Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Страшна чуць ад асобных «герояў», што яны гатовыя ўсё паўтарыць...»

Сённяшняя моладзь ведае пра вайну толькі з фільмаў, кніг ды ўспамінаў, дзе самыя каштоўныя — ад тых, хто яе перажыў.

Мая мама расказвала, што калі пачалася вайна, хлопцы з іх вёскі стварылі падпольную арганізацыю. Пачыналі з таго, што па ўсёй акрузе збіралі звесткі аб колькасці варожай тэхнікі, аб перамяшчэннях немцаў і перадавалі партызанам.

У самой вёсцы, як згадвала мама, немцаў не было — хіба што наездамі, затое хапала паліцаяў, якія стараліся выслужыцца перад новымі гаспадарамі. І таму, калі з часам падпольшчыкі пайшлі ў партызаны, гэтыя паслугачы як з ланцуга сарваліся: з кожнай такой вось сям'і некага забіралі для адпраўкі ў Нямеччыну. Колькі ж слёз тады пралілося! З мамай ды іншымі развітваліся назаўсёды, бо не чакалі, што вернуцца.

Усіх адабраных, адарваных ад родных, павезлі спачатку ў Казлоўшчыну, затым у Слонім, дзе, як тую скаціну, пазганялі ў вагоны для перавозкі жывёлы. Тым, хто сядзеў ля сцяны, дыхаць было хоць трохі лягчэй. Ды і нешта ўбачыць можна было — праз шчыліну.

Спыняўся цягнік рэдка. Людзей кармілі, абы не памерлі з голаду. Не хапала нават вады. А ўрэшце выгрузілі каля нейкага нямецкага мястэчка і далей пагналі пешшу. Пасялілі — рускіх, украінцаў, беларусаў (у кожнага з'явіўся свой парадкавы нумар) — у баракі за калючым дротам...

Працавала мама, як і яе сябры па няшчасці, на ваенным заводзе, пад зямлёй, у некалькі змен па дванаццаць гадзін. І днём хоць адчыняліся дзверы, таму дыхалася лягчэй, а вось ноччу ўсё было зачынена з мэтай маскіроўкі...

Сама ж праца была арганізавана так: нявольнікі сядзелі за доўгім канвеерам, па якім «паўзлі» снарады (у іх насыпалася ўзрыўчатка) і гранаты (там да шоўкавых нітак у ручках прымацоўвалася, як мама казала, невялікая пацерка, неабходная для таго, каб граната ўзарвалася).

За работай і рабочымі вельмі пільна сачылі пажылыя немцы і немкі.

Але нават у такіх умовах дзяўчаты прымудраліся шкодзіць ворагам: у снарады недасыпалі пораху, ручкі гранат проста закручвалі, а тыя «пацеркі» хавалі ў кішэнях, а пасля кідалі ва ўнітаз.

Гэта было вельмі небяспечна, бо нявольнікаў білі ўжо за тое, што не спадабаўся позірк, за ўсмешку, за малейшую затрымку на канвееры... Усіх там называлі «русішэ швайнэ». Да таго ж зімой снарады паступалі такімі халоднымі, што на іх быў іней.

Мама тады прымарозіла пальцы і пасля ўсё жыццё баялася нават невялікага холаду ў рукі.

Кармілі ў лагеры дрэнна: на суткі давалі міску баланды і кавалачак хлеба. У нядзелю не кармілі зусім. Тады выручалі хіба тыя кавалачкі, якія нявольнікі прыхоўвалі ў набітыя стружкамі матрасы, нават у брудную бялізну.

Мама ўспамінала, як адзін бюргер выкінуў бочку сапсаваных селядцоў. І хоць пахлі яны, мякка кажучы, дрэнна, на гэта ніхто не зважаў — ежа!..

А неяк перад Вялікаднем нявольнікі ўбачылі, што на харчовым складзе выбіта акно. Зазірнулі ў яго і ўбачылі кучу гародніны. Адна дзяўчына перагнулася да яе цераз «падаконне» (іншыя трымалі яе за ногі) і стала вонкі выкідваць буракі. Такім чынам назаўтра ў палонных быў Вялікдзень!

...Вайна прыбліжалася да Германіі. З усходу наступалі савецкія салдаты, з захаду — войскі саюзнікаў. Часта грымелі выбухі, выла сірэна, якая папярэджвала аб паветраным налёце. Немцы тады кідалі работу і хаваліся ў бункеры, а нашы — з надзеяй пазіралі ў неба...

