Вы тут

Пра мары медыкаў з Буда-Кашалёва, якія цяпер працуюць з небяспечнай інфекцыяй


Пра неабходнасць псіхалагічнай падтрымкі, пра тыл, перадавую і простыя жаночыя мары медыкаў з невялікага райцэнтра Буда-Кашалёва на Гомельшчыне, якія цяпер працуюць з небяспечнай інфекцыяй...


 Санітарка — Новікава В. А., медсястра — Аляксейкава С. І., урач — Жарына В. А., лабарант — Дзёміна Т. А, памочнік урача — Лагодзіч Т. Ю.

Для Таццяны Біруковай суткі — катэгорыя не часавая: жыццёвая. Цяпер — асабліва. Яна медыцынская сястра аддзялення анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі ў Буда-Кашалёўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Змена закончылася — час адпачыць, потым выходзіць на сувязь са сваякамі. Па тэлефоне адказвае і на мае пытанні:

— Больш за месяц не бачыла сваю дачушку — малой тры гадкі — і мужа. Калі ў аддзяленне сталі паступаць пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй, прыняла прынцыповае рашэнне: з'ехала ад сям'і. Цяжка. Але апасенне, што магу захварэць і заразіць сваякоў, больш атручвала душу, — кажа Таццяна.

Лічыць, што ёй пашанцавала: родныя — надзейны тыл, спраўляюцца без яе добра, таму тут, на перадавой, ёй і працаваць-змагацца спакайней. Яна згадвае, як прыйшла працаваць у Буда-Кашалёўскую райбальніцу на пачатку двухтысячных гадоў. Была аперацыйнай сястрой, а вось ужо сёмы год працуе ў рэанімацыі. На пытанне, як працуецца цяпер, лаканічна адказвае: «па-рознаму». Цяжкасць змены залежыць ад дынамікі стану пацыентаў.

Акрамя дзяжурстваў у сваім аддзяленні, Таццяна не раз выручала калег-сястрычак: хтосьці на бальнічным, хтосьці ў адпачынку. Кожныя рукі на вагу золата:

— Я згаджалася на дадатковую работу, бо дома ж адна была, чаго спяшацца ў чатыры сцяны. Паспіш, перакусіш і зноў можна працаваць.

На пытанне пра надбаўку, што ўбачыла ў «разлікоўцы» з зарплатай, медсястра адказвае: безумоўна, гэта вялікая фінансавая падтрымка. Жанчына шчыра дзякуе ўсім неабыякавым людзям і кажа, што дзяўчаты-калегі таксама прасілі падзякаваць:

— У маім аддзяленні сем медсёстраў і санітарачкі. Я адкажу за сваіх калег: усе старанна працавалі, зладжана, без капрызаў, незадаволенасці. Усе згуртаваліся. Калі атрымалі надбаўку да звычайнай зарплаты, зразумела ж, былі задаволены.

Таццяна прызнаецца, што калегі дзеляцца, хто куды хоча размеркаваць грошы. Пра тое ж я пытаю і яе. Сур'ёзны голас рэанімацыйнай медсястры лагаднее, на другім канцы провада адчуваецца ўсмешка. Кажа: даўно марыла купіць дачушцы вялікі добры дамашні басейн.

Яе цёзка, Таццяна Лагодзіч, — памочнік урача ў Буда-Кашалёўскай раённай паліклініцы. У родныя мясціны вярнулася восем гадоў таму. Прыехала працаваць у раён пасля вучобы ў Мазыры.

— Калі пачалася ўся гэта сітуацыя з каранавірусам, мне даручылі работу ў каранцінным аддзяленні. У нас цяпер асобны ўваход, — расказвае жанчына. — Аддзяленне спецыяльна арганізавалі два месяцы таму. Мая задача як памочніка — весці даўрачэбны прыём.

Яна аглядае наведвальнікаў з тэмпературай, кашлем, з іншымі праявамі вострых рэспіраторных вірусных захворванняў. Галоўнае — ацаніць стан хворага: памераць ціск, тэмпературу, даць накіраванне на аналізы, рэнтген, калі патрэбна. Потым перанакіраваць да пэўнага ўрача, які нясе дзяжурства на прыёме пацыентаў.

Апавядае, што першы час усе прызвычайваліся працаваць у ахоўных касцюмах і шчытках. Цяпер галоўнае: паспачуваць, падбадзёрыць, засцерагчы, прыструніць — позіркам. Гэта важна, бо ёй даводзіцца аказваць пацыентам і своеасаблівую псіхалагічную дапамогу:

— Многія, асабліва пажылыя людзі, у роспачы. Хвалююцца і самі кажуць, што нават звычайны кашаль цяпер выклікае паніку. З канца мінулага тыдня, праўда, у нашым аддзяленні наведвальнікаў стала менш. Быў час, асабліва пасля выхадных, — прымалі да 100 чалавек у дзень. Гэта людзі з ВРВІ, прастудамі, якія хацелі звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў. Неабходна было ацэньваць стан здароўя і размяжоўваць патокі хворых.

