Вы тут

Хрысціна Высоцкая: Эксперыментатарам сябе назваць не магу


Хрысціна Высоцкая — адна з самых вядомых прадстаўніц маладога пакалення творцаў, хто працуе ў кірунку мастацкага тэкстылю. Мастачка валодае рознымі тэхнікамі, разважае на філасофскія тэмы, да таго ж дзеліцца сваімі ведамі са студэнтамі Акадэміі мастацтваў, дзе выкладае ўжо некалькі гадоў. Пра тое, як у мастацкім тэкстылі адрозніваць сучасны падыход ад традыцыйнага і чаму насценны тэкстыль паступова трансфармаваўся ў аб'ёмны, Хрысціна Высоцкая расказала карэспандэнту «ЛіМа».


— Хрысціна, вас у Беларусі ведаюць як таленавітага аўтара, які працуе з мастацкім тэкстылем. Чаму менавіта гэты кірунак? Што прывабіла ў ім?

— Першапачаткова з тэкстылем звязваць сваё жыццё не планавала. У мяне заўсёды было шмат інтарэсаў, бацькі таксама стараліся займацца маім развіццём: я хадзіла ў школу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Займалася музыкай, керамікай, роспісам па дрэве, саломкай. Заўсёды ведала, што буду маляваць, шыць, але ніколі не думала, што гэтыя захапленні перарастуць у прафесію.

Напэўна, стаць мастаком — гэта была мара. З узростам я ўсё ж такі вырашыла яе рэалізоўваць, а не сядзець склаўшы рукі. Спачатку ўсё было абстрактна: не разумела, як і што рабіць, што для гэтага трэба. Мне ўвесь час хацелася знаходзіцца ў стане творчасці.

Не ўсе ўхвалялі мой выбар. Але ў адзінаццатым класе я ўсё ж такі вырашыла, што буду паступаць у Акадэмію мастацтваў. І гэтае рашэнне таксама было абстрактнае, бо я не мела сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў гэтай галіне. Хтосьці прыходзіць, напрыклад, са школы Ахрэмчыка і з самага пачатку разумее, што да чаго. А ў мяне разумення не было.

Калі выбірала кірунак, ведала, што не буду паступаць на мастацкі факультэт: планка вельмі высокая. А мая выкладчыца, у якой займалася ў школе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, настройвала мяне на паступленне менавіта ў сваім кірунку. Я разумела, што керамікай займацца не хачу, прываблівала нешта новае. З тэкстылем раней не працавала, але з’явілася адчуванне, што будзе цікава. Мадэляванне таксама не цікавіла: не адчувала, што гэта маё. Усё круцілася вакол тэкстылю.

Пайшла на курсы ў акадэмію. Выкладаў у нас Павел Бондар — называю яго сваім першым настаўнікам па тэкстылі. Ён адразу выклікаў прыхільнасць да сябе. Некаторыя казалі, што я не змагу, а ён дапамог паверыць у свае здольнасці. І ўжо ведала, што, калі не атрымаецца з першага разу, абавязкова буду спрабаваць другі ці трэці. У выніку ўсё склалася — паступіла.

Калі пачалася вучоба, адчула, як мне падабаецца працаваць з тэкстылем, зразумела, наколькі гэта незвычайны кірунак. З кожным годам усё больш паглыбляюся ў свет тэкстылю, знаходжу новыя грані творчасці.

— У наш час жывапіс і скульптура больш папулярныя, чым тэкстыль. Але, калі глядзець глабальна, што, на ваш погляд, можа прыцягнуць: трансляцыя праблематыкі ці разважанне над вечнымі тэмамі?

— Цяпер праблему можна пратрансліраваць праз любы кірунак. Неабавязкова тэкстыль, кераміка або метал. Галоўнае — фантазія і асоба мастака, які і ўздымае пэўную праблему.

Мне ў тэкстылі вельмі падабаецца працаваць з колерам, фактурамі. У жывапісе не заўсёды можна дамагчыся такога маштабнага эфекту. Я, дарэчы, займаюся не толькі тэкстылем, люблю жывапіс, пішу акварэллю і алеем. Летам выбіраю час, калі алеем пішу шмат. Мне падабаецца пераключацца.

Тэкстыль у Беларусі як кірунак пакуль не надта папулярны. Але нам усё роўна ёсць, што паказаць. Канкурэнцыя не такая, як у той жа графіцы. Мне здаецца, ім часам у сваім свеце нават цеснавата. А ў тэкстылі ёсць вялікае поле, каб разгуляцца. Калі працягнем развівацца, кірунак стрэліць.

