Вы тут

«Я просты, біты жыццём беларус, які мае толькі адну мэту — застацца сумленным...» Некалькі суб'ектыўных згадак пра Васіля Быкава


У 1985 годзе краіна рыхтавалася шырока і ўрачыста адзначыць 40-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Паўсюль — у школах і ВНУ, на прадпрыемствах і арганізацыях — праходзілі вечары памяці, сустрэчы з ветэранамі вайны, творчыя вечары.


Кіраўніцтва Мінскай партыйнай школы, дзе я тады працаваў, вырашыла арганізаваць сустрэчу з Васілём Быкавым.
І даручыла гэта зрабіць мне як загадчыку кафедры журналістыкі і літаратуры.

Пісьменніцкая папулярнасць Быкава ў тыя гады была проста фантастычная. Усе і ўсюды жадалі яго бачыць і чуць. А напярэдадні юбілею ён быў літаральна нарасхват. Яго «даставалі» праз жонку, праз родзічаў і землякоў, праз сяброў. Часам яму прыходзілася выступаць не тое што кожны дзень, але нават некалькі разоў на дзень. Такая мітусня, канешне ж, не давала пісьменніку магчымасці працаваць і не магла не раздражняць яго. Ён, як толькі мог, адмаўляўся ад назойліва-надакучлівых, бясконцых просьбаў.

Ведаючы ўсё гэта, я не рызыкнуў Быкаву званіць сам. З ім мы тады яшчэ не былі знаёмыя. Звярнуўся па дапамогу да тагачаснага сакратара Саюза пісьменнікаў, аднаго з найбліжэйшых сяброў Быкава Ніла Гілевіча.

— Добра, — пагадзіўся ён, выслухаўшы мае аргументы ў неабходнасці такой сустрэчы. — Паспрабую перамовіцца. Толькі вы мяне не прыспешвайце, патрэбна спрыяльная сітуацыя.

А ў скорым часе Ніл Сымонавіч патэлефанаваў і абрадаваў мяне:

— Васіль Уладзіміравіч згадзіўся. Вызначце дзень і час.

У вызначаны час наша актавая зала была, канешне ж, перапоўнена. Васіль Уладзіміравіч зайшоў з хмурым, засяроджаным тварам, трохі нават насцярожаны, як бы чакаючы нейкага падвоху, непрыемных пытанняў. У тыя гады, нягледзячы на найвялікшую народную папулярнасць, афіцыйная крытыка нярэдка папракала пісьменніка ў залішняй схільнасці ствараць вобразы здраднікаў, дэзерціраў, у дэгераізацыі падзей мінулай вайны. І хто ведае, што чакае яго ў гэтай партыйнай установе...

Слухачы і выкладчыкі школы сустрэлі Быкава авацыяй. Васіль Уладзіміравіч пад шквал апладысментаў адчуў сябе няём-
ка, аднак тварам пацяплеў. Жэстам папрасіў цішыні і, адмовіўшыся ад усялякіх папярэдніх прамоў, адразу ж пачаў адказваць на пытанні. А іх — вусных і пісьмовых — было безліч. Васіль Уладзіміравіч адказаў на ўсе. Хоць для гэтага спатрэбілася амаль тры гадзіны.

Пасля сустрэчы рэктар школы М. Пахомаў запрасіў Васіля Быкава да сябе ў кабінет — трохі адпачыць, выпіць шклянку гарбаты, абмяняцца думкамі. Васіль Уладзіміравіч шчыра прызнаўся, што не чакаў сустрэць тут такой добразычлівасці, цікаўнасці і, самае галоўнае, такой дасведчанасці. Сустрэча яму яўна спадабалася.


3 Васілём Быкавым мне пашчасціла сустракацца яшчэ некалькі разоў. Не скажу, каб нашыя адносіны былі блізкія, сяброўскія, але дастаткова паважлівыя і нават даверлівыя. Адважваюся так меркаваць вось па якім факце.

На пачатку студзеня 1989 года да нас у рэспубліку прыехала камісія з ЦК КПСС, каб на месцы адчуць грамадска-палітычную атмасферу, дазнацца пра настрой творчай інтэлігенцыі і гэтак далей. Камісія сустракалася з партыйнымі работнікамі, дэпутатамі розных рангаў, з прадстаўнікамі апазіцыі, моладдзю. Паўстала пытанне аб сустрэчы членаў камісіі з Васілём Быкавым.

