Вы тут

Глуша Адамовіча. Ад Хатыні да блакаднай трагедыі


«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

Сёлета мы адзначаем 75-ю гадавіну Перамогі над фашысцкай Германіяй, а летась споўнілася роўна 75 гадоў са зняцця блакады Ленінграда. Данііл Гранін сумесна з Алесем Адамовічам паспелі сабраць успаміны відавочцаў тых страшных ваенных дзён. Іх сумесная работа над выданнем пачалася 45 гадоў таму — у красавіку 1975 года. На пошукі, сустрэчы з відавочцамі і запіс іх успамінаў спатрэбіліся чатыры гады. Першае выданне кнігі выйшла ў 1979 годзе, потым былі другое, трэцяе з новымі фактамі, з новымі сведчаннямі. Ад гэтых гісторый стыла кроў у жылах. Але мала хто ведаў, што гэта яшчэ не ўся праўда. Наколькі гэта быў аголены нерв, стала вядома параўнальна нядаўна.


Іх зблізіла «Хатынская аповесць»

Алесь Адамовіч і Данііл Гранін захавалі страшную праўду пра вайну.

А ўжо «Блакадная кніга» моцна звязала двух пісьменнікаў. Прычым ініцыятыва яе напісання зыходзіла менавіта ад Алеся Адамовіча, і ёй ён натхніў Граніна.

— Пра сумесную работу над «Блакаднай кнігай» напісана і расказана шмат, — кажа дачка пісьменніка Наталля Адамовіч. — Я паспрабавала пераасэнсаваць, што звязвала іх, — кнігі, лісты, фота, дароўныя надпісы, водгукі... Гранін быў старэйшы за тату на сем гадоў. Ваяваў у Ленінградскай стралковай дывізіі народнага апалчэння, на Лужскім рубяжы, ва Усходняй Прусіі. Алесь Адамовіч правёў вайну ў падполлі, год быў у партызанах. Гранін па адукацыі інжынер-электрык, тата — філолаг. У Граніна першая менавіта ваенная проза выходзіць у сярэдзіне 60-х, у Адамовіча — у пачатку: «Вайна пад стрэхамі» (1960) і «Сыны ідуць у бой (1963) — пра вайну ў пасёлку Глуша. Пазней па дылогіі таты былі знятыя аднайменныя фільмы з песнямі, якія спецыяльна напісаў для іх Уладзімір Высоцкі. Амаль ва ўсіх творах вайна паказана вачыма 14—17-гадовага падлетка. Гранін пражыў 98 гадоў, тата пайшоў з жыцця на 68-м годзе. «Мы з ім былі ледзь знаёмыя. Дзесьці я яго бачыў, на нейкіх пісьменніцкіх сустрэчах, нешта мы гаварылі», — згадваў Гранін да таго, як яны пачалі працаваць над сумеснай кнігай. «Акрамя Фёдара Абрамава, з якім знаёмы яшчэ з 1950 года, бліжэй за іншых ленінградцаў ведаў Данііла Граніна, але больш завочна — па творах яго, цудоўным эсэ і праз кароткую перапіску (якраз з нагоды яго эсэ пра Пушкіна і Булгарына)», — пісаў у сваіх нататках Алесь Адамовіч.

Па-сапраўднаму іх зблізіла «Хатынская аповесць», якая выйшла ў часопісе «Дружба народаў» у 1972 годзе. Гранін прыйшоў ад яе ў захапленне. «Прачытаў Вашу аповесць не адрываючыся. І ненавідзеў, і пакутаваў, успамінаючы ўласную вайну, такую ж страшную... Усё ўспамінаў, таму што пазнаваў. І вашу-нашу ленінградскую нішчымніцу. І многае, чаго не было ў маёй вайне, франтавой. І радаваўся за Вас, за таленавітасць — прыміце гэтае слова без сарамлівасці, гэтак жа як я без сарамлівасці, без перабольшання пішу яго — таленавітасць. Дзівіць вобразнасць, тонкасць псіхалагічных знаходак, ды і не толькі псіхалагічных, а нейкіх асаблівых... Здаецца, столькі ўжо прачытана кніг пра партызанаў, столькі было фільмаў, вось з'явілася яшчэ адна праўда, і нічога падобнага, і чытаем без параўнання, быццам першая кніга пра гэта... Віншую Вас», — напісаў тады ў сваім лісце да Адамовіча расійскі пісьменнік. А потым выйшла яго рэцэнзія на кнігу ў часопісе «Новый мир». «Рэцэнзія — не мой жанр, — прызнаваўся ён. — Але аповесць мяне вельмі ўсхвалявала. У ёй былі бязлітаснасць, сумленнасць і тое асаблівае бачанне вайны, якое можа быць толькі ва ўдзельніка нявыдуманых падзей...»