Неяк пасля чарговай начной бамбёжкі яны не пачулі прывычнай сірэны, якая збірала іх на работу, не ўбачылі немцаў. Самі пайшлі туды, дзе ўчора яшчэ быў завод, а цяпер — хіба вялізныя яміны... Усе зразумелі, што прыйшла свабода: абдымаліся, смяяліся, плакалі ад шчасця, што дажылі!..

Хутка да лагера на машынах пад'ехалі салдаты ў незнаёмай форме. Яны таксама весяліліся, пакрысе, каб не пашкодзіла, давалі нявольнікам ежу...

Праз нейкі час іх перавезлі ў перасыльнае месца збору, адтуль — на машынах — на Радзіму.

...Цяпер здараецца часам пачуць ад асобных «герояў», што яны гатовыя ваяваць і яшчэ раз усё паўтарыць.

Не, я ўпэўнена, толькі не гэта.

Людміла Лапата, настаўніца гісторыі, Дзятлаўскі раён


Класныя кіраўнікі патрэбны не толькі ў школах

І сапраўды: няма часам парадку на асобных прадпрыемствах, ва ўстановах ды арганізацыях. А потым прыходзіць новы кіраўнік і...

Прыклад з жыцця? Калі ласка.

Дарожна-будаўнічае ўпраўленне ў нашым райцэнтры доўгі час існавала чыста намінальна — не ладзіліся там справы. Колькасць працуючых — 36 чалавек, матэрыяльная база — амаль на нулі, гаражы і майстэрня — у прыстасаваных памяшканнях, кантора — у будынку былога клуба...

Памятаю, як мой былы вучань Валодзя Колесень пры сустрэчы «пахваліўся»: маўляў, прапануюць яму ўзначаліць гэту арганізацыю.

З аднаго боку, я жахнулася: ці справіцца, ці пацягне гэты малады чалавек воз найцяжэйшых праблем? (ДБУ на той час было самай адсталай арганізацыяй у раёне...) А з іншага — я ведала гэтага чалавека з самага маленства. Рос ён у шматдзетнай сялянскай сям'і, з хутара за некалькі вёрстаў бегаў у нашу Капланецкую школу, дзе вылучаўся рэдкай акуратнасцю і дысцыплінай.

Пасля службы ў войску хлопец працаваў шафёрам, механікам па транспарце торфабрыкетнага завода, галоўным механікам, завочна вучыўся ў дарожна-будаўнічым тэхнікуме, у тэхналагічным інстытуце... Разумны, працавіты, адукаваны, ён павінен быў справіцца.

З першых дзён, наколькі ведаю, малады кіраўнік вельмі сур'ёзна ўзяўся за справу: падабраў каманду аднадумцаў, наладзіў дысцыпліну, пачаў будаваць асфальтавыя заводы ў Васілеўшчыне, потым у Марціянаўцы, Градзянцы. Наяўнасць будаўнічых матэрыялаў дазваляла нарошчваць аб'ёмы работ, уводзіць у эксплуатацыю дарогі мясцовага значэння. Аднак асноўным аб'ектам, можна сказаць, тварам арганізацыі сталі 50 кіламетраў аўтатрасы Мінск—Магілёў, па якой заўсёды прыемна ехаць.

...А паралельна з развіццём матэрыяльнай базы ішло сацыяльнае: сем'і дарожнікаў адсвяткавалі наваселле ў 24-кватэрным доме, потым — у 10 аднакватэрных. У прадпрыемства з'явілася свая база для сапраўднага адпачынку — з магчымасцю рыбалкі, з лазняй, більярдам...

Аднак найперш — аб'ёмы работ і заробкі. Яны цяпер складаюць у сярэднім больш за 1100 рублёў у месяц, а таму не дзіва, што трымаюцца людзі за сваё ДБУ-31, ганарацца, што яго кіраўнік адзначаны званнем «Ганаровы дарожнік» і медалём «За працоўныя заслугі».

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён


Помнік любові і вернасці

Сталічны Купалаўскі парк, які некалі паўстаў на месцы разбуранага вайной жылога квартала, я ведаю да драбніц. І ўсё ж, праходзячы па алеях, час ад часу раблю нейкія адкрыцці.

...Маімі добрымі суседзямі былі сужэнцы Рыма і Уладзіслаў. Яна — карэнная масквічка, дачка «ворага народа». І тым не менш, нягледзячы на гэта, здолела паступіць у інстытут, старалася атрымаць вышэйшую адукацыю...

У Беларусь яна прыязджала на практыку і тады ж, як казала, назаўжды ўлюбілася ў гэты край: менавіта сюды папрасілася на работу пры размеркаванні.

