Вы тут

Дадатковая адказнасць. Як раённыя службы ЖКГ змагаюцца з вірусам


Пандэмія каранавіруса вельмі паўплывала на наша звычайнае жыццё, і самым розным структурам давялося ўнесці пэўныя карэкціроўкі ў сваю работу. Пры гэтым на многіх з іх, не толькі на медыкаў, ляглі дадатковая адказнасць і нагрузка. Мы даведаліся, як у розных раённых цэнтрах краіны камунальнікі змагаюцца з вірусам і ахоўваюць здароўе грамадзян.


Віцебшчына

Супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Лепеля праводзяць дэзынфекцыю вулічна-дарожнай сеткі, дваровых тэрыторый і пад'ездаў жылых дамоў. Сродкі, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца, узгоднены з Віцебскім абласным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.

— Для гэтага быў распрацаваны план апрацоўкі аб'ектаў, і работа ў такім кірунку ідзе ўжо не адзін тыдзень, — адзначае дырэктар КУВП «Бароўка» Аляксандр АКСЯНОВІЧ. — Напрыклад, адзін раз на суткі спецыяльнымі растворамі апрацоўваюцца прыпынкі грамадскага транспарту, урны, лаўкі, поручні, дзіцячае і спартыўнае абсталяванне.

Вулічна-дарожную сетку, у тым ліку тратуары і прыдамавыя тэрыторыі, апрацоўваюць звычайна ў 5-6 гадзін раніцы. Для гэтага спецыялісты ЖКГ выкарыстоўваюць дэзынфіцыруючы сродак «Хлордэз» (кожны дзень яго ідзе каля пяці тон), які распыляюць з дапамогай спецыяльнай тэхнікі. Раствор для апрацоўкі гатуюць яшчэ напярэдадні вечарам: у вадзе раствараюць хлоразмяшчальныя таблеткі.

Прыпынкі, урны, лаўкі, дзіцячае і спартыўнае абсталяванне апрацоўваюць з 8 да 11 гадзін раніцы спецыяльным растворам з мыйным эфектам «Беладэз-М».

— Гэты сродак мае даказаную эфектыўнасць супраць вірусаў і з'яўляецца бяспечным для людзей, жывёл і раслін, — тлумачыць Аляксандр Уладзіміравіч. — І праз 20-30 хвілін пасля апрацоўкі ўжо можна смела гуляць на той жа дзіцячай пляцоўцы.

Але вельмі важна, каб гэтым мерапрыемствам спрыяла і надвор'е — у дождж апрацоўку грамадскіх месцаў на вуліцы не праводзяць. Аднак пад'ездаў жылых дамоў гэта не датычыцца. Там таксама пачалі часцей рабіць прыборку і выкарыстоўваць пры гэтым дэзынфіцыруючыя сродкі: камунальнікі апрацоўваюць дамафоны, ручкі, поручні і выключальнікі.

Такія ж работы праводзяць у вёсках і аграгарадках — графікі размяшчаюць на дошках аб'яў. Пры гэтым спецыялісты працуюць толькі ў індывідуальных сродках абароны, каб выключыць негатыўны ўплыў.

Брэстчына

У Бярозе апрацоўка вулічна-дарожнай сеткі праводзіцца ноччу — для гэтага таксама выкарыстоўваюць дазволеныя дэзынфіцыруючыя сродкі і распыляюць іх з дапамогай спецыяльнай тэхнікі. Прыпынкі гарадскога транспарту таксама апрацоўваюць кожную ноч, а дзіцячыя пляцоўкі, лаўкі на прыдамавых тэрыторыях і пад'езды жылых дамоў — згодна з графікам прыборкі пад'ездаў таго ці іншага жылога сектара. Для іх апрацоўкі ўжо выкарыстоўваюць іншыя сродкі, якія выпускаюць ЗАТ «БелАсептыка» і ВТУП «Інкраслаў».

— Пакуль дэзынфекцыю мы праводзім за кошт уласных сродкаў прадпрыемства, але ў найбліжэйшы час нам павінны аказаць дапамогу і з боку Бярозаўскага райвыканкама, — адзначае намеснік дырэктара ДУВП «Бярозаўская ЖКГ» Дзяніс ДАВІДОВІЧ. — Што ж датычыцца аховы здароўя нашых спецыялістаў, то ўвесь персанал забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Мы арганізавалі вытворчасць масак, таму іх недахопу не адчуваем.

Маскі, як і антысептыкі для рук, можна ўбачыць на ўваходзе на прадпрыемства, у холах, прыёмных і санвузлах, у кабінетах і тэхнічных памяшканнях. Што ж датычыцца грамадзян, то іх доступ на прадпрыемства пакуль абмежавалі — усе пытанні цяпер вырашаюць праз тэлефон. Пры гэтым на тэрыторыі прадпрыемства можна знаходзіцца толькі ў масцы.

— Цяпер праход на тэрыторыю арганізаваны праз транспартную прахадную, каб адсачыць тых, хто не мае масак. Акрамя гэтага, кожную раніцу спецыялістам прадпрыемства мераюць тэмпературу з дапамогай бескантактавага тэрмометра, адменены ўсе масавыя зборы калектыву, і ўсе супрацоўнікі павінны трымацца дыстанцыі, — тлумачыць Дзяніс Васілевіч. — Па заяўках грамадзян спецыялісты працуюць у звычайным рэжыме, але пры гэтым яны павінны мець пры сабе СІА і захоўваць неабходную дыстанцыю.

Міншчына

У Стоўбцах дэзынфекцыю вуліц і тратуараў робяць з дапамогай новай спецыялізаванай машыны МАЗ-КО-809. Звычайна супрацоўнікі ЖКГ праводзяць гэтыя мерапрыемствы познім вечарам праз дзень — менавіта такі графік работ устанавіў мясцовы райвыканкам. У асноўным камунальныя службы апрацоўваюць тыя вуліцы, дзе адзначаецца найбольш інтэнсіўны рух пешаходаў і аўтамабіляў. А для апрацоўкі месцаў грамадскага карыстання на прадпрыемствах створаны спецыяльныя брыгады. Раз на суткі яны абавязкова дэзынфіцыруюць прыпынкі грамадскага транспарту (якіх у Стоўбцах налічваецца 27), кожны дзень апрацоўваюць ад 250 да 350 пад'ездаў жылых дамоў і ў залежнасці ад графіку выконваюць такія ж работы на дзіцячых пляцоўках і абеззаражваюць малыя архітэктурныя формы.

— Усе растворы, якія мы выкарыстоўваем пры дэзынфекцыі, узгоднены з мясцовымі санітарнымі службамі, — адзначае начальнік ЖЭУ УП «Стаўбцоўскае АКС» Генадзь ДОЎНАР. — А ўсе работы мы пакуль выконваем за кошт сродкаў прадпрыемства, у тым ліку за іх жа купляем і сродкі індывідуальнай аховы для нашых спецыялістаў. Аднак мы ўжо абмяркоўваем з райвыканкамам магчымасць іх кампенсацыі з мясцовага бюджэту.

На самім жа прадпрыемстве спецыялісты прытрымліваюцца агульнапрынятых мер засцярогі — для правядзення дэзынфекцыі закуплены спецыяльныя касцюмы і плашчы, супрацоўнікі карыстаюцца маскамі, пальчаткамі і антысептыкамі. На заяўкі да грамадзян камунальнікі таксама выязджаюць у сродках індывідуальнай аховы і абавязкова вытрымліваюць неабходную дыстанцыю.

Валерыя КІСЛАЯ

Фота газеты «Лепельскі край»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».