Вы тут

Азбука прафесій: Спяшайцеся павольна, ​або Мой тата — кіроўца


Вадзіцель сталічнага аўтобуснага парка Яўген Галушка за «баранкай» ужо амаль 20 гадоў. Хоць у дзяцінстве ён машынамі не цікавіўся і нават не ўяўляў сябе ў вадзіцельскім крэсле. А цяпер, смяецца, назапашаны вопыт перадаць няма каму: усе трое дзяцей у сям'і — дзяўчаты! Тым не менш сярэдняя дачка, 13-гадовая Яна, якая знутры бачыла бацькаву работу, цяпер складае яму кампанію ў «Танках» і ахвотна абмяркоўвае з журналістамі «СГ», ці ўсякі, хто атрымаў пасведчанне кіроўцы, можа ім лічыцца...


— Ці ведаеш, чаму тата пайшоў у вадзіцелі?

Яна: Шчыра, не ведаю. Але думаю, што яго проста... павяло туды.

Яўген Міхайлавіч: Што-што са мной адбылося?.. (Смяецца). Ну, па вялікім рахунку, Яна мае рацыю. Ніколі мяне да машын не цягнула, але аднойчы ўбачыў аб'яву — набіралі людзей на курсы кіроўцаў тралейбуса, і вырашыў: чаму б не? Паўгода вучобы — тэорыя, практыка, стажыроўка, а ў лістападзе 2001 года першыя самастойныя выезды. Чаму змяніў тралейбус на аўтобус? Надакучыла ездзіць «прывязаным». Што вы смеяцеся, праўду кажу: калі нейкая аварыя, тралейбус яе ніяк не аб'едзе, стаіш, чакаеш, пасажыры нервуюцца, а я чалавек спагадлівы, перажываю, што, можа, хто з іх спазняецца па важных справах, а я нічым дапамагчы не магу... Аўтобус — іншая справа. ДТЗ на дарозе? Аб'язджаеш, і далей па маршруце. Насамрэч, канешне, спатрэбілася перавучвацца — за ўласныя грошы пайшоў на курсы і здаў на катэгорыю D, так што цяпер у мяне ўсе вадзіцельскія катэгорыі, акрамя, напэўна, матацыкла.

— Адкрыеце прафесійны сакрэт, чаму жанчын сярод кіроўцаў тралейбусаў шмат, а сярод кіроўцаў аўтобусаў — практычна няма?

Я. М.: Ужо ёсць, і даволі многа. Прынамсі, у нас у парку яшчэ год таму было чалавек дзесяць, і цяпер бачу ўсе знаёмыя твары, нават некалькі новых. Раней насамрэч жанчын на аўтобус не бралі — але не з-за нейкай там дыскрымінацыі, а таму што машыны былі з ручной каробкай перадач, і работа лічылася фізічна цяжкай. Сёння ўжо аўтаматыка, і аўтобус мала адрозніваецца ад тралейбуса — націскаеш на кнопку і едзеш.

— Яна, які від транспарту табе бліжэйшы?

Я.: Дакладна не грамадскі. Лепш за ўсё машына, там цёпла і камфортна. Матацыкл? Ну не, не маё. Якая тут рамантыка, калі рызыкуеш галаву скруціць? Але калі б мне давялося быць кіроўцам, то вадзіла б аўтобус. У тралейбусе ўсё марудна, штангі перыядычна падаюць, ты выходзіш, іх папраўляеш і цягнешся далей...

— Што, на ваш погляд, самае складанае ў рабоце кіроўцы грамадскага транспарту?

Я.: Клапаціцца пра бяспеку пасажыраў. Мала таго што трэба ехаць вельмі асцярожна і сачыць за дарогай, але неабходна і бачыць, што адбываецца ў салоне, і калі раптам камусьці ў транспарце стане дрэнна, трэба спыніцца, аказаць першую дапамогу, выклікаць «хуткую»...

Я. М.: У дзяцінстве Яна часта выходзіла са мной на змены і бачыла ў рабоце розныя сітуацыі. У цэлым яна мае рацыю, у прыярытэце — бяспека пасажыраў. А гэта складана, таму што, як бы дыпламатычна сказаць, большасць моладзі і школьнікаў зусім не адукаваная ў плане ўласнай бяспекі. Пра што я? Асабіста назіраў карціну: я рухаюся, паварочваю, часам бывае, што крута, хоць і на невялікай хуткасці, — а падлеткі «рассякаюць» па салоне на самакаце альбо на роліках, гойсаюць па крэслах, у працэсе, калі дзверы зачыняюцца, выскокваюць вонкі — гульня ў іх такая. Альбо стаяць, табе ў кабіну грукаюць акурат пад надпісам «не адцягвайце ўвагу кіроўцы падчас руху», ім весела. Па шчырасці, не помню, каб у маім дзяцінстве і юнацтве былі такія забавы. З аднаго боку, злуюся, нават страшна становіцца за іх, З другога — разумею, што гэта дзеці. Калі езджу па маршрутах, дзе ёсць школы, — літаральна малюся, каб толькі чаго не выкінулі. Бывае, выходжу ў салон і тлумачу, што гуляць уласнымі жыццямі — так сабе ідэя. Калі даходліва расказаць, разумеюць умомант!

