Вы тут

Агракамбiнат «Зара» ўмацоўвае харчовую бяспеку краiны


Адна з перадавых гаспадарак Магiлёўскай вобласцi ЗАТ «Агракамбiнат «Зара» паспявае ўмацоўваць харчовую бяспеку краiны i дапамагаць медыкам.

Прыклады дабрачыннасцi ў барацьбе з каварным вiрусам працягваюцца. У добрай справе ўдзельнiчаюць не толькi валанцёры, бiзнесмены, сацработнiкi, дэпутаты, але i прадстаўнiкi сельскай гаспадаркi. Трэба аддаць iм належнае: у разгары палявыя работы, а яны знаходзяць i сiлы, i сродкi, каб займацца дабрачыннасцю. Штодзень яны перадаюць Магiлёўскай бальнiцы № 1 сто бясплатных комплексных абедаў.


Таццяна Паддубская, Юлiя Давыдава, Хрысцiна Зарыдзэ, Марыя Вараб'ёва, Жанна Уласава, Ала Ярашэвiч: «Гатуем з задавальненнем».

Iнiцыятарам акцыi стала генеральны дырэктар ЗАТ Кацярына Зароўская. Калектыў яе падтрымаў. Усе разумеюць, як сёння цяжка ўрачам — некаторыя з iх суткамi не выходзяць з бальнiцы, не бачацца з роднымi.

— З тым, што трэба дапамагаць, адразу ж пагадзiлiся ўсе, думалi толькi спачатку — як? — кажа Таццяна Дзякава, намеснiк генеральнага дырэктара ЗАТ «Зара» па якасцi. — У гаспадаркi ёсць свой швейны цэх, але шыць маскi для ўрачоў можа кожны. Мы iмi забяспечваем свой гандаль. А медыкам вырашылi дапамагаць абедамi. Кацярына Зароўская дамовiлася з галоўным урачом бальнiцы наконт таго, як будзем узаемадзейнiчаць. Стравы адрасаваныя менавiта тым урачам, якiя працуюць з «кавiднымi» пацыентамi. 100 штодзённых абедаў за месяц у сярэднiм абыходзяцца нам крыху болей чым у 70 тысяч рублёў. Але што гэта ў параўнаннi з тым, што робяць для нас медыкi? У нас ёсць куды накiраваць грошы, але дапамога бальнiцы — на сённяшнi дзень галоўнае. На ўсё астатняе заробiм — было б здароўе.

Да акцыi далучылася iндывiдуальны прадпрымальнiк Раiса Навуменка, якая працуе ў Рэчках. Праз гаспадарку яна перадала медыкам ваду, газiраваныя напоi, гарбату, каву. Свой ўнёсак у добрую справу робiць аграфiрма «Кадзiна», дзе «Зара» бярэ агароднiну для сваёй акцыi. Гаспадарка дае вялiкую знiжку на прадукцыю.

Не засталося ўбаку i ААТ «Белпрамтара», у якога агракамбiнат купляе кардонныя скрынi для бясплатных абедаў — адпускае тавар, лiчы, за сiмвалiчны кошт. У гэтую тару работнiкi сталоўкi аграгаспадаркi складваюць ёмiстасцi з супамi i ланч-боксы з гарачымi стравамi i салатамi, а таксама выпечку i хлеб уласнай вытворчасцi. Мясная прадукцыя, дарэчы, выключна «зароўская», аграгаспадарка займаецца вырошчваннем i перапрацоўкай птушкi, свiнiны i ялавiчыны.

— Дагавор аб бязвыплатнай дапамозе ў нас з бальнiцай быў заключаны спачатку на месяц, а цяпер мы гэты тэрмiн працягнулi, — удакладняе Таццяна Анатолеўна. — I будзем дапамагаць да знiжэння эпiдсiтуацыi. Усе работнiкi такое рашэнне падтрымалi аднагалосна. Мы лiчым, што гэта вельмi малая частка таго, што мы можам зрабiць сёння для медработнiкаў. Любую навалу прасцей пераадолець праз дабрыню i чалавечнасць. Менавiта ў гэтым сiла.

