Вы тут

Жыццё — дзівоснае. Нават калі свет з'язджае з глузду


Гэта было як у чароўнай казцы ці ў дзіцячым сне. Стоячы каля ганка вясковай хаты, я здзіўлена залыпала вачыма, пасля іх пацерла, потым заплюшчыла і патрэсла галавой, каб прагнаць насланнё. Насланнё не праганялася — вакол яркага амаль поўнага месяца, што ў гэты час завісае над Анатолевым бярэзнікам каля рэчкі, на цёмным небе было намалявана светлым раўнюткае кола. Нібы чарцёжнік-волат уткнуў проста ў месяц ножку гіганцкага цыркуля і абвёў празрыста-белым алоўкам абсалютна правільную геаметрычную фігуру з даволі вялікім нават у нябесных маштабах радыусам. Карціна была ніколі ў жыцці не бачаная, заварожваючая. Падумалася нават, што гэта нейкі знак ад вышэйшай сілы — можа, усяму чалавецтву, можа, мне асабіста (сённяшнія абставіны падобным думкам вельмі нават спрыяюць).


Каб пераканацца, што ўсё гэта мне не мроіцца, выцягнула з хаты сястру, якая ўжо збіралася класціся спаць. Таццяна мая — асоба надзвычай уразлівая, і відовішча на небе яе прывяло ў стан лёгкага шоку. Так і стаялі, як дзве вароны, пільна ўглядаючыся ўверх, насцярожана чакаючы яшчэ нейкай праявы, злёгку дрыжучы — пэўна, ад пранізлівага холаду майскай ночы. Выйшла на ганак пляменніца — захвалявалася, чаму доўга не ідзём у хату. «Людка, глянь, якое дзіва!» — нястройным хорам адгукнуліся мы. Людка зірнула ўверх і раўнадушна паціснула плячыма: «Знайшлі дзіва. Звычайны эфект гало. Знайшлі з-за чаго паўгадзіны дубець». — «А ты што, гэта бачыла калі?» — «Не бачыла, але ведаю. Астраномію ў школе трэба было вучыць, двоечніцы...»

Вось так наша выдатніца па астраноміі разбурыла амаль гатовае дзіва. Яна мела рацыю, гэта сапраўды было гало — аптычная з'ява, утварэнне другаснага свячэння вакол магутнай крыніцы святла (сонца, месяца або нават яркага вулічнага ліхтара). З'яўленне гало звычайна выклікана ледзянымі крышталямі, якія ўтвараюцца ў перыстых аблоках у верхніх слаях трапасферы... Карацей, «Вікіпедыя» нам у дапамогу — і ад казкі нават следу не застаецца. Зрэшты, сучасная навука дайшла ў сваім развіцці да такой ступені, што любую з'яву гэтаксама суха і дэталёва растлумачыць можа. Нават каханне, якое, нібыта, усяго толькі рэакцыя нюху аднаго чалавека на ферамоны, што выдзяляе арганізм другога. (Ці той жа каранавірус — ён жа для ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва не нябачная пагроза, а нешта такое пупырчатае, вельмі падобнае на насенне нейкай знаёмай расліны — выявамі «героя года» пад мікраскопам забітая ўся інтэрнэт-прастора.)

Але ёсць нешта, што навука растлумачыць ніяк не можа, дый нават і не спрабуе гэта рабіць. Чаму менавіта ты менавіта ў гэты час менавіта ў гэтым месцы выйшаў на вуліцу і паглядзеў на неба? І ўбачыў тое, што ніводнага разу да гэтага не бачыў за сваё, дзякуй богу, немалое ўжо жыццё? І — здзівіўся, уразіўся, захапіўся, паверыў у цуд, адчуў, што гэты цуд магчымы, і ўжо ніякае навуковае тлумачэнне не забярэ ў цябе гэтага імгненнага адчування. Можа, таму, што менавіта табе менавіта ў гэты час менавіта гэта адчуванне было патрэбна як ніколі? І хтосьці, ведаючы гэта, гіганцкім цыркулем намаляваў вакол месяца бялёсае кола і вывеў цябе з хаты на яго паглядзець?..

Памятаю, аб гэтым упершыню я задумалася гады тры таму. Тады, як і сёлета, на пачатку мая былі халады, але было яшчэ мудрэй — за ноч выпаў добры снег, укрыўшы ўсю зямлю — і траву, і раллю. Раставаць ён ранкам не спяшаўся нават пад промнямі яшчэ нясмелага сонца, і відовішча было хоць і прыгожае, але не вельмі радаснае, бо гнуліся і ламаліся пад снегам крохкія вясновыя кветкі, сціснуўшыся і прытуліўшыся адно да аднаго, сядзелі ў буслянцы буслы... Але каб вы чулі, як спявалі ў той заснежаны ранак салаўі! Яны нібы здурнелі ад гэтага непрывычнага белага бляску і выводзілі свае рулады з нейкай нават апантанасцю, нібы рабілі гэта апошні, самы вырашальны раз у жыцці... Праз пару гадзін зачараванасць моманту знікла — сонца хутка растапіла той несвоечасовы снег, не пакінуўшы нават ручаінак, цюльпаны і нарцысы паднялі схіленыя галовы, буслы паляцелі па сваіх справах, салаўіная шалёная какафонія ператварылася ў звычайны майскі, гадамі зладжаны, хор... А адчуванне незвычайнага падарунка, які ў звычайным жыцці паднесла менавіта табе Неба (ці, калі хочаце, выпадак, ці ўдача — як ні назаві, сутнасць не зменіцца), засталося назаўжды, як і перакананне ў тым, што ёсць у гэтым звар'яцелым, але такім па-свойму правільным свеце рэчы, якія інакш як цуд не назавеш.

І гэта трэба ведаць. І ў гэта трэба верыць. Нават сёння. Асабліва сёння.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота: ixbt.com

Загаловак у газеце: Эфект гало

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».