— У тэкстылі вы працуеце як у традыцыйнай, так і сучаснай тэхніцы. Раскажыце, у чым іх адрозненне?

— Традыцыйныя тэхнікі прадстаўлены ў нязменным выглядзе. Напрыклад, гладкатканы габелен, які ткуць у аднудзве ніткі. У палатно не ўводзяцца іншыя матэрыялы. Гэта класіка. А вось калі на рамізным станку закладваюцца ўзоры, гэта ўжо нетрадыцыйны падыход да традыцыйнага. Атрымліваецца баланс.

Я падтрымліваю гэты баланс. Сучасны тэкстыль у Заходняй Еўропе, Амерыцы ці Японіі — краінах, дзе ён развіты, вызначаюць як пэўную філасофію валакна, самога працэсу перапляцення. Напрыклад, нетэкстыльным лазерам на матэрыяле нешта выразаюць, а потым зверху вышываюць пластыкавай стужкай. Атрымліваецца, што праца быццам не звязана з тэкстылем, але карані мастацкай мовы такія ж. Часам аўтары трансліруюць пэўныя пазіцыі. Нядаўна на трыенале ў Польшчы я ўбачыла цікавую працу. Мясцовы аўтар паказала дыван з экашкла, на якім быў выразаны малюнак. Пліта атрымалася напаўпразрыстай, а пад ёй размясцілі пыл, змяшаны з пяском, абрэзкамі газет. Гэта метафара паддыванных гульняў. Мастак вельмі цікава абыграў задумку.

Сёння тэкстыль больш дапамагае зразумець філасофію мовы тканіны, але ўжо праз сучасны падыход, новыя матэрыялы. Мае скульптуры створаны з класічных матэрыялаў: ваўняная, баваўняная пража. Працуючы з такімі матэрыяламі, я раблю аб’ёмныя формы. Пакрыху ўводжу пластык, магнітныя стужкі. Але эксперыментатарам сябе назваць не магу.

Аб’ёмная скульптура з’яўляецца базісам для далейшага развіцця мастацкага тэкстылю. Ад функцыі ўбрання інтэр’ера тэкстыль паступова пераходзіць у катэгорыю выставачнага плана. Мне з формай працаваць прыемна і цікава. Калі прадумвала дыплом, захацелася, каб гэта была аб’ёмная скульптура.

Таксама падабаецца працаваць з колерам, сумяшчаць цёплае з халодным, падабаецца эфект гармоніі і дысбалансу. У  маёй апошняй рабоце «Стварэнне Евы» знешняя агранка нябесна-блакітнага колеру, а ўнутры каралавая. Мне падабаецца рабіць скульптуры скразныя, каб чыталіся і ўнутраная, і знешняя часткі. Люблю гуляць з рознымі колерамі і фактурамі.

— А якія тэмы ў творчасці цікавыя найбольш?

— У маіх работах часта можна ўбачыць сінтэз мінулага і сучаснасці. Гэта асабістыя перажыванні, звязаныя з жыццёвым вопытам, вандраваннямі. Падабаецца пераасэнсоўваць тое, што было пражыта. Магчыма, гэта эгаістычны падыход, але ў ім шмат шчырасці. Тэмы ў мяне розныя, але вельмі люблю разважаць пра дзявочы лёс, шукаць эмоцыі.

Мяне натхняюць новыя гарады і архітэктура. Прыязджаеш, напрыклад, у Амстэрдам альбо Рым, а там нават паветра іншае. Хочацца гэта перадаць. А вось у тэкстыльных скульптурах развіваю больш філасофскія думкі, запазычаныя з кніг, напрыклад, бясконцасць Сусвету. У мінулым годзе шмат працавала над біблейскай тэматыкай.

— Ці можна сказаць, што школа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларусі дастаткова развітая? Якія настаўнікі паўплывалі на ваша станаўленне як мастака?

— Нашы аўтары вельмі прывязаныя да традыцыі. І гэта добра. Звычайна я кажу, што для аўтараў-тэкстыльшчыкаў традыцыя — вялікае энергетычнае поле. У нас да сённяшняга дня вельмі моцны манументальны габелен, каля вытокаў якога ў нашай краіне стаяў Аляксандр Кішчанка. А работы сучасных аўтараў — водгалас таго перыяду. У нас папулярны гладкі габелен, але ўжо як арт-аб’ект. Зараз гэта не посцілка для ложка, а экспанат для выставачных прастор.

Часам мне здаецца, што тэкстыльны кірунак у Беларусі знаходзіцца ў статычным стане. Не магу назваць гэта застоем, проста ёсць адчуванне, што ў нашай справе была праведзена нябачная рыса, за якую нельга выходзіць.

