Вы тут

Спецыялісты расказалі пра цяжарнасць і роды ў жанчын, хворых на COVІD-19


У Беларусі ўжо нарадзілася больш за дзясятак здаровых дзяцей ад жанчын, якія хварэюць на каранавірусную інфекцыю. Якія асаблівасці ў такіх родаў, у якіх раддамах Мінска іх прымаюць, ці ўваходзяць цяжарныя жанчыны ў групу рызыкі па заражэнні COVІD-19? На гэтыя і іншыя актуальныя пытанні адказалі падчас анлайн-стрыму «Марафон жаночага здароўя» галоўны пазаштатны інфекцыяніст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Мікіта САЛАВЕЙ, галоўны пазаштатны акушэр-гінеколаг па амбулатонай дапамозе камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аксана КАРОТКІХ, намеснік галоўнага ўрача па родадапамозе 6-й гарадской клінічнай бальніцы Ірына БОРЫС.


Рызыка заражэння такая ж

— Ці праўда, што цяжарныя больш схільныя да інфіцыравання каранавірусам?

М. С. — Сёння мы дакладна ведаем, што цяжарныя жанчыны схільныя да COVІD-19 гэтак жа, як і нецяжарныя, — ні больш, ні менш. Але цяжарная жанчына павінна прытрымлівацца стандартных мер прафілактыкі інфіцыравання. Любая інфекцыя падчас цяжарнасці можа нанесці пэўную шкоду не толькі арганізму жанчыны, але і арганізму яшчэ не народжанага дзіцяці. Таму лепш пазбягаць і каранавіруснай, і іншых рэспіраторных інфекцый падчас усяго перыяду цяжарнасці.

Цяжарнасць не ўплывае на складанасць цячэння COVІD-19, і тут важная адсутнасць у жанчыны іншых спадарожных хвароб. Але каранавірус можа павялічваць рызыку заўчасных родаў. Не вельмі пакуль зразумела, з чым гэта звязана, але гэта паказваюць даследаванні. Калі жанчына пераносіць інфекцыю на позніх тэрмінах цяжарнасці, рызыка інфіцыравання дзіцяці вельмі нізкая. Вірус не перадаецца трансплацэнтарна і падчас натуральных родаў. Пасля нараджэння інфіцыраванне магчымае, калі дзіця не разлучаецца з хворай маці.

Роды прымаюць у ахоўных касцюмах

Аксана Кароткіх расказала, што сёння ў Мінску цяжарныя жанчыны, хворыя на COVІD-19, нараджаюць ў раддоме 6-й гарадской клінічнай бальніцы — ён працуе як інфекцыйны. Жанчыны, якія з'яўляюцца кантактамі першага і другога ўзроўняў, нараджаюць у асобным корпусе раддома 3-й гарадской клінічнай бальніцы. Сталічныя раддамы № 2, а таксама 1-й і 5-й гарадскіх клінічных бальніц працуюць у звычайным рэжыме.

— Як прымаюць пацыентак з COVІD-19?

І. Б. — Пры паступленні такіх пацыентак іх сустракаюць медработнікі ў сродках індывідуальнай аховы. У 6-м раддоме, які цяпер працуе як інфекцыйны, ёсць магчымасць ізаляваць жанчыну ў індывідуальную палату з асобным выхадам, прыбіральняй. Калі пацыентка паступае падчас родаў, яна ізалюецца ў індывідуальную радзалу. Медперсанал прымае роды ў ахоўных касцюмах. У цяжарнай з COVІD-19 кожную гадзіну вымяраюць насычэнне крыві кіслародам, каб ацаніць дыхальныя магчымасці, часцей робіцца КТГ плода. Калі неабходна кіслародная падтрымка, аказваюць і яе.

— Ці робіцца кесарава сячэнне, калі ў жанчыны каранавірус?

А. К. — Кесарава сячэнне робіцца па медыцынскіх і клінічных паказаннях, а не па жаданні мужа ці самой жанчыны. Праводзіць кесарава сячэнне ў працэсе любога інфіцыравання, у тым ліку і каранавіруснага, не рэкамендуецца. Калі няма паказанняў, лепш, каб жанчына нараджала сама.

...А наведванні забаронены

— Чаму цяпер адменены партнёрскія роды?

А. К. — Партнёрскія роды адменены на перыяд эпідэміі, бо нельга гарантаваць, што партнёр, які прыйдзе, не інфіцыраваны. Як толькі эпідэмія скончыцца, партнёрскія роды адновяцца. Апошнім часам у нас быў вольны рэжым наведвання нашых радзільных стацыянараў. Яны былі адкрыты для ўсіх — для татаў, бабуль і іншых блізкіх. Цяпер гэтыя наведванні забаронены. Але жанчына не так доўга знаходзіцца ў стацыянары, і падчас выпіскі ўсе могуць убачыць і яе, і немаўля і забраць дадому. Як і раней, пры жаданні жанчына за дадатковую плату можа скарыстацца аднамеснай палатай павышанай камфортнасці.

— Ці выпішуць з раддома дзіця, калі ў маці каранавірусная інфекцыя?

А. К. — Калі ў мамы каранавірус, то пасля нараджэння дзіця праводзяць тэст на першыя і другія суткі пасля родаў. Калі два тэсты на COVІD-19 адмоўныя, то на трэція суткі малое могуць выпісаць да здаровых блізкіх, якія знаходзяцца дома. Калі за нованароджаным няма каму прыгледзець, яго пераводзяць у 3-ю бальніцу для назірання. Калі першы ці другі тэст паказвае, што ў дзіцяці каранавірус, мама застаецца лячыцца ў бальніцы разам з малым.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».