26 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Што лiтаратурны музей Петруся Броўкi паказаў на вiртуальнай «Ночы музеяў»?


Мiжнародны дзень i Ноч музеяў сёлета  —  адна з нешматлiкiх культурных акцый, якiя ў Беларусi вырашылi не пераносiць i не адмяняць, але адаптаваць да цяперашнiх рэалiй. Тыя музеi, бiблiятэкi i выставачныя пляцоўкi, якiм дазваляюць плошчы цi ўмовы, 16 — 18 мая запрашалi наведаць экспазiцыi асабiста  —  бясплатна цi за адносна невялiкую плату, але абсалютная большасць музейных устаноў правяла свята за зачыненымi дзвярыма, цалкам у вiртуальнай прасторы  —  праз анлайн-квэсты i экскурсii, стрымы з экспазiцыйных залаў i запаснiкаў, трансляцыi ў сацыяльных сетках i на YouTube-каналах.


Карэспандэнты «Звязды» падгледзелi, як рыхтавалiся да «Ночы музеяў — 2020» у лiтаратурным музеi Петруся Броўкi — фiлiяле Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры.

 —  Мы разумелi, што не можам прапусцiць гэтае свята, якое ўсе музейшчыкi вельмi любяць, таму нават не разглядалi пытанне перанесцi акцыю на восень, ды і невядома, што там будзе, — сустракае нас у ахоўнай амунiцыi загадчыца фiлiяла Наталля МIЗОН. — Вырашылi максiмальна прытрымлiвацца музейнай мiсii: не прыдумляць пiяр-акцыi, а паказаць менавiта тое, што мы сабой уяўляем, якiя мы ёсць.

Адчуваючы сябе Магамедам, да якога не iдзе гара, каманда музея Петруся Броўкi прапанавала сваiм заўсёднiкам i выпадковым гасцям 16 мая застацца там, дзе яны пачуваюцца бяспечна i зручна, i прыйшла да ахвотных сама. Зразумела, не з пустымi рукамi, а з анлайн-праектам «Двайковы код», што ўключаў экскурсii (у сацсетках i на YouTube) па пастаяннай экспазiцыi i часовай выстаўцы, лiтаратурную сустрэчу з Васiлём Дранько-Майсюком, якi расказаў у ZOOM пра беларускiх аўтараў-экспрэсiянiстаў мiнулага стагоддзя, а таксама некалькi новых iдэй.

Напрыклад, Вольга Уладыка, натхнiўшыся штодзённай работай у музейным асяродку i паездкамi на радзiму паэта ва Ушаччыну, адлюстравала свае пачуццi ў малюнках — iх назбiралася на асобную выстаўку «Музейная iмпрэсiя». А Дарыя Карчашкiна сфатаграфавала... музейныя рукi — што i як яны робяць. Але, мабыць, найбольш цiкавай стала прэзентацыя «Калi не цяпер, то праз 100 гадоў», якую правяла Наталля Мiзон.

 —  У мяне спачатку была iдэя паказаць своеасаблiвую кнiгу рэкордаў музея — самую вялiкую карцiну, самы цяжкi прадмет, самы маленькi i гэтай далей, — прызнаецца Наталля Аляксандраўна. — Але дзяўчаты, якiя працуюць з фондамi, прапанавалi iншае — расказаць пра прадметы, у якiх амаль няма шанцаў быць выстаўленымi на якой-небудзь экспазiцыi проста таму, што мы пра iх нiчога не ведаем.

Сярод гэтых прадметаў — высушаны гранат, нiбы маракас, у якiм грукоча зерне. Адмыслова яго высушылi ў сям'i Пятра Броўкi цi проста забылiся з'есцi, невядома. Альбо белая сава, якая «сядзела» цi то на шпяньку, цi на асадцы або алоўку. Керамiчнае кашпо, якiм вiдавочна не карысталiся. Мiнi-падушка — магчыма, жонка Пятра Усцiнавiча скарыстоўвала яе для iголак, а магчыма, з нейкай iншай мэтай. Альбо вось накрыўка ад графiна — яна не падыходзiць нi да аднаго з сямi графiнаў, што ёсць у калекцыi музея. Паўлiнава пяро — адкуль яно прывезенае цi кiм падоранае? Цi вось сувенiрная рыбiна, зробленая з казiнага цi каровiнага рога, — у свой час такiя сувенiры былi даволi папулярныя ў СССР, але адкуль менавiта гэты трапiў да паэта, пакуль што не ўстаноўлена. Шкляны каўпачок, знойдзены ўнутры iншага прадмета — прывезенага са Славакii мядзведзя, якi складаецца з дзвюх палавiнак.

— Я была практычна ўпэўненая, што гэта адна з формаў медыцынскiх банек, пералапацiла «Гугл» i ўсе даступныя крынiцы, але нiчога падобнага не знайшла, — расказвае дырэктар музея.

 —  А вы абвясцiце сярод наведвальнiкаў конкурс на лепшы варыянт тлумачэння, адкуль узялiся i для чаго выкарыстоўвалiся гэтыя рэчы, — прапануем мы.

— Дарэчы, неблагая iдэя, — пагаджаецца Наталля Мiзон, — магчыма, хтосьцi будзе больш дасведчаны за мяне i раскажа падрабязнасцi альбо прыдумае цiкавыя гiсторыi пра гэтыя рэчы.