Таццяна кажа, што ў іх паліклініцы, канешне, усе мараць пра адно — каб усё гэта хутчэй скончылася і нарэшце і пацыенты, і медыкі ўздыхнулі з палёгкай.

— Я таксама як спецыяліст амбулаторна-паліклінічнага звяна атрымала даплату за красавік, — расказвае Таццяна Лагодзіч і не тоіць, што надбаўка роўная большай частцы яе заробку. Ёй вельмі прыемная такая ўвага. Радуецца і за лабарантаў, і за малодшы персанал.

Урач-інфекцыяніст — Вольга Маханава.

Урач-інфекцыяніст Буда-Кашалёўскай райбальніцы Вольга Маханава ў інфекцыйным аддзяленні вядзе пацыентаў толькі з COVІD-19. Дзень на нагах у супрацацьчумным касцюме — выпрабаванне не для кволых:

— Прыйшла ў бальніцу 16 гадоў таму, працавала ўчастковым тэрапеўтам. Потым перавучылася на інфекцыяніста і пасля не шкадавала аб гэтым ніколі. Цяпер, канешне, работа вельмі напружаная: вяду пацыентаў у інфекцыйным аддзяленні, працую ў начныя змены, назіраю хворых з каранавіруснай інфекцыяй, калі неабходная мая кансультацыя ўрачу агульнай практыкі. Прымаю такіх пацыентаў у сваім аддзяленні і даю рэкамендацыі, накіроўваю на лячэнне.

Вольга Леанідаўна лічыць, што медыкам як людзям, якія могуць адэкватна ўзважыць, што рэальна небяспечна, а што не, у цяперашняй сітуацыі лягчэй у маральным плане. Звычайным людзям вельмі цяжка нават прыняць, што яны заразіліся каранавіруснай інфекцыяй ці ў іх пнеўманія. Многія ў адчаі. Таму штодня надзея толькі на тое, што хутка навала сціхне.

— Адразу буду казаць не за сябе, а за ўсіх калег. Бо ў крытычных абставінах усе адкрываюцца і праяўляюць сябе, — кажа Вольга Маханава. — Дык вось, людзі працуюць самааддана, не за надбаўкі. Калі толькі пачалі абмяркоўваць магчымасць прыняцця ўказа аб стымуляванні супрацоўнікаў, многія былі ўпэўненыя, што будуць прэміі. Але ведалі: цяпер цяжкі час для ўсёй медыцыны, не чакалі, што так хутка налічаць гэтыя грошы.

Урач-інфекцыяніст кажа: нягледзячы ні на што, калектыў адчуў унутраную падтрымку, спагаду і жаданне аблегчыць работу медыкам.

— Я, напрыклад, жыву не ў самім райцэнтры — за дзесяць кіламетраў ад яго. Кожны дзень дабірацца на работу вельмі нязручна, — шчыра кажа Вольга Леанідаўна. — Дык вось, вырашыла нарэшце набыць машыну, узяла крэдыт.

Жанчына расказвае і аб падтрымцы сваякоў. Жартуе:

— Сям'я інфекцыяніста добра вымуштравана. Дома ведаюць усе правілы апрацоўкі рэчаў, дэзынфекцыі і «табу».

Сама ўрач пастаянна кантралюе тэмпературу цела і кажа, што галоўнае — не панікаваць і не выпрабоўваць лёс абыякавым стаўленнем да мер перасцярогі ад віруса.

Між тым за мінулы месяц супрацоўнікі Буда-Кашалёўскай цэнтральнай раённай бальніцы атрымалі дадатковую матэрыяльную падтрымку на агульную суму амаль 122 660 рублёў.

— Надбаўку ў дадатак да асноўнай заработнай платы атрымалі работнікі, якія аказвалі дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй і асобам, аднесеным да кантактаў першага ўзроўню, — тлумачыць галоўны ўрач медыцынскай установы Жанна Еўтухова. — Была створана камісія, у якую ўвайшлі адміністрацыя, эканамісты, загадчыкі аддзяленняў і райпаліклінікі, начмед, галоўныя мядсёстры. Дагэтуль кожны дзень у аддзяленнях складалі справаздачы — хто працаваў з гэтай катэгорыяй пацыентаў. Бухгалтэрыя яшчэ раз правярала звесткі, каб нікога не забыць.

Жанна Уладзіміраўна адзначае, што ўрачы, сярэдні, малодшы медперсанал і ўсе работнікі функцыянальнага звяна — задаволены. Зваротаў ці пытанняў па выплатах не паступіла. Асобна вырашылі заахвоціць і падтрымаць работнікаў бальніцы, якія не трапілі ў пералік спецыялістаў згодна з указам, але актыўна дапамагалі ў наладжванні бытавых умоў у палатах. Такім людзям выпісалі прэмію з зарплатнага фонду ўстановы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота дасланы гераінямі

Загаловак у газеце: Пераклады з мовы позіркаў...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Запушчаная кампанія па дапамозе медыкам ByCovid19 перарасла ў буйны «антыкаранавірусны» рух.

Культура

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Гэта была сенсацыя: у 2018 годзе быў паказаны страчаны фiльм Дзiгi Вертава.

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.