тандыр» пірагамі, мясакамбінат перадаваў сваю прадукцыю. Бясплатна падкормлівае брыгады медыцынскай дапамогі «МакДональс»: калі яны бачаць, што пад'язджае машына з крыжам на борце, — выдаюць на ўсю брыгаду бульбу фры, каву і піражкі. Крама «Green», што на вуліцы Астроўскага, рэгулярна робіць на сваю прадукцыю зніжкі ад 25 да 50 % для ўсіх медработнікаў — трэба толькі паказаць даведку з работы і пашпарт.

А нядаўна дзяўчына атрымала адчувальную прыбаўку да зарплаты за работу з «кавіднымі» пацыентамі. Кажа, што было вельмі прыемна глядзець у разліковы лісток. Але доўга думаць, на што патраціць грошы, не стала — цалкам аддала іх сваім бацькам на рамонт кватэры.

Аксана Казакова заклікае беларусаў не выпрабоўваць свой імунітэт.

Урач агульнай практыкі Цэнтральнай паліклінікі Магілёва Аксана Казакова ўжо трэці месяц працуе ў рэжыме павышанай небяспекі. Першы «кавідны» пацыент быў зусім нядаўна — у красавіку. Але пра яго дыягназ урач даведалася не адразу.

— Дапамога спатрэбілася жанчыне, якая хварэла на бранхіяльную астму, у яе пачалося абвастрэнне, — расказвае яна. — Выклік быў звычайны, і я хадзіла да яе ў звычайным касцюме, праўда, з маскай, у акулярах, пальчатках. А праз два дні стан жанчыны пагоршыўся, і яе шпіталізавалі. Хутка стала вядома, што ў яе COVІD-19. Усяго на тым тыдні ў мяне адбылося 4 кантакты з такімі хворымі, але самаізаляцыя не спатрэбілася — мазок на COVІD-19 быў адмоўны. Мы заўсёды ідзём як кантакты другога ўзроўню, таму што працуем ў абароне.

Урачы паліклінікі сёння знаходзяцца ў «бруднай» і «чыстай» зонах па графіку. У «бруднай» прыём вядзецца выключна ў спецыяльнай экіпіроўцы.

— Там мы прымаем пацыентаў з тэмпературай, прыкметамі прастуды, — удакладняе Аксана Рыгораўна. — Цяпер нам прывезлі экспрэс-тэсты, і на 8-10-ы дзень захворвання зможам правяраць, ці хварэе чалавек на COVІD-19: бярэш кроў з вены і праз пяць хвілін ведаеш. На ПЦР мы ўсіх агулам не адпраўляем, толькі па паказаннях.

Работа медыкаў заўсёды звязана з рызыкай. Працаваць даводзіцца з рознымі пацыентамі, у тым ліку хворымі на ВІЧ, гепатыт. Як пазбегнуць небяспекі заразіцца? Напрыклад, сёння людзі, каб не захварэць, вельмі шырока карыстаюцца народнымі сродкамі: прымаюць вітамін C, ядуць імбір і нават нюхаюць гарэлку — ёсць і такі ролік у інтэрнэце. Наконт гэтага Аксана Казакова заклікае не ісці на рызыку, бо шкоды арганізму можна прынесці больш, чым карысці. Пары гарэлкі могуць уздзейнічаць на ліпідную абалонку віруса, на гэтым грунтуецца дзеянне антысептыкаў, якімі мы апрацоўваем паверхні, — але гэта эфектыўна толькі да таго часу, пакуль вірус не ўкараніўся ў клетку. А вось імунітэт трэба ўмацоўваць. У гэтым дапамогуць прагулкі на свежым паветры, умераныя фізічныя нагрузкі, збалансаванае і рэгулярнае харчаванне, а таксама настрой. Але залішне выпрабоўваць свой імунітэт не трэба.

— Сама лішні раз не выходжу з хаты, а калі трэба зайсці ў краму, надзяваю маску і пальчаткі, каб не падвяргаць людзей рызыцы, — кажа ўрач. — Да «кавідных» пацыентаў і кантактаў першага ўзроўню ходзім выключна ў супрацьчумных касцюмах, а проста на выклік — у масцы, пальчатках, са шчытком. Людзі вельмі добразычлівыя, спачуваюць нам.

Аксана Казакова прызнаецца, што шмат чаго давялося змяніць у жыцці. Асабліва балюча пераносіцца самаізаляцыя ад дзяцей, якім 5 і 12 гадоў. Яна з мужам не бачыла іх ужо з канца лютага. Дзеці жывуць зараз з бацькамі Аксаны і таксама сумуюць. А яшчэ давялося адмовіцца ад паездак, прагулак, паходаў. І вельмі хочацца ў адпачынак на мора.

За фактычна адпрацаваны ў шкодных умовах час жанчына атрымала даплату. Яна яшчэ не ведае, як ёй распарадзіцца. «Магчыма, куплю сабе потым якую-небудзь прыгожую сукенку і, калі ўсё скончыцца, пайду ў ёй у кавярню, — марыць Аксана.— Трэба ж гэта будзе неяк адзначыць».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіваў Ганны Аўчыннікавай і Аксаны Казаковай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.