Тагачасны сакратар ЦК КПБ Валерый Пячэннікаў звярнуўся да нас, супрацоўнікаў ідэалагічнага аддзела, з пытаннем:

— Хто знаёмы з Быкавым?

— Я знаёмы, — давялося прызнацца мне.

І тут адначасова я выказаў сумненне: наўрад ці ён згодзіцца на гэту сустрэчу.

— Трэба паспрабаваць!

Я патэлефанаваў Васілю Уладзіміравічу на хатні тэлефон і сказаў, што хацеў бы бачыць яго па вельмі важнай справе.

— Прыязджайце да мяне на кватэру.

Як я і меркаваў, размова аказалася няпростай.

— Няма чаго мне сустракацца з гэтымі цэкоўскімі чыноўнікамі! — нават не даслухаўшы мяне, рашуча запратэставаў Васіль Уладзіміравіч. — Ведаю я ўсё гэта. Выслухаюць, паківаюць галавой, а затым перакруцяць усё, як ім трэба.

Мне каштавала немалых намаганяў, каб пераканаць яго ў тым, што гэтая камісія незвычайная, людзі шчыра хочуць ва ўсім разабрацца і таму яго, Васіля Уладзіміравіча, думка будзе для іх і для справы вельмі важнай.

Падумаўшы некаторы час, Васіль Уладзіміравіч памякчэў:

— Добра, паверу вам. Паедзем.

Сустрэча адбылася ў Доме літаратара і доўжылася больш за гадзіну. Аб чым была размова — не ведаю, я аб гэтым Быкава не пытаўся. Але размовай ён, здаецца, застаўся задаволены.


Хемінгуэй аднойчы сказаў, што найлепшая школа для пісьменніка — нешчаслівае дзяцінства.

А Твардоўскі прыбавіў сюды яшчэ і юнацтва. У гэтым плане Быкаву «пашанцавала». Як ён сам прызнаваўся:

— У мяне не было шчаслівага дзяцінства. І таму ўспаміны аб ім радасці мне не прыносяць... Прыпала яно на цяжкія трыццатыя гады — жахлівыя ў сацыяльных і палітычных адносінах. Голад, бяспраўе. Канешне, дзеці не перажывалі ў поўнай меры таго, што давялося на долю бацькоў. Але гэтая атмасфера ўздзейнічала на дзіцячую псіхалогію, якая фарміравалася. І мая эмацыянальная памяць захавала шмат смутку... Што датычыцца наступных гадоў, то яны былі яшчэ горшыя.

Летам 1941 года пасля сканчэння школы ФЗН (фабрычна-заводскага навучання) Быкава, які атрымаў спецыяльнасць муляра, накіравалі на работу ў горад Шостка Чарнігаўскай вобласці. Там яго і заспела вайна. Усё, што ён перажыў у гады ваеннага ліхалецця, падрабязна апісана ў ягонай кнізе «Доўгая дарога дадому». Пераказваць не мае сэнсу. Хачу толькі зазначыць: двойчы Васіль Уладзіміравіч быў на мяжы жыцця і смерці.

Першы раз, калі ён, адстаўшы ад калоны маладых хлопцаў, якіх мабілізавалі ў ваенкамаце і накіравалі ў тыл, зайшоў у нейкі недабудаваны дом і ў знямозе прылёг у куце. І вось як пра гэта ўспамінаў Васіль Уладзіміравіч:

«Здаецца, толькі задрамаў, як нехта засвяціў у вочы ліхтарыкам. Аказалася, што вайсковы патруль. Мяне забралі ў камендатуру. Там абшукалі, адабралі ўсе дакументы, небагатыя мае рэчы ў палявой кірзавай сумцы. Асаблівае падазрэнне выклікаў невялікі аркуш геаграфічнай карты, выдраный мною з падручніка ў нейкай школе. На той карце я адзначаў лінію фронту паводле паведамлення ТАСС. Крыклівы старшы лейтэнант у сіняй фуражцы НКВД патрабаваў прызнацца, якое і ад каго я атрымаў заданне.
Я бажыўся, што адстаў ад калоны, але ён не хацеў і слухаць. Што я затрыманы шпіён — сведчыла тая карта».