Аб'ёмы павялiчылi ў тры разы

Прадукцыя з мяса птушкi, свiнiны i ялавiчыны ад шматпрофiльнай гаспадаркi «Зара» карыстаецца нязменным попытам у спажыўцоў. А абеды, што гатуюць у тутэйшай сталоўцы, здольныя падняць настрой i падмацаваць нават зусiм страчаныя сiлы. У сярэднiм кухары агракамбiната гатавалi для сваiх работнiкаў 60 порцый гарачых абедаў, а цяпер аб'ёмы павялiчылiся амаль у тры разы. «Але магутнасцяў хапае», — супакойвае загадчыца сталоўкi Таццяна Паддубская.

Таццяна Паддубская, Юлiя Давыдава, Хрысцiна Зарыдзэ, Ала Ярашэвiч, Жанна Уласава, Марыя Вараб'ёва, Людмiла Iсаева — гэта тая каманда, якая штодзённа на сваiх рабочых месцах ужо з сямi гадзiн ранiцы, каб паспець накармiць гарачымi абедамi ўсiх — i сваiх работнiкаў, i медыкаў. Усе сем чалавек на кухнi ўзаемазамяняльныя. Нехта варыць суп, хтосьцi смажыць мяса, iншы гатуе салат. Кухары i кухонныя рабочыя працуюць выключна ў спецадзеннi. Кухня ў сталоўцы — гэта тая ж аперацыйная, тут усё павiнна быць стэрыльна. «Пальчаткi, маскi, аднаразовыя галаўныя ўборы — дысцыплiна перш за ўсё», — кажа загадчыца сталоўкi.

Працуем з натхненнем

Летась тут быў зроблены грандыёзны рамонт.

— Пасля яго кухню было не пазнаць, — кажа загадчыца. — На ўзбраеннi ў нас найлепшае кухоннае абсталяванне — параканвектамат, мармiт для падагрэву страў, розныя электрычныя прыстасаваннi для нарэзкi прадуктаў. Закуплена новая мэбля для абедзеннай залы. Ад старой сталоўкi засталася толькi шыкоўная карцiна з мазаiкi на ўсю сцяну. Гiсторыю яе стварэння ўжо нiхто дакладна i не ведае. Зроблена яна была, мяркуючы па надпiсе, у 1980 годзе.

— Гэта цяпер наша фотазона, — смяюцца дзяўчаты i з задавальненнем пазiруюць на фоне маляўнiчага пейзажа з аленямi. Абеды ўжо звараныя i ўпакаваныя, можна на хвiлiну прыпынiцца i перавесцi дыханне.

За дастаўку абедаў у бальнiцу адказны кiроўца Канстанцiн Навуменка. Ён павiнен быць там а палове на першую. Акрамя гэтага, Канстанцiн развозiць абеды для работнiкаў аграгаспадаркi, якiя таксама снедаюць без адрыву ад вытворчасцi.

На кухнi тым часам наводзiцца парадак i робяцца нарыхтоўкi на заўтра. I, як прызнаюцца работнiцы сталоўкi, стомленасцi няма. Наадварот, прыемна, калi твая работа прыносiць камусьцi задавальненне. Таццяна Паддубская згадвае, як нядаўна заглянула ў госцi да сяброўкi i пазнаёмiлася з урачом Магiлёўскай бальнiцы № 1. «Калi яна даведалася, дзе я працую, вельмi дзякавала. «Вы ж нас так смачна кормiце», — сказала яна. Было вельмi прыемна пачуць гэтыя словы. Пасля такога хочацца працаваць з падвоенай сiлай. Мы ж сапраўды стараемся, каб стравы былi i смачныя, i разнастайныя. А калi нашу працу яшчэ i ацэньваюць, гэта сапраўды натхняе», — рэзюмуе суразмоўнiца.

Нэлi ЗIГУЛЯ, Магiлёўскi раён

Загаловак у газеце: I сеюць, i кормяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?