Карыстаючыся магчымасцю, асобнае «прывітанне» Яўген Галушка перадае аматарам спыніць аўтамабіль акурат на прыпынку грамадскага транспарту, якія ствараюць аварыйныя сітуацыі і перашкаджаюць і кіроўцам, і пасажырам: «Такім людзям цяжка растлумачыць, што іх «я на хвіліначку» — для нас вельмі многа, а для пасажыраў — матуль з каляскамі, пажылых і нямоглых, людзей з кійкамі і тым больш у інваліднай калясцы — вельмі нязручна!»

— Пра раздражняльныя фактары на дарозе можна гаварыць бясконца. Але па плане ў нас пытанне пра пазітыў. Што самае прыемнае ў прафесіі кіроўцы?

Я.: Што гэтая работа дазваляе добра вывучыць горад, даведацца пра новыя дарогі. Ты раз, другі праехаў па маршруце — і ведаеш, як у пэўнае месца даехаць ці выбрацца адтуль, а іншыя людзі будуць шукаць па карце ці блукаць з навігатарам, і не заўжды паспяхова.

— Новыя дарогі — гэта добра, але нічога, што з часам адны і тыя ж маршруты надакучваюць?

Я.: Ну, тату ж не надакучыла, так?

Я. М.: Як ні дзіўна, сапраўды работа кіроўцы надакучыць не можа. Нават на адным і тым жа маршруце абстаноўка змяняецца ў залежнасці ад часу, пары года, знешніх умоў. Так, каб ехаў і засынаў ад нудоты, практычна не бывае — наадварот, звычайна час ляціць незаўважна.

— А бывае, што пасажыры пішуць падзякі, ці часцей усё ж скаргі?

Я. М.: Па-рознаму. У мяне скаргі былі, прычым, шчыра прызнаюся, абгрунтаваныя (прадбачу пытанне — і ў ДТЗ трапляў па розных прычынах, у тым ліку сам бываў вінаваты). Але ў асноўным дзякуюць. Бачыш, што камусьці цяжка выйсці, — дапаможаш альбо пачакаеш чалавека, заднія дзверы прытрымаеш, а пасажыр не палянуецца і прыйдзе да кабіны, усміхнецца, скажа дзякуй, і табе ўдвая прыемна: і што добрую справу зрабіў, і што яе ацанілі. А калі гаворка пра матэрыяльную ацэнку, прэміі — гэта далёка не самае важнае, перадусім трэба выконваць сваю работу так, каб скаргаў не было.

— У кожным аўтобусе і тралейбусе адразу за кабінай кіроўцы вісяць правілы паводзін пасажыраў у грамадскім транспарце. Помніце, што катэгарычна нельга рабіць?

Я.: Бегаць, скакаць па салоне.

Я. М.: А самае галоўнае якое правіла, прыгадаеш? Пачытай абавязкова. Не адцягваць увагу кіроўцы падчас руху!

Я.: Нервы вадзіцеля важнейшыя за ўсё. Бо я чула абурэнні некаторых жанчын: маўляў, я спазнюся, мяне з-за вас звольняць... А што рабіць, напрыклад, калі ў аўтобус ударылася машына, адбылося ДТЗ? Нічога, чакаць наступны аўтобус. Ну спозніцеся — растлумачыце свайму кіраўніцтву, што трапілі ў аварыю, бываюць такія непрадказальныя рэчы. Але яны не вартыя таго, каб псаваць настрой сабе і іншым.

— Якім правілам дарожнага руху цябе навучыў тата?

Я.: Пераходзіць на зялёнае святло, па «зебры», абавязкова глядзець налева-направа... Таксама пастаянна, калі едзем сям'ёй на машыне, тата расказвае пра розныя дарожныя знакі — што яны абазначаюць.

Я. М.: Я і вадзіць дзяўчат навучу. Старэйшая дачка, ёй шаснаццаць, яшчэ летась выявіла жаданне паспрабаваць сесці за руль, паціху паказваю ёй, што да чаго, нараканняў няма.

