Вы тут

У вёсцы пад Магілёвам паветра часта пахне фармальдэгiдам


Пытаннi, якiя турбуюць жыхароў Магiлёўскай i Вiцебскай абласцей, будуць уважлiва разгледжаны.


Хоць на дварэ быў буднi дзень, тэлефон прамой пятнiчнай лiнii не змаўкаў. Памочнiк Прэзiдэнта — iнспектар па Магiлёўскай вобласцi Аляксандр Субоцiн выслухаў у гэты дзень 24 жыхароў Магiлёўскай i Вiцебскай абласцей. Таццяна Рыгораўна, напрыклад, патэлефанавала з Оршы. Жанчына паскардзiлася, што да вёскi ў Шклоўскiм раёне, дзе яна мае дом, стала не дабрацца. У сувязi з каранавiрусам адменены рэйсы аўтобусаў Вiцебск—Бабруйск i Полацк—Гомель. Няма прамога рэйса i са Шклова. Даводзiцца дабiрацца 5-7 кiламетраў пешшу. Падчас прамой лiнii прадстаўнiк «Магiлёўаблтранса» паабяцаў разгледзець варыянт арганiзацыi маршрута са Шклова, бо на мiжгароднiх рэйсах на 50 % упалi аб'ёмы перавозак i перавозчыкi не жадаюць цярпець страты.

Пра тое, што пачаўся дачны сезон, сведчыла мноства зваротаў наконт дарожнага пакрыцця. Толькi за паўгадзiны заяўнiкi з Магiлёўскага раёна тройчы прасiлi зрабiць асфальт у населеных пунктах, дзе яны маюць нерухомасць.

Па дапамогу звярнулася жыхарка Быхава, якая з 70-х гадоў мiнулага стагоддзя жыве ў бараку пасляваеннага перыяду пабудовы. У доме працякае дах, але ўлады, кажа яна, слаба рэагуюць. Часовыя рамонты не ратуюць — дах як цёк, так i цячэ.

Жыхары дома па бульвары Непакораных з Магiлёва трапiлi ў непрыемную сiтуацыю. Жыллёва-камунальная арганiзацыя, якая iх абслугоўвае, зрабiла, як сцвярджаецца, без згоды жыльцоў рамонт у пад'ездзе. Мала таго што людзей не задавальняе яго якасць, дык яшчэ з iх пачалi ўтрымлiваць грошы. Па словах прадстаўнiкоў аблвыканкама, якiя бралi ўдзел у рабоце прамой лiнii, ужо паступаюць падобныя скаргi i з iншых дамоў, якiя абслугоўвае гэтая арганiзацыя.

Не абышлося i без набалелага пытання наконт прадпрыемстваў СЭЗ «Магiлёў», якiя знаходзяцца побач з аграгарадком Вейна i вёскай Навасёлкi ў Магiлёўскiм раёне. Жыхар Навасёлак паскардзiўся, што ў паветры часта пахне фармальдэгiдам i перыядычна чуваць шум ад працуючага абсталявання. Ён нагадаў, што прадпрыемствы абяцалi ўстанавiць прыборы аўтаматычнага кантролю, каб гэтыя моманты фiксавалiся.

Фота: yandex.net

Заяўнiкаў таксама хвалявалi пытаннi наконт зарплаты, узаконьвання зямельных участкаў, зносу дрэў пад паркоўку i iншыя. Жыхарка Кiраўскага раёна паскардзiлася на парушэннi, з якiмi працуе прыватнае прадпрыемства па суседстве з яе домам. Сярод асноўных прэтэнзiй — пастаянныя выкiды забруджвальных сродкаў у атмасферу, шумная работа абсталявання.

Усе пытаннi ўзятыя на кантроль i прынятыя да разгляду. «Не заўсёды людзi, якiя звяртаюцца па дапамогу, кажуць праўду, — адзначыў напрыканцы прамой лiнii Аляксандр Субоцiн. — Не сакрэт, што ёсць катэгорыя грамадзян, якая скардзiцца прафесiйна i не раз. Але ёсць людзi, што рэальна чакаюць дапамогi, часам iх па той цi iншай прычыне не чуюць. Таму мы да кожнага з 24 чалавек, якiя патэлефанавалi на прамую лiнiю, дойдзем, дэталёва вывучым iх праблемы, i, чым зможа, дзяржава iм дапаможа». Дарэчы, гэта была першая прамая лiнiя, якую Аляксандр Субоцiн правёў на пасадзе памочнiка Прэзiдэнта — iнспектара па Магiлёўскай вобласцi.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Загаловак у газеце: Ад дарог да прыбораў аўтаматычнага кантролю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».