У Беларусі некалькі школ мастацкага тэкстылю. У адкрытую пра гэта ніхто не заяўляе, але такая сітуацыя існуе. Ёсць школы Акадэміі мастацтваў, Інстытута культуры, Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. У кожнай з іх падыход да тэкстылю розны. Тое, што робім мы ў акадэміі, рухаецца ў кірунку эксперымента, пошуку іншых моў праз матэрыял. У Інстытуце культуры больш прывязваюцца да традыцыі і працягу культурных напрацовак. У Віцебску адукацыйны працэс накіраваны на мікс традыцыйнага і сучаснага. Там шмат эксперыментуюць, але адразу ж заўважна, што іх школа на тую ж школу Акадэміі мастацтваў не падобная: яны больш працуюць з  фактурамі, паверхняй палатна, займаюцца аплікацыямі.

Як я ўжо казала, на маё станаўленне ў тэкстылі паўплываў Павел Бондар. Гэта быў першы чалавек, з якім я пачала працаваць у акадэміі. Усе чатыры гады выкладання ён натхняў. Адна справа — калі ты ўжо разумееш, як трэба працаваць, у якім кірунку, іншая — калі для цябе ўсё новае. Ён нам з першага курса гаварыў пра эксперымент, што трэба спрабаваць сумяшчаць матэрыялы, не баяцца думаць нестандартна.

Таксама я вельмі ўдзячная Маргарыце Шчамялёвай. Яна шмат дапамагла зразумець у колеры, пошуку глыбіні ў  матэрыяле. На сваіх занятках заўсёды вучыла развіваць ідэю. Бывала, прынясеш ёй эскізы, а яна толькі з чацвёртага разу іх прыме, калі дапрацуеш.

Зрабіла ў маё прафесійнае развіццё свой унёсак і мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. Я з другога курса дапамагала ёй з тэкстыльнымі пленэрамі і сама ў іх удзельнічала. Дзякуючы ёй паглядзела, як працуе выставачная кухня, як збіраецца экспазіцыя. Калі скончыла акадэмію і пачала працаваць на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на мяне адразу ж усклалі абавязак курыраваць выстаўкі кафедры. І вопыт, набыты ў сумеснай рабоце з Ларысай Давідаўнай, вельмі прыдаўся.

— Што, на ваш погляд, сёння больш перспектыўна: быць свабодным мастаком ці знаходзіцца ў прафесійным асяродку, выкладаць? Як вы самі сталі выкладчыцай?

— Складана адказаць на гэтае пытанне, таму што вольным мастаком я пакуль не была. У акадэміі пачала выкладаць па размеркаванні. Спачатку працавала, таму што трэба было, а потым спадабалася. Першы год даводзілася цяжка: курсы, у якіх я вяла, памяталі мяне яшчэ студэнткай — стаўленне было не самае добразычлівае. Усе ж мастакі, усе з амбіцыямі. А потым я сябе зарэкамендавала і больш не сутыкалася з шаблонным успрыманнем. У працы са студэнтамі падабаецца не ставіць сябе над імі, а ўспрымаць як калег.

— Ці ёсць у вас пэўная стратэгія выкладання?

Я чалавек імправізацыі. Заўсёды кіруюся абставінамі. Звычайна стараюся выклікаць прыхільнасць да сябе, каб працавалася камфортна. У працэсе мне цікава праводзіць са студэнтамі мазгавыя штурмы, дапамагаць ім прымаць рашэнні. Стратэгіі як такой няма. Але ёсць пазіцыя: падчас працы абмяркоўваць у  групе ідэі адкрыта. Вельмі не люблю, калі ў калектыве пануе атмасфера жорсткай канкурэнцыі, нядобразычлівасці. Таму заўсёды імкнуся ўзаемадзейнічаць са студэнтамі адкрыта.

— Ці ёсць сёння цікавасць у абітурыентаў да мастацкага тэкстылю?

— Цікавасць больш заключаецца ў  магчымасці пераходу ад арт-аб’екта ў дызайн. Калі я вучылася, мы аддавалі перавагу мастацкасці. Апошнім часам у  праграму пачалі ўводзіць больш дызайнерскіх пазіцый: тыя ж арнаменты, праца ў камп’ютарных праграмах. Гэта сёння запатрабавана.

Тэкстыль можна аднесці як да артаб’ектаў у інтэр’еры, так і да дызайну таго ж інтэр'еру, адзення. Шмат мікранапрамкаў, таму трэба навучыцца выбіраць сваю нішу. Мы, выкладчыкі, сваім студэнтам гэтыя напрамкі паказваем і дапамагаем вызначыцца.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.