Вы тут

У барацьбе з каранавiрусам камунальнiкам Магiлёўскай вобласцi дапамагаюць звычайныя жыхары


Кiрыл Дарашэнка адзiн з такiх энтузiястаў. Прычым вельмi актыўны. Паспеў запалiць сваiм прыкладам яшчэ некалькi дзясяткаў магiляўчан. Цэнтр гарадскiх iнiцыятыў, актывiстам якога ён з'яўляецца, арганiзаваў чэлендж, i да добрай справы далучылася каля 70 паслядоўнiкаў. Зараз у сацыяльных сетках хапае здымкаў, як па тым цi iншым адрасе нехта апрацоўвае камунальную нерухомасць. Але ў адрозненне ад iншых памочнiкаў, якiя абмяжоўваюцца адной акцыяй або адным домам, дзе жывуць самi, Кiрыл Дарашэнка паспявае штодзённа рабiць дэзынфекцыю ў адзiнаццацi (!) шматпавярховiках i на шасцi дзiцячых пляцоўках.


Фота Цэнтра гарадскiх iнiцыятыў.

— Усё пачалося месяц таму, — расказвае добраахвотнiк. — Прачытаў аб'яву, якую павесiла ЖЭУ № 2 з паведамленнем, што ў сувязi са складанай эпiдсiтуацыяй пад'езды будуць апрацоўвацца двойчы ў дзень, i адразу зразумеў, што гэта нерэальна. I ў больш спрыяльныя часы дворнiкаў не хапала. У мяне самога фiрма, якая займаецца дэзынфекцыяй, дэзынсекцыяй, дэратызацыяй — змагаемся з мiкробамi, пацукамi, насякомымi. Усё неабходнае абсталяванне ў мяне было, хiмiя таксама. Я патэлефанаваў у ЖЭУ i прапанаваў дапамогу. Начальнiк адгукнуўся хутка, праз гадзiну ён ужо стаяў пад пад'ездам са спiсам дамоў, двароў, якiя пажадана было б апрацоўваць, i яшчэ прывёў з сабой начальнiка суседняга ЖЭУ, якi таксама меў патрэбу ў такiх добраахвотнiках. Праўда, я адразу ж растлумачыў, што мяне на ўсе ЖЭУ не хопiць.

Каб зразумець маштабы работы Кiрыла, уявiце сабе цэлы жылы квартал. У першы дзень, каб абысцi ўвесь вялiкi ўчастак, яму спатрэбiлася сем (!) гадзiн. Гэта цяпер, калi ён ужо ўвайшоў у рытм, яго сталi пазнаваць жыхары i загадзя адчыняць дзверы пад'ездаў, хапае пяцi гадзiн. I самае дзiўнае, яго гэта справа не напружвае. Больш за тое, ён адну з дзiцячых пляцовак апрацоўвае па сваёй iнiцыятыве. Яна знаходзiцца на балансе прыватнай жыллёва-камунальнай кампанii, але Кiрыл бачыць, што ёй нiхто не займаецца, а дзецi гуляюць там пастаянна.

Пакуль прадпрымальнiк карыстаецца выключна сродкамi, якiя купляе за свой кошт. Набывае балоны для апырсквання, якiя, дарэчы, ляцяць вельмi хутка. Мяняе картрыджы ў рэспiратары, выкарыстоўвае ўласны касцюм, якi ўжо за больш чым месяц эксплуатацыi даволi-такi знасiўся, ахвяруе сваiм вольным часам.

