Вы тут

«Калі я выйшла і ўбачыла жаніха — расчаравалася». Эксклюзіў са здымачнай пляцоўкі «Давай пажэнімся!»


Напэўна, няма такога чалавека, які б не ведаў папулярную сёння тэлеперадачу «Давай пажэнімся!». У яе шмат прыхільнікаў, аднак апошнім часам узнікае вялікая колькасць негатыўных меркаванняў — напрыклад, наконт таго, што вядучыя шоу нярэдка абражаюць удзельнікаў і правакуюць іх, што ўсё куплена і адбываецца па пэўным сцэнарыі. Нярэдка пра гэта расказваюць і самі героі. Цікава было б зазірнуць у закуліссе і даведацца, як жа ўсё адбываецца насамрэч.


Карэспандэнту «Звязды» якраз выпала такая магчымасць, а менавіта — пабываць у студыі Першага канала ў якасці гледача і пагутарыць з адной з нявест тэлепраекта, мінчанкай Аляксандрай (па просьбе гераіні імя зменена. — Аўт.).

Пра тое, як трапіць на перадачу

— Раскажыце, як вы аказаліся ў праекце?

— Усё пачалося з жарту. Нехта з маіх калег сказаў: «Вось жа, шанцуе некаторым: трапляюць на «Давай пажэнімся!», вяселяцца, знаёмяцца, іх здымаюць!» А я адказала, што нічога дзіўнага ў гэтым не бачу. І калі захачу, таксама туды траплю! Пасля запоўніла анкету на сайце тэлеканала, і ў хуткім часе мне патэлефанавалі, прапанавалі зняць пра сябе кароткі відэаролік. Праз два месяцы запрасілі на здымкі, аднак тады я адмовілася — перадумала ўдзельнічаць, палічыўшы гэтую ідэю глупствам. Тым больш фармат — адзін жаніх і тры нявесты — мяне не задавальняў: не хацелася ўдзельнічаць у спаборніцтве за сэрца мужчыны.

Праз два гады мяне зноў знайшлі ў сацсетках і прапанавалі паўдзельнічаць. Якраз тады захацелася кудысьці з'ездзіць, атрымаць свежыя ўражанні, убачыць што-небудзь новае. Так што можна з упэўненасцю сказаць: гэта быў дакладна не пошук сваёй палавінкі, а, хутчэй, прага нечага нязведанага.

Пра арганізацыю

— Усю арганізацыю, у тым ліку мой прыезд у Маскву, суправаджэнне і пражыванне ў гатэлі, Першы канал узяў на сябе. Перад тым як я паехала на перадачу, рэдактар патэлефанавала. Размаўлялі гадзіны дзве пра мае былыя адносіны, абмяркоўвалі праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца. І ўжо пасля, зыходзячы з таго, што я расказала, склалі сцэнарый, які загадзя далі мне прагледзець. У самім «Астанкіне» падчас падрыхтоўкі да здымак мне зрабілі прычоску, макіяж, адпрасавалі сукенку. Шчыра, адчуваеш сябе сапраўднай зоркай, вельмі прыемна (усміхаецца)!

У грымёрцы Аляксандра пазнаёмілася з астатнімі нявестамі, а вось жаніхоў убачыла толькі ў студыі. Калі гаварыць аб працэсе здымак, то за дзень стваралі чатыры выпускі «Давай пажэнімся!». Гэтым разам перадача была ў новым фармаце — тры жаніхі і тры нявесты. Сутнасць заключалася ў тым, што вядучыя самі фарміравалі пары. Акрамя знаёмства ў студыі, маладым людзям давалася магчымасць пагаварыць без сведкаў. І ўжо ў фінале шоу, зыходзячы з агульнага ўражання, агучваўся канчатковы выбар пары.

Усё здымалася з першага дубля, без усякіх рэпетыцый. Гледачы — насамрэч масоўка. Усім удзельнікам падліваюць у чай што-небудзь моцнае — для ўпэўненасці. У пакойчыках для жаніхоў і нявест прадугледжаны тэлевізары, аднак без гуку, таму нярэдка ствараецца ўражанне, што каментарыі герояў недарэчныя. Побач знаходзяцца рэдактары, якія каментуюць тое, што адбываецца ў студыі, бывае, правакуючы нечаканымі пытаннямі. «На экране ўсё бачыцца іншым, так здарылася і са мной. Калі я выйшла і ўбачыла жаніха — расчаравалася», — прызнаецца Аляксандра.

Пра жаніхоў і нечаканыя рашэнні

— Няўжо ніхто не спадабаўся?