Недарэчнае здарэнне магло скончыцца трагічна. Затрыманых у камендатуры аказалася некалькі чалавек. Раніцаю іх пачалі выводзіць па двое. Назад ніхто не вяртаўся. Страх ахапіў Быкава: гэтак недарэчна загінуць. І зноў-такі лепш за ўсё даць слова самому пісьменніку:

«Нас вывелі за камендатуру на агарод. Тут буяла бульбянішча, былі нейкія грады. А далей — стары паламаны плот і чужы суседскі садок. Зразумеўшы, што нас чакае, я не стрымаўся, слёзы самі лінулі з вачэй. Майго суседа тут жа белабрысы зваліў стрэлам у патыліцу і вярнуўся ў камендатуру за вугал. А мой канваір нешта марудзіў. Запытаў толькі: «Адкуль будзеш?» — «З Беларусі», — сказаў я праз слёзы і пачуў ціхае: «Бяжы! Туды!» Я кінуўся цераз бульбу, да блізкага плоту, і, як ужо пераляцеў праз яго, ззаду бухнуў стрэл. Угару».

Другі раз смерць падсцерагала малодшага лейтэнанта, камандзіра другога стралковага ўзвода Васіля Быкава на дняпроўскіх плацдармах зімою 1943 года. Каля нейкага сяла, на ўскрайку кукурузнага поля, усчаўся шалёны бой. Быкава раніла ў нагу. «Ну, усё, падумаў я, лежачы на снезе. Калі куля перабіла косці, дык я тут і застануся. Каб дазнацца аб тым, паспрабаваў ускочыць — не, нага не падламілася.

Toe, што я ўскочыў, мусіць, было нечакана для нямецкага танкіста, і ён павярнуў танк на мяне. Укленчыўшы, я накіраваў сваю кумулятыўную гранату і шпурнуў у танк. Здаецца, аднак, граната не ўзарвалася, ці я прамахнуўся. І ў той жа момант ледзьве выкруціўся з-пад танкавай гусеніцы, тракі якой праехалі па полах майго шыняля. Мяне засыпала снегам, я схапіўся за аўтамат, але, выцягнуўшы яго са снегу, не мог узвесці затвор, магазін звернуты ўбок і раструшчаны. Немцы тым часам былі ўжо блізка і крычалі: «Рус, здавайся!»

Танк, які ледзьве не раздушыў мяне, быў, можа, у метрах пяцідзесяці наперадзе, і тады там узнікла імклівая постаць, яна размахнулася — і на брані танка выбухнула...»

Быкаў апынуўся ў санчасці, пад якую прыстасавалі звычайную сельскую хату. Але неўзабаве ў сяло ўвайшлі нямецкія танкі. Параненыя паразбягаліся, засталіся толькі тыя, што не маглі хадзіць. У Быкава за ноч нага распухла так, што ён не мог ужо і ступіць. Аднак і заставацца ў хаце было нельга. 3 цяжкасцю ён выпаўз на дарогу. На шчасце, ехала спадарожная фурманка, якая і падабрала яго.

Васіль Уладзіміравіч успамінае: «Я аберуч трымаюся за нешта ў фурманцы і гляджу назад, на сяло. Ля царквы бачу нашу санчасць у няхуцавай мазанцы. Адзін танк раптам спыняецца і з вуліцы двума стрэламі б'е па хаціне, тая знікае ў воблаку пылу. І ўсё. Мабыць, тыя, што там заставаліся, абстралялі яго ці кінулі гранату, во танк і расправіўся з імі. Па ўсёй верагоднасці, тое ж назіраў аднекуль і мой камбат, які заходзіў перад тым, як пайсці збіраць батальён. Дык ён, канешне, рашыў, што там застаўся і Быкаў. Так мяне спісалі з ліку жывых, бо ў той полк я больш не вярнуўся».


Васіль Быкаў у літаратуры дэбютаваў даволі позна — у трыццаць два гады. Але вельмі імкліва набываў вядомасць і папулярнасць. Яго сапраўдны ўзлёт як пісьменніка пачаўся з аповесцяў «Жураўліны крык» і «Трэцяя ракета». Абедзьве былі надрукаваны ў «Маладосці».

