Вы тут

Не ўсё ядомае, што морквай пахне. Страва з маладой вясновай зеляніны можа стаць апошняй у жыцці


У Краснапольскім раёне мужчына і яго 10-гадовая пляменніца памерлі ад атручэння цыкутай, — такую сумную навіну размясціў у сваім Telegram-канале Следчы камітэт Беларусі. Паводле даных СК, днём 9 мая 39-гадовы жыхар вёскі Кажамякіна адкапаў на ўчастку каля хаты караняплод і прынёс яго ў хату. Думаючы, што гэта ядомая расліна, мужчына і яго 10-гадовая пляменніца з'елі яе. Але пасля іх самаадчуванне рэзка пагоршылася, і, нягледзячы на аказаную ўрачамі дапамогу, мужчына і дзяўчынка памерлі.

Гэтай трагедыі можна было б пазбегнуць, калі б дарослыя і дзеці ведалі, што ядавітыя расліны не растуць толькі ў экзатычных краінах, а сустракаюцца і ў Беларусі, прычым зусім побач з намі — на лузе, у лесе і нават на агародзе. Як распазнаць і засцерагчыся ад некаторых з іх, расказаў навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Уладзімір ЛЯБЕДЗЬКА.


Цыкута ядавітая (Cіcuta vіrosa L., па руску — вех ядовитый) — вельмі небяспечная расліна, напэўна, нумар адзін сярод усіх атрутных раслін нашай флоры. Атрутныя ўсе яе часткі, але асабліва — карэнішча.

Цыкута — прадстаўніца траў сямейства сельдэрэевых ці парасонавых, якія вельмі падобныя адзін да аднаго. Гэту расліну можна пераблытаць, напрыклад, з сельдэрэем, пастарнакам, пятрушкай і іншымі. Яна мае маркоўны пах, чырванаваты налёт на сцёблах, у вышыню сцябло дасягае 1,2 м, суквецці ў яе — падвойныя парасонікі, а на падоўжным зрэзе карэнішча выразна бачныя авальныя папярочныя поласці, запоўненыя жаўтаватым смалістым рэчывам.

Расліна любіць лішак вільгаці, расце, звычайна невялікімі групамі, па балотах, берагах вадаёмаў, забалочаных лясах, паплавах, канавах.

Паспрабаваўшы цыкуту, чалавек адчувае гаркату ў роце, млоснасць, болі ў жываце, галавакружэнне, у яго бляднее скура, пашыраюцца зрэнкі, з'яўляюцца сутаргі.

Пры першых прыкметах атручэння неабходна тэрмінова выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, бо адлік можа ісці на хвіліны!

* * *

Перакопваючы ў канцы сезона або вясной свой дачны ці прысядзібны ўчастак, часам у глебе людзі знаходзяць корань, вельмі падобны на корань пятрушкі, пастарнака, дзікай белай морквы ці хрэна. Маладая зеляніна гэтай расліны даволі падобная з ядомай зелянінай маладой пятрушкі, а саспелае насенне вельмі нагадвае насенне кмену.

— Гэта яшчэ адзін вельмі ядавіты прадстаўнік сямейства парасонавых — балігалоў плямісты [Conіum maculatum L., па-руску — болиголов пятнистый (крапчатый)], — тлумачыць Уладзімір Лябедзька. Ён можа вырастаць да 180 см, мае непрыемны мышыны пах. Сустракаецца па пустках, абочынах дарог, берагах вадаёмаў, сярод пустазелля, на лугах, пашах.

У расліне ўтрымліваюцца алкалоіды, напрыклад, каніін, што дзейнічае на нервовую сістэму. Ад моманту, калі яд трапіў у страўнік, да гібелі праходзіць не больш за дзве гадзіны. Смяротнай лічыцца доза ўсяго ў 0,15 г. Сярод прыкмет атручэння балігаловам — галавакружэнне, сутаргі, параліч, што пачынаецца з ніжніх канечнасцяў, удушша.

У якасці проціяддзя да прыезду хуткай дапамогі выкарыстоўваюць малако, падфарбаванае марганцавакіслым каліем (марганцоўкай) да ружовага колеру.

* * *

Блёкат чорны (Hyoscyamus nіger L., па-руску — белена черная) — гэта расліна сямейства паслёнавых вышынёй да 1 метра,
якая мае вельмі прыемны, дурманлівы пах. Расце на пустках, разам з іншым пустазеллем у населеных пунктах, на ўзбочынах дарог, адкосах дарожных насыпаў, берагавых схілах.

Прыгожая кветка блёкату, салодкі на смак яго корань, што ўспрымаецца за белую моркву, а насенне — за макаўкі, часта прыцягваюць увагу дзяцей.

Атрутнай з'яўляецца любая частка расліны, асабліва карані і насенне. Пры атручэнні блёкатам чорным назіраюцца празмерная ўзбуджанасць, пашыраныя зрэнкі, пачырваненне скуры твару, галюцынацыі, галавакружэнне.

Рэкамендуецца даць выпіць пацярпеламу раствораныя ў вадзе 2-3 сталовыя лыжкі актываванага вугалю і тэрмінова выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.

* * *

Ядавітай з'яўляецца і такая вядомая расліна з прыгожымі кветкамі і духмяным пахам, як ландыш майскі (Convallarіa majalіs L.). Яна ўтрымлівае арганічныя злучэнні гліказіды, якія негатыўна ўплываюць на сардэчна-сасудзістую сістэму.

Лісце майскага ландыша можна зблытаць з лісцем чарамшы — чырванакніжнай расліны, якую незаконна збіраюць у лесе. Разам з ядомай чарамшой часам трапляе і лісце атрутнага ландыша.

Асабліва небяспечныя ягады гэтай расліны. Смяротная доза для дзіцяці — 2—3 ягады. Плады і кветкі ландыша выклікаюць сур'ёзнае атручэнне ў катоў і сабак. Аднак некаторыя дзікія жывёлы, напрыклад, алені і лісы, добра пераносяць яд расліны.

Падчас атручэння ландышам майскім узнікаюць моцны боль у жываце, млоснасць і рвота, слабасць, галаўны боль, арытмія, нізкі ціск.

Пры першых сімптомах атручэння трэба адразу выклікаць урача! Да прыезду хуткай дапамогі хвораму даюць шмат кіпячонай вады ці воднага раствору марганцоўкі; актываваны вугаль, смекту.

Помніце!

Катэгарычна нельга выразаць з полага сцябла незнаёмых парасонавых раслін дудачкі ці трубкі для стральбы!

Да любых незнаёмых раслін лепш зусім не дакранацца, бо наступствы могуць быць вельмі сур'ёзныя.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота з архіва лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».