— Па хiмii мяне хопiць яшчэ дзён на пяць, максiмум, — кажа ён. — У сярэднiм на апрацоўку майго ўчастка iдзе 50 лiтраў прэпарату расiйскай вытворчасцi, якi прызначаны для апрацоўкi розных аб'ектаў, у тым лiку дзiцячых пляцовак. Там пазначана, што ён эфектыўны супраць свiнога i птушынага грыпу. Расiяне цяпер гэты дэзсродак не пастаўляюць, i ў Мiнску мне яго ўжо не адпускаюць. Буду браць у ЖЭУ. Касцюм мыю, цырую, пальчаткi i картрыджы яшчэ ёсць, новы балон нядаўна купiў, яшчэ працуе. Трэба будзе, яшчэ куплю. Але спыняцца не збiраюся, буду працаваць да знiжэння напалу эпiдабстаноўкi. У мяне ёсць вопыт, абсталяванне. Раблю гэта не дзеля рэкламы, так мяне мацi выхавала. Цэнтр гарадскiх iнiцыятыў мяне маральна падтрымлiвае i распаўсюджвае мой вопыт. Пакуль нiчога iншага мне i не трэба.

На сваiм участку Кiрыл — асоба ўжо вельмi папулярная. Калi спачатку фатаграфавалi i спалохана пыталiся: у нас што, «карона»? — цяпер здалёк вiтаюць, адразу ж адкрываюць дзверы пад'ездаў, некаторыя нават гарбату прапануюць. Асаблiва добра ставяцца да свайго валанцёра бабулькi, некаторыя нават просяць кватэру апрацаваць. А маладыя мацi ўдзячныя, што клапоцяцца пра iх дзяцей, — цяпер вулiчнае абсталяванне для гульнi бяспечнае. Кiрыл з усмешкай прыгадвае выпадак, калi маладая жанчына высунулася з акна, каб крыкнуць яму «дзякуй». Прыемна, калi тваю работу заўважаюць.

Тое, што вiрус небяспечны, Дарашэнка дакладна ведае.

— Калi пачынаў, думаў, што тут больш панiкi, але цяпер, калi гэта закранула маiх блiзкiх, сумненнi скончылiся, — кажа суразмоўнiк. — Людзi ўжо псiхалагiчна стамiлiся, пачалi расслабляцца, а гэта небяспечна. Пакуль статыстыка Мiнiстэрства аховы здароўя не будзе зведзена да нуля, усе меры важныя: i маскi, i апрацоўка, i дыстанцыяванне. Як можна разнявольвацца, калi кожны дзень прырост пад тысячу? А вось што мяне па-сапраўднаму радуе, дык гэта тое, што бяда з'яднала беларусаў. Вакол столькi прыкладаў сапраўднага гераiзму. Гэта паказвае, што мы народ спагадлiвы, калi трэба, збяромся i дапаможам. Людзi на фоне гэтай навалы згуртавалiся i дэманструюць усяму свету сваю салiдарнасць.

Фота аб'яднання «ЖКГ Магiлёўскай вобласцi»

У тэму

Як растлумачылi ў дзяржаўным аб'яднаннi «ЖКГ Магiлёўскай вобласцi», з мэтай папярэджання завозу i распаўсюджвання каранавiруснай iнфекцыi covid-19, жыллёва-камунальнымi арганiзацыямi вобласцi штодзённа праводзiцца дэзынфекцыя ў месцах агульнага карыстання шматкватэрных жылых дамоў i iнтэрнатаў з улiкам перыядычнасцi, зацверджанай Магiлёўскiм аблвыканкамам i галоўным дзяржаўным санiтарным урачом Магiлёўскай вобласцi. У дамах апрацоўваюцца паверхнi дамафонаў, дзвярныя ручкi, кнопкi лiфтаў, парэнчы, паштовыя скрынi. Вiльготная прыборка з выкарыстаннем дэзынфекцыйных сродкаў месцаў агульнага карыстання шматкватэрных жылых дамоў ажыццяўляецца двойчы на тыдзень.

— Пачыналi з таго, што першыя дэзсродкi i сродкi iндывiдуальнай аховы куплялi за кошт прадпрыемства, — удакладняе намеснiк начальнiка аддзела ЖРЭУ Ленiнскага раёна Магiлёва Юрый Цырульнiкаў. — Потым нам выдзелiлi 50 тысяч рублёў з бюджэту. На гэтыя грошы закуплены дадатковыя дэзсродкi i сродкi iндывiдуальнай аховы. Прыцягваем для апрацоўкi пад'ездаў i вулiчнага абсталявання рабочых па комплекснай прыборцы i ўтрыманнi домаўладанняў. У сярэднiм задзейнiчаны 150 чалавек.

