Вы тут

Дзядам і прадзедам — зямны паклон


Беларусы з розных краін і ва ўмовах пандэміі каранавіруса выяўляюць свае патрыятычныя пачуцці, увасабляюць у вершах і малюнках памяць пра вайну і Вялікую Перамогу


Матэа дэ Грандзіс

На сувязі з рэдакцыяй — кіраўнікі беларускіх суполак з замежжа. Віншуюць супрацоўнікаў “ГР”, усіх супляменнікаў з Днём Перамогі, дасылаюць весткі пра свой удзел у святах. А ўраджэнка Оршы, кіраўніца Культурна-адукацыйнага цэнтра “Францыск Скарына” Ніна Пашчанка даслала з Рыма й невялічкі відэасюжэт. Патлумачыла: “Планавалі правесці ў Цэнтры Скарыны вялікі канцэрт да 9 Мая, запрасіўшы прадстаўнікоў Амбасад з краін, што ўтварыліся на тэрыторыі былога СССР, “Россотрудничества”, культурных цэнтраў і асацыяцыі. Спадзяваліся, што з прафесійнымі акцёрамі выступяць і нашы школьнікі, ды, на жаль, планам перашкодзіў каранцін. Школа наша перайшла на анлайн-заняткі, пра спектаклі й канцэрты прыйшлося забыць. Але ж прапусціць такую значную дату мы не маглі! Спачатку нашы школьнікі паўдзельнічалі ў некалькіх Міжнародных конкурсах на веданне гісторыі Другой сусветнай вайны, вынікі будуць вядомыя ўвосень. Потым адгукнуліся на прапанову “Россотрудничества”: падрыхтавалі ды адправілі ў арганізацыю відэа з флэш-мобам. Паглядзіце! Гэта нашы дзеці чытаюць вершы. Пасля яны з бацькамі зрабілі й малюнкі, прысвечаныя Вялікай Перамозе”.

Далей Ніна Пашчанка паведаміла, што старэйшыя школьнікі з Цэнтра паўдзельнічалі ў шэрагу міжнародных канферэнцый, прысвечаных 9 Мая. Складалі вершы для ўдзелу ў міжнародным праекце. А ўрэшце, як вынік — падрыхтавалі відэафільм: “На яго былі запыты, мы адправілі яго і ў БелТА — спадзяемся, што яго пабачаць і ў Беларусі. Вось так Культурна-адукацыйны цэнтр “Францыск Скарына” віншуе суайчыннікаў з вялікім святам са слязамі на вачах! Мы памятаем! Мы ганарымся!”.

Дзякуй вам, спадарыня Ніна! Дзякуй хлопчыку Эдгару, родзічы якога жывуць у Мінску, дзяўчынцы Эве (яе радня ў Віцебска), а таксама й Матэа, у якога пінскія родавыя карані, ды іншым. Сама ж кіраўніца Цэнтра даслала спасылку: на інтэрнэт-рэсурсе https://vіctory.sb.by размешчана інфармацыя пра яе дзеда, Міхаіла Мікалаевіча Мядзведскага (1914–1983), які быў зенітчыкам, абараняў Сталінград, вызваляў Югаславію — за тое быў адзначаны шэрагам баявых узнагарод. “Гэта мой дзед па лініі мамы, — удакладняе зямлячка. — Пасля вайны працаваў майстрам на знакамітым Аршанскім ільнокамбінаце. Яшчэ ў вайну бабуля мая, Ніна Андрэеўна Капуцкая, у замужстве Пашчанка (гэта па лініі таты, які памёр год таму), была сувязной атрада спецпрызначэння, групы партызанскага злучэння “Дзіма”. Ведаю, што ў яе падпольная мянушка была “Сосенка”. Бабуля ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Яе дакументы і ўзнагароды прадстаўлены ў Краязнаўчым музеі горада Маладзечна”.

Эва Бевілакуа

У працяг аповеду пра родзічаў Ніна Пашчанка піша, што яе прадзед, Андрэй Капуцкі, быў членам КП Заходняй Беларусі, паплечнікам вядомага грамадскага дзеяча Сяргея Прытыцкага. Ён — аўтар кніг вершаў і прозы, якія ёсць і ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У 30‑я гады Андрэй Рыгоравіч быў арыштаваны, прызнаны “ворагам народа” і расстраляны. А ў 1956‑м яго пасмяротна рэабілітавалі, прычым імя Андрэя Капуцкага носіць адна з вуліц Маладзечна.

У інтэрнэце мы ўдакладнілі: прадзед Ніны Пашчанкі нарадзіўся ў 1897‑м у Маладзечне, на час арышту жыў у Мінску й працаваў загадчыкам сектара ў ЦК КП(б)Б, арыштавалі камуніста 29 верасня 1933 года, абвінавацілі ў стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ і расстралялі 9 студзеня 1934‑га.

Эдгар Дэльіначэнці

Памяць пра Перамогу — гэта памяць пра ўсіх, хто спрыяў перамозе над жорсткім ворагам. І прыклад жыцця Андрэя Капуцкага, беспадстаўна рэпрэсаванага, згадваць тут таксама да месца. Бо героі, як вядома, не з’яўляюцца на “голым месцы”: яны выхоўваюцца на прыкладах тых, хто быў да нас. Так і доўжыцца эстафета пакаленняў. Вечная ім, нашым дзядам і прадзедам, памяць.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».