Я.: Дарэчы, я таксама хачу задаць пытанне тату. Звярнула ўвагу, у аўтобусе была пазначана ўмяшчальнасць — 33 крэслы, 170 чалавек. Гэта як?!

Я. М.: Ты што, ніколі не бачыла, як у гадзіну пік уваходзяць пасажыры? Спачатку самыя спрытныя, потым усе астатнія, потым самыя худзенькія, а потым бабуля з кійком усіх рассуне і пройдзе да свайго крэсла. Калі на дварэ лета, людзі больш раздзетыя, чым апранутыя, і ведаюць, што наступнага аўтобуса паўгадзіны не будзе, — у двухсекцыйны аўтобус не тое што 170, усе 200 чалавек увойдуць, утрамбуюцца да такой шчыльнасці, што за парэнчы можна нават не трымацца. (Між іншым, вы ведалі, што ўмяшчальнасць пасажырскіх аўтобусаў вызначаецца з разліку размяшчэння пяці чалавек на адзін квадратны метр плошчы? — «СГ».)

— Ці ёсць у кожнага з вас любімая мадэль аўтобуса?

Я. М.: Напэўна, МАЗ-105 — ён даволі стары, але надзейны, высока сядзіш і добра бачыш дарогу.

Я.: Мне падабаюцца аўтобусы з «гармонікам» — калі стаіш на сярэдняй круглай пляцоўцы, яна так класна круціцца на паваротах!

— Кіроўца — гэта прэстыжная прафесія сёння?

Я.: Патрэбная — так. Але прэстыжная — наўрад ці, у наш час людзі шукаюць лягчэйшага спосабу зарабіць грошы або рвуцца ў блогеры, айцішнікі і ўсё такое.

— У кожнага вадзіцеля ёсць тысяча і адна дарожная байка. Якія ў вас любімыя?

Я.: Едзем мы з татам, едзем, прыязджаем на дыспетчарскую станцыю, а ў салоне чалавек спіць, відавочна нецвярозы. Тата яго будзіць, кажа: выходзь, дзядзька, прыехалі, той нешта мармыча, выходзіць з аўтобуса. Бачым — пераходзіць на другі бок вуліцы, сядае ў іншы аўтобус і... зноў засынае. А яшчэ мая асабістая любімая байка — пра «спячых паліцэйскіх»: у дзяцінстве я была ўпэўненая, што гэта рэальныя людзі, якія ляжаць на тратуары, і прасіла бацьку не пераехаць кагосьці выпадкова.

Я. М.: Лепш за ўсё запомнілася, як на другі год работы на тралейбусе ўпершыню трапіў у ДТЗ. Аб'язджаў дзядулю-веласіпедыста, але той у мяне ўрэзаўся, упаў, ускочыў і давай пагражаць, маўляў, ты папаў. Паколькі я сам тады быў кіроўца малады і нявопытны, то пагадзіўся, што вінаваты. На цяперашні розум ведаю, што дзядуля парушаў правілы, бо ехаў далёка не за метр ад краю праезнай часткі, а неяк наўскос... У любым выпадку, гэта такі вопыт, які пайшоў на карысць. Хоць з веласіпедыстамі дагэтуль баюся знянацку сустрэцца — асабліва з таго часу, як ім дазволілі перасякаць дарогу не спешваючыся: многія ляцяць, не глядзяць па баках.

— Калі апісаць прафесію ў трох словах, гэта будуць словы...

Я.: Галоўны. Цярплівы, у сэнсе стрэсаўстойлівы. М-м, што б яшчэ? Харошы?

Я. М.: Паслухаў Яну і чамусьці «Майдадыра» згадаў, «умывальнікаў начальнік і мачалак камандзір». Насамрэч складана засяродзіцца толькі на трох словах — назаву тыя рэчы, якія неабходны на мой асабісты погляд. Гэта будуць дысцыпліна (маю на ўвазе і самакантроль, устрыманне ад алкаголю, і ўменне сябе трымаць у руках у любой сітуацыі), увага (бо на дарозе абставіны бываюць самыя непрадказальныя, рух у Мінску ўсё больш напружаны, і варта адвесці позірк усяго на секунду — хоп, амаль што аварыйная сітуацыя) і... напэўна, шанцаванне. Без яго, я лічу, нікуды, бо здараецца, чалавек акуратны, уважлівы на дарозе, правілы ведае і выконвае, а яму не шанцуе: то машыны ламаюцца, то бясконцыя затрымкі ў дарозе. Дарога — яна такая, каго любіць, а каго не. Усё астатняе, у прынцыпе, можна вывучыць і давесці навыкі да аўтаматызму.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.