Сярод iншых музейных артэфактаў нам паказваюць два патэфоны: адзiн — чырвоны i блiскуча-прыгожы, хоць ты яго зараз у кiно альбо рэтраклiпе здымай (дарэчы, i здымаюць), другi ўтойвае цiкавую пласцiнку — калi джаз у Савецкiм Саюзе быў пад забаронай, нелегальныя копii рабiлi на рэнтгенаўскiх плёнках, i гэта якраз адзiн з такiх запiсаў, на якiм бачны чыесьцi рэбры.

— Гэты патэфон быў у адным з тых 17 чамаданаў асабiстых рэчаў, якiя ў 2016 годзе перадаў нам Юрый Пятровiч, сын Петруся Броўкi, — згадваюць супрацоўнiкi музея.

Каля 20 чамаданаў, мiж iншым, таксама сталi часткай экспазiцыi — на часовай выстаўцы «З мiсiяй — у падарожжа», якая расказвае пра шматлiкiя вандроўкi пiсьменнiка, акадэмiка i ўдзельнiка многiх дэлегацый афiцыйных асоб i дзеячаў культуры СССР. Пятрусь Броўка аб'ездзiў мноства краiн сацыялiстычнага i капiталiстычнага лагеру, i амаль з кожнага падарожжа прывозiў штосьцi цiкавае — нататкі, вершы i ўражаннi для новых кнiг, падарункi для блiзкiх i сяброў, незвычайныя сувенiры. Вось, напрыклад, на памяць пра Швецыю пiсьменнiк прывёз дзiўны тэрмометр-ключ (1950-я гады), з Балгарыi — набор для ракii (1968), з ГДР — капялюш-трылбi i брытву, якая «спявае» (1949) — нямецкая фабрыка Bonsawerk вырабляла такiя з высакаякаснага сплаву, таму лязо пры галеннi гучала цiхiм прыемным шолахам, было ўпрыгожана гравiроўкай «Лiсце i лаза» i пазначана канкрэтным лiчбавым нумарам.

— З паездкi ў ЗША на 14-ю сесiю Генеральнай асамблеi ААН пiсьменнiк прывёз, акрамя думкi, што толькi тады нацыя можа лiчыцца нацыяй, калi мае ўласныя сцяг, герб, буквар i энцыклапедыю (менавiта пад яго кiраўнiцтвам, нагадаем, была падрыхтавана першая нацыянальная дванаццацiтомная Беларуская савецкая энцыклапедыя. — «Зв».), таксама элегантныя замшавыя туфлi Citation для жонкi Алены, — расказваюць супрацоўнiкi лiтаратурнага музея. — А ў Францыi для яе ж Пётр Усцiнавiч набыў стылёвыя акуляры — мiж iншым, сёння акуляры той самай фiрмы Frame France носiць Лэдзi Гага, аднак калi ў наш час гэта вiнтаж, то паўстагоддзя таму — самы модны пiск.

Вось iмправiзаваны чамадан-падарожнiк — прыкладна такi набор з усiм неабходным, ад акуляраў да сталовых прыбораў i праса, мог браць з сабою Пятрусь Броўка ў чарговую паездку. Асобнае месца на выстаўцы займае памятка для ўдзельнiкаў савецкай дэлегацыi на Кангрэсе за раззбраенне i мiжнароднае супрацоўнiцтва, што праходзiў у Стакгольме ў 1958-м, — «неабходна прыняць усе меры да таго, каб былi выкрытыя сцвярджэннi пра тое, што Савецкi Саюз нiбыта не хоча гэтага кантролю (над раззбраеннем. — «Зв».)»...

—  А вось паглядзiце, якi цiкавы пiнжак, — звяртае нашу ўвагу Наталля Мiзон, — гэта прататып смокiнга. Такiя ўвайшлi ва ўжытак у другой палове XIX стагоддзя дзякуючы прэм'ер-мiнiстру Вялiкабрытанii Бенджамiну Дызраэлi i называлiся «пiнжакамi для палення» — функцыя iх была ў тым, каб воўна паглынула пах тытуню, а попел лёгка злятаў з атласных лацканаў i манжэт. Пятрусь Броўка скарыстоўваў гэты пiнжак проста як дамашнi халат, а да яго мы падабралi некаторыя iншыя рэчы, каб паспрабаваць уявiць, якiм класiк мог быць у нефармальнай абстаноўцы.

Паказалi нам i прадметы, з якiх, магчыма, усё ж будзе складзена кнiга рэкордаў музея, — самая вялiкая карцiна, партрэт Петруся Броўкi аўтарства Уладзiмiра Гардзiенкi (памер карцiны — 180х160 см, з улiкам рамы вышэй за чалавечы рост); самы цяжкi экспанат, радыёла вагой 40 кiлаграмаў, самая старая ўваходная група — мэбля даваеннага часу, дзе яшчэ вiдаць чырвоны аксамiт... Усяго ж на сёння ў фондах — паспрабуйце ўявiць — каля 25 тысяч прадметаў. А гэта значыць, што можна не абмяжоўвацца адной Ноччу музеяў, каб адкрыць для сябе Броўку з розных бакоў — пакуль што вiртуальна (усе праекты будуць дасяжныя на анлайн-платформах), а потым непасрэдна ў музейнай прасторы — на радзiме паэта ва Ушацкiм раёне цi ў доме на Карла Маркса, 30, дзе амаль 30 гадоў жыў народны паэт Беларусi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Ноч зачыненых дзвярэй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.