Аналагiчная работа арганiзаваная ў Кастрычнiцкiм раёне Магiлёва, а таксама Бабруйску, райцэнтрах i iншых населеных пунктах вобласцi.

На Магiлёўшчыне таксама праводзiцца дэзынфекцыя вулiц, тратуараў, дзiцячых пляцовак i iншых аб'ектаў вулiчна-дарожнай сеткi. Штодня арганiзацыямi жыллёва-камунальнай гаспадаркi вобласцi робяцца справаздачы аб праведзенай рабоце.

Да ведама

Абавязковыя пакватэрныя абыходы ў Магiлёўскай вобласцi часова адменены. Адзiная падстава для наведвання — аварыйная сiтуацыя.

— Выконваюцца толькi тыя работы, якiя датычацца бяспечнага пражывання грамадзян, — удакладняе начальнiк аддзела ПТА ЖРЭУ Кастрычнiцкага раёна Сяргей Ермачонак. — Сёння людзi, калi i выклiкаюць, то для вырашэння нейкiх праблем па месцах агульнага карыстання.

У Магiлёўскiм абласным цэнтры iнфармацыйных сiстэм растлумачылi, што складаныя санiтарна-эпiдэмiялагiчныя ўмовы яшчэ не падстава эканомiць на камунальных паслугах. Барацьба з неплацельшчыкамi працягваецца. Для работнiкаў, якiя вымушаныя наведваць неплацельшчыкаў, набыты iндывiдуальныя сродкi аховы.

Кампетэнтна

Валерый Малашка, намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама:

— Роля штаба па мiнiмiзацыi рызыкi распаўсюджвання каранавiруса — гэта штодзённы аналiз сiтуацыi, якая складваецца па кавiд-iнфекцыi ў рэгiёне, вылучэнне праблемных зон i маментальнае вырашэнне тых цi iншых сiтуацый. Мы сёння праводзiм жорсткае расследаванне па кожным выпадку, i гэта эфектыўна. Практычна 73 % пацверджанай кавiд-iнфекцыi — гэта ў кантактаў 1-га i 2-га ўзроўняў. Гэтыя асобы знаходзяцца ў самаiзаляцыi, а тыя, якiя маюць прыкметы вiруснай iнфекцыi або пнеўманii, — у стацыянарах. Гэта дае магчымасць мiнiмiзаваць наступствы.

Што датычыцца камунальных службаў, то перад iмi стаiць задача прафiлактыкi распаўсюджвання iнфекцыi. Таму на ўзроўнi старшынi аблвыканкама прыняты цэлы шэраг рашэнняў, ёсць комплексны план мерапрыемстваў, якому падпарадкоўваюцца не толькi дзяржаўныя ўстановы i прадпрыемствы, але i суб'екты прыватнай формы ўласнасцi. Але ў справе задзейнiчаны не толькi камунальныя службы, але i органы ўнутраных спраў, мытнiкi, iншыя службы. УУС вядзе кантроль за самаiзаляванымi. Такiх у нас на 13 мая было каля шасці тысяч чалавек. Плюс мы адсочваем успышкавыя захворваннi. Штодзённа прапрацоўваем усе неабходныя тэхналогii, забяспечваем сродкамi аховы, ствараем дадатковыя кiслародныя пункты ва ўстановах аховы здароўя, размяжоўваем у палiклiнiках i бальнiцах «брудныя» i «чыстыя» зоны. А яшчэ мы захоўваем досыць хуткае тэсцiраванне, што таксама дае нам магчымасць аператыўна рэагаваць i своечасова прымяняць супрацьэпiдэмiчныя меры. Зараз у вобласцi працуе чатыры дыягнастычныя лабараторыi.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Загаловак у газеце: Чэлендж супраць «кароны»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?