Уладзя на той час быў студэнтам політэхнічнага інстытута, на суботніках прыбіраў тэрыторыю будучага Купалаўскага парка, садзіў дрэвы. Такім чынам яны абое апынуліся ў адным месцы і ў адзін час — пазнаёміліся, што, дарэчы, Рыму зусім не здзівіла, бо яе — прыгожую, усмешлівую, добразычлівую — хлопцы не абміналі сваёй увагай. Але ж варта было пачуць, што яе бацька «вораг народа», — дзе што дзявалася: кавалеры палохаліся і адразу ж адступалі ўбок.

Хіба Уладзя нічога не збаяўся...

Яны пажаніліся і вельмі добра, дружна жылі, працавалі, гадавалі дзяцей, а потым...

Ужо будучы на пенсіі, Рыма цяжка захварэла. І тады яе муж пакінуў досыць высокую і адказную пасаду — стаў даглядаць жонку.

...У памяці, як вазіў яе на працэдуры. Разам з некім з дзяцей, на калясцы, хворую спускалі на першы паверх, з ліфта на насілках выносілі да «хуткай», дзе яна адразу ж клалася на бок, крыху падбірала пад сябе ногі, сухенькія рукі клала пад галаву. Гэтая сцэна паўтаралася кожны раз.

Дык вось, калі праз цэнтральны ўваход зайсці ў Купалаўскі парк і збочыць улева, то проста спынішся перад адной авангарднай скульптурай. Называецца яна «Дзіця ў калысцы». Гэта — для ўсіх. Для мяне ж там... Рыма, якая ляжыць, падабраўшы ногі і паклаўшы рукі ля твару.

А над ёю, захінаючы ад непагоды, узвышаюцца шаты дрэў. Дрэў, якія некалі, у далёкія гады маладосці, пасадзіў яе Уладзя.

А. Балошка, г. Мінск


Застаўся хіба абеліск

Сваякі Якуба Якаўлевіча Грынчука звярнуліся некалі ў ваенны архіў з просьбай паведаміць, якія ўрадавыя ўзнагароды меў загінулы...

Адказ з Падольска прыйшоў досыць хутка. Пра ўзнагароды ў ім, праўда, ні слова не было, але ж паведамлялася, што загінуў сваяк 7 студзеня 1945 года, што пахаваны ў вёсцы Янова Рыпінскага павета Варшаўскага ваяводства Польшчы.

Нарадзіўся Якуб Грынчук у вёсцы Грынкі на Слонімшчыне, вучыўся на слесара ў школе фабрычна-заводскага навучання, а калі немцы занялі Беларусь, стаў партызанскім сувязным: працуючы на чыгуначным пераездзе, адсочваў перамяшчэнні варожых эшалонаў, аж пакуль камандаванне не паклікала яго ў атрад...

Ужо адтуль Якуб Грынчук добраахвотна падаўся ў разведчыкі, стаў дапамагаць Чырвонай Арміі і польскім сябрам у вызваленні Польшчы.

...Група іх 25 жніўня 1944 года ўдала прызямлілася і стала дзейнічаць сумесна з канспірацыйнай арганізацыяй Рыпінскага павета, а 7 студзеня 1945-га Якуб Грынчук нарваўся на варожую засаду. Яго акружылі і тады, падпусціўшы немцаў бліжэй, ён узарваў гранату.

У 1973 годзе сваякі разведчыка пабывалі на месцы гібелі Якуба Грынчука. Сустракалі слонімцаў кветкамі і гарачымі абдымкамі. На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі партыйных арганізацый, мясцовых улад, Генеральны консул СССР у Гданьску Пётр Шарыкін, многа людзей. Яноўскай школе тады прысвоілі імя разведчыка, адкрылі мемарыяльную шыльду.

Цэлы тыдзень сваякі героя гасцілі ў Польшчы: пазнаёміліся з павятовым Рыпінам, пабывалі ў мясцовай сельскай гаспадарцы, былі жаданымі гасцямі ў былога сланімчаніна Станіслава Засімовіча, які працаваў павятовым школьным інспектарам, атрымалі шмат памятных падарункаў, у тым ліку — фотаальбом, прысвечаны памяці разведчыка.

...Якраз яго мне паказала нядаўна Клаўдзія Канстанцінаўна Каральчук, пляменніца Якуба Грынчука. А заадно спытала: «Цікава, ці захоўваецца цяпер памяць пра дзядзьку?»

Гэтае пытанне я адрасаваў гісторыкам з Польшчы і пачуў, што школа ў Янове ўжо не носіць імя разведчыка, няма на ёй і мемарыяльнай шыльды. Застаўся толькі абеліск.

Сяргей ЧЫГРЫН, г. Слонім

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».