Любоў без умоў


Нядаўна давялося стаць сведкам абмеркавання, удзельнікі якога, энергічныя маладыя гараджане, раіліся — віртуальна — якім чынам лепш угаварыць не такіх энергічных ды не такіх маладых, а часта і не гараджан, а вяскоўцаў-бацькоў, прытрымлівацца рэкамендацый СААЗ: мінімізаваць кантакты, пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей, узяць на працы адпачынак за ўласны кошт і пабыць пэўны час у самаізаляцыі. Адна з жанчын расказала, як фактычна ўсёй сям'ёй угаворвалі бацьку-пенсіянера звольніцца з работы, другі хлопец расказаў, што адправіў маму з татам ізалявацца на лецішча, забяспечыў інтэрнэтам і раз на тыдзень прывозіць усе неабходныя прадукты, але бачыць, як самотна і адлучана ад жыцця адчувае сябе старэйшае пакаленне... Хтосьці з фарумчан даводзіў, што пытанне асабістай бяспекі і здароўя трэба ставіць рубам, хтосьці спрачаўся, маўляў, чаму вы пазбаўляеце бацькоў права самім вырашаць, што рабіць з уласным жыццём — помсціце за забароны ўласнага дзяцінства?


Падумалася, што вось так насамрэч і замыкаецца кола: спачатку бацькі кіруюць жыццём дзяцей, прымаючы на сябе ўсю адказнасць за іх жыццё і здароўе, потым ужо дарослыя дзеці «лепш ведаюць, як будзе лепш». І ці не на гэтай глебе жадання гвалтоўна ашчаслівіць блізкіх адбываецца мноства ўнутрысямейных канфліктаў, якіх можна было пазбегнуць, калі слухаць і чуць адно аднаго?

Дзесьці ў ідэальным свеце так яно і адбываецца: кожны гаворыць пра свае жаданні, потым на сямейнай радзе выпрацоўваюць алгарытм дзеянняў, не ставячы ўльтыматумаў і невыканальных умоў, проста таму, што любяць, шануюць і падтрымліваюць адно аднаго. У свеце рэальным, канешне, інакш. Мы спрачаемся і саступаем, сварымся і мірымся, нагадваем аднаго аднаму аб правах і абавязках, маніпулюем і трываем, адстойваем сваю пазіцыю і ахвяруем, спрабуем «перавыхаваць» малых і дарослых сямейнікаў і крыўдуем, калі хтосьці робіць падобнае з намі самімі, робім памылкі і — мабыць, прыкмета сапраўднай сталасці — просім за іх прабачэння. Калі б у школе жыцця выстаўлялі адзнакі, цікава, ці многія з нас атрымалі б «выдатна» ці хоць бы «добра»? Але, хочацца верыць, такія розныя, мы ў розных сямейных укладах усё ж вучымся — жыць, любіць, дараваць, цаніць і берагчы. Бо менавіта з цаглінак моцных, шчаслівых сем'яў будуецца моцнае грамадства, і ніяк інакш.

Між тым вучыцца гэтаму ніколі не позна. Хоць бы і на бягучым тыдні. Тым больш Міжнародны дзень сям'і, зацверджаны Генеральная асамблеяй ААН, адзначаецца 15 мая ў розных краінах ужо больш як чвэрць стагоддзя. У свята ёсць свая перадгісторыя, сур'ёзны ідэалагічны падмурак, маштабная асветніцкая, публічная і забаўляльная праграма, адметная эмблема і нават канкрэтная тэма, якая змяняецца штогод. У 2015-м гэта гучала, напрыклад, як «Гендарная роўнасць правоў і правы дзяцей у сучасных сем'ях», у 2018-м тэмай сталі «Сем'і і інклюзіўнае грамадства», летась — «Сем'і і меры па барацьбе са змяненнем клімату». Сёлета, па ўсім відаць, у цэнтры ўвагі будуць пытанні здароўя і клопат пра блізкіх — нездарма днямі Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш расказаў, як кожны дзень тэлефануе сваёй састарэлай маці — не з мэтай яшчэ раз строга нагадаць пра важнасць самаізаляцыі, а проста каб распытаць, як яе справы і здароўе, каб хоць неяк кампенсаваць увагай і клопатам на адлегласці недахоп жывых стасункаў.

Сярод беларускіх прыказак і прымавак ёсць такая: згодную сям'ю і гора не бярэ. На мой погляд, выдатны сямейны дэвіз. Асабліва цяпер.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: ru.dreamstime.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Грамадства

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

Работа дзіцячых паліклінік, гэтак жа як і дарослых, змянілася з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.