Вы тут

Памочнік Прэзідэнта даручыў разабрацца з цвіллю ў кватэры жыхара Віцебска


Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч правёў прамую тэлефонную лінію ў Віцебскім аблвыканкаме, да яго звярнуліся больш за трыццаць чалавек.


Жыхарка Оршы паскардзілася на тое, што ў ванным пакоі гарачая вада перыядычна ў дэфіцыце, у адрозненне ад кухні, дзе такой праблемы няма. Анатоль Ліневіч даручыў абласной ЖКГ разабрацца як мага хутчэй.

Мужчына, які жыве ў Віцебску на праспекце Перамогі, паведаміў пра вільготнасць і цвіль у кватэры. Яго дзеці часта хварэюць з-за гэтага. Памочнік Прэзідэнта даручыў вывучыць сігнал.

Бадай, нестандартнае пытанне задаў наваспечаны жыхар абласнога цэнтра. Жыве ён у былой вёсцы Васюты, тэрыторыю якой далучылі да Віцебска. Жыхары, а там каля пяцідзесяці дамоў, мараць пра цэнтралізаванае водазабеспячэнне... Атрымліваецца, з аднаго боку — гараджане, і хочацца жыць «цывілізавана», а з другога боку — нічога не змянілася ў населеным пункце. Мужчыну падрыхтуюць адказ, як будзе вырашацца праблема.

З вёскі Стары Лепель Лепельскага раёна папрасілі вырашыць праблему з вадой. Жанчына паскардзілася, што ў цёплы час года ў калодзежах вада становіцца непрыдатная для ўжывання. Людзі просяць, каб ўстанавілі калонкі. Што датычыцца магчымасці цэнтралізаванай падачы вады, то заяўніца расказала, што ім ужо прапаноўвалі зрабіць гэта за ўласныя сродкі. Але варыянт вельмі дарагі — як для яе, так і для суседзяў. Адказныя асобы падкажуць, які можна знайсці выхад пры мінімуме выдаткаў.

Віцяблянка ў вельмі паважаным узросце падзялілася сваёй крыўдай. У салоне аднаго з аператараў мабільных паслуг яна ў свой час купіла планшэт і выходзіла з яго ў «сусветнае павуцінне». Потым стала карыстацца інтэрнэтам ад РУП «Белтэлекам». Але, не ведаючы юрыдычных нюансаў, напэўна, не скасавала дамову і запазычылася мабільнай кампаніі 20 рублёў. Сцвярджае, што ў офісы аплаціла гэтую суму. Але неўзабаве высветлілася, што неабходна плаціць яшчэ. У прыватнасці, з карткі знялі 9 рублёў — з пенсіі. Чаму так здарылася, навошта плаціць за тое, чым не карыстаешся, няўжо ў 70 гадоў трэба нешта даказваць, калі больш не хочаш атрымліваць паслугу? — так разважала падчас размовы пенсіянерка. У адказ пачула абяцанне ўважліва разабрацца. Канешне, з аднаго боку, трэба заўсёды ўважліва чытаць дамову, але калі па-чалавечы: ну можна ж пайсці бабулі насустрач!

Каментуючы журналістам тэлефонную лінію, Анатоль Ліневіч адзначыў, што па магчымасці трэба пастарацца знайсці рашэнне, але згодна з заканадаўствам. Што датычыцца паўторных зваротаў, дык лепш яшчэ раз пераправерыць, ці мае чалавек рацыю. Гэта адносіцца і да «вечнай тэмы» — праблем ЖКГ. Памочнік Прэзідэнта ўпэўнены: трэба на месцах рэагаваць больш аператыўна і задавальняць заяўкі грамадзян.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: На месцах трэба рэагаваць больш аператыўна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?