Васіль Уладзіміравіч пазней успамінаў пра гэта з відавочнай прыемнасцю: «Галоўны рэдактар Пімен Панчанка сказаў мне з гэтага поваду трохі ласкавых слоў. Яны, вядома ж, узнімалі настрой, дадавалі жадання пісаць і яшчэ. На нейкай нарадзе да мяне падышоў малады навуковец і пачынаючы празаік Алесь Адамовіч, які павіншаваў з праўдай вайны, што з'явілася на старонках і беларускага друку. Я быў удзячны абодвум. У краіне паяўлялася новая літаратура з новым бачаннем свету і, у прыватнасці, мінулай вайны. Галоўнай ідэйна-мастацкай адметнасцю гэтай літаратуры стала прызнанне наяўнасці на вайне не толькі знешняга, так бы мовіць, ворага — нямецкага фашыста, але і кагось унутранага, мала за немца лепшага. Раней гэта быў проста здраднік, часам трус, дэзерцір. Цяпер стаў яшчэ і перастрахоўшчык, кар'ерыст, эгаіст».

Вось чаму шлях В. Быкава на літаратурны Алімп не быў, вобразна кажучы, усланы ружамі. Ружы, канешне, былі, але хапала і шыпоў. Тая новая літаратура, якая нараджалася ў 60–70-я гады мінулага стагоддзя, вымагала ад пісьменніка не толькі таленту, выключнай шчырасці і сумленнасці, але і мужнасці.

Пачынаючы кожны новы твор, Быкаў практычна ішоў па цаліку, выдатна разумеючы, што ён закранае балючыя тэмы і выкліча, калі ўжыць вайсковую тэрміналогію, агонь на сябе. І так яно, як правіла, і было.

І на працягу многіх гадоў Васіль Быкаў не пераставаў даводзіць — і ў мастацкіх творах, і ў публіцыстыцы, і ў публічных выступленнях — сваё святое права як пісьменніка гаварыць пра вайну ўсю праўду, якой бы горкай яна ні была.


У гады перабудовы так званыя ліберальна-дэмакратычныя сілы ўсяляк імкнуліся далучыць Васіля Быкава да сваіх палітычных гульняў, даючы яму азначэнні «апостал праўды», «сумленне нацыі» і таму падобнае. Пісьменнік адносіўся да гэтага даволі цвяроза і нават крытычна: «Я не лідар і не «сумленне нацыі», я просты, біты жыццём беларус, які мае толькі адну мэту — застацца сумленным...»

Пасля некалькіх гадоў жыцця за мяжой Васіль Быкаў вярнуўся на радзіму. Вярнуўся, праўда, з сумнай нагоды. Аперацыя, якую яму зрабілі ў Чэхіі, прайшла не зусім удала. Страшную хваробу, што закралася ў вантробы, да канца перамагчы не ўдалося.

Васіля Уладзіміравіча паклалі ў Бараўляны. Да нашых спецыялістаў, якія, трэба аддаць ім належнае, маюць у гэтай справе немалы вопыт. Дай жа, Божа, нашаму слыннаму пісьменніку поўнага выздараўлення!

На жаль, цуду не адбылося. Васіль Быкаў памёр. Вечарам 22 чэрвеня. Ёсць у гэтым нейкі містычны знак: чалавек, які ўсё сваё жыццё пісаў пра вайну, пайшоў з жыцця ў дзень, калі гэта вайна пачалася.

Што тут скажаш? Шкада, бясконца шкада, што перастала біцца сэрца вялікага пісьменніка Беларусі. У тым, што гэта сапраўды вялікі талент, не сумняваецца, думаю, ніхто.

Непрыемна, прыкра, што тут жа пачаліся розныя палітычныя спекуляцыі. Усе тры маскоўскія тэлеканалы, напрыклад, заявілі, што Быкава пераследавала Савецкая ўлада, нясоладка яму жылося і пры цяперашнім ладзе.

Што ж, пэўным сілам абавязкова трэба зрабіць з Быкава пажыццёвую ахвяру — ні пісаць, ні жыць, ні дыхаць яму тут, бачыце, не давалі. Аднак жа ўсе творы публікаваліся ў беларускім перыядычным друку і амаль паралельна выходзілі ў Маскве. Усе (за выключэннем «Мёртвым не баліць») выдаваліся асобнымі кнігамі вялікімі тыражамі.

Так што не трэба рабіць з Васіля Быкава пакутніка, а тым больш рэвалюцыянера. Найперш ён — пісьменнік, і тым увойдзе ў вечнасць.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».