— На жаль ці на шчасце, не (усміхаецца). Мяне, напрыклад, не спыталі, каго я хачу сабе знайсці. І таму атрымалася так, што прэтэндэнты на руку і сэрца ўвогуле не адпавядалі ні аднаму крытэрыю і пажаданню. Было адчуванне, быццам і не ставілася мэтай падбіраць нам, нявестам, жаніхоў. Напэўна, для канала галоўным на той момант быў выпуск чарговай праграмы.

— Якія пачуцці пакінуў праект, ці здараліся нечаканыя сітуацыі?

— Усе дзеянні і ўчынкі, напрыклад, тое, што я сышла з так званага індывідуальнага спаткання, дзе прысутнічалі жаніх і дзве нявесты, былі ўласна мае, ніхто не гаварыў, як дзейнічаць і што казаць. Маё спантаннае рашэнне, дарэчы, спадабалася рэдактарам. Не трэба забываць, што гэта найперш шоу і такія рэчы неабходныя для праграмы. А вось іншая ўдзельніца, якую вядучыя ўвогуле не запрасілі ні на адну сустрэчу, сама выйшла да жаніха — дарэчы, яе да гэтага падштурхнулі рэдактары, што было нечакана. У выніку склалася пара.

Асабліва прыемна для Аляксандры было тое, што ні слова з яе анкеты не змянілі. На думку прыгажуні, шмат што залежала ад рэдактара, і ў гэтым плане ёй пашанцавала. Але, расказала гераіня, так шанцуе не ўсім: «Адна з дзяўчат, што брала ўдзел ужо ў наступным выпуску ток-шоу і гэтым разам была галоўнай нявестай, выбірала сярод шасці жаніхоў. Пасля яна шчыра прызнавалася мне за кулісамі, што прыехала знайсці сваё шчасце. Аднак палова абраннікаў аказаліся падстаўнымі. Напэўна, арганізатары праграмы не збіраліся шукаць нявесце сапраўднага жаніха».

Пра вядучых, негатыўныя водгукі і піяр

— Складваецца ўражанне, што многія едуць на перадачу не дзеля ўладкавання асабістага жыцця, а каб неяк праславіцца, асабліва дзяўчаты...

— Згодна. Дарэчы, а па якой прычыне тады едуць хлопцы? (Смяецца.) Напэўна, у большасці па такой жа. Гэта шоу, а не шлюбнае агенцтва, дзе вы плаціце грошы, каб вам знайшлі будучага мужа, — лічыць Аляксандра. — Туды наўрад ці едуць шукаць жаніхоў і нявест. Мінімальны працэнт людзей шчыра лічыць, што тэлебачанне можа неяк дапамагчы. Лішняя даверлівасць, сляпая вера ў гэта могуць згуляць супраць вас.

Вядома, прыгажуня не выключае магчымасці, што на праекце можна сустрэць свой лёс, аднак у яе такой мэты не было. Яна шчыра прызналася, што ехала ў «Астанкіна» дзеля яркіх эмоцый. Негатыўныя ж водгукі аб тэлепраграме лічыць недарэчнымі. «Калі ўжо апынуліся ў студыі, трэба памятаць, што вы на шоу, самім сачыць за гаворкай, а ўвогуле ўсё залежыць ад чалавека. Я, напрыклад, атрымала шмат добрых уражанняў».

— Вы сядзелі побач са славутымі вядучымі Розай Сябітавай, Ларысай Гузеевай і Васілісай Валодзінай. Хваляваліся?

— Вядучыя здаліся простымі людзьмі, а не зоркамі. Таму асаблівай змушанасці ці хвалявання не адчувалася. Зразумела, пад бляскам сафітаў усе выглядаюць ярка, аднак як толькі гасла святло, жанчыны паводзілі сябе прыязна, выходзілі на калідор, не былі супраць сфатаграфавацца. Напэўна, не кантактавала толькі Ларыса Гузеева: падчас перапынкаў яна знікала недзе ў кулуарах, а з'яўлялася толькі ў час здымак.

P. S. Пасля здымак TV-шоу, нягледзячы на тое што наша гераіня не знайшла свайго жаніха, удзельнікі пасябравалі, абмяняліся кантактамі і стасуюцца ў сацсетках. Некаторыя з іх ужо пабраліся шлюбам, і зусім не з тымі, з кім давялося быць разам на экране...

Надзея ЗУЕВА

Фота аўтара і з уласнага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «...Калі я выйшла і ўбачыла жаніха — расчаравалася»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?