На прэзентацыю «Блакаднай кнігі» немцы раскупілі ўсе білеты.

«Найлепшаму суаўтару Савецкага Саюза...»

Упершыню блакадныя гісторыі Алесь Адамовіч пачуў у 1973 годзе, калі прыязджаў у Ленінград да сям'і расстралянага беларускага класіка Максіма Гарэцкага. Яму іх расказала дачка Гарэцкага — Галіна. А пасля таго як у 1974 годзе прачытаў аповесць Данііла Граніна «Гэтае дзіўнае жыццё» пра вучонага Аляксандра Любяшчага, які шкадаваў, што «амаль няма дзённікаў ленінградскай блакады», напісаў Граніну ліст з прапановай выправіць гэтую несправядлівасць. Адамовіч згадаў пра толькі што выдадзеную ў суаўтарстве з Брылём і Калеснікам кнігу «Я з вогненнай вёскі» і падзяліўся думкамі наконт таго, якой ён бачыць ленінградскую. Данііл Аляксандравіч адразу адгукнуўся: так, усё дакладна, але дзе знайсці час на такую працу? «Я прапаноўваў яму (Адамовічу. — Аўт.) іншых суаўтараў — літаратара, журналіста, — пісаў у сваіх успамінах Данііл Гранін. — Ён быў мілы з імі і... працягваў вербаваць мяне. Ён даказваў, што справа гэта не журналісцкая, а пісьменніцкая».

«Я ўсё яшчэ сумняваўся, ніколі не меў суаўтара: як гэта пісаць удваіх? — разважаў Гранін. — Шмат чаго было супраць сумеснай работы. Да таго ж сядзеў над раманам. Чаму я пагадзіўся? Потым я зразумеў: мне спадабаўся Адамовіч, вырашыла яго абаянне, якое ён шчодра раздаваў, прыцягваючы мяне. Яму ўдалося прывабіць мяне сваім натхненнем, захапленнем перад Ленінградам і яго жыхарамі. Адразу кінуліся ў работу, разумеючы, што трэба рабіць не адкладаючы — памяць сыходзіць і людзі сыходзяць. Уражвала яго смеласць: горада не ведаў, не ведаў блакады, людзей. Пасяліўся ў Ленінградзе, зняў пакой, купілі яму магнітафон». «Найлепшаму суаўтару Савецкага Саюза», — напісаў для Адамовіча на часопісе «Аўрора», дзе выйшла другая частка іх агульнага твора, удзячны Данііл Гранін. Гэтая кніга стала бомбай, такой праўды не чакалі ў Савецкім Саюзе. Але нават у старанна «вычышчаным» варыянце яна была бязлітасная ў сваім уздзеянні на чытача.

Глядзець без слёз на гэта немагчыма

Алесь Адамовіч пайшоў з жыцця ў 1994 годзе, Данііла Граніна не стала ў 2017 годзе. Сёння захаваннем памяці і папулярызацыяй творчасці бацькоў займаюцца іх дочкі — Марына Даніілаўна і Наталля Аляксандраўна. Летась у Санкт-Пецярбургу прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 40-годдзю кнігі, 100-годдзю Данііла Граніна і 75-годдзю зняцця блакады. На іх была запрошана і Наталля Адамовіч. Так супала, што гэта адбылося ў той год, калі споўнілася 25 гадоў са дня смерці Алеся Адамовіча.

— У верасні ў Пецярбургскім музеі палітычнай гісторыі Расіі адкрылася ўнікальная выстаўка «Людзі хочуць ведаць», — расказвае Наталля. — На ёй упершыню былі паказаны сакрэтныя дакументы, якія спынілі часопісную публікацыю «Блакаднай кнігі». Факты ўражваюць. Савецкая цэнзура нават у дзённіку паміраючага хлопчыка Юры Рабінкіна знайшла шмат чаго шкоднага для савецкіх людзей. З «Блакаднай» выкрэсліваліся цэлыя старонкі, у тым ліку і аўтарскі тэкст, дзе былі словы аб тым, што праўду пра блакаду яшчэ трэба напісаць гісторыкам будучыні.

Блакадная кніга зблізіла двух пісьменнікаў.

Выстаўка моцная па ўздзеянні, кожны прадмет кажа сам за сябе. Адзін з экспанатаў — дзверы камунальнай кватэры з мноствам званкоў. З другога яе боку — фатаграфіі жыхароў. Калі пазваніць у званок, у навушніках гучаць галасы расказчыкаў, якіх ужо няма ў жывых. Шмат тут рэдкіх дакументальных сведчанняў. Вельмі цікавы дакумент — ліст Граніну ад загадчыка аддзела гандлю ленінградскага гарвыканкама Івана Андрыенкі, дзе ён расказвае пра змены хлебных нормаў і прыводзіць дакладную лічбу блакадных ахвяр, але просіць яе не публікаваць. Афіцыйная колькасць загінулых ленінградцаў, па інфармацыі дзяржархіва Расійскай Федэрацыі, у 1970 годзе складала 641 803 чалавекі. Іван Андрыенка кажа пра 900 тысяч. І гэта адпавядае той інфармацыі, якую паведамляў маршал Жукаў, — каля мільёна чалавек.

— Гледзячы на ўсё гэта, разумееш, наколькі важныя рэчы захавалі для нашчадкаў Алесь Адамовіч і Данііл Гранін, — кажа Наталля. — Я вельмі ўдзячна пісьменніцы Наталлі Сакалоўскай, стваральніцы выстаўкі. Яна шмат займалася тэмай блакады, рыхтавала да друку дзённікі Вольгі Бергольц, вывучала ў архівах гісторыі блакаднікаў. Гэтая выстаўка павінна была прыехаць сёлета ў Мінск. Але з-за складаных эпідэміялагічных абставін усё давялося адкласці на потым.

Боль душы лечыцца праўдай

Неверагодна, але сёння «Блакадная кніга» карыстаецца неймавернай папулярнасцю ў Германіі. І на тое ёсць прычына. На захадзе краіны доўгі час пра блакаду наогул нічога не ведалі — толькі пра Сталінград. 27 студзеня немцы адзначаюць Дзень памяці ахвяр нацыянал-сацыялізму, і, калі яны даведаліся пра блакаду і тое, што яна была знятая менавіта 27 студзеня 1944 года, запрасілі да сябе на гадзіну памяці Данііла Граніна. Гэта было ў 2014 годзе. Прадбачлівыя арганізатары сустрэчы паставілі для 95-гадовага пісьменніка крэсла за трыбунай. Але ад прапановы прысесці ён цвёрда адмовіўся і амаль гадзіну выступаў стоячы. Яго прамова была настолькі жорсткая і выкрывальная, што немцы былі ў шоку. «Нямецкія войскі, па сутнасці, вельмі камфортна, без асаблівых намаганняў чакалі, што надыходзячы голад — наёмны забойца — і маразы прымусяць горад капітуляваць, спрабавалі ператварыць жыхароў Ленінграда ледзь не ў звяроў», — кляйміў ён захопнікаў. Сцены бундэстага ўпершыню ў гісторыі чулі такія рэзкія абвінавачванні. У зале знаходзіліся прадстаўнікі кіраўніцтва Германіі, у тым ліку і Ангела Меркель. Словы Данііла Граніна ўзрушылі ўсіх. Пасля гэтай прамовы тэма блакады стала нагодай для вывучэння і аналізу ў немцаў, а «Блакадная кніга» на гэтым фоне — сапраўдным адкрыццём.

Летась Наталля і дачка Граніна Марына атрымалі запрашэнне ў Берлін — на прэзентацыю поўнага перакладу «Блакаднай кнігі». Яна праходзіла ў Акадэміі мастацтваў, і на яе прыйшло болей чым трыста немцаў. Прычым не бясплатна, а за грошы. Усе білеты былі раскупленыя. Нямецкія пісьменнікі дзве гадзіны запар чыталі ўрыўкі з «Блакаднай кнігі» — з дзённікаў Юрыя Рабінкіна, акадэміка Князева, іншых блакаднікаў, якія сведчылі, што голад здольны праглынуць і сілу, і волю, і сумленне, і саму здольнасць супраціўляцца смерці... У зале стаяла мёртвая цішыня. Трэба было бачыць твары людзей і хваляванне, з якім яны ўсё гэта слухалі.

«Боль душы лечыцца праўдай, — пісаў у сваіх нататніках Алесь Адамовіч. — Вялікай праўдай і ўвагай чалавечай... Хтосьці сказаў: чалавек такі, наколькі ён здольны, колькі можа пачуць пра сябе, панесці праўды... Пра вайну ўсю праўду ведае народ — гэтае выказванне Канстанціна Сіманава становіцца афарызмам. Яе спазнаць — праз памяць народную — імкнуцца многія. Менавіта ўсю праўду. Ёсць, ёсць яна ў гісторыі кожнага народа, ухіляцца ад яе — на шкоду сабе, маральнаму здароўю народа на шкоду. Не хачу, гэта мне, нам непрыемна, «соль на раны» і таму падобныя мудрагельствы, толькі б не ўспамінаць і не ведаць, — не аблягчэнне, не, гэта значыць нагружаць і душу, і гісторыю новай няпраўдай, хлуснёй. Чалавек рана ці позна пажадае ад гэтага вызваліцца...»

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Наталлі АДАМОВІЧ

Збор сродкаў на музей Алеся Адамовіча ў Глушы працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама.

Р/